АРХІТЭКТУРА 2-й ПАЛ. 18 — СЯРЭДЗІНЫ 19 ст.
Гэты перыяд адметны з’яўленнем на Беларусі стылю класіцызму, які ўзнік і развіваўся пад уплывам ідэй Асветніцтва, а з 19 ст. — і пад уплывам рамантызму. Ён пашыраны практычна ва ўсіх сферах архітэктуры і горадабудаўніцтва і характарызуецца выкарыстаннем дасягненняў антычнай класікі Грэцыі і Рыма. Асноўны ўклад у архітэктуру класіцызму зрабілі дойліды-прафесіяналы, выпускнікі вышэйшых навуч. устаноў мастацтваў Вільні, Варшавы, Полацка, Пецярбурга, Рыма, Парыжа. Заказчыкамі былі пераважна імператарскія і каралеўскія двары, а таксама дзяржава, дваранства і шляхта. Вылучаюць некалькі кірункаў класіцызму: барочны, строгі стыль, паладыянства, ампір, рацыянальны і неарэнесансавы. Асобныя элементы гэтага стылю выявіліся ўжо ў познабарочным дойлідстве пач. 18 ст. пад уплывам ідэалогіі асветнага сарматызму, калі ў архітэктуру палацаў Радзівілаў у Нясвіжы і Сапегаў у Высокім уключаліся антычныя порцікі як знак рымскага паходжання іх уладальнікаў. Станаўленне класіцызму адносіцца да 1760—90-х г., калі яго стылістыка развівалася ад барочнага класіцызму да строгага стылю. На бел. землях, што ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, пабудовы барочнага класіцызму звязаны з заказамі каралеўскага двара і магнатаў, уплывам Берліна і Варшавы, дзейнасцю архітэктараў Дж.Сакі, Я.С.Бекера і К.Шыльдгаўза. Да іх належаць комплексы мануфактур у Ласосне (каля Гродна), каралеўскія палацы ў Станіславове, Аўгустове і Панямуні (у наваколлі Гродна); перабудова А.Сапегам свайго палаца, буд-ва уніяцкай царквы, манастыра і карчмы ў Ружанах; «Акадэмія» ў Дзярэчыне, палац І.Храптовіча і касцёл у Шчорсах, палац Ю.Валовіча ў Свяцку, ратуша ў Віцебску (1775). З 1780-х г. пад уплывам віленскай архітэктуры дзякуючы творчасці К.Спампані і Я.Падчашынскага з’яўляюцца пабудовы строгага стылю: сядзібныя дамы ў Сёмкаве, Беніцы, Кухцічах, Радзівілімонтах, Гародні, касцёл у Жырмунах. На ўсх. землях Беларусі, што ўваходзілі ў склад Рас. імперыі, асновай развіцця класіцызму стала перабудова бел. гарадоў паводле планаў, зацверджаных у Пецярбургу ў 1778. Гарады набывалі пераважна прамавугольную сетку кварталаў, прамыя вуліцы, плошчы набылі выразныя геаметрычныя абрысы. Многія павятовыя гарады (Клімавічы, Беліца, Бабінавічы, Гарадок, Веліж і інш.) ствараліся з выкарыстаннем «ідэальных» сіметрычных планіровачных схем прамавугольнага ці квадратнага абрысу. У іх цэнтр. частцы паводле праектаў архітэктараў І.Зігфрыдана і І.Зэйдэля ў стылі барочнага класіцызму ўзводзілі будынкі новай адміністрацыі — губернскія і павятовыя дзярж. ўстановы, дамы губернатараў і віцэ-губернатараў, урачэбных упраў, судоў. Пабудовы строгага стылю ствараліся з 1780-х г. па ўказах Кацярыны II (Іосіфаўскі сабор і будынак семінарыі ў Магілёве, арх. М.Львоў; корпус келляў і царквы Богаяўленскага манастыра ў Полацку, арх. Дж.Кварэнгі) і для рас. вяльмож (касцёл і 3 царквы ў Чачэрску, царква ў Прапойску, палацы П.А.Румянцава ў Гомелі, Р.А.Пацёмкіна ў Крычаве, абодва арх.
І.Староў) у іх новых бел. маёнтках. Перыяд вышэйшага ўзроўню класіцызму ахоплівае 1800—20-я г., характарызуецца пранікненнем стылю ва ўсе сферы дойлідства і стылістычным развіццём ад строгага стылю да ампіру. Гарады цэнтр. і зах. зямель Беларусі набылі рэгулярную планіроўку, у большай ступені падпарадкоўваліся ўмовам мясцовасці (планы Мінска, Слуцка, Барысава, Пінска, Навагрудка і інш.). У цэнтры ставілі будынак ратушы (Мінск, Гродна, Гомель).
Паводле праекта К.Падчашынскага ўзведзены гімназія ў Свіслачы, павятовае вучылішча ў Брэсце. Архітэктар ваен. ведамства А.Штаўберт стварыў ансамбль Бабруйскай крэпасці. Строгі стыль у палацава-сядзібнай архітэктуры характарызаваўся простымі прамавугольнымі абрысамі планаў будынкаў з порцікамі дарычнага ордэра на гал. фасадзе (палацы І.Тышкевіча ў Валожыне, І.Грабніцкага ў г.п. Обаль Шумілінскага, М.К.Агінскага ў в. Залессе Смаргонскага р-наў. Культавае буд-ва арыентавалася пераважна на паўтор аб’ёмнай кампазіцыі знакамітых помнікаў мінулага (Пантэона ў Рыме, Парфенона ў Афінах і інш.). Развіццё строгага стылю звязана з творчасцю дойлідаў віленскай школы (касцёлы ў г. Свіслач, 1802, арх. М.Шульц; Валожыне, 1816, арх. А.Касакоўскі; капліца ў Залессі, арх. М.Шульц), а таксама пецярбургскай і маскоўскай школ — ампір (праект царквы ў Мсціславе, 1811, арх. В.Стасаў; цэрквы ў Бабруйскай крэпасці, 1823, арх. А.Штаўберт; Троіцкая ў Гомелі, 1824). Перыяд згасання стылю прыпадае на 1830—50-я г. і адметны пашырэннем т.зв. узорных праектаў у сферы дзярж. буд-ва і яго поўнай рэгламентацыяй, развіццём стылістыкі ад ампіру да рацыянальнага кірунку. Практычна ўсе праекты ў сферы дзярж. буд-ва разглядаліся, карэкціраваліся ці выконваліся ў Камісіі праектаў і каштарысаў у Пецярбургу. У забудову гарадоў уключалі буйныя комплексы адм., лячэбных і гандлёвых будынкаў. Асноўная ўвага звярталася на функцыянальнае ўладкаванне і тэхн. пытанні, а не на дэкарыраванне фасадаў (губернскія дзярж. ўстановы ў Мінску, 1839—40-я г., арх. К.Хршчановіч; бальніца, 1848, арх. В.Морган, і шпіталь, 1849, арх. Бернштэйн, у Магілёве; гасціны двор у Полацку, 1836). У сувязі з развіццём дарожнага буд-ва паводле «ўзорных праектаў» 1831 і 1843 узводзіліся паштовыя станцыі па дарогах Пецярбург—Кіеў, Масква—Варшава, Магілёў—Бабруйск. У кампазіцыі праваслаўных храмаў выкарыстоўвалася пераважна выпрацаваная ў рус. дойлідстве 17 ст. схема з паслядоўным размяшчэннем на падоўжнай восі званіцы, трапезнай, асноўнага аб’ёму і апсіды (цэрквы ў Мазалаве каля Віцебска, 1827, і Рэчыцы, 1835, арх. А.Мельнікаў; Горках, 1839, арх. А.Порта). Уніяцкія і каталіцкія храмы перабудоўваліся ў праваслаўныя; у іх ліквідаваліся высокія вежы на фасадзе, франтоны, з’яўляліся купалы, у інтэр’ерах — іканастасы. Для перабудовы выбіраўся рацыянальны варыянт класіцызму (Успенскі сабор у Жыровічах, касцёл кляштара бернардзінцаў у Мазыры, Васкрасенская уніяцкая царква ў Віцебску). У буд-ве палацаў і сядзіб развівалася шырокая тыпалогія будынкаў ад раскошных палацавых комплексаў да невялікіх дамоў з порцікам на фасадзе і разнастайная стылістыка — строгі стыль, ампір, паладыянства, рацыянальны кірунак, пошукі мясц. каларыту і неарэнесанс. Іх стваральнікі — дойліды віленскай і варшаўскай архітэктурных школ А.Ідзкоўскі, А.Галонскі, К.Падчашынскі, Ф.Яшчалд і інш. Ампірная стылістыка ўжывалася для дэманстрацыі амбіцый і багацця родавага дваранства (палацы Булгакаў у в. Жылічы Кіраўскага р-на, Паскевічаў у Гомелі, Абуховічаў у Сваятычах). Уплыў неарэнесансу выяўляецца ў стварэнні новага тыпу палацаў-віл (П.Янчына ў в. Вістычы Брэсцкага р-на, 1840, арх. Ф.Яшчалд; В.Пуслоўскага ў Альбярціне пад Слонімам, 1833). Рацыянальны кірунак развіваўся пад уплывам берлінскай школы і творчасці К.Падчашынскага, ён выяўляўся ў адмаўленні ад порцікаў і каланад, выкарыстанні плоскіх элементаў дэкарыроўкі фасадаў, аконных праёмаў з паўцыркульным завяршэннем (палац О.Вагнера ў Вялікіх Салечніках, сядзібны дом Тарасевіча ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 1840-я г., арх. А.Градзецкі).
т. 18, кн. 2, с. 641