ТЫШКЕ́ВІЧЫ,

шляхецкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ. Паходзяць ад Каленіка Мішкавіча, якому ў 1437 вял. князь ВКЛ Свідрыгайла падараваў сёлы на Украіне. Пазней Т. набылі маёнткі на Беларусі (Лагойск і інш.) і ў Літве. Ад імя сына Каленіка Мішкавіча Тышкі (Цімафея) утварылася прозвішча Т. Ад Тышкавага ўнука Івана (Скуміна) Львовіча пайшла старэйшая лінія роду — Скуміны-Тышкевічы, якая згасла ў 1808. Ад сына Тышкі Васіля пайшла малодшая лінія роду — Тышкевічы-Каляніцкія, пазней Т. Васіль Тышкевіч у 1569 атрымаў ад караля польскага і вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста тытул графа «на Лагойску і Бярдзічаве».

Найб. вядомыя з лініі Скумінаў-Тышкевічаў:

Іван Львовіч (Скумін; ? — да 17.7.1565), сын Льва Тышкевіча, маршалак гаспадарскі з 1558. Фёдар Іванавіч (? — пач. 1618), сын Івана Львовіча, падскарбі дворны ВКЛ у 1576—86, падскарбі земскі і пісар ВКЛ у 1586—90, ваявода новагародскі з 1590.

Януш (каля 1572—27.5.1642), сын Фёдара Іванавіча, вял. пісар ВКЛ у 1607—21, ваявода мсціслаўскі ў 1621—26, трокскі ў 1626—40, віленскі з 1640. Людвік (каля 1750—26.6.1808), сын Юзафа, ген.-ад’ютант (1772), цівун віленскі з 1775, вял. пісар ВКЛ у 1775—80, гетман польны ВКЛ у 1780—91, падскарбі вялікі ВКЛ у 1791—93, вял. маршалак ВКЛ з 1793.

Найб. вядомыя з графскай лініі Т.:

Васіль Тышкевіч (? — 13.8.1571), сын Тышкі Каленікавіча, маршалак гаспадарскі ў 1546—58, ваявода падляшскі ў 1558—69, ваявода смаленскі з 1569. Юрый Васілевіч (? — 1576), сын Васіля Тышкевіча, маршалак гаспадарскі ў 1558—66, ваявода берасцейскі з 1566. Марцін (? — пасля 14.3.1595), сын Юрыя Васілевіча, войт менскі з 1582, маршалак гаспадарскі з 1589, маршалак слонімскі. Ян Астафі (? — да 4.11.1631), сын Юрыя Васілевіча, каралеўскі ротмістр з 1601, падскарбі дворны ВКЛ у 1607—11, ваявода мсціслаўскі ў 1611—15 і берасцейскі з 1615. Пій (1756—1858), сын Феліцыяна, маршалак дваранства Барысаўскага пав. ў 1814—20. Міхал (1761—4.9.1839), сын Юзафа Ігнацыя, камандзір 17-га кав. палка войска ВКЛ у 1812—14, які сфарміраваў сваім коштам. Атрымаў пасля Радзівілаў Біржанскі маярат у Літве. Тадэвуш (17.9.1774—15.4.1852), сын Станіслава Антонія, ваенны дзеяч ВКЛ, у час паўстання 1794 ад’ютант Я.Ясінскага. У 1812 ваяваў на баку Напалеона Г, генерал кав. брыгады. З 1813 уладальнік Свіслачы, ініцыятар будаўніцтва Свіслацкай гімназіі. У час паўстання 1830—31 старшыня часовага цэнтр. ўрада Літвы. Памёр у Парыжы. Канстанцін (1806—68), сын Пія, гл. Тышкевіч К.П. Яўстафій (1814—73), сын Пія, гл. Тышкевіч Я.П.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 16, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)