ТАТА́РЫ (саманазва татар),

народ цюркскай моўнай групы ва Усх. Еўропе і Паўн. Азіі. Падзяляюцца на волга-ўральскіх (або казанскіх; асн. насельніцтва Рэспублікі Татарстан у Расіі), астраханскіх, сібірскіх, крымскіх, касімаўскіх, літ. (бел.-літоўскіх) і інш. Жывуць таксама ва Узбекістане, Казахстане, Таджыкістане, Кіргізіі, Туркменістане, Азербайджане, на Украіне, у Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і інш. Агульная колькасць 6,7 млн. чал. (сярэдзіна 1990-х г.). У Рэспубліцы Беларусь 10 089 чал. (перапіс 1999). Гавораць на татарскай мове. Вернікі — мусульмане-суніты, ёсць невялікія групы праваслаўных.

Традыц. жыллём Т. Сярэдняга Паволжа і Прыуралля была зрубная хата, адгароджаная ад вуліцы плотам. Знешні фасад упрыгожваўся шматколернай размалёўкай. У астраханскіх Т., якія захавалі больш стэпавых жывёлагадоўчых традыцый, летнім жыллём была юрта. Адзенне мужчын і жанчын складалася з шаравараў і кашулі (у жанчын дапаўнялася вышытым нагруднікам), на якую апранаўся безрукаўны камзол. Верхнім адзеннем быў казакін, зімою — прашыты бешмет або шуба. Галаўны ўбор мужчын — цюбецейка, а паверх яе — напаўсферычная футравая шапка або лямцавы капялюш; у жанчын — вышытая аксамітная шапачка (калфак) і хустка. Традыц. абутак — скураныя ічыгі з мяккаю падэшвай. Для касцюма жанчын (асабліва багатых) было характэрна мноства метал. упрыгожанняў.

На тэр. Беларусі продкі Т. з’явіліся ў 14 ст. Вял. князі ВКЛ Гедзімін, Альгерд, Кейстут, Вітаўт і інш. запрашалі Т. з Залатой Арды і Крыма для барацьбы з Тэўтонскім ордэнам. У 1395 Вітаўт прыняў разбітага Цімурам хана Залатой Арды Тахтамыша (пасяліў у г. Ліда). У 1397 сумесна хадзілі пад Азоў (традыц. лічыцца пачаткам пасялення Т. на Беларусі) і Крым (1398), прымалі ўдзел у Грунвальдскай бітве 1410. Спачатку яны сяліліся каля Вільні, Гродна, Ліды, Навагрудка, Крэва. Да пач. 16 ст. колькасць Т. дасягала 100 тыс. чал.

У 16 — пач. 17 ст. Т. ВКЛ паступова страцілі родную мову і сталі карыстацца беларускай. На бел. і польскай мовах араб. пісьмом была створана багатая л-ра бел.-літ. Т. — кітабы, тэтджвіды. тэфсіры, хамаілы. Фальклор Т. вельмі блізкі да бел., а прыказкі, прымаўкі, песні, прыпеўкі і загадкі амаль не адрозніваюцца. Больш арыгінальныя паланні, легенды і вусныя апавяданні. Адбіўся бел. ўплыў і на сямейнай абраднасці Т. — азан (нарачэнне імя), вяселле, хаўтуры і інш. Т. паўплывалі і на культуру беларусаў: увялі ў бел. мову шмат цюркізмаў (па падліках Я.​Якубоўскага каля 500). Т. занеслі на Беларусь высокую культуру агародніцтва, насенняводства, кветак.

У канцы 16—17 ст. становішча Т. у Рэчы Паспалітай пагоршылася. Статут ВКЛ 1588 не дазваляў Т.-феадалам мець прыгонных сялян-хрысціян. У пач. 17 ст. ў час контррэфармацыі Т. трапілі пад уціск каталіцкай царквы. У 1609, 1611, 1613 па ініцыятыве каталіцкай шляхты сойм забараніў Т. служыць ротмістрамі, паручнікамі, харунжымі. У 19 ст. на Беларусі дзейнічала 15 мячэцей (Мінск, Навагрудак, Гродна, Слонім, Мір, Клецк і інш.). Частка бел. Т. прыняла хрысціянства. У 2-й пал. 19 ст. адносна кампактныя групы Т. жылі ў Слуцкім, Навагрудскім, Ігуменскім, Ашмянскім, Брэсцкім, Пружанскім, Вілейскім паветах. У Мінскай, Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай і Валынскай губ. паводле перапісу 1897 жыло 13 877 Т. У 1840 за тат. шляхтай паўн.-зах. губерняў прызнана права дваранства. У Зах. Беларусі існавалі Мусульманскае рэліг. аб’яднанне (з 1925), Культ.-асв. саюз Т. Рэчы Паспалітай (1926), Тат. музей у Вільні (1929). Да пач. 1980-х г. тат. культура ў БССР не развівалася. У 1989—99 работу па нац.-культ. адраджэнні Т. каардынавала Бел. згуртаванне Т.-мусульман «Аль-Кітаб» («Кніга»). Адбудаваны мячэці ў Слоніме (1994), Смілавічах (1996), Навагрудку (1997), Відзах (1999), Клецку (2000), Лоўчыцах (2002), створаны тат. культ. цэнтр у Іўі (1995). З 1991 выдаецца штоквартальнік «Байрам» («Свята»). На 1.1.2002 у Беларусі дзейнічалі 5 нац.-культ. аб’яднанняў Т.

Літ.:

Татары. М., 2001;

Мухлинский А. Исследование о происхождении и состоянии литовских татар. Мн.. 1993 [факс. выд.: СПб., 1857];

Думін С.У., Канапацкі І.Б. Беларускія татары: Мінулае і сучаснаць. Мн., 1993;

Гришин Я. Польско-литовские татары: Наследники Золотой Орды. Казань, 1995;

Канапацкі І.Б., Смолік А.І. Гісторыя і культура беларускіх татар. Мн., 2000;

Tyszkiewicz J. Tatarzy na Litwie i w Polsce: Sludia z dziejów XIII—XVIII w. Warszawa, 1989;

Bohdanowicz L., Chazbijewicz S., Tyszkiewicz J. Tatarzy muzulmanie w Polsce. Gdańsk, 1997: Dumin S. Herbarz rodzin tatarskich Wielkiego Księstwa Litewskiego. Gdańsk, 1999.

І.​Б.​Канапацкі.

т. 15, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)