РУСІФІКА́ЦЫЯ,

гістарычны тэрмін, які вызначае сутнасць палітыкі дзярж. органаў, правасл. царквы, партый і арг-цый у нац. рэгіёнах Расіі па меры пашырэння яе межаў. Паводле тлумачальнага слоўніка У.​Даля, дзеяслоў «русіфікаваць» азначае «русіць», «абрушаць», «зрабіць рускім»; «русіфікатар» — «абрусіцель». Р. была выклікана цэнтралізацыяй кіравання, уніфікацыяй заканадаўства, адм.-тэр. падзелу, адукацыі і інш. сфер сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. Прадугледжвала распаўсюджанне рус. мовы як дзяржаўнай з улікам мясц. моўных асаблівасцей (Казахстан, Сярэдняя Азія, Фінляндыя, Каўказ і інш.). З цягам часу палітыка Р. набыла розныя формы і змест у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі ў нац. рэгіёнах і пэўных унутры- і знешнепаліт. фактараў. Р. як палітыка тытульнай нацыі была прадвызначана ўключэннем Беларусі ў склад шматнац. Рас. імперыі. Але на працягу ўсяго перыяду змест, формы і кірункі Р. не заставаліся нязменнымі. З канца 18 ст. да 1830—31, калі рас. ўлады шукалі падтрымкі ў спаланізаванай шляхты, інтэграцыя ў рас. дзярж. сістэму новадалучаных бел. тэрыторый адбывалася ў мяккіх формах і суправаджалася працягам паланізацыі. У 2-й чвэрці 19 ст. ва ўмовах росту апазіцыйных грамадска-паліт. настрояў і рухаў урад Расіі пачаў ажыццяўляць мерапрыемствы, скіраваныя супраць паланізацыі бел. краю, на пашырэнне рус. ўплыву на асвету і культуру. У больш акрэсленых формах Р. пачалася пасля паўстання 1830—31, якое прывяло да кансалідацыі вакол цара рас. дваранства, у т. л. ліберальнай яго часткі. З гэтага часу Р. выступала як сродак барацьбы супраць паланізацыі і наогул польскага ўплыву. Паўстанне 1863—64 дало новы штуршок Р., рэпрэсіі закранулі найперш яго ўдзельнікаў. Быў закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, які меў агульнарас. значэнне. На Беларусі ўстаноўлены рэжым выключных законаў, скіраваны на памяншэнне польскага і пашырэнне рас. ўплыву. Бальшавікі выкарыстоўвалі тэрмін «Р.» для выяўлення сутнасці нацыянальнай палітыкі Сав. дзяржавы, супрацьпастаўляючы яе імперскай палітыцы дарэв. Расіі. У 1920-я г. распачата палітыка беларусізацыі, у рамках якой разгарнулася шырокае нац.-культ. будаўніцтва ўсіх народаў, што насялялі тэр. БССР. Размах гэтага будаўніцтва, выкліканыя ім супярэчнасці, праявы нацыяналізму былі ацэнены як пагроза існаванню адзінай дзяржавы. Вяртанне да адм.-камандных метадаў, працэсы цэнтралізацыі ўлады, імкненне да уніфікацыі сац.-эканам., паліт. і культ. працэсаў з канца 1920 — пач. 1930-х г. садзейнічалі вызначэнню тэндэнцыі збліжэння і зліцця нац. культур. Прыпыненая з 1939, Р. аднавілася з сярэдзіны 1940-х г., калі разгарнулася новая хваля барацьбы супраць «нацыяналізму», з аднаго боку, і «касмапалітызму», з другога. Выкліканае ўнутрыпарт. барацьбой у сярэдзіне 1950-х г. аднаўленне цікавасці да бел. мовы і культуры не было развіта ў мэтанакіраваную палітыку. Прадугледжвалася, што сацыялістычная (камуністычная) ідэалогія стане духоўнай асновай для развіцця ўсіх нац. культур у межах СССР, а на грунце рус. мовы адбудзецца сінтэз культур, фарміраванне адзінай культуры і «новай гістарычнай супольнасці — савецкага народа». Адсутнасць належнай дзярж. падтрымкі бел. мовы і культуры, нізкі ўзровень нац. свядомасці часткі беларусаў, урбанізацыя вызначылі скарачэнне сац. арэала ўжывання бел. мовы, традыцыйнай этнічнай культуры, павелічэнне колькасці тых людзей, якія адмаўляліся ад вывучэння бел. мовы. Пры ўсіх супярэчнасцях і недахопах сав. нац.-культ. палітыкі яна, асабліва ў 1950—70-я г., актыўна ўплывала на развіццё бел. мовы і культуры (заснаванне ў 1967 выд-ва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у 1972 — «Мастацкая літаратура», у 1975 — Мінскага ін-та культуры і інш.).

Літ.:

Турук Ф.Ф. Белорусский государственный университет // Советская Белоруссия. Мн., 1922;

Пушкаревич К.А. Преобразование духа народности: (Эпизод из истории русификации Белоруссии) // Изв. АН СССР. Л., 1932. №1. Отд. обществ. наук;

Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»;

Нарысы з гісторыі і грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд. Мн., 1993;

Лыч Л.М. Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996. С. 101—376;

Луговцова С.Л. Политика Российского самодержавия по отношению к дворянству Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX вв. Мн., 1997.

В.​В.​Сяргеенкава, С.​М.​Ходзін.

т. 13, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)