ДЫДО́НА, Эліса,

у рымскай міфалогіі царыца, заснавальніца Карфагена, дачка цара Тыра, жонка і сястра цара Сіхея. Брат Д., Пігмаліён, забіў Сіхея, каб захапіць яго багацце, але Д. ўцякла са скарбамі ў Афрыку. Мясцовы бербейскі цар Ярба падараваў ёй крыху зямлі — столькі, колькі зойме шкура вала. Хітрая Д. разрэзала шкуру на вузкія палоскі, абкружыла імі вял. ўчастак зямлі і заснавала горад-крэпасць Карфаген. Пазней пакахала Энея, закінутага навальніцай у Карфаген, і пасля яго ад’езду скончыла самагубствам. Да міфа аб Д. звярталіся скульптары і мастакі (А.​Мантэнья, Л.​Карачы, П.​П.​Рубенс), літаратары (Г.​Сакс, Я.​Б.​Княжнін, бел. паэма «Энеіда навыварат»), кампазітары (Г.​Пёрсел, А.​Скарлаці, Г.​Ф.​Гендэль, І.​Гайдн) і інш.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМЕ́ТРА,

у грэчаскай міфалогіі багіня ўрадлівасці і земляробства, дачка Кронаса і Рэі, сястра Зеўса. Дачку Д. Персефону пакахаў і ўкраў бог падземнага царства Аід. Пакуль Д. блукала ў пошуках дачкі, зямля перастала плоданасіць, засохлі дрэвы і травы, загінулі статкі, пачаўся голад. Зеўс загадаў вярнуць Персефону, каб летнія месяцы яна праводзіла на зямлі, зімовыя — у царстве Аіда. У г. Элеўсін быў узведзены храм Д., дзе 9 дзён у верасні спраўлялі містэрыі, у гонар Д. і Персефоны ладзілі святы Фесмафорыі. Свае творы Д. прысвяцілі Гамер, Калімах, Феакрыт, Г.​Сакс, Ф.​Шылер і інш. У рым. міфалогіі Д. адпавядае Цэрэра.

Л.​М.​Драбовіч.

Дэметра («Дэметра Кнідская»). Скульптар Брыяксіс. 340—330 да н.э.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІ́ЦА (Антук) (сапр. Ждановіч Антон Паўлавіч; 18.4.1898—26.12.1937),

бел. акцёр. Брат Ф.П.Ждановіча. З 1917 у Першым бел. т-ве драмы і камедыі, з 1918 у Бел. сав. т-ры, з 1920 у БДТ-1. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1958. Вял. талент акцёрскага пераўвасаблення спрыяў стварэнню арыгінальных сцэнічных характараў, захапляў шчырасцю перажыванняў і натуральнасцю выканання. Сярод лепшых роляў: Лявон, Сцяпан Крыніцкі («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.​Купалы), Сымон Мікула, Паўлюк («Рысь», «Хам» Э.​Ажэшкі), Ваявода, Красінскі («Каваль-ваявода», «Кастусь Каліноўскі» Е.​Міровіча), Бжазіцкі («Над Нёманам» М.​Грамыкі), Разанаў, Кульмскі («Крывая аблона», «Вір» Я.​Рамановіча), Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Міронаў («Капітанская дачка» паводле А.​Пушкіна).

Б.​І.​Бур’ян.

т. 8, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІТЭМНЕ́СТРА, Клітэместра,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка цара Спарты Ціндарэя, жонка Агамемнана. За грахі яе бацькі К. асуджана Афрадытай тройчы быць замужам. Яе першы муж лідзійскі цар Тантал і іх малы сын былі забіты Агамемнанам, у вымушаным шлюбе з якім К. нарадзіла трох дачок і сына Арэста. У адсутнасць мужа, які кіраваў аблогай Троі, К. пакахала яго саперніка Эгісфа. Апошні забіў Агамемнана пры яго вяртанні з-пад Троі. Паводле літ. паслягамераўскай традыцыі, К., прыкрываючы ўласную здраду помстай за прынесеную мужам у ахвяру Артэмідзе дачку Іфігенію, сама забіла Агамемнана і прывезеную ім Касандру. Пасля царавала з Эгісфам у Мікенах. Забіта сынам Арэстам, які помсціў за бацьку. Вобраз К. адлюстраваны ў трагедыях Эсхіла і Эўрыпіда.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТО́Ў (Канстанцін Якаўлевіч) (199. 1900, г. Адэса, Украіна — 6.9.1983),

расійскі кампазітар. Нар. арт. Расіі (1973). Скончыў Саратаўскую кансерваторыю (1922). З 1919 у Саратаўскім т-ры мініяцюр, з 1923 у Маскве. Асн. галіна творчасці — песня (больш за 800, у т. л. «Песня пра тачанку», «У зямлянцы», «Махорачка», «Хадзілі мы паходамі», «Севастопальскі вальс» і інш.). Аўтар опер «Алеся» паводле А.​Купрына (паст. 1959), «Дачка Кубы» (паст. 1962), 10 аперэт, у т. л. «Караліна» паводле К.​Гальдоні (паст. 1948), «Севастопальскі вальс» (паст. 1961), «Сэрца балтыйца» (паст. 1964), вак.-сімф. паэмы «Грэнада» (1968), араторыі, сімфоніі, фантазіі для аркестра, канцэрта для скрыпкі з арк. (1970), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў.

Літ.:

Тищенко А. К.​Листов. М.,1987.

т. 9, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́СКАЯ (Галіна Адамаўна) (н. 28.2.1937, в. Кімейка Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.матэм. н. (1987), праф. (1993). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995). Дачка А.І.Залескага. Скончыла БДУ (1959), дзе і працавала да 1966. З 1966 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це атамнай і малекулярнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі і лазернай фізіцы. Распрацавала метады даследаванняў электроннай і вагальнай рэлаксацыі шмататамных малекул, метады і сродкі газавага аналізу тэхнал. працэсаў і навакольнага асяроддзя.

Тв.:

Энергетические зависимости характеристик столкновительного обмена колебательной энергией в парах многоатомных молекул (разам з Дз.​Л.​Якаўлевым) // Оптика и спектроскопия. 1995. Т. 78, № 2.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЯМІ́НАЎ (Марын Петраў) (н. 21.9.1908, г. Кюстэндзіл, Балгарыя),

балгарскі кампазітар, педагог, дырыжор. Нар. арт. Балгарыі (1965). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Дзярж. акадэмію музыкі ў Сафіі (1930; цяпер Балг. кансерваторыя), з 1939 выкладаў у ёй (у 1955—57 рэктар). У 1936—38 кіраўнік створанага па яго ініцыятыве камернага аркестра Радыё ў Сафіі. З 1943 дырыжор Акад. сімф. аркестра (цяпер аркестр Сафійскай філармоніі). У 1965—67 дырэктар Сафійскай нар. оперы. Аўтар опер «Івайла» (1959) і «Захарый Зограф» (1973), балетаў «Несцінарка» (1942). «Дачка Калаяна» (паст. 1975), аперэты «Залатая птушка» (1961), араторыі «Тытан» (1972), 4 сімфоній (1963—78), інш. аркестравых і камерна-інстр. твораў, хар. песень. Яго творы сталі балг. класікай. Муз.-тэарэт. працы, у т. л. па інструментоўцы. Дзімітроўская прэмія 1964.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ННА ІВА́НАЎНА (7.2.1693, Масква — 28.10.1740),

расійская імператрыца [1730—40]. З дынастыі Раманавых. Дачка Івана V Аляксеевіча, пляменніца Пятра I. Герцагіня Курляндская (1710—11). Запрошана на прастол Вярхоўным тайным саветам на пэўных умовах («кандыцыях»), якія прадугледжвалі абмежаванне манарх. улады на карысць феад. арыстакратыі. Пры падтрымцы дваранства і афіцэраў гвардыі на пачатку царавання адмовілася ад «кандыцый» і ліквідавала Вярх. тайны савет (4.3.1730). Дала шэраг прывілеяў дваранам (права на валоданне населенымі маёнткамі, абмежаванне тэрміну грамадз. і ваен. службы да 25 гадоў і інш.), заснавала Кабінет міністраў (1731). Пры Ганне Іванаўне заключаны гандл. дагавор паміж Расіяй і Вялікабрытаніяй (1734), адбылася рус.-тур. вайна 1735—39, у выніку якой Расія набыла крэпасць Азоў. Значную ролю ў кіраванні дзяржавай адыгрываў яе фаварыт граф. Э.​І.​Бірон (гл. Біронаўшчына).

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ЛАВА (Вера Георгіеўна) (н. 27.1.1910, Масква),

расійская арфістка, педагог. Нар. арт. Расіі (1966), нар. арт. СССР (1976). Дачка скрыпача Г.​Дулава. Вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі (1920—22 у К.Эрдэлі, 1922—25 у М.​Карчынскай), з 1943 выкладала ў ёй (праф. з 1958). У 1929—31 салістка Маскоўскай філармоніі, у 1932—84 — аркестра Вял. т-ра. З 1930-х г. гастраліравала, у т. л. за рубяжом. З яе ўдзелам напісана шмат твораў для арфы (у т. л. канцэрты С.​Васіленкі, А.​Масалова, санаціны Л.​Кніпера, А.​Балціна, «Усходні танец» А.​Хачатурана). Аўтар апрацовак для арфы, у т. л. твораў франц. клавесіністаў і інш., кн. «Мастацтва ігры на арфе» (1975). Сярод вучняў Э.​Масквіціна, Н.​Шамеева. Дзярж. прэмія СССР 1973.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЗАВЕ́ТА I (Elizabeth),

Цюдар (7.9.1533, Грынвіч, цяпер у складзе Лондана — 24.3.1603), англійская каралева [1558—1603], апошняя з дынастыі Цюдараў. Дачка Генрыха VIII. На троне пасля смерці Марыі Цюдар. Пры ёй у краіне канчаткова ўсталяваўся пратэстантызм (англіканская царква), заключаны мір з Францыяй (1559), упарадкавана фін. сістэма, створаны шэраг гандл. кампаній (у т. л. Ост-Індская кампанія), вялася барацьба з каталіцкай апазіцыяй на чале з Марыяй Сцюарт. У знешняй палітыцы ўзмацніліся гандл. і калан. экспансія Англіі (у т. л. ў Ірландыю), саперніцтва за панаванне на моры з Іспаніяй (разгром ісп. «Непераможнай армады» ў 1588). Асабіста падтрымлівала Ф.Дрэйка. Перыяд яе праўлення характарызуецца росквітам навукі, л-ры і мастацтва.

Літ.:

Гусакова Н., Новик В. Две королевы // Женщины-легенды. Мн., 1993.

Лізавета I. Маст. Н.​Хіліярд. 1585.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)