дынастыя цароў стараж.-інд. дзяржавы Магадха ў 4—2 ст. да н.э.Засн.Чандрагуптам, які пасля адыходу грэч. войск захапіў да 317 да н.э. ўладу ў Пенджабе. Паводле мірнага дагавора з Селеўкам I Нікатарам да дзяржавы М. адышлі раёны сучасных Белуджыстана і Усх. Афганістана. Пры сыне Чандрагупты — Біндусары [каля 293—268 да н.э.] заваяваны некат. вобласці Паўд. Індыі. М. імкнуліся да стварэння сістэмы моцнага цэнтралізаванага кіравання. Пры Ашоку [каля 265—232 да н.э.] дзяржава М. ўключала амаль усю Паўн. і Паўд. Індыю, Белуджыстан і Афганістан. У канцы праўлення Ашокі пачаўся заняпад дзяржавы, якая пасля яго смерці падзялілася на 2 часткі. У пач. 2 ст.паўн.-зах. ўладанні М. заваяваны Грэка-Бактрыйскім царствам. Апошні з М. скінуты ў 187 або 185 да н.э. сваім военачальнікам Пуш’ямітрам, які заснаваў дынастыю Шунгаў.
Літ.:
Антонова К.А., Бонгард-Левин Г.М., Котовский Г.Г. История Индии. 2 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКО́ЛЬСКІ Іван, рускі паэт-класіцыст, перакладчык і педагог 18 ст. Нарадзіўся ў Кіржацкім р-не Уладзімірскай вобл. (Расія). Скончыў Пецярбургскую настаўніцкую семінарыю. У 1785—88 выкладчык у Славяна-грэка-лацінскай акадэміі ў Маскве, у 1789—96(?) настаўнік Полацкага гал.нар. вучылішча, удзельнічаў у мясц.культ. жыцці. Выдаў у Маскве (1786, 1788) і Пецярбургу (1808) некалькі перакладных кніг і зборнікаў. Аўтар кн. «Кабінетны і купецкі сакратар, ці Збор найлепшых і ўжываемых пісьмаў» (1788, 2-е выд. 1795). Актыўны праваднік ідэй рус. Асветніцтва, эстэт. прынцыпаў класіцызму на Беларусі. У одах, якія пісаў з нагоды падзей у жыцці вучылішча, даказваў карысць навук, рухальнай сілай прагрэсу лічыў асвету. У одзе ад 30.6.1794 апісаў голад на Беларусі, выказваў спачуванне да пакут народа.
Літ.:
Мальдзіс А. Асветнік з Полацкага народнага // Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў Мн., 1974;
Яго ж. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 273—277.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАГУ́Б (Васіль Усцінавіч) (4.9.1848 — пасля жн. 1907),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ардынарны праф. Мікалаеўскай акадэміі Генштаба (1895). Ген.-лейт. (1897). З дваран Мінскай губ. Скончыў 2-е Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (1866), Мікалаеўскую акадэмію Генштаба (1875 ?). Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78. У 1880 і 1882 прымаў удзел у міжнар. камісіі па размеркаванні тэр. Чарнагорыі; вырашэнні грэка-тур. пытання; знаходзіўся пры англ. экспедыцыйным корпусе ў Егіпце, дзе часова кіраваў рас.ген. консульствам. У 1884—90 нач. 2-га аддзялення Гал. штаба, з крас. 1890 прымаў удзел у рабоце камісій па ўзвядзенні абарончых збудаванняў на зах. мяжы Рас. імперыі і ўзбраенні крэпасцей. У ліп. — вер. 1893 камандзір брыгады ў Віленскай ваен. акрузе. З 1896 у Гал. штабе і ў ваен. міністэрстве. Чл. праўлення Кітайскай Чанчуньскай чыгункі (з 1900 і з 1906). У снеж. 1905—кастр. 1906 — часовы Прыбалтыйскі ген.-губернатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯ́НСТВА,
адна з буйнейшых хрысціянскіх плыняў (артадаксальнай царквой трактуецца як ерась). Узнікла ў 4 стагоддзі ва Усходняй Рымскай імперыі. Заснавальнік — александрыйскі прэсвітэр Арый (каля 256—336). Паводле яго вучэння, 2-я асоба Тройцы, Хрыстос, не роўны Богу-бацьку, ён Сын Божы не па сутнасці, а па ласцы Божай. Арый абвяргаў, што Сын адзінасутны (адзінапрыродны) з Айцом. У веры ў боскасць Хрыста ён бачыў пагрозу двухбожжа. Нікейскі сабор 325 асудзіў арыянства і пацвердзіў артадаксальны сімвал веры, падкрэсліўшы, што Сын ёсць адзінасутны з Айцом. Арыянства распалася на некалькі кірункаў, працягвала пашырацца на Усходзе пры падтрымцы імператараў. У 381 арыянства зноў асуджана на саборы ў Канстанцінопалі. На арыянаў пачаліся жорсткія ганенні, і да канца 4 стагоддзя іх амаль не засталося сярод грэка-рымскага насельніцтва імперыі. Да 6—7 стагоддзя арыянства затрымалася сярод готаў і іншых тэўтонскіх плямёнаў, якія прынялі хрысціянства ад арыянскіх місіянераў. У 16 стагоддзі ідэі арыянства адрадзіліся ў асяроддзі радыкальных рэфармацыйных плыняў. Розныя кірункі арыянства (сацыніянства, антытрынітарызм) існавалі і на Беларусі (С.Будны, В.Цяпінскі). Цяпер арыянства існуе на Захадзе ў невялікіх рэлігійных суполках (унітарыі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОЙД ДЖОРДЖ ((Lloyd George) Дэвід) (17.1.1863, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 26.3.1945),
брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф Двайфар (1945). Юрыст. З 1890 дэп. палаты абшчын ад Ліберальнай партыі, выступаў супраць англа-бурскай вайны 1899—1902. З 1905 міністр гандлю, з 1908 міністр фінансаў (на ўзор Германіі правёў у 1908 сац. рэформу — закон аб пенсіі па ўзросце, абавязковае страхаванне ад хвароб і беспрацоўя з 1911), з 1915 міністр ваен. забеспячэння, у 1916—22 прэм’ер-міністр (у 1916 і ваен. міністр) Вялікабрытаніі. Адзін з гал. удзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 і аўтараў Версальскага мірнага дагавора 1919. Падтрымліваў Грэцыю ў час грэка-тур. вайны 1919—22, садзейнічаў заключэнню кампраміснага англа-ірландскага дагавора 1921. Кіраўнік брыт. дэлегацыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922. У 1926—31 лідэр Ліберальнай партыі. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі А.Гітлера (1933) выступаў у яго падтрымку, аднак хутка зразумеў сваю памылку. У 1945 чл. палаты лордаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Аляксандр Васілевіч) (н. 16.9.1937, г. Белая Царква Кіеўскай вобл., Украіна),
бел. спартсмен і трэнер (вольная барацьба). Засл. майстар спорту СССР (1963), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1969), засл. трэнер Беларусі (1976), засл. трэнер СССР (1980). Праф. (1976). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1965). З 1972 трэнер зборнай каманды СССР, з 1980 гал. трэнер зборных каманд Беларусі па вольнай барацьбе. З 1981 прэзідэнт нац. федэрацыі вольнай і грэка-рымскай барацьбы, з 1992 — федэрацыі барацьбы Беларусі. З 1991 віцэ-прэзідэнт Нац.алімп.к-та Беларусі. Выступаў у паўцяжкай і цяжкай вазе. Чэмпіён XVIII, XIX і XX Алімп. гульняў (1964, Токіо; 1968, Мехіка; 1972, г. Мюнхен, Германія). Чэмпіён свету (1962, 1966, г. Таліда, ЗША; 1963, 1971, Сафія; 1967, Дэлі; 1969, г. Мар-дэль-Плата, Аргенціна; 1970, г. Эдмантан, Канада). Чэмпіён Еўропы (1966, г. Карлсруэ, Германія; 1968, г. Скоп’е, Македонія; 1972, г. Катавіцы, Польшча). Чэмпіён СССР (з 1961 па 1963 і з 1966 па 1970). З 1970 на Беларусі праводзіцца традыц.міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы М. (катэгорыя «Гран-пры»). Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ МІТРАПО́ЛІЯ,
царкоўна-адм. адзінка правасл. царквы. Утворана ў канцы 10 ст. ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата пасля ўвядзення хрысціянства ў Кіеўскай Русі. Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Русі, цэнтр быў у Кіеве, яе кіраўнік называўся мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Падзялялася на епархіі, колькасць і межы якіх мяняліся. З заняпадам Кіева пасля мангола-татарскага нашэсця цэнтр К.м. ў сярэдзіне 13 ст. перанесены ва Уладзімір-на-Клязьме, у пач. 14 ст. — у Маскву. У сувязі з ўваходжаннем тэр.б. Кіеўскай Русі ў розныя дзярж. ўтварэнні з 14 ст. К.м. стала распадацца на Галіцкую (існавала з перапынкамі ў 14 ст.), Літоўска-Навагрудскую і Маск. мітраполіі; у 1458 канчаткова падзелена на 2 самастойныя мітраполіі: К.м. ў ВКЛ і Галіцыі з цэнтрам у Навагрудку (часам у Вільні) і Маскоўскую (стала так афіцыйна называцца з 1459). У 1596 кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза падтрымаў Брэсцкую унію 1596, у выніку была створана уніяцкая царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква), уніяцкія мітрапаліты называліся таксама кіеўскімі, галіцкімі і ўсяе Русі. У 1620 правасл. К.м. адноўлена ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата з цэнтрам у Кіеве. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 частка мітраполіі (Левабярэжная Украіна і Кіеў) адышла да Расіі, у 1685 уся К.м. (уключала на той час тэр. Украіны і Беларусі) пераведзена пад юрысдыкцыю Маск. патрыярхата. Яна страціла свой высокі статус гал.царк.-адм. адзінкі краіны; мітрапаліт стаў называцца кіеўскім, галіцкім і Малыя Расіі. У 1722 скасавана царскім урадам. Імператрыца Лізавета аднавіла яе, мітрапаліт стаў называцца кіеўскім і галіцкім. Пасля 1917 утворана Украінская аўтакефальная правасл. царква (УАПЦ) на чале з мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Украіны, у 1925 — менш значная Украінская правасл. царква (УПЦ); паралельна з імі на Украіне дзейнічала Руская правасл. царква. Прымусовае скасаванне ў 1930-я г. УАПЦ спыніла існаванне самастойнай К.м. У 1989 на Украіне разгарнуўся рух за аўтакефалію, у 1990 усеўкраінскі сабор УАПЦ абвясціў стварэнне Кіеўскага патрыярхата. Адначасова на Украіне працягвае дзейнасць і К.м. ў юрысдыкцыі Маск. патрыярхата.
Літ.:
Голубинский Е. История русской церкви. Т. 1. 2 изд. М., 1901;
Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни Буэнос-Айрес, 1966 (рэпр. выд.Мн., 1990);
Огіенко І.І. Українська церква. Т. 1—2. Київ, 1993;
Крижанівський О., Плохій С. Історія церкви та релігійної думкі в Україні. Київ, 1994. Кн. 3. С. 95—106, 131—133.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕМЕНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
старажытнаперсідская дзяржава ў 550—330 да нашай эры. Назва ад царскай дынастыі Ахеменідаў. Створана ў выніку ваен. паходаў Кіра II, пашырана пры Камбісе II і Дарыю I. Адна з найбуйнейшых стараж. імперый, у склад якой уваходзілі Мідыя (з 550), Элам, Лідыя, амаль уся М. Азія (заваяваны да 546), значная ч. Сярэдняй Азіі (з 545—539), Вавілонія (з 539), Егіпет (з 525), а-вы Эгейскага м., Фракія, Македонія і паўн.-зах.ч. Індыі (з 519—512). Сталіцамі яе былі Персепаль, Вавілон, Сузы і Экбатана. Прывілеяванае становішча ў дзяржаве займалі персы (камандавалі ў арміі і на флоце, кіравалі адм. апаратам). Ваен.-паліт. і сац.-эканам. рэформы Дарыя I садзейнічалі росквіту краіны (уздым рамяства, гандлю, будаўніцтва). Асн.ч. зямельнага фонду належала абшчыннікам, якія плацілі падаткі непасрэдна ў казну і выконвалі ўсе павіннасці. Рабоў у імперыі было няшмат (гал. Чынам працавалі ў рудніках, каменяломнях, хатнімі слугамі). Грэка-перс. войны 500—449 да нашай эры і антыперс. паўстанні (у Егіпце, Сірыі, Лідыі) аслабілі магутнасць Ахеменідаў дзяржавы. Заваявана Аляксандрам Македонскім.
Літ.:
Дандамаев М.А., Луконин В.Г. Культура и экономика Древнего Ирана. М., 1980;
Дандамаев М.А. Политическая история Ахеменидской державы. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЧНІКІ,
у старажытнасці і сярэдневякоўі пешыя і конныя воіны, узброеныя лукамі. Уваходзілі ў склад армій многіх краін, у т. л.Стараж. Усходу (напр., ў Персіі дзейнічалі на сланах і вярблюдах, у Індыі — на сланах); у большасці краін складалі аснову армій. Са з’яўленнем у 6 ст. да н.э.фалангі выкарыстоўваліся пераважна наперадзе баявога парадку ці на флангах: распачыналі бітву, прычынялі ворагу страты, парушалі яго баявыя парадкі, стваралі выгадныя ўмовы для ўступлення ў бой сваіх асн. сіл — цяжкай пяхоты і кавалерыі. У Еўропе ў часы рыцарства Л. ўваходзілі ў склад кап’я (4—10 воінаў), найб. вызначыліся англійскія Л. ў перыяд Стогадовай вайны 1337—1453. Пешыя і конныя Л., якія дзейнічалі сумесна з цяжкай пяхотай і кавалерыяй, былі ў дружынах Кіеўскай Русі, Маскоўскага княства, з канца 14 ст. — у войску ВКЛ (у сувязі са з’яўленнем у ВКЛ служылых татар вельмі пашыраны былі коннікі з лукамі). З 16 ст. з развіццём агнястрэльнай зброі значэнне Л. у арміях зменшылася. У Расіі ў часцях ірэгулярных войск і лёгкай кавалерыі, якія камплектаваліся з башкіраў і калмыкаў, Л. захоўваліся да пач. 19 ст. Ілюстрацыю гл. таксама да арт.Грэка-персідскія войны.
Літ.:
Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФЯ́НСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава ў 250 да н.э. — 224 н.э. на ПдУ ад Каспійскага м. Узнікла пасля распаду дзяржавы Селеўкідаў. Першым царом П.ц. быў правадыр племя парнаў Аршак (родапачынальнік дынастыі Аршакідаў), які ў 247 да н.э. перамог грэч. намесніка Парфіі Андрагора. Аршакіды пашырылі сваю ўладу на У, захапілі Бактрыю і Маргіяну, на З — да межаў Сірыі і Месапатаміі. Каля 170—137 да н.э. цар Парфіі Мітрыдат I заваяваў Мідыю, б.ч. Месапатаміі, Элімаіду з Сузамі, Парсу і ч.Грэка-Бактрыйскага царства (каля 136 да н.э.). Тэр. П.ц. ў час росквіту (сярэдзіна 1 ст. да н.э.) распасціралася ад Двухрэчча да р. Інд, было сапернікам. Стараж. Рыма на Усходзе. У пач. 1 ст. да н.э. адбыліся першыя сутычкі парфян з рымлянамі. Паводле пагаднення 92 да н.э. паміж П.ц. і рым. дзяржавай мяжой прызнана р. Еўфрат. У 53 да н.э.рым. войскі М.Краса разбіты каля Караў. Да 40 да н.э. парфяне захапілі амаль усю М. Азію, Сірыю і Палесціну. У 39 да н.э. рымляне зноў адкінулі парфян за Еўфрат. Адначасова Рым імкнуўся выкарыстаць унутр. барацьбу ў Парфіі паміж варагуючымі групоўкамі, супрацьстаянне паміж якімі выклікала грамадз. войны ў П.ц. (57—55, 31—25 да н.э.). У 1 ст.н.э. пачаўся заняпад П.ц., выкліканы ростам мясц. сепаратызму, дынастычнымі спрэчкамі і набегамі качэўнікаў. У 224 правіцель васальнай Парсы (Персіды) Ардашыр I разграміў армію апошняга з Аршакідаў Артабана V. П.ц. перастала існаваць, яго тэр. ўвайшла ў дзяржаву Сасанідаў.
Першапачаткова мастацтва П.ц. развівалася як галіна эліністычнага мастацтва, элементы якога часткова творча перапрацоўваліся мясц. насельніцтвам. Для ўсх. часткі П.ц. тыповымі былі храмы, якія паводле плана (квадратнае свяцілішча з 4 калонамі ў цэнтры, абкружанае памяшканнямі), магчыма, паходзяць ад стараж. храма агню (у Персепалі, 3 ст. да н.э.). Пабудовы палацавых ансамбляў звычайна групаваліся вакол цэнтр. двара, у які выходзілі айваны (тэрасы; палац на гары Кухе-Ходжа, 1—3 ст.). Разам з прывазнымі эліністычнымі творамі пластыкі пашырыліся мясц. размаляваныя гліняныя статуі (у будынках Нісы), тэракотавыя статуэткі (у Маргіяне). Вядомы плоскасныя франтальныя наскальныя рэльефы (на скале Бехістун, першыя ст.н.э.), фрагменты паліхромных размалёвак палаца на гары Кухе-Ходжа, рытоны мясц. форм з фрызамі на грэч. і мясц. сюжэты (слановая косць, 2 ст. да н.э.). Для зах. часткі характэрны свяцілішчы вавілонскага тыпу (памяшканні размяшчаліся па перыметры ўнутр. двара; у Ніпуры) з грэка-рым. уплывам (у Хатры). У крапасных і палацавых збудаваннях часта спалучаліся грэч. перыстыль і мясц. айван (палац у Ашуры, 1 ст.). Для архітэктуры жылля ўласцівы пераход ад «пастаткавага» тыпу дома да «айваннага». У жывапісе (Дура-Еўрапас) і скульптуры (Хатра) у першыя ст.н.э. відавочны тэндэнцыі да франтальнасці кампазіцыі і плоскаснасці. Дробная пластыка адметная паступовым знікненнем грэч. тыпаў і зваротам да мясц. сюжэтаў.