НАРКЕ́ВІЧ-ЁДКА Якуб Атонавіч (8.1.1848, в. Турын Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 19.2.1905),
бел. прыродазнавец, вынаходнік, медык. Д-р медыцыны (1893), праф. (1900). Чл.-кар.Рас.геагр.т-ва (1889). Скончыў Мінскую губ. гімназію (1865), працягваў вучобу ў Парыжы, Фларэнцыі, Вене; вывучаў фізіку, медыцыну. У 1888 пабудаваў у сваім маёнтку Наднёман (цяпер в. Наднёман Уздзенскага р-на Мінскай вобл.) метэаралагічную станцыю. З 1892 чл.-супрацоўнік Ін-та эксперым. медыцыны ў Пецярбургу. Навук. працы па фізіцы, медыцыне, сельскай гаспадарцы. Вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму эл.-магн. хваль на адлегласці (першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка; 1891). Стварыў лізіметр — прыладу для вымярэння вільготнасці глебы. Распрацаваў спосабы вымярэння патэнцыялу атм. электрычнасці, скорасці руху воблакаў, спосаб лячэння нервовахворых электратокам (электратэрапія). Прапанаваў выкарыстанне метаду электраграфіі для дыягностыкі захворванняў.
Літ.:
Грыбкоўскі В.П., Гапоненка В.А., Кісялёў У.М. Прафесар электраграфіі і магнетызму: Якуб Наркевіч-Ёдка. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАДЖЫ́КСКАЯ МО́ВА,
адна з іранскіх моў (паўд.-зах. група). Мова таджыкаў, афіц. мова Таджыкістана. Пашырана ва Узбекістане, Афганістане, Іране, часткова ў Кіргізіі і Казахстане. Мае дыялектныя групы: паўн. (гаворкі Бухары і Самарканда, Ферганскай даліны, Ура-Цюбе, Пенджыкента і інш.), цэнтр. (верхнезераўшанская), паўд. (каратэгінскія, кулябскія, рогскія і бадахшанскія), паўд.-ўсх. (дарвазская). У сучаснай літ. Т.м. 6 галосных, 24 зычныя; націск дынамічны, пераважна на апошнім складзе. Паводле грамат. ладу належыць да аналітычных моў. Літ. Т.м. ўзыходзіць да класічнай персідска-таджыкскай мовы (9—15 ст.) — адзінай крыніцы для тых, хто гаворыць на персідскім, таджыкскім і афганскім дары. Першыя пісьмовыя помнікі на арабскай графіцы. Пісьменства Т.м. ў Таджыкістане на аснове кірыліцы.
Літ.:
Соколова В.С. Фонетика таджикского языка. М.; Л., 1949;
Расторгуева В.С. Опыт сравнительного изучения таджикских говоров. М., 1964;
Ефимов В.А. Расторгуева В.С., Шарова Е.Н. Персидский, таджикский. дари // Основы иранского языкознания: Новоиран. языки. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАМЕХАНІЗА́ЦЫЯ ГЛЕБААПРАЦО́ЎКІ,
выкарыстанне электрыфікаваных с.-г. прылад для апрацоўкі глебы і ўнясення ўгнаенняў у цяпліцах, парніках, на прысядзібных участках і інш.Найб. пашыраны электраматыкі, электрафрэзы, электрамотаблокі з кабельным электрасілкаваннем і інш.
Электраматыкай ЭМ-12А рыхляць глебу, вынішчаюць пустазелле, перамешваюць угнаенне з глебай у ахаваным грунце, садах, ягадніках, на агародах. Электрафрэзай ФС-0,7 апрацоўваюць глебу, рыхтуюць сумесі для торфаперагнойных гаршкоў, стэрылізуюць глебу ядахімікатамі. Рабочыя органы іх — спец. фрэзы і ротары з нажамі (фрэзамі). У адрозненне ад мотаблокаў Э.г. зніжае шум, не загазоўвае цяпліцы і парнікі.
Літ.:
Данейко В.А., Крутов А.В. Применение электрической энергии в сельском хозяйстве. Мн., 2001.
В.М.Кандрацьеў.
Схемы прылад для электрамеханізацыі глебаапрацоўкі: а — электраматыкі (1 — фрэза, 2 — электрарухавік, 3 — штанга, 4 — кабелі, 5 — пераўтваральнік частаты); б — электрафрэзы (1 — электрарухавік, 2 — рэдуктар з абгоннай і засцерагальнай муфтамі, 3 — ротар, 4 — апорны нож, 5 — электрашафа з кабелямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРКО́ЎСКІ Іван Восіпавіч (12.5.1844, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 9.1.1902),
расійскі інжынер-тэхнолаг, вынаходнік і вучоны. Чл.Рас. фізіка-хім. і інш.навук. т-ваў. Скончыў Пецярбургскі тэхнал.ін-т (1870). З 1873 працаваў на Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы, з 1894 тэхн. кіраўнік на Неўскім мех. і суднабуд. з-дзе (Пецярбург). З 1897 на заводах у Арлоўскай губ. Атрымаў патэнт на вынаходства вадатрубнага паравога катла (1891), сканструяваў некалькі арыгінальных прылад, адну з якіх — гравітаскоп — выкарыстаў пры назіранні поўнага сонечнага зацьмення (7.8.1887). Аўтар «кінетычнай гіпотэзы», паводле якой усёпранікальны эфір складаецца з найпрасцейшых абс. цвёрдых атамаў, якія надзелены пэўнымі мех. ўласцівасцямі і аддзелены адзін ад аднаго вакуумам. На падставе гэтай гіпотэзы тлумачыў будову рэчыва, перыядычнасць уласцівасцей хім. элементаў, сусветнае прыцягненне, метэаралагічныя і інш. з’явы, падкрэсліваючы пры гэтым адзінства матэрыяльнага свету.
Літ.:
Гапоненка В.А. У пошуках гармоніі сусвету: Іван Яркоўскі. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т БССР (ЦВКБССР),
вышэйшы заканадаўчы, распарадчы і кантрольны орган дзярж. улады БССР паміж Усебел. з’ездамі Саветаў у 1919—38. Выбіраўся на з’ездах Саветаў і быў падсправаздачны ім. Першы ЦВКБССР сфарміраваны на Першым Усебеларускім з’ездзе Саветаў у Мінску (2—3.2.1919).
Усяго адбылося 11 скліканняў ЦВКБССР. ЦВК вызначаў агульны кірунак дзейнасці рабоча-сял. ўрада і ўсіх органаў сав. улады ў рэспубліцы, аб’ядноўваў і ўзгадняў работу па заканадаўстве і кіраванні, наглядаў за выкананнем Канстытуцыі, пастаноў з’ездаў Саветаў і цэнтр. органаў сав. улады, разглядаў і зацвярджаў праекты дэкрэтаў і інш. прапановы, што ўносіліся асобнымі ведамствамі, выдаваў дэкрэты і распараджэнні, склікаў з’езды Саветаў, уносіў частковыя змяненні ў Канстытуцыю з далейшым зацвярджэннем іх з’ездам Саветаў, утвараў цэнтр. органы дзярж. улады і кіравання, ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва палітыкай і нар. гаспадаркай рэспублікі, устанаўліваў рэсп. бюджэт, заключаў дагаворы на знешнія і ўнутр. пазыкі, прымаў кодэксы законаў БССР, аб’яўляў агульную і прыватную амністыю, устанаўліваў адм.-тэр. падзел БССР, адмяняў пастановы акр. з’ездаў Саветаў і дзярж. органаў БССР, калі яны супярэчылі Канстытуцыі; меў права вырашаць любыя пытанні, што не адносіліся да кампетэнцыі Саюза ССР і выключнага вырашэння на Усебел. з’ездах Саветаў. ЦВКБССР фарміраваў урад рэспублікі — Савет Народных Камісараў БССР (СНКБССР). Паводле Канстытуцыі Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Беларусь 1919 ЦВК выбіраў Вялікі і Малы Прэзідыумы ЦВК. Вялікі Прэзідыум выконваў функцыі ўрада, Малы Прэзідыум з’яўляўся агульным аператыўным выканаўчым органам для ЦВК і Вялікага Прэзідыума. З 1920 ЦВКБССР пачаў выбіраць адзіны Прэзідыум. У сувязі з вял. аб’ёмам работы ЦВК і Прэзідыум ЦВК стваралі дапаможныя органы; Сакратарыят Прэзідыума ЦВК і яго аддзелы, пастаянныя і часовыя камісіі ЦВК. Сесіі ЦВКБССР павінны былі склікацца Прэзідыумам ЦВК штомесячна, нечарговыя, або надзвычайныя, сесіі ЦВК — па ініцыятыве Прэзідыума ЦВК, прапанове СНКБССР або патрабаванні 1/3 членаў ЦВК. Апошняя сесія ЦВК 11-га склікання праведзена 13.11.1937. ЦВК апошняга 11-га склікання быў сфарміраваны Адзінаццатым Усебеларускім з’ездам Саветаў (14—22.1.1935) і дзейнічаў да выбрання Вярх. Савета БССР (гл.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь).
Старшыні ЦВКБССР: А.Р.Чарвякоў (1920—37), М.В.Стакун (7.7—13.11.1937), Н.Я.Наталевіч (в.а., 14.11.1937—38).
Літ.:
Широков А.Т. ЦИК Белорусской ССР в 1919—1936 гг.Мн., 1979;
Круталевіч В.А., Юхо І.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917—1945 гг.). 2 выд.Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЎ Канстанцін Васілевіч (25.9.1904, в. Лінёва Ніжагародскай вобл., Расія — 26.7.1988),
бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Акад.АН Беларусі (1938). Засл. дз. нав. і тэхн.БССР (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1930). У 1938—47 прэзідэнт АН Беларусі, у 1947—49 дырэктар Фізіка-тэхн. ін-та, у 1969—73 віцэ-прэзідэнт, в.а. акадэміка-сакратара Аддз. фізіка-тэхн. навук АН Беларусі. Навук. працы па структурных ператварэннях металаў і сплаваў. Даследаваў уплыў легіравальных элементаў і мадыфікавальных дамешак на працэс крышталізацыі і ўласцівасці высокатрывалага чыгуну, уплыў алюмінію, тытану, малібдэну, вальфраму і ванадыю на фазавы састаў, структуру і ўласцівасці гарачатрывалых сплаваў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Кинетика и механизм разупрочнения некоторых стареющих сплавов (разам з Р.Л.Тафпенец) // Кинетика и механизм кристаллизации. Мн., 1973;
Фазовые равновесия в сплавах Fe—Cu и Fe—C—Cr (разам з Л.А.Шаўчуком) // Весці АНБССР. Сер. фізіка-тэхн.навук. 1976. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТБЕРГ (Gottberg) Курт фон (1896 — май 1945),
адзін з вышэйшых кіраўнікоў ням.акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—24 служыў у добраахвотніцкім корпусе «Брыгада Эрхарда». У 1932 уступіў у Нацыянал-сацыялісцкую рабочую партыю Германіі (НСДАП) і СС. З 1937 у Гал. ведамстве па расавай палітыцы і пасяленнях, з 1939 оберфюрэр СС і гал. камісар ведамства зямлі ў Празе. У 1940—42 нач. рэгістрацыйнага ведамства ў гал. упраўленні СС, брыгадэнфюрэр СС і ген.-маёр паліцыі. З восені 1942 камандзір «баявой групы Готберг», потым кіраўнік СС і паліцыі ў Беларусі. Пасля знішчэння бел. партызанамі гаўляйтара В.Кубэ з вер. 1943 да 3.7.1944 в.а. ген. камісара Беларусі. Адначасова з 1943 прадстаўнік рэйхсфюрэра СС у Цэнтр. Расіі. З чэрв. 1944 обергрупэнфюрэр СС. У канцы 2-й сусв. вайны кіраваў барацьбой з франц. рухам Супраціўлення. Пасля арышту Готберга саюзнікамі скончыў самагубствам у Фленсбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЭ́НГА-МАСТО́ВІЧ (Dołęga Mostowicz) Тадэвуш (сапр.Мастовіч; 10.8.1898, б. маёнтак Акунёва, цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 16 ці 20.9.1939),
польскі пісьменнік і журналіст. Дзіцячыя гады правёў у Глыбокім. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У 1922—26 супрацоўнік і рэд. варшаўскай газ. «Rzeczpospolita» («Рэспубліка»). Удзельнік польска-герм. вайны 1939, у час якой і загінуў. Аўтар 16 аповесцей, займальнасць і меладраматызм сюжэтаў якіх прынеслі Д.-М. вял. папулярнасць. Найб. значныя — «Кар’ера Нікадзіма Дызмы» (1932), у якой стварыў сатыр. карціну тагачаснага вышэйшага польск. грамадства. Сярод інш.: «Пракурор Аліцыя Горн» (1933), «Трэці пол» (1934), «Доктар Мурэк звольнены» і «Другое жыццё» (1936), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» (1939). Падзеі некат. твораў разгортваюцца на тэр.Зах. Беларусі («Кар’ера Нікадзіма Дызмы», «Знахар» і інш.). Большасць твораў Д.-М. экранізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАЦЫ́ЙНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
метад аналізу матэматычнага, які дае магчымасць зводзіць рашэнне складаных матэм. задач да больш простых. У аснову закладзена замена па пэўных правілах зададзеных функцый (арыгіналаў) 𝑓(t) інш. функцыямі (вобразамі) камплекснай пераменнай F(s); пры гэтым аперацыя дыферэнцавання пераходзіць у аперацыю множання на s, інтэгравання — дзялення на s, дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні — у алг. ўраўненні і інш.
Англ. вучоны О.Хевісайд прапанаваў у 1892 фармальныя правілы карыстання аператарам p=d/dt і некаторымі функцыямі гэтага аператара, з дапамогай чаго вырашыў шэраг задач электрадынамікі. Абгрунтаванне аперацыйнага злічэння праводзіцца на аснове інтэгральнага Лапласа пераўтварэння. Аперацыі знаходжання вобразаў па арыгіналах (і наадварот) забяспечаны спец. табліцамі. Найбольш агульныя вынікі аперацыйнага злічэння атрыманы на аснове тэорыі абагульненых функцый. Далейшае развіццё ідэі аперацыйнага злічэння атрымалі ў функцыянальным злічэнні аператараў, сімвалічным злічэнні псеўдадыферэнцыяльных аператараў. Распрацаваны абагульненні аперацыйнага злічэння на аснове пераўтварэнняў Фур’е і Меліна; для інш. дыферэнцыяльных аператараў.
Літ.:
Диткин В.А., Прудников А.П. Интегральные преобразования и операционное исчисление. 2 изд. М., 1974.