УСПРЫМА́ННЕ ЭСТЭТЫ́ЧНАЕ,

працэс, які характарызуе момант успрымання суб’ектам аб’екта як эстэтычнай каштоўнасці. Ажыццяўляецца праз непасрэднае пачуццёвае перажыванне чалавека, дзе выяўляюцца 2 узаемазвязаныя зместавыя структуры: успрыманне эстэт. уласцівасцей і якасцей аб’екта; узровень эстэт. вопыту і эстэт. падрыхтоўкі суб’екта ўспрымання. Значную ролю ва У.э. адыгрывае эстэт. ўстаноўка, якая вызначае схільнасць, гатоўнасць суб’екта да эстэт. дзейнасці. Пры ўспрыманні ў якасці эстэт. аб’екта маст. твора гал. крытэрыем выступае маст. вопыт і ўзровень маст. падрыхтоўкі суб’екта [напр., існуе т.зв. эфект «нажніцы» («un decalage») — разрыў паміж авангардным узроўнем мастацтва і яго масавым успрыманнем рэцыпіентамі].

Літ.:

Выготский Л.С. Психология искусства. М., 1987;

Лановенко О.П. Художественное восприятие: опыт построения общетеоретич. модели. Киев, 1987;

Салееў В.А. Эгнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994;

Салеев В.А., Ивашкевич О.В. Эстетическое восприятие и детская фантазия. Мн., 1999.

В.​А.​Салееў.

т. 16, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1919—24,

аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырв. Арміі. Створаны 12—19.2.1919 Гал. камандаваннем Узбр. сіл РСФСР для абароны паўн.-зах. і зах. граніц. Штаб сфарміраваны з ліквідаванага штаба Паўн. фронту і размяшчаўся ў пач. 1919 у Старой Русе, потым у Маладзечне, Дзвінску, Смаленску, Мінску. У розны час у З.ф. уваходзілі 3, 4, 7, 12, 15-я (да 7.6.1919 армія Сав. Латвіі), 16-я (да 13.3.1919 — Зах., да 9.6.1919 Бел.-Літоўская), Запасная, Эстляндская, 1-я конная арміі і Мазырская група войск; у аператыўным узаемадзеянні з войскамі З.ф. знаходзіліся Дняпроўская ваенная флатылія і Заходнядзвінская ваенная флатылія. Камандуючыя фронтам: Дз.​М.​Надзёжны (люты—ліп. 1919), У.​М.​Гіціс (ліп. 1919—крас. 1920), М.​М.​Тухачэўскі (крас. 1920—сак. 1921, студз. 1922—сак. 1924), І.​М.​Захараў (в.а. сак. — вер. 1921), А.​І.​Ягораў (вер. 1921—студз. 1922), А.​І.​Корк (в.а. сак.—крас. 1924), А.​І.​Кук (в.а. крас. 1924). У 1919 войскі З.ф. разам з Балт. флотам пераважна трымалі абарону на лініі ад ПнЗ Расіі да Беларусі (тут стаяла Зах. армія) супраць т. зв. белых і інтэрвентаў (англійскіх, фінскіх, польскіх і інш.). З.ф. налічваў (люты 1919) 90 тыс. штыкоў і шабляў, 1941 кулямёт і 677 гармат (пра дзеянні З.ф. ў 1920 гл. ў арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22, Савецка-польская вайна 1920). Пасля спынення 18.10.1920 баявых дзеянняў на фронце войскі З.ф. (часці 7-й і 16-й армій) дзейнічалі супраць Булак-Балаховіча паходу 1920, інш. антысавецкіх выступленняў. 8.4.1924 пераўтвораны ў Зах. ваен. акругу (гл. Беларуская ваенная акруга).

Л.​А.​Селіванаў.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАГУ́Б Уладзімір Аляксандравіч (20.8.1813, С.-Пецярбург — 17.6.1882),

рускі пісьменнік; граф. Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1834). У 1835—42 служыў чыноўнікам пры Мін-ве ўнутр. спраў у Смаленску, Віцебску, Цверы. Друкаваўся з 1837. Аповесць «Тарантас» (1845) з трапнымі замалёўкамі правінцыяльнага побыту. У аповесцях «Вялікі свет» (1840), «Мядзведзь» (1843) і інш. іронія над арыстакратычным светам. Аповесць «Аптэкарка» (1841), «Няскончаныя аповесці» (1843) пра студэнцкае жыццё. Аўтар аўтабіягр. рамана «Цераз край» (апубл. 1885), зб. «Трыццаць чатыры альбомныя вершы» (1855), паэмы «Нігіліст» (1866), вадэвіляў «Ямшчык, ці Свавольства гусарскага афіцэра» (паст. 1842), «Бяда ад пяшчотнага сэрца» (паст. 1850), «Майстэрня рускага жывапісца», «Ноч перад вяселлем, ці Грузія праз сто гадоў» (абодва паст. 1854), камедыі «Чыноўнік» (1856), «Успамінаў» (1865) пра А.​Пушкіна, М.​Гогаля, М.​Лермантава і інш.

Тв.:

Избр проза. М., 1983;

Повести. Воспоминания. Л., 1988;

Петербургские страницы воспоминаний графа Соллогуба: С портретами его современников. СПб., 1993.

Літ.:

Грехнев В.А. Творчество В.А. Соллогуба в русской прозе конца 30-х — I половины XIX в. Горький, 1967.

т. 14, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КАРАЎ Валерый Іванавіч (25.6.1950, г. Бугульма, Татарстан),

дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь. Канд. тэхн. н. (1987). Скончыў Уфімскі нафтавы ін-т (1974). У 1974—87 на працы ў галіне нафтагазаздабыўной прам-сці; у т. л. гал. інжынер — нам. ген. дырэктара вытв. аб’яднання «Беларусьнафта». З 1989 першы нам. ген. дырэктара, ген. дырэктар ВА «Беларусьнафта». З 1994 в.а. нам. прэм’ер-міністра, нам. прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У ТАН (22.1.1909, Пантанаў, М’янма — 25.11.1974),

м’янманскі дыпламат. Вучыўся ў Янгонскім ун-це. Настаўнічаў. З 1947 дырэктар дэпартамента друку М’янмы, з 1948 — м’янманскага радыё, з 1949 сакратар мін-ва інфармацыі, з 1952 у прадстаўніцтве М’янмы ў ААН, з 1957 пастаянны прадстаўнік М’янмы ў ААН. У 1959 абраны нам. ген. сакратара ААН. Пасля гібелі ў ліст. 1961 Д.Хамаршэльда в.а. ген. сакратара ААН, у 1962—71 ген. сакратар ААН.

т. 16, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́СНЫЯ ІМЁНЫ,

словы або спалучэнні слоў, што служаць для вылучэння прадмета думкі з раду падобных, яго індывідуалізацыі і ідэнтыфікацыі.

Да У.і. адносяцца: уласныя асабовыя імёны, мянушкі ці побытавыя імёны, якімі мясц. жыхары называюць сваіх суседзяў за характэрныя рысы ў іх абліччы, паводзінах (Мільгу́н, Кашміро́вы, Сту́па); псеўданімы, пад якімі выступаюць пісьменнікі, артысты і інш. У.і. лічацца мянушкі свойскіх жывёл (Бялю́сь, Рагу́ля); тапонімы — назвы населеных пунктаў, рэгіёнаў, адм.-тэр. адзінак (По́лацк, Радашко́вічы, Старо́е Сяло́, Гро́дзеншчына, Белару́сь); геагр. аб’ектаў (А́льпы, Лы́сая гара, Саха́ра, Пале́ская нізі́на, Грэнла́ндыя, Чо́рнае мо́ра, Фі́нскі залі́ў, На́рач, Нёман); астранамічныя назвы (Вене́ра, Вялі́кая Мядзве́дзіца, Мле́чны Шлях); назвы трансп. сродкаў, марак машын («Амкадо́р-Іка́рус», «Аўдзі»), назвы т-ваў, прадпрыемстваў, выдавецтваў (т-ва «Спарта́к», выдавецтва «Белару́ская Энцыклапе́дыя»), назвы органаў друку, твораў л-ры і мастацтва (газ. «Літарату́ра і маста́цтва», час. «По́лымя», раман «На ро́станях», кінафільм «Перамо́га», карціна «Бурлакі на Во́лзе») і інш. У.і. уласціва адназначнасць. Яны найб. дакладна выконваюць функцыю наймення. У.і. вывучаюць анамастыка, антрапаніміка, тапаніміка і інш.

Літ.:

Никонов В.А. Имя и общество. М., 1974;

Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974;

Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа. Мн., 1990.

М.​Р.​Суднік.

т. 16, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎН (Brown) Герберт Чарлз (н. 22.5.1912, Лондан),

амерыканскі хімік. Чл. Нацыянальнай АН ЗША (1957). Скончыў Чыкагскі ун-т (1936), дзе і працаваў. З 1943 праф. у розных ун-тах ЗША. Навук. працы па хіміі бору. Адкрыў рэакцыю гідрабарыравання ненасычаных вуглевадародаў (1959). Распрацаваў колькасныя метады вывучэння стэрычнага напружання малекул. Нобелеўская прэмія 1979.

Літ.:

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 68.

Г.Ч.Браўн.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЎРЭ́ІНАЎ Іван Міхайлавіч (?—1724),

расійскі геадэзіст і падарожнік. Вучыўся ў Маск. школе матэм. і навігацкіх навук, у Марской акадэміі ў Пецярбургу (да 1718). Па распараджэнні Пятра I удзельнічаў (з Ф.​Ф.​Лужыным) у картаграфаванні Камчаткі і Курыльскіх а-воў.

Літ.:

Евтеев О.А. Первые русские геодезисты на Тихом океане. М., 1950;

Ермоленко В.А. Евреинов И.М.: К 275-летию со дня смерти // Вестн. БГУ. Сер. 2. 1999. № 2.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 18, кн. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЎНЕР (Brauner) Багуслаў (8.5.1855, Прага — 15.2.1935),

чэшскі хімік, заснавальнік чэшскай хім. школы. Вучыўся ў Пражскай тэхн. школе. У 1882—1925 працаваў у Пражскім ун-це (з 1897 праф.). Навук. працы па пацвярджэнні і далейшым развіцці перыяд. закону Дз.​І.​Мендзялеева. Даказаў (1884) двухвалентнасць берылію. Устанавіў атамныя масы рэдказямельных элементаў (1903) і вызначыў іх месца ў перыяд. сістэме.

Літ.:

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Е.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 68.

т. 3, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЦЁ МЕТАЛАЎ

Даследаванні ў гэтай галіне на Беларусі пачаліся з сярэдзіны 1950-х г., калі ў БПІ была заснавана кафедра машын і тэхналогіі ліцейнай вытворчасці; праводзяцца ў Ін-це тэхналогіі металаў, Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі, Бел. нац. тэхн. ун-це, Бел. н.-д. і канструктарска-тэхнал. ін-це ліцейнай вытв-сці, заводскіх лабараторыях.

Асноўныя кірункі даследаванняў: распрацоўка спец. метадаў ліцця, тэрмадынамікі працэсаў ахаладжэння і крышталізацыі адлівак, новых сувязных матэрыялаў, тэхнал. працэсаў вырабу форм і стрыжняў, заключных аперацый апрацоўкі адлівак, сінтэзу сплаваў; выкарыстанне сістэм аўтаматызаванага праектавання ў ліцейнай вытв-сці. Працэсы ліцця металаў, распрацаваныя бел. вучонымі, выкарыстоўваюцца таксама на з-дах Расіі, Украіны, Кітая, Індыі і інш.

Уклад у даследаванні па ліцці металаў зрабілі Г.​А.​Анісовіч, А.-В.​І.​Вейнік, К.​В.​Гораў, А.​М.​Дзмітровіч, Я.​І.​Маруковіч, Дз.​М.​Худакормаў і інш.

Літ.:

Кукуй Д.М., Марукович Е.И., Мельников А.П. Основные тенденции развития литейного производства Республики Беларусь // Литье и металлургия. 2000. №3;

Кукуй Д.М., Скворцов В.А., Эктова В.А. Теория и технология литейного производства. Мн., 2000;

Анисович Г.А., Марукович Е.И. Теория и технология литейного производства // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Марукович Е.И. Ресурсосберегающие технологии литейного производства // Наука — народному хозяйству. Мн., 2002.

Я.​І.​Маруковіч.

т. 18, кн. 2, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)