цеплавы рухавік, у якім цеплавая энергія вадзяной пары пераўтвараецца ў кінетычную энергію, а потым у мех. работу вярчальнага вала. З’яўляецца асн. рухавіком для прывода электрагенератараў на цеплавых электрастанцыях, выкарыстоўваецца таксама для прыводу цэнтрабежных паветрадувак, кампрэсараў, помпаў.
Бываюць актыўныя турбіны, рэактыўныя турбіны і камбінаваныя, стацыянарныя (на ЦЭС) і транспартныя (на суднах, лакаматывах); адна- і мнагакорпусныя (звычайна не больш як 4 корпусы), аднавальныя (валы ўсіх карпусоў на адной восі) і з паралельным размяшчэннем 2—3 валоў. Да стацыянарных П.т. адносяцца кандэнсацыйныя (рабочы цыкл заканчваецца кандэнсацыяй пары, а кандэнсат вяртаецца ў паравы кацёл), цеплафікацыйныя (для адначасовага атрымання эл. і цеплавой энергіі — турбіны з рэгулюемым адборам пары або з проціціскам) і інш. Амаль усе П.т. многаступеньчатыя — расшырэнне пары ад пачатковага да канчатковага ціску і пераўтварэнне яго цеплавой энергіі ў мех. работу адбываецца ў шэрагу паслядоўна размешчаных ступеняў. П.т. складаецца са статара, аснашчанага накіроўнымі апаратамі (сопламі), і ротара з дыскамі, на якіх замацаваны рабочыя лапаткі. П.т. эканамічныя, быстраходныя, простыя ў эксплуатацыі. Магутнасць да 1200 МВт і больш, частата вярчэння ротара ад 3000 аб/мін (у стацыянарных) да 30 000 і больш (у турбін невял. магутнасці). П.т. прамысл. значэння стварылі Ч.А.Парсанс (1884) і швед.вынаходнік К.Г.П.Лаваль (1889).
На Беларусі самыя магутныя П.т. (300 МВт) устаноўлены на Лукомскай ДРЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЎРСКІ ФАРФО́Р,
мастацкія вырабы фарфоравага завода ў г. Сеўр (Францыя). Засн. ў г. Венсен (1740). У Сеўр вытв-сць пераведзена ў 1756. Першыя вырабы зроблены пад метал. формы і з уплывам майсенскага фарфору. Першыя майстры — жывапісец Ж.Ж.Башэлье і хімік Ж.Эло (вынаходнік унікальнай сіняй фарбы, адной з адметных рыс С.ф.). Размалёўкі на ярка-сінім, бірузовым і белым фонах уяўлялі сабой натуралістычныя выявы кветак, гірлянд, птушак, пейзажаў. У сярэдзіне 18 ст. быў пашыраны ружовы фон ракайлевых размалёвак золатам і шынуазры. Характэрны элемент С.ф. — размалёўкі пад камеі ў манахромнай тэхніцы грызайль. У 1770—1830-я г. С.ф. вырабляўся ў стылі класіцызму; былі пашыраны міфалагічныя і жанравыя скульптурныя групы, партрэтныя медальёны і бюсты, рэльефныя плакеткі (белым па сінім фоне), якія выкарыстоўваліся ў якасці ўставак у мэблю. Да 1800 вырабы (сервізы, вазы) ствараліся пераважна з мяккага фарфору (без кааліну), абпаленага пры параўнальна невысокай тэмпературы, што дазваляла дасягаць сакавітасці і вытанчанасці дробнага дэкору. З больш моцнага бісквіту стваралі групы і фігуры па мадэлях Э.М.Фальканэ, Л.С.Буазо, Ж.Б.Пігаля, Э.Бушардона, Кладыёна. З 1772 рабілі цвёрды фарфор. У 20 ст. ў стварэнні вырабаў С.ф. ўдзельнічалі вядучыя мастакі (Ж.Люрса і інш.).
Літ.:
Бирюкова Н.Ю. Французская фарфоровая пластика XVIII в. Л., 1962.
Я.Ф.Шунейка.
Сеўрскі фарфор. Марожаніца з сервіза з камеямі. 1778.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКА́ЦКІ СТАНО́К,
станок для вырабу тканіны тэкстыльнай; асн. машына ткацтва. Адрозніваюць Т.с.: паводле спосабу пракладвання ўточнай ніткі — чаўнаковыя і бесчаўнаковыя станкі; змены ўтку — аўтам. і мех. з ручной зменай уточных паковак; паводле віду зеваўтваральнага механізма — эксцэнтрыкавыя, карэтачныя і жакардавыя (гл.Жакарда машына); па колькасці чаўнакоў — адна- і многачаўночныя.
На Т.с. ніткі асновы, якія змотваюцца з вял. шпулі (навоя), абгінаюць накіроўны валік (скало), прымаюць гарыз. або нахіленае становішча, праходзяць праз адтуліны ламелей і вочкі рамізак, што перамяшчаюць ніткі асновы ў верт. напрамку. Зеваўтваральны механізм раздзяляе ніткі асновы, утвараючы ромбападобную прастору (т. зв. зеў). У яго чаўнаком або пракладчыкам уткуінш. тыпу ўводзіцца ўточная нітка, якая потым прыбіваецца да краю тканіны грэбенем (бёрдам), што робіць зваротна-паступальны рух разам з батанам. Вырабленая тканіна намотваецца на таварны валік.
Найпрасцейшыя ручныя Т.с. з’явіліся за 5—6 тыс.г. да н.э. (гл.Кросны). Механізацыя ткацтва пачалася ў перыяд мануфактуры ў Англіі. У 1785 Э.Картрайт вынайшаў механічны Т.с. (механізаваны аперацыі пракідвання чаўнака, падымання рамізак, прыбою ўточнай ніткі). У 1804—08 франц. ткач і вынаходнік Ж.М.Жакар стварыў машыну для вырабу ўзорыстых тканін (гл.Жакарда машына). Аўтам. Т.с. (з механізмам аўтам. змены ўточных шпуль) зрабіў англічанін Дж.Нортрап. Т.с. разам з мех.прадзільнымі машынамі адыгралі вырашальную ролю ў станаўленні машыннай тэхнікі.
Ткацкі станок: а — старажытны хатні гарызантальны ткацкі стан «на сохах» (Бабруйскі павет); б — схема прамысловага станка (1 — чаўнок, які пракладвае нітку ўтку; 2 — бёрда; 3 — ламелі; 4 — ніткі асновы; 5 — навой; 6 — рамізка; 7 — батан; 8 — падбатанны вал; 9 — накіравальны і таварны валікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫЯЛКО́ЎСКІ Канстанцін Эдуардавіч (17.9.1857, с. Іжэўскае Разанскай вобл., Расія — 19.9.1935),
расійскі вучоны і вынаходнік у галіне аэрадынамікі і ракетнай тэхнікі; заснавальнік касманаўтыкі. Адукацыю атрымаў самастойна.
Экстэрнам здаў экзамены на званне настаўніка (1879) і ўсё жыццё выкладаў фізіку і матэматыку (з 1892 у г. Калуга). Працаваў над стварэннем тэорыі і канструкцыі суцэльнаметал. кіравальнага дырыжабля, потым самалёта-манаплана з метал. каркасам (1885—94). Пабудаваў першую ў Расіі аэрадынамічную трубу (1897) і даследаваў на ёй простыя мадэлі (1900). У 1883 выказаў думку пра магчымасць выкарыстання рэактыўнага руху пры стварэнні міжпланетных лятальных апаратаў. У «Даследаванні сусветных прастораў рэактыўнымі прыладамі» (1903) Ц. ўпершыню ў свеце тэарэтычна абгрунтаваў магчымасць міжпланетных зносін з дапамогай ракет, распрацаваў тэорыю палёту, вывеў законы руху ракеты як цела пераменнай масы. Даў інж. рашэнні канструкцыі ракет, асновы тэорыі вадкаснага ракетнага рухавіка і элементы яго канструкцыі, прапанаваў розныя віды паліва для ракетных рухавікоў. Упершыню абгрунтаваў неабходнасць выхаду чалавецтва ў космас для захавання і далейшага развіцця цывілізацыі; як першыя крокі ў гэтым кірунку яшчэ ў пач. 20 ст. прапанаваў стварэнне і выкарыстанне ШСЗ і арбітальных станцый. Ідэі Ц. выкарыстоўваюцца пры стварэнні сучасных ракетных рухавікоў, касм. ракет і апаратаў. АНСССР заснавала залаты медаль імя Ц. «За выдатныя заслугі ў галіне міжпланетных зносін» (1954). Імем Ц. названы кратэр на Месяцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБОЖЖАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,
машына для ўборкі збожжавых культур прамым камбайнаваннем або раздзельным (двухфазным) спосабам. Абсталяваны адпаведнымі прыстасаваннямі, можа ўбіраць насеннікі траў і цукр. буракоў, кукурузу, сланечнік, зернебабовыя, крупяныя і інш. культуры. Пры прамым камбайнаванні З.к. ажыццяўляе ўборку за адзін праход: адначасова скошвае і абмалочвае збажыну, вылучае, ачышчае і збірае зерне ў бункер, скідвае салому ў капноўшчык або на поле (у валок ці рассыпае здробненую). Пры раздзельным спосабе ўборкі збажына ў стадыі васковай спеласці скошваецца жняяркай З.к. і ўкладваецца ў валкі, а калі зерне даспее і валкі падсохнуць, камбайн з дадаткова зманціраваным падборшчыкам (або з платформай-падборшчыкам) падбірае валкі і абмалочвае іх.
З.к. бываюць: самаходныя, прычапныя і навясныя; колавыя, паўгусенічныя і гусенічныя; 1-, 2- і 3-барабанныя. Найб. пашыраны самаходныя З.к., якія складаюцца з жняяркі (хедара), малатарні, капноўшчыка або здрабняльніка саломы з дэфлектарам, бункера для зерня, рухавіка, хадавой часткі, органаў кіравання (у найноўшых — з камп’ютэрам). У краінах СНД выкарыстоўваюць пераважна самаходныя З.к. расійскай вытв-сці: аднабарабанныя СК-5М «Ніва» (прапускная здольнасць 5,5 кг/с) і «Дон-1500» (8 кг/с); двухбарабанныя «Енісей—1200» (6 кг/с); ротарныя СК-10 «Ротар» (10—12 кг/с) і інш. Двухбарабанныя З.к. эфектыўныя на ўборцы вільготнай збажыны і збожжавых культур, якія цяжка абмалочваюцца. Першы З.к. сканструяваў рус.вынаходнік А.Р.Уласенка ў 1868, серыйны выпуск З.к. ў СССР пачаўся ў 1929 на з-дзе «Камунар» у г. Запарожжа (Украіна).
На Беларусі выкарыстоўваюць у асноўным З.к. «Ніва», «Дон-1500», а таксама камбайны вытв-сці ФРГ (Е-525, Е-527, МЕГА-218) і Фінляндыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРА́ЦЫІ І ЛУГАВО́ДСТВА БЕЛАРУСКІ НДІАкадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1930 у Мінску на базе аддзела асушэння і культуры балот Бел.дзярж. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі і Мінскай балотнай доследнай станцыі (з 1911) як Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі ў сістэме УАСГНІЛ. У 1945 перайменаваны ў БелНДІ меліярацыі і балотнай гаспадаркі, з 1948 Ін-т меліярацыі, воднай і балотнай гаспадаркі АНБССР, з 1956 БелНДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі Мін-ва меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР, з 1965 у сістэме Мін-ва меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР, з 1992 сучасная назва. Асн. кірункі навук. даследаванняў: стварэнне занальных сістэм меліярац. земляробства для забеспячэння рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і ўстойлівага функцыянавання экасістэм; распрацоўка эканамічна і экалагічна абгрунтаваных тэхналогій эфектыўнага выкарыстання сенажацей і пашы; распрацоўка рэсурсазберагальных тэхналогій кіравання водна-паветраным рэжымам асушаных глеб і эксплуатацыі меліярац. сістэм; абгрунтаванне метадалогіі і рэалізацыі комплекснага маніторынгу меліяраваных зямель для стварэння нац. банка даных стану прыроднага асяроддзя. У сістэме ін-та Пінскі аддзел поймавага лугаводства, Пружанская гідролага-гідрагеалагічная лабараторыя, Палеская доследная станцыя меліярац. земляробства і лугаводства, Віцебская доследна-меліярац. станцыя, эксперым.-выд. прадпрыемства. Аспірантура з 1930. Выдае працы ін-та «Меліярацыя пераўвільготненых зямель». У ін-це ў розны час працавалі акад.АНБССР І.С.Лупіновіч, акад.АНБССР і УАСГНІЛ С.Г.Скарапанаў, акад. УАСГНІЛ Т.Н.Кулакоўская і А.І.Мурашка, акад. Акадэміі агр.навук. Рэспублікі Беларусь У.Ф.Карлоўскі, чл.-кар.АНБССР А.Л.Івіцкі і Р.І.Лашкевіч, чл.-кар. Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь Р.І.Афанасік, д-ры тэхн.н. В.Ф.Шабека і П.І.Закржэўскі; працуюць д-ры навук чл.-кар. Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь А.П.Ліхацэвіч, засл.вынаходнік Рэспублікі Беларусь В.М.Кандрацьеў, праф. А.С.Меяроўскі, В.Ц.Клімкоў, І.В.Мінаеў, У.І.Бялкоўскі, С.В.Кулеш, П.П.Ціво.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІМАЦЫ́ЙНАЕ КІ́НО (ад лац. animatus адушаўлёны, жывы), мультыплікацыя,
від кінамастацтва, творы якога ствараюцца спосабам пакадравага малявання або інш. тэхнічнымі спосабамі.
Заснавана на пакадравай здымцы паслядоўных фазаў руху маляваных ці аб’ёмных персанажаў, пластычных кампазіцый. Праекцыя гэтых выяў на экран «ажыўляе» іх. Заснавальнік мультыплікацыі — франц. мастак і інжынер Э.Рэйно, які вынайшаў праксінаскол (1877), з дапамогай якога з 1892 даваў сеансы маляванага кіно («Аптычны тэатр»). У залежнасці ад тэхнікі стварэння сучаснае анімацыйнае кіно падзяляецца на маляванае (найб. вядомыя майстры У.Дысней, І.Іваноў-Вано, В.Кацёначкін, Р.Качанаў, Ю.Нарштэйн, Б.Сцяпанаў, Ф.Хітрук, А.Хржаноўскі); аб’ёмнае («лялечнае»; заснавальнік У.Старэвіч, І.Трнка, А.Птушко); зробленае з дапамогай ігольчастага экрана (відовішча стварае рух тысяч металічных стрыжанькоў; вынаходнік — франц. гравёр А.Аляксееў); ценявое (заснавана на прынцыпе тэатра ценяў; вынаходніца ням.рэж. Л.Райнігер); бяскамернае (малюнак наносяць адразу на плёнку; першы ў гэтай тэхніцы зрабіў фільм канадскі рэж. Н.Мак-Ларэн); камп’ютэрнае.
Бел. анімацыйнае кіно першыя спробы зрабіла ў 1920-я г., выкарыстаўшы выяўл. традыцыі плакатаў і паліт. карыкатур. Мультыплікацыйныя навук.-папулярныя фільмы «Жывыя дамы́», «Бунт зубоў» (1928), «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930) былі першай экраннай рэкламай. У 1970—80-я г. ў ценявой тэхніцы зняты фільмы «Прытча пра зямлю», «Прытча пра паветра» і «Прытча пра ваду» (рэж. усіх І.Пікман), у стылі рухомага жывапісу або пластычнай музыкі — «Капрычыо», «Канчэрта Гроса» (І.Воўчак) і «Лафертаўская макоўніца» (А.Марчанка), традыцыі Дыснея прадоўжаны ў фільме «Марафон» (М.Тумеля), для дзяцей і дарослых зроблены маляваныя і лялечныя фільмы «Песня пра зубра» (А.Белавусаў), «Дудка-весялушка», «Несцерка» (Я.Ларчанка), «Ліса, Мужык і Мядзведзь», «Асцярожна, карасі!», «Гліняная Адоска», «Як Васіль гаспадарыў» (усе В.Доўнар), у якіх адлюстраваны бел. фальклор, «Светлячок і Расінка», «Мілавіца» (рэж. Ю.Батурын) на тэмы лірыкі М.Танка і У.Дубоўкі, «Цімка і Дзімка» (М.Лубянікава), «Хлопчык і птушка» (У.Піменаў), «Пра ката Васю і паляўнічую катавасію», «Пустэльнік і ружа», «Лістападнічак», «Пінчэр Боб і сем званочкаў» (усе К.Красніцкі), «Не шамацець!», «Фантазіі Сідарава» (Т.Жыткоўская) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАДЫ́ЦЫЯ І НАВА́ТАРСТВА,
супрацьлеглыя і адначасова ўзаемадапаўняльныя тэндэнцыі ў развіцці маст. творчасці і культуры наогул. Традыцыя (ад лац. traditio перадача, паданне) у шырокім сэнсе — культ. спадчына народаў, сусв. і рэгіянальных цывілізацый, якія актуалізуюцца ў кантэксце сучаснасці, служаць асновай для развіцця нац. культуры і надаюць ёй цэласнасць і самабытнасць; У культуралогіі традыцыя — сукупнасць архетыпаў аўтэнтычнай нац. культуры, выяўленых у міфалогіі, рэлігіі, абрадах, фальклоры і інш., якія выступаюць у якасці ўзораў, норм паводзін і маральных імператываў. Наватарства (ад лац. novator абнавіцель, вынаходнік) характарызуе адкрытасць культуры для канструктыўных навацый і міжнац. культ. ўзаемадзеяння, змену яе парадыгмаў і сэнсавых значэнняў. Пераемнасць у развіцці культуры адбываецца праз дыялектычна супярэчлівае адзінства і ўзаемапераходы Т. і н. Канструктыўныя навацыі актуалізуюць традыцыю, уключаюць яе ў дынаміку сучаснага творча-культ. працэсу і паступова самі набываюць статус традыцыі. Суадносіны паміж Т. і н. — велічыня пераменная, неаднолькавая на розных этапах развіцця грамадства. Першую універсальную традыцыю маст. культуры стварыла ант. цывілізацыя. Сярэдневяковая культура, арыентаваная на сакральныя каштоўнасці, выступала ў якасці антытэзы да ант. традыцыі, але разам з тым дапасавала да хрысц. ідэалогіі развітыя формы ант. філасофіі, навукі, выяўл. мастацтва. Гэты «селекцыйны» працэс адмаўлення ўстарэлых форм традыцыі і трансфармацыі яе лепшых дасягненняў працягваўся ў эпоху Адраджэння, новага часу, рэалізаваўся ў культ. творчасці 20—пач. 21 ст.
Архетыпы бел.культ. традыцыі сфарміраваліся на стыку шматвяковай нар. культуры і хрысц. цывілізацыі. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. рэалізм і эстэтызм з напружанай хрысц. духоўнасцю (Ф.Скарына, М.Гусоўскі, М.Сматрыцкі, гатычны і рэнесансавы стылі ў архітэктуры і выяўл. мастацтве). Барока як стыль эпохі выступіла ў якасці антытэзы да эпігонскай стылізацыі ў мастацтве і адначасова дапасавала да новага культ. кантэксту папярэднія адкрыцці ў галінах эстэтыкі, красамоўства, тэатр. і выяўл. мастацтва, стварыла бел. варыянт еўрап. мураванай архітэктуры, самабытны стыль драўлянага дойлідства 17—18 ст. Нарматыўная эстэтыка класіцызму вярнулася да ант. і рэнесансавых традыцый; сінтэз класічных і барочных традыцый выявіўся ў л-ры (М.К.Сарбеўскі, Сімяон Полацкі), выяўл. і тэатр. мастацтве. Станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст., развіццё інш. відаў прафес. мастацтва на Беларусі ў 20 ст. адбываліся на аснове нац. традыцый і наватарскіх адкрыццяў польскай, рус. і агульнаеўрап. маст. культуры.
Літ.:
Бушмин А.С. Преемственность в развитии литературы. 2 изд. Л., 1978;
Ладыгина А.Б., Гринин В.В. О преемственности в искусстве. М., 1982;
Степанцевич К.И. Новые тенденции в развитии белорусского музыкального искусства: (Конец 1950-х — первая половина 1970-х гг.). Мн., 1981;
На грани тысячелетий: Судьба традиций в искусстве XX в.: [Сб. ст.]. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЛЁТ, аэраплан,
найбольш пашыраны цяжэйшы за паветра лятальны апарат для палётаў у атмасферы; асн. сродак авіяцыі. Адрозніваюць С.: грамадзянскія (пасажырскія, грузавыя і спец. прызначэння — санітарныя, сельскагаспадарчыя, для тушэння лясных пажараў, аэрафотаздымкі і інш.), ваенныя (бамбардзіроўшчыкі, знішчальнікі, штурмавікі, разведчыкі, ваенна-транспартныя і інш.), вучэбныя; поршневыя, турбавінтавыя, турбарэактыўныя і ракетныя; сухапутнага базіравання, карабельныя, гідрасамалёты, «амфібіі»; самалёты вертыкальнага ўзлёту, скарочанага і звычайнага ўзлёту і пасадкі; манапланы і біпланы; дагукавыя, звышгукавыя і гіпергукавыя. Найб. вядомыя С.: аэробусы («Боінг» і «Канкорд»), трансп. (грузавыя) «Антэй», «Руслан» і «Мрыя» (Ан-225, для перавозкі грузаў масай да 250 т, далёкасць палёту да 14,7 тыс.км).
Асн. часткі С.: планер (крыло, фюзеляж, апярэнне, шасі), сілавая ўстаноўка (складаецца з авіяцыйных рухавікоў, уваходных і выхадных устройстваў, сістэм кіравання, паліўнай і інш.), а таксама (для ваенных) узбраенне (пушачнае, ракетнае, бамбардзіровачнае). Сілавая ўстаноўка стварае цягу, а крыло пры наяўнасці паступальнай скорасці — пад’ёмную сілу. Для кіравання С. выкарыстоўваюць штурвальныя калонкі, ручкі кіравання, разнастайныя навігацыйныя прылады (у т. л.авіягарызонты, аўтапілоты, аўташтурманы, вышынямеры). У навігацыі паветранай і ў самім працэсе ваджэння С. (самалётаваджэнні) выкарыстоўваюцца сучасныя навігацыйныя комплексы, якія аб’ядноўваюць з дапамогай ЭВМ прылады і сістэмы С. з наземнымі навігацыйнымі сістэмамі. У ваен. С. выкарыстоўваецца прыцэльна-навігацыйная сістэма (складаецца з прыцэльнай, навігацыйнай, індыкатарнай і дальнамернай падсістэм). Для ўзлёту, пасадкі і абслугоўвання С. будуюць аэрадромы (звычайна ў складзе аэрапорта). Вытв-сцю С., авіяц. рухавікоў, абсталявання, бартавых сістэм і інш. займаецца авіяцыйная прамысловасць. Для палётаў на малой вышыні з выкарыстаннем экрануючага эфекту паверхні існуюць экранапланы, для заняткаў самалётным спортам — спец. спартыўныя С.
Канцэпцыю С. з раздзеленымі функцыямі нясучай паверхні (крыла) і рухальніка (вінта) прапанаваў у 1799 англ. вучоны і вынаходнік Дж.Кейлі. Патэнт на С. з парасілавой устаноўкай атрымаў у 1881 А.Ф.Мажайскі, паставілі на С. рухавік унутр. згарання і ажыццявілі на ім першыя палёты ў 1903 браты Райт (гісторыю развіцця самалётабудавання гл. ў арт.Авіяцыя). Да канца 20 ст. створаны С. з макс. скорасцю больш за 3000 км/гадз, найб. вышынёй палёту больш за 30 км, далёкасцю палёту больш за 10 тыс.км, грузападымальнасцю да 250 т, пасажыраўмяшчальнасцю да 550 чал.
Літ.:
История техники. М., 1962;
Шульженко М.Н. Конструкция самолетов. 3 изд. М., 1971;
Яковлев А.С. Советские самолеты. 4 изд. М., 1982;
Андреев И. Боевые самолеты. М., 1981;
Пономарев А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;
Житомирский Г.И. Конструкция самолетов. М., 1991.
С.М.Кузьменка, У.М.Сацута.
Самалёт: а — «Тып XI» Л.Блерыо, які зрабіў першы пералёт з Барака (Францыя) у англійскі Дуўр (1 — рухавік, 2 — цыліндры паветранага ахаладжэння, 3 — паліўны бак, 4 — бак для павелічэння пад’ёмнай сілы); б — «Боінг-747» (1 — кабіна экіпажа, 2, 4 — перадкрылкі, 3 — турбавентылятарныя рухавікі, 5 — закрылкі, 6 — пасажырскія месцы на 330—490 чал., 7 — стабілізатар са зменным вуглом устаноўкі, 8 — гідраўлічнае шасі, 9 — патрубак для запраўкі палівам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА НЕРАЗБУРАЛЬНАГА КАНТРОЛЮ
Сістэматычныя даследаванні ў галіне фізікі неразбуральнага кантролю на Беларусі пачаліся ў 1960-я г. пад кіраўніцтвам акад. М.С.Акулава. Яго працы па ферамагнетызме сталі навук. асновай узаемасувязі паміж магн. і трываласнымі характарыстыкамі металаў, асновай магн. метаду неразбуральнага кантролю. Асн. задачамі галіны з’яўляюцца адкрыццё, даследаванне і выкарыстанне новых фіз. з’яў і магчымасцей для выяўлення паверхневых і ўнутр. дэфектаў, кантролю таўшчыні і адгезіі пакрыццяў, структуры і фіз.-мех. уласцівасцей матэрыялаў і вырабаў без іх разбурэння. У 1963 створаны Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю, які ў 1980 рэфармаваны ў Ін-т прыкладной фізікі АН Беларусі.
У наш час Ін-т прыкладной фізікі Нац.АН Беларусі — галаўная навук.арг-цыя па выкананні дзярж. праграмы арыентаваных фундаментальных даследаванняў па фізіцы неразбуральнага кантролю «Дыягностыка». Выканаўцамі праграмы з’яўляюцца Ін-т механікі і надзейнасці машын, Ін-т механікі металапалімерных сістэм, Н.-д. і канструктарска-тэхнал.ін-т зваркі і ахоўных пакрыццяў Бел.навук.-вытв. канцэрна парашковай металургіі Нац.АН Беларусі, а таксама Бел.нац.тэхн.ун-т, БДУ, Бел.-рас.ун-т (г. Магілёў), Бел.ун-т транспарту і шэраг інш.ВНУ.
Атрыманы фундаментальныя навук. вынікі ў галіне фізікі магн., эл.-магн., радыёхвалевых, акустычных, капілярных і інш. метадаў неразбуральнага кантролю. Ва ўсім свеце прызнаны бел.навук. школы: па інфарм. тэхналогіях кантролю дынамічных аб’ектаў (В.М.Арцём’еў); па тэорыі капілярнай дэфектаскапіі (М.П.Мігун, П.П.Прахарэнка); па магн. структураскапіі і магн. вымярэннях (У.Ф.Мацюк, М.А.Мяльгуй); па стварэнні магн. палёў з зададзеным прасторавым размеркаваннем (А.А.Лухвіч); па магн. і эл.-магн. метадах неразбуральнага кантролю (М.М.Зацэпін); па неразбуральным кантролі фіз.-мех. уласцівасцей металаў і палімераў метадам дынамічнага індэнтыфікавання (В.А.Рудніцкі); па радыёхвалевай структураскапіі дыэлектрычных асяроддзяў (В.А.Міхнеў); па кантролі ўласцівасцей магнітамяккіх матэрыялаў (І.І.Бранавіцкі); па тамаграфічнай візуалізацыі ўнутр. будовы матэрыялаў і вырабаў (В.Л.Венгрыновіч); па магнітаграфічным кантролі (У.А.Новікаў, А.М.Шарова); па цеплавых метадах кантролю (У.А.Драгун); па стандартызацыі ў неразбуральным кантролі (У.А.Саламаха).
Распрацаваныя ў Ін-це прыкладной фізікі Нац.АН Беларусі імпульсныя магн. аналізатары мех. характарыстык укаранёны на буйнейшых металург. прадпрыемствах Расіі і Украіны (напр., «Поўначсталь», Магнітагорскі, Наваліпецкі, Марыупальскі металург. камбінаты), шэрагу прадпрыемстваў ФРГ.
Шырока выкарыстоўваюцца фіз. метады кантролю ў заводскіх лабараторыях буйнейшых прамысл. прадпрыемстваў краіны: мінскіх аўтамаб. (П.С.Гурчанка), трактарнага, маторнага, падшыпнікавага, станкабуд. з-даў, ВА «Гарызонт» і «Атлант», Бел. металург. з-да, гродзенскага ВА «Азот», наваполацкага ВА «Палімір» і інш. Падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі па фізіцы неразбуральнага кантролю вядзецца ў Ін-це прыкладной фізікі Нац.АН Беларусі, Бел.-рас. ун-це, Бел.нац.тэхн. ун-це, дзе існуюць аспірантура, дактарантура і спецыялізаваныя саветы па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Падрыхтоўка інж. кадраў вядзецца ў Бел.нац.тэхн. ун-це, Бел.-рас. ун-це, Бел. ун-це транспарту і інш.ВНУ.
Літ.:
Прохоренко П.П. Достижения физики неразрушающего контроля. Мн., 2003.
П.П.Прахарэнка.
У лабараторыі магнітных метадаў кантролю Інстытута прыкладной фізікі Нац.АН Беларусі. Загадчык лабараторыі У.Ф.Мацюк (злева) і заслужаны вынаходнік Беларусі М.А.Мяльгуй.Распрацоўкі Інстытута прыкладной фізікі Нацыянальнай АН Беларусі: 1 — Нацыянальны эталон адзінкі магнітнай індукцыі Рэспублікі Беларусь; 2 — аўтаматызаваная ўстаноўка для кантролю поршняў дызельных рухавікоў; 3 — тэрмаэлектрычная прылада ПІТ; 4 — імпульсны магнітны аналізатар ІМА-4М; 5 — магнітны таўшчынямер тыпу МТЦ.