род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 350 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных (пераважна ў Афрыцы) і часткова ў цеплаўмераных абласцях. На Беларусі 4 віды Р.: егіпецкая (D. aegyptiaca), звычайная, або лінейная (D. ischaemum), крывава-чырвоная (D. sanguinalis) і раснічастая (D. ciliaris). Трапляюцца на пясках, па берагах вадаёмаў, як пустазелле на палях.
Шмат-, радзей аднагадовыя травы выш. 10—80 см. Сцёблы моцна галінастыя каля асновы, прамастойныя або ляжачыя, часта чырванаватыя. Лісце лінейна-ланцэтнае. Агульнае суквецце — прамы колас з 2—20 пальчата сабраных коласападобных галінак на верхавінцы сцябла. Плод — зярняўка. Кармавыя, пераважна пашавыя расліны, некат. культывуюць у Паўд.-Усх. Азіі як збожжавыя злакі. Выкарыстоўваюць для барацьбы з эрозіяй, для замацавання пяскоў, насыпаў, стварэння газонаў. Салома ідзе на выраб паперы, цыновак, кошыкаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСХО́ДНІК (Sedum),
род кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 600 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, пераважна ў Еўразіі, некалькі відаў у Паўд. Афрыцы і Паўд. Амерыцы (Перу). На Беларусі 6 відаў Р.: адагнуты (S. reflexum), бледны (S. pallidum), валасісты (S. villosum), едкі, або заечая капуста (S. acre), несапраўдны (S. spurium), шасцірадковы (S. sexangulare). Трапляюцца ў разрэджаных хваёвых лясах, уздоўж дарог, чыгунак, на сухадольных лугах. Шэраг інтрадукаваных відаў пад назвай «седум» вырошчваецца ў дэкар. і пакаёвым кветкаводстве.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травы, часам паўкусцікі выш. 5—25 см. Сцёблы прамастойныя або сцелістыя. Лісце патоўшчанае, сакаўное, рознай формы і колеру, у кальчаках або ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, пурпуровыя, пераважна ў шчыткападобных суквеццях. Плод — шматлістоўка. Меданосныя, лек., дэкар., харч. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ВЕНЬ (Rheum),
род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Азіі (2 віды на Пд Еўропы). Трапляюцца па камяністых схілах. У культуры вырошчваюць пераважна Р. рапонцікавы, або чаранковы (R. rhaponticum), і хвалісты (R. undulatum).
Шматгадовыя травы з мясістым карэнішчам. Сцябло прамастойнае, полае, голае, выш. 50—250 см. Прыкаранёвае лісце буйное, сакаўное, доўгачаранковае, утварае разетку, сцябловае — чаргаванае, дробнае, яйцападобнае. Кветкі двухполыя, дробныя, жоўтыя, ружовыя, чырванаватыя ў коласападобным ці мяцёлчатым суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Маладое лісце і чаранкі маюць у сабе вітамін С, да 2,5% цукру, каля 3,5% арган.к-т, мінер. солі. З іх гатуюць супы, кампоты, варэнне, мармелад, цукаты, сок, віно, начынку Для пірагоў, у рыбнай прам-сці выкарыстоўваюць як прыправу. Харч., лек., дубільныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДЗІ́НА (Swida),
род кветкавых раслін сям. кізілавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы, радзей у Еўропе. На Беларусі 1 від — С. крывава-чырвоная (S. sanquinea). Трапляецца на схілах у лісцевых і мяшаных лясах. Больш за 10 відаў прайшлі інтрадукцыйную праверку ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі: С. Амома (S. amomum), белая (S. alba), шаўкавістая (S. sericea) і інш. Выведзена шмат садовых форм.
Лістападныя кусты або дрэвы выш. 1,5—6 м. Лісце супраціўнае, суцэльнае, чаранковае. Кветкі белыя, у шчытка- ці парасонападобных галоўчатых суквеццях. Плод — сакаўная, чорная або белая касцянка. З насення атрымліваюць тэхн. алей, чырванаватая драўніна ідзе на такарныя вырабы, з галін плятуць кошыкі і маты. Выкарыстоўваюць С. для замацавання пяскоў і схілаў. Дэкар., тэхн., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГІ́ (Coregonus),
род рыб сям. сіговых атр. ласосепадобных. Самы шматлікі з сямейства. Пашыраны ў бас. Ледавітага, Ціхага і Атл. акіянаў. Прахадныя, азёрныя і рачныя рыбы. Найб. вядомыя: С. звычайны, рапушкі, омуль, пелядзь, муксун, чыр і інш. У азёрах Беларусі водзіцца рапушка еўрапейская, або сялява, у 1925 у азёры Браслаўскай, Нарачанскай груп і воз. Лукомскае з Чудска-Пскоўскага воз. завезены для акліматызацыі сіг чудскі (C. lavaretus maraenoides). У азёрах Лукомскае і Нарач меў прамысл. значэнне. Пелядзь на Беларусь завезена ў 1957.
Даўж. да 75 см, маса да 8 кг (зрэдку 16 кг). Цела серабрыстае, спіна цёмная, луска буйная. Рот невял., ніжні, канцавы або верхні. Нераст звычайна восенню. Ікра дробная, жоўтая. Кормяцца планктонам, бентасам і дробнай рыбай. Аб’екты промыслу і развядзення.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕ́НЬКА (Armillaria),
род базідыяльных грыбоў парадку агарыкальных. Каля 12 відаў. Касмапаліты. На Беларусі трапляюцца апенька сапраўдная, або восеньская (A. mellea), апенька марнеючая (A. tabescens) і апенька скараспелая, або ранняя (A. praecox). Факультатыўныя паразіты (на старых або аслабленых дрэвах), часцей існуюць як сапратрофы. Растуць групамі на пнях, ствалах, каля дрэў у хвойных і лісцевых лясах. Ядомыя (спажываюцца смажаныя, вараныя, салёныя, сушаныя і марынаваныя).
Шапка ў маладых апенек выпуклая, пазней плоская, гладкая або лускаватая, сухая, зрэдку слізістая, дыям. да 12 см, жоўта-бурая або жаўтавата-карычневая. Пласцінкі жоўта-белыя, бураватыя. Ножка з добра выяўленым кольцам, рэдка без яго. Апенькай часта наз. грыбы інш. родаў, напр. ядомая апенька летняя (Kuehneromyces mutabilis), а таксама ядавітыя апенька несапраўдная серна-жоўтая (Nematoloma fasciculare) і апенька несапраўдная цагельна-чырвоная (N. sublateritium).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВО́ЎНІК (Gossypium),
род шматгадовых травяністых раслін і кустоў сям. мальвавых. 35 відаў у Амерыцы, Азіі, Афрыцы, Аўстраліі. Адна з асн.тэхн. культур (прадзільная культура). Вырошчваюць у аднагадовай культуры ў тропіках, субтропіках, паўд. раёнах умеранага пояса бавоўнік мексіканскі (звычайны, або упланд; Gossypium hirsutum; больш за 70% сусв. вытв-сці бавоўнавага валакна), бавоўнік індакітайскі (дрэвападобны; Gossypium arboreum), бавоўнік перуанскі, барбадоскі (Gossypium peruvianum, Gossypium barbadense) і інш.
Кусты і травы з моцнай стрыжнёвай каранёвай сістэмай. Кветкі вял., белыя, крэмавыя, жоўтыя, двухполыя; звычайна самаапыляльнікі. Плод — каробачка. Насенне ўкрыта доўгімі, пераважна белымі, валаскамі, што выкарыстоўваюцца як валакно — бавоўна. Цеплалюбівая расліна, патрабавальная да ўмоў увільгатнення, жыўлення і асвятлення. Вегетац. перыяд 110—145 сут Лепшыя глебы — лёгкія сугліністыя шэразёмы. Засоленыя глебы папярэдне меліяруюць. З насення бавоўніка атрымліваюць баваўняны алей (22—29%), з пладоў — бавоўну. Добры меданос (мёдавытворчасць 300 кг/га). Гл. таксама Баваўнаводства.