ЛІ ПЭН (н. ў кастр. 1928, г. Чэнду, Кітай),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Кітая. Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1955). У 1955—66 гал. інжынер, дырэктар электрастанцый, з 1966 нач. Пекінскага электраэнергет. ўпраўлення. У 1979—83 нам., міністр электраэнергетыкі, 1-ы нам. міністра воднай гаспадаркі і электраэнергет. прам-сці. З 1983 нам., у 1988—98 прэм’ер Дзяржсавета Кітайскай Нар. Рэспублікі. Адзін з ініцыятараў задушэння сілай у чэрв. 1989 студэнцкіх выступленняў на пл. Цяньаньмэнь у г. Пекін. З сак. 1998 старшыня Пастаяннага к-та Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў. Чл. Палітбюро ЦК Камуніст. партыі Кітая (КПК) з 1985 і Пастаяннага к-та ЦК КПК з 1987. У 1995 наведаў з афіц. візітам Беларусь.

т. 9, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСО́ЎСКІ Мікалай Васілевіч (1.12.1885, г. Баранавічы Брэсцкай вобл. — 1957),

савецкі ваен. дзеяч, ген.-лейтэнант. Скончыў Акадэмію Генштаба (1914). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З лют. 1918 у Чырв. Арміі: нач. аператыўнага аддзела штаба Беламорскай ваен. акругі; нач. штаба, каманд. войскамі Котласкага р-на, адначасова камандзір асобнай брыгады. У 1919 каманд. войскамі Дзвінска-Мезенскага р-на, Пінега-Пячорскага краю, камандзір брыгады, нач. стралк. дывізіі. З кастр. 1919 нач. штаба 6-й і 3-й армій, каманд. 12-й арміяй. Удзельнік савецка-польскай вайны 1920 на Зах. фронце. З 1921 каманд. арміяй Самаркандскай вобл., Бухарскай групы войск, на інш. камандных пасадах. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 9, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКУ́Л Луцый Ліцыній (Lucius Licinius Lucullus; каля 117—56 да н.э.),

рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Паходзіў са знатнага плебейскага роду. Прыхільнік Сулы. Удзельнік 1-й Мітрыдатавай вайны 89—84 да н.э. Консул у 74 да н.э. У 74—66 да н. э. камандаваў войскамі і флотам у вайне супраць пантыйскага цара Мітрыдата VI Еўпатара (3-я Мітрыдатава вайна). У 71 да н.э. захапіў М. Азію, у 69 да н.э. разбіў каля Тыгранакерта аб’яднаную армяна-пантыйскую армію цара Тыграна II і Мітрыдата. У 67 да н.э. адхілены ад пасады галоўнакамандуючага. Лічыўся адным з багацейшых людзей свайго часу. Пасля адстаўкі жыў у Рыме, наладжваў раскошныя баляванні (адсюль выраз «лукулаўскае баляванне»).

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯБЕ́ЦКАЯ Алена Канстанцінаўна (15.7.1903, б. хутар Лягуцева, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 28.1.1982),

дзеяч рэв. і нац. вызв. руху ў Зах. Беларусі. Стварала гурткі Таварыства беларускай школы (ТБШ). 3 ліст. 1927 сакратар Слонімскай акр. управы ТБШ. На 1-м з’ездзе ТБШ (1927) выбрана старшынёй рэвіз. камісіі, на 2-м (1929) — старшынёй кантрольнага савета. За рэв. дзейнасць у 1928 зняволена ў турму ўладамі Польшчы. Дэлегат 1-га антыфаш. кангрэса (1929, Берлін), чл. зах.-бел. к-та па падрыхтоўцы Еўрап. сял. кангрэса, яго дэлегат. У лют. 1930 арыштавана, засуджана на 6 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з 1933 у БССР; працавала ў ЦК Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі Беларусі. Аўтар успамінаў.

т. 9, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎКО́Ў Максім Архіпавіч (12.5.1894, в. Кавалі Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1918 ваенны камісар Рудабельскай вол. Бабруйскага пав., кіраўнік партыз. руху ў павеце. З канца 1920 ваенком Бабруйскага пав., старшыня Замошскага валвыканкома. З 1929 у ЦКК КП(б), з 1931 нарком юстыцыі і пракурор БССР, старшыня Цэнтр. камісіі па справах б. чырвонагвардзейцаў і чырв. партызан, з 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1927 канд. у чл. ЦК, у 1932—37 чл. ЦК КП(б)Б. Чл. ЦВК БССР у 1920—22, 1929—37, чл. Прэзідыума ЦВК БССР у 1931—37. 13.7.1937 арыштаваны органамі НКУС па абвінавачанні ў контррэв. дзейнасці і Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР засуджаны да расстрэлу. У 1957 рэабілітаваны.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАБУ́ТУ СЕ́СЕ СЕ́КА (Mobutu Sese Seko; поўнае Мабуту Сесе Сека Куку Нгбенду Ва За Банга; да 1972 Мабуту Жазеф Дэзірэ; 14.10.1930, г. Лісала, Дэмакр. Рэспубліка Конга —7.9.1997),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Дэмакр. Рэспублікі Конга (ДРК). Маршал (1982). Скончыў ваен. школу ў г. Лулуабург. З 1949 у бельг. калан. войсках, з 1956 рэдактар газет «L’Avenir» («Будучыня») і «Actualité africaine» («Афрыканская рэчаіснасць»); дзярж. сакратар ва ўрадзе П.Лумумбы, з ліп. 1960 нач. Генштаба. У вер. 1960 скінуў Лумумбу. З 1961 галоўнакамандуючы Кангалезскай нац. арміяй. Пасля перавароту ў ліст. 1965 прэзідэнт ДРК. Адзінай дзярж. ідэалогіяй абвясціў канцэпцыю «сапраўднага заірскага нацыяналізму»; усталяваў жорсткі аўтарытарны рэжым, які арыентаваўся на зах. краіны. У маі 1997 пад націскам узбр. паўстання пакінуў краіну.

т. 9, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКМІ́ЛАН (Macmillan) Гаральд (10.2. 1894, Лондан — 29.12.1986),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі. Адукацыю атрымаў у Оксфардскім ун-це. Паліт. дзейнасць пачаў у 1924 як дэп. палаты абшчын брыт. парламента. У 1940—45 займаў шэраг пасад ва ўрадзе У.Чэрчыля. З 1951 на міністэрскіх пасадах у кансерватыўных урадах Чэрчыля і Э.Ідэна, у т. л. міністр абароны (1954—55), замежных спраў (1955), фінансаў (1955—57). Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі і лідэр Кансерватыўнай партыі ў 1957—63. Пры ім Вялікабрытанія дала незалежнасць Гане (1957), Нігерыі, Кіпру (1960), Ямайцы (1962), інш. краінам і тэрыторыям, падпісала дагавор аб забароне і абмежаванні выпрабаванняў атамнай зброі 1963. Саўладальнік выд-ва «Макмілан паблішэрз». Аўтар мемуараў (т. 1—6, 1966—73).

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКО́ЛЕЙ (Macaulay) Томас Бабінгтан (25.10.1800, Ротлі-Тэмпл, Вялікабрытанія — 28.12.1859),

брытанскі гісторык і паліт. дзеяч. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це. У 1833—38 чл. Вярх. савета пры віцэ-каралю Індыі: кіраваў складаннем крымін. кодэкса, правёў рэформу асветы, накіраваную на пашырэнне сеткі школ і прымусовае ўкараненне англ. культуры і мовы. Ваен. міністр Вялікабрытаніі ў 1839—41. Выступаў супраць ідэі ўсеагульнага выбарчага права, у якім бачыў пагрозу цывілізацыі. Аўтар «Гісторыі Англіі» з 1685 па 1702 (т. 1—5, 1849—61), а таксама папулярных гіст. твораў, дзе ў бліскучай літ. форме паказваў гісторыю Англіі як няспынны рух да росквіту пад кіраўніцтвам вігаў. Самай значнай падзеяй сусв. гісторыі лічыў англ. «Слаўную рэвалюцыю» (дзярж. пераварот 1688—89).

т. 9, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬРО́ (Malraux; сапр. Бержэ; Berger) Андрэ

(3.11.1901, Парыж —23.11.1976),

французскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Нац. вучылішчы жывых усх. моў у Парыжы. У 1959—69 міністр культуры Францыі. Першыя раманы «Заваёўнікі» (1928), «Так жыве чалавек» (1933), «Надзея» (1937) па настраёвасці і танальнасці блізкія да экзістэнцыялізму. У 1940—50-я г. творчасць М. зазнала значны ўплыў Ф.​Ніцшэ, Ф.​Дастаеўскага, О.​Шпенглера, А.​Жыда (мастацтвазнаўчыя працы «Псіхалогія мастацтва», «Метамарфоза багоў»). У «Антымемуарах» (1967), «Чорным трохкутніку» (1970), маст. біяграфіі «Лазар» (1974) стаў на пазіцыі скептычнага гуманізму.

Тв.:

Рус. пер. — Зеркало лимба: Худож. публицистика. М., 1989;

Надежда. Л., 1990;

Королевская дорога: Романы. М., 1992.

Літ.:

Andre Malraux. Paris, 1989.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 10, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЦЭ́ВІЧ Фларыян Данатавіч (1890, в. Іказнь Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 30.7.1941),

бел. педагог, грамадскі дзеяч. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1910). Настаўнічаў у Дзвінскім пав. Віцебскай губ. Збіраў бел. песенны і муз. фальклор, займаўся музыкай, дасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва» (псеўд. Якім Парэчка). З 1917 удзельнічаў у арганізацыі школьнага навучання на радзіме. Выступаў за адкрыццё бел. школ у Зах. Беларусі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі, удзельнічаў у стварэнні новай сістэмы нар. адукацыі, у Друі ўзначальваў курсы па перападрыхтоўцы настаўнікаў бел. школ, працаваў настаўнікам у в. Малая Кавалеўшчына Міёрскага р-на. У пачатку ням.-фаш. акупацыі Беларусі арыштаваны гітлераўцамі і пасля катаванняў расстраляны.

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)