МАНЦЭ́ВІЧ (Фларыян Данатавіч) (1890, в. Іказнь Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 30.7.1941),
бел. педагог, грамадскі дзеяч. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1910). Настаўнічаў у Дзвінскім пав. Віцебскай губ. Збіраў бел. песенны і муз. фальклор, займаўся музыкай, дасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва» (псеўд. Якім Парэчка). З 1917 удзельнічаў у арганізацыі школьнага навучання на радзіме. Выступаў за адкрыццё бел. школ у Зах. Беларусі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі, удзельнічаў у стварэнні новай сістэмы нар. адукацыі, у Друі ўзначальваў курсы па перападрыхтоўцы настаўнікаў бел. школ, працаваў настаўнікам у в. Малая Кавалеўшчына Міёрскага р-на. У пачатку ням.-фаш. акупацыі Беларусі арыштаваны гітлераўцамі і пасля катаванняў расстраляны.
К.С.Шыдлоўскі.
т. 10, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)