«ПО́ЛАЦКІЯ ГРА́МАТЫ»

(«Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв.»),

зборнік дакументаў па гісторыі Полацкай зямлі, падрыхтаваны Г.​Л.​Харашкевіч і выдадзены Ін-там гісторыі СССР АН СССР у Маскве (вып. 1—5, 1977—85). Уласна дакументы складаюць вып. 1-ы, 2-і і палову 3-га, у астатніх выпусках змешчаны каментарыі. Надрукавана 325 дакументаў (з іх 110 упершыню) 1263—1513 з архіваў Рыгі, Гётынгена, Гданьска, Варшавы, Масквы, у т. л. з Метрыкі ВКЛ. Большасць дакументаў асвятляе адносіны Полацка з Лівоніяй, Маскоўскай дзяржавай, ВКЛ, меншая частка — унутраную гісторыю Полацка. Дакументы надрукаваны на старабел., нямецкай (22), лацінскай (7), польскай (4) мовах; іншамоўныя тэксты пададзены з паралельным перакладам на рус. мову. Паказальнікі да зборніка выдадзены асобна ў 1989. Зборнік мае вял. значэнне для вывучэння эканам. і сац. становішча сялян, мяшчан, інш. слаёў Полацкай зямлі, развіцця ўнутр. і знешняга гандлю, знешнепаліт. зносін Полацка.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 12, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́СНІЦА,

старадаўняя драўляная прылада для прадзення воўны, ільняной і пяньковай кудзелі. На Беларусі 4 асн. тыпы: лапатападобная, П.-грэбень, П.-вілы, П.-кій. Найб. пашыраны лапатападобная і П -грэбень (Прыпяцкае Палессе). Лапатападобныя рабілі з суцэльнага кавалка дрэва (частка ствала з карэнішчам) ці з 2 частак — лопасць пад прамым вуглом устаўлялі ў днішча або ў адтуліну ў лаве (Зах. Палессе). Лопасць звычайна прамавугольнай формы з адносінамі бакоў 2:1; сустракаліся таксама вёслападобныя (Лідчына), мечападобныя (Брэстчына), П.-дошчачкі (мацаваліся да калаўрота) і інш. П. аздаблялі разьбой — фігурна апрацоўвалі ножкі, выпілоўвалі краі лопасці (Навагрудчына). На Гродзеншчыне, Віцебшчыне лопасць часам аздаблялі трохгранна-выемчатай ці контурнай разьбой. Асаблівым багаццем і разнастайнасцю дэкору вызначаюцца камянецкія прасніцы. У наш час са знікненнем ролі ручнога прадзення і ткацтва П. амаль выйшлі з ужытку.

Літ.:

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Прасніца. Вёска Чонкі Гомельскага раёна. 19 ст.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛО́ГІЯ МУЗЫ́ЧНАЯ,

галіна музычна-гістарычнай навукі, якая распрацоўвае праблемы музычнай культуры старажытнага свету на аснове археал. матэрыялаў; частка агульнай археалогіі. Сярод археал. матэрыялаў муз. інструменты (або іх фрагменты) з каменю, косці, гліны, металу, помнікі стараж. выяўл. мастацтва з муз. сюжэтамі (наскальныя малюнкі, фрэскі, каменная і гліняная скульптура). Пачынальнік археалогіі музычнай — ням. музыказнавец і этнограф К.​Закс (1930—40-я г.). Наконт зместу, межаў і магчымасцяў археалогіі музычнай існуюць розныя погляды. Адны даследчыкі (Я.​Браўда, Расія) абмяжоўваюць яе вывучэннем аб’ектаў муз. Матэрыяльнай культуры (муз. інструментаў), іншыя (Закс, рус. музыказнавец М.​Фіндэйзен) пашыраюць яе і на даследаванні рэліктавых узораў нар. музыкі, помнікаў нотнага пісьма стараж. эпох. На Беларусі даследаванні па археалогіі музычнай вядуцца ў межах агульнай археалогіі.

Літ.:

Садоков Р. Археологические источники в изучении музыкальной культуры древнего мира // Народные музыкальные инструменты и инструментальная музыка: Сб. статей и материалов. М., 1987. Ч. 1;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993. С. 93—94, 446.

І.​Дз.​Назіна.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ БАСЕ́ЙН,

на ПнУ Беларусі, прымеркаваны да Аршанскай упадзіны. Зах. частка Маскоўскага гідрагеалагічнага мегабасейна. Зона актыўнага водаабмену (150—300 м) ахоплівае ваданосныя комплексы ў адкладах антрапагену, мелу, юры і верхняга дэвону. Воды прэсныя, гідракарбанатныя, мінералізацыя 0,1—0,4 г/л, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў. Рэсурсы складаюць 16,6 млн. м³/сут. Дэбіт свідравін 0,5—20,0 л/с, максімальны больш за 50 л/с. У зону запаволенага водаабмену ўваходзяць сярэднедэвонскі (пярнуска-нараўскі) і верхнепратэразойскі ваданосныя комплексы. Пярнуска-нараўскі мае мінер. воды (мінералізацыя 2—20 г/л) сульфатнага, сульфатна-хларыднага і хларыднага саставу. Глыбей у верхнепратэразойскіх адкладах (верхнепратэразойскі ваданосны комплекс) воды расольныя і расолы хларыдна-натрыевага саставу з макс. канцэнтрацыяй соляў 100—175 г/л. У гэтых водах значная колькасць брому, ёду, фтору і інш. Дэбіт свідравін у межах 0,2—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца на гасп. водазабеспячэнне, мінер. і расолы — як бальнеалагічныя ў санаторыях («Лётцы», «Прыдняпроўскі»).

М.​Г.​Ясавееў.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕАЦЭНАЛО́ГІЯ (ад біягеацэноз + ...логія),

навука пра структуру, дынаміку і класіфікацыю згуртаванняў жывых істот у сувязі з месцам іх пражывання. Вывучае біял. прадукцыйнасць, кругаварот рэчываў і паток энергіі ў біягеацэнозах, іх цэласнасць і стабільнасць, межы і дынаміку. Прыватная частка біягеацэналогіі — біяцэналогія.

Пачатак біягеацэналогіі пакладзены працамі рус. вучоных В.В.Дакучаева і Г.Ф.Марозава, развіты вучэннем У.І.Вярнадскага пра біясферу і ролю жывога рэчыва ў фарміраванні зямной кары. Заснавальнікам біягеацэналогіі як асобнай навукі з’яўляецца У.М.Сукачоў. На Беларусі праблемы біягеацэналогіі распрацоўвалі акад. І.Д.Юркевіч і яго школа геабатанікаў, калектыў гідрабіёлагаў БДУ пад кіраўніцтвам Г.Г.Вінберга, які ў 1940-я г. пачаў вывучэнне біягеацэнозу воз. Нарач. Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, заалогіі, лесу, Цэнтр. бат. садзе), біял. ф-тах ВНУ і інш. з выкарыстаннем комплексных метадаў вывучэння, мадэлявання і прагназавання біягеацэнатычных і экалагічных працэсаў і сістэм. Даныя біягеацэналогіі важныя ў гасп. дзейнасці чалавека і асабліва ў справе аховы прыроды.

Літ.:

Сукачев В.Н. Избр. тр. Л., 1972. Т. 1. С. 228—241.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСНЫ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

пачатковыя навучальныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1830—60-я г. Засноўваліся паводле ўказа Мін-ва нар. асветы ад 24.12.1830 па аднаму на воласць для падрыхтоўкі пісараў. Навучанне было бясплатнае, а яго ўзровень даволі нізкі. У валасных вучылішчах вучыліся сял. дзеці ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, чытанне, руская мова, арыфметыка, чыстапісанне, спевы, геаграфія і гісторыя. Заняткі праводзіліся пасля заканчэння палявых работ і да іх пачатку ў наступным годзе па 4 гадзіны на дзень, акрамя святаў і выхадных. Настаўнікамі былі прыходскі святар або той, хто папярэдне вытрымаў экзамен у мясц. павятовым вучылішчы. Кожнае вучылішча мела невялікую б-ку. Існавалі за кошт падаткаў дзярж. і ўдзельных сялян. На ўтрыманне валасных вучылішчаў штогод выдаткоўвалася па 700 руб., аднак частка гэтых грошаў існавала толькі на паперы. У 1860-я г. паводле Палажэння аб дзярж. і ўдзельных сялянах падаткі на валасныя вучылішчы сталі неабавязковыя. Пазбаўленыя сродкаў, валасныя вучылішчы спынілі дзейнасць (засталіся толькі ў прыбалтыйскіх губернях).

А.​Ф.​Самусік.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

сукупнасць эканам., прававых і арганізац. мерапрыемстваў дзярж. органаў, цэнтр. банкаўскіх і фінансавых устаноў у сферы валютных адносін з мэтай уздзеяння на плацежны баланс, валютныя курсы, канкурэнтаздольнасць нац. вытв-сці; састаўная частка эканам. палітыкі краіны. Валютная палітыка бывае бягучая і доўгатэрміновая. Бягучая мае на мэце аператыўнае рэгуляванне валютна-рыначнай кан’юнктуры і дзейнасці валютнага рынку, забеспячэння ўпарадкаванага функцыянавання механізмаў нац. і сусв. валютных сістэм; ажыццяўляецца пераважна ў 2 формах: дыскантнай (змена ўліковай стаўкі працэнта для ўздзеяння на аб’ём крэдыту ў краіне, тэмпы інфляцыі, стан плацежнага балансу і валютны курс) і дэвізнай (рэгуляванне валютнага курсу з дапамогай валютнай інтэрвенцыі і валютных абмежаванняў). Мэта доўгачасовай валютнай палітыкі — ажыццяўленне структурных змен у міжнар. валютным механізме (роля золата, рэзервовых валют, СДР і інш. лікавых адзінак у міжнар. разліках, рэжым валютных парытэтаў і курсаў і інш.); рэалізуецца перагаворамі краін на рэгіянальным узроўні і міждзяржаўнымі (найперш у межах міжнар. валютнага фонду).

В.​Ф.​Дашкевіч.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДЭ́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ,

антырэспубліканскія мяцяжы раялістаў у зах. ч. Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. Назва ад дэпартамента Вандэя — гал. цэнтра раялістаў. Пачаліся ў сак. 1793 у гіст. абласцях Брэтань, Анжу, Пуату пасля выдання дэкрэта Канвента ад 24.2.1793 аб прызыве ў армію 300 тыс. чал. Удзельнікі — дваранства, духавенства, частка сялян. У маі—чэрв. 1793 мяцежнікі занялі гарады Туар, Фантэнэ, Анжэ, Самюр, 29 чэрв. пацярпелі паражэнне каля г. Нант. У кастр. 1793 рэсп. войскі разбілі вандэйцаў каля г. Шале. Вандэйцы рушылі на Пн, за Луару, але, пацярпеўшы няўдачу каля Гранвіля, павярнулі назад і 12 і 23 снеж. былі разбіты каля гарадоў Ле-Ман і Саўнэ. На дапамогу мяцежнікам у ліп. 1795 англ. флот высадзіў у Брэтані атрад франц. эмігрантаў, які таксама быў разбіты рэсп. войскамі ген. Л.​Л.​Гоша. Спробы новых мяцяжоў адбыліся ў 1799, 1813, 1815, 1832. У ходзе вандэйскіх войнаў з абодвух бакоў загінула больш за 600 тыс. чал.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р,

праваслаўны мужчынскі манастыр у Вільні. Упершыню згадваецца ў 1604, заснаваны пры правасл. царкве Св. Духа, пабудаванай у 1597 на сродкі дачок смаленскага ваяводы Р.​Валовіча Фядоры і Ганны. З 1609 пры манастыры дзейнічала брацтва (да гэтага знаходзілася пры Троіцкім манастыры) з уласнай друкарняй. Да 1686 Віленскі Святадухаўскі манастыр падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху, пазней маскоўскаму. З’яўляўся архімандрыяй, яму былі падначалены 17 мужчынскіх і 2 жаночыя манастыры на Беларусі і ў Літве, у т. л. Петрапаўлаўскі ў Мінску, Еўінскі ў Трокскім, Цеперскі ў Навагрудскім, Купяціцкі і Навадворскі ў Брэсцкім ваяв. Настаяцелямі манастыра былі Л.Карповіч (1-ы настаяцель), М.Сматрыцкі, І.​Бабрыковіч, І.​Нелюбовіч-Тукальскі, Р.​Яноўскі і інш. Манастыр валодаў значнымі матэр. сродкамі (маёнткамі, дамамі, млынамі), частка якіх складалася з ахвяраванняў чл. Святадухаўскага правасл. брацтва. У 1833 Віленскі Святадухаўскі манастыр быў прылічаны да манастыроў 1-га класа. Ад часу заснавання манастыр не перапыняў сваёй дзейнасці. Цяпер падпарадкоўваецца архіепіскапу віленскаму і літоўскаму. Сучасны арх. ансамбль манастыра пабудаваны ў сярэдзіне 18 ст.

Г.​А.​Кухарчык.

т. 4, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТГЕНШТЭЙНЫ, Сайн-Вітгенштэйны (Sain-Wittgenstein),

старажытны род імперскіх графаў у Германіі. Меў шмат адгалінаванняў. У 1761 у час Сямігадовай вайны 1756—63 Хрысціян Людвіг Казімір Вітгенштэйн з людвігсбург-карлсбургскай галіны роду трапіў у палон і перайшоў на службу Расіі. З яго нашчадкаў найб. вядомы П.​Х.​Вітгенштэйн — военачальнік у час вайны 1812. Яго сын князь Людвіг Леан (Леў Пятровіч; 1799—1866) у 1828 ажаніўся са Стафаніяй Радзівіл (1809—32), дачкой Дамініка і адзінай законнай наследніцай згаслай нясвіжскай галіны Радзівілаў. З гэтым шлюбам да Вітгенштэйна перайшла значная частка вялізных радзівілаўскіх маёнткаў: б. Слуцкае і Капыльскае княствы, мяст. Глыбокае, Мір, Карэлічы, Смалявічы і інш. (каля 1,2—1,3 млн. дзесяцін зямлі, 40—120 тыс. душ). Людвіг Леан пакінуў сына Пятра, які ў 1887 памёр без нашчадкаў, і дачку Марыю, што выйшла замуж за герм. князя Хлодвіга Карла Віктара Гогенлоэ (1819—1901), будучага імперскага канцлера Германіі. Апошняму перайшлі бел. ўладанні Вітгенштэйна, якія потым былі распрададзены. Прадстаўнікі роду працягвалі служыць Рас. імперыі да 1917.

т. 4, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)