ГАРА́ЧЫ КЛЮЧ, Псекупс,

бальнеалагічны курорт у Расійскай Федэрацыі (Краснадарскі край), за 65 км ад г. Краснадар у перадгор’ях Вял. Каўказа. Узнік у канцы 19 ст. ў даліне р. Псекупс (прыток Кубані) на базе крыніц мінер. вод — тэрмальных (да 60 °C), якія выкарыстоўваюць на лячэнне хвароб органаў руху і апоры, перыферычнай нерв. сістэмы, гінекалагічных, і з больш нізкай тэмпературай, што ідуць на лячэнне і бальнеалагічныя працэдуры пры захворваннях органаў стрававання. Санаторна-прафілактычныя ўстановы, пансіянаты, базы адпачынку.

Літ.:

Лебеденко Г.Б. Лечение на курорте Горячий ключ. Краснодар, 1982.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗЕ́Й (Віктар Канстанцінавіч) (н. 19.8.1946, в. Малыя Круговічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1984). Працаваў у час. «Беларусь», «Родная прырода», з 1989 у час. «Маладосць». Аўтар паэтычных зб-каў «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994), празаічных зб-каў «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Уратуй ад нячыстага» (1992, Літ. прэмія І.​Мележа 1993). Гал. ў яго творчасці — маральна-этычныя і сац. праблемы сучаснай вёскі, людзі і прырода роднага краю.

В.К.Гардзей.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́СКЕЛ ((Gaskell) Элізабет) (29.9.1810, Лондан — 12.11.1865),

англійская пісьменніца. Вядомасць прынёс раман пра жыццё англ. рабочых «Мэры Бартан» (1848), рэаліст. накіраванасць якога змякчалася пропаведдзю хрысц. ўсёдаравання і надзеяй на магчымасць класавага прымірэння. У 1853 апубл. раманы «Крэнфард» і «Рут». Рэаліст. раман «Поўнач і Поўдзень» (1855) пазначаны духам кампрамісу, узмацненнем рэліг. і сентыментальных тэндэнцый. Аўтар біяграфіі сваёй сяброўкі — «Жыццё Шарлоты Бронтэ» (т. 1—2, 1857), раманаў «Паклоннікі Сільвіі» (1863), «Жонкі і дочкі» (1866, незавершаны) і інш.

Літ.:

Ремизов Б.Б. Элизабет Гаскелл. Киев. 1974.

Н.​М.​Саркісава.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1633—1832 у Гродне. Засн. літ. падкаморыем Фрыдрыхам Сапегам і яго жонкай Крысцінай. Мураваны, з 2-вежавым фасадам, касцёл Дзевы Марыі Ружанцавай асвячоны ў 1726. У храме было 8 разьбяных алтароў, арган на 10 галасоў, бронзавы бюст караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У мураваным 2-павярховым корпусе кляштара размяшчаліся школы. Сярод прыбораў кабінетаў былі 5 электрычных машын, магнітныя вагі, тэлескоп, мікраскоп, барометры і інш. Мелася хімічная лабараторыя, у б-цы было больш за 10 тыс. тамоў. У 1832 кляштар закрыты, будынкі не захаваліся.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 5, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ТЭА́ТР ДЭ́ШНЕР,

першы пастаянны тэатр у Гродне. Існаваў у 1802—09. Арганізатар і антрэпрэнёр польская актрыса С.Дэшнер. Напачатку кіравала т-рам на парытэтных асновах з артыстам і антрэпрэнёрам Я.​Шыманскім, іх трупы ігралі папераменна, у 1803 аб’ядналіся. У 1806 (пасля смерці Дэшнер) т-р узначаліў Шыманскі. У рэпертуары былі франц. камічныя оперы і італьян. опера-буфа, муз.-сцэнічныя пастаноўкі польскіх кампазітараў, драм. творы.

Літ.:

Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990. С. 252—255;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983. С. 229—230, 237.

т. 5, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Янкі Купалы.

Засн. ў 1944 як Гродзенскі пед. ін-т. З 1978 — ун-т. Імя Я.​Купалы прысвоена ў 1988. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: замежных моў, філалогіі, гісторыі і культуры, права і эканомікі, матэм., фізіка-тэхн., біялогіі і экалогіі, псіхалогіі і педагогікі, фіз. культуры, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае, вячэрняе, завочнае. Аспірантура з 1969. Мае 10 н.-д. лабараторый, б-ку, аддзел размнажальнай тэхнікі. Дзейнічаюць літ. аб’яднанне «Наднёманскія галасы», студэнцкі т-р эстр. мініяцюр. З 1986 выдае шматтыражную газ. «Гродзенскі універсітэт».

т. 5, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОС (Віктар Іванавіч) (11.11.1934, в. Дзяляцічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 31.3.1980),

бел. скульптар. Скончыў маст. ін-т Літ. ССР у Вільні (1958). Працаваў у станковай і манум. скульптуры. Сярод твораў: «Рыбак» (1958 і 1968), «Муляр» (1961), «Нескароны» (1964), партрэт А.​П.​Марэсьева (1960), помнікі воінам і партызанам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, у в. Дзяляцічы (1964), г. Любань Мінскага р-на (1966, з У.​Ананька, арх. В.​Занковіч, Л.​Левін), в. Пухавічы Пухавіцкага р-на (1969, арх. В.​Марухін). Творы вызначаюцца лаканізмам, абагульненасцю пластыкі.

В.Грос. Муляр. 1961.

т. 5, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГАРО́ВІЧ-БА́РСКІ (Іван Рыгоравіч) (1713, Кіеў — 1785),

украінскі архітэктар. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. Працаваў у традыц. прыёмах укр. барока, часам з выкарыстаннем элементаў ранняга рус. класіцызму. Пабудаваў у Кіеве: гар. водаправод на Падоле з павільёнам-фантанам «Феліцыян» (1748—49, не збярогся), цэрквы Пакроўскую (1766) і Ніколы Набярэжнага (1772—85), гасціны рад (1778), надбрамную званіцу ў Кірылаўскім манастыры (1748—60, не захавалася), а таксама магістрат у г. Казялец (каля 1756).

Літ.:

Заболотний В. Український архітектор XVIII століття Григорович-Барський // Українська література. 1942. № 5—6.

т. 5, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНЕ́ВІЧА ВЫДАВЕ́ЦТВА,

прыватнае бел. выдавецтва ў Пецярбургу ў 1910—13. Засн. А.А.Грыневічам. Спецыялізавалася на выпуску твораў маст. л-ры і нац. муз. фальклору. Выдала каля 10 кніг агульным тыражом 28 тыс. экз., у т. л. «Беларускія песні з нотамі» Грыневіча (т. 1—2, 1910—12, з А.​Зязюлем), зб. вершаў «Гусляр» (1910) і драм. паэму «Адвечная песня» (1912) Я.​Купалы, творы Я.​Коласа, У.​Галубка.

Літ.:

Ліс А. Песня прасілася ў свет // Полымя. 1966. №2;

Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968. С. 179—190.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БКІН (Іван Міхайлавіч) (21.9.1871, в. Пазнякова Уладзімірскай вобл., Расія — 21.4.1939),

савецкі вучоны ў галіне геалогіі і горнай справы. Акад. АН СССР (1929). Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1910). З 1920 праф., з 1922 рэктар Маскоўскай горнай акадэміі. З 1930 рэктар Маскоўскага нафтавага ін-та. У 1936 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Распрацаваў навук. асновы тэорыі паходжання нафты і ўмоў утварэння яе радовішчаў. Абгрунтаваў і ўкараніў геафіз. метады разведкі Курскай магн. анамаліі.

Тв.:

Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1950—53.

Літ.:

Кумок Я.Н. Губкин. М., 1968.

І.М.Губкін.

т. 5, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)