ЛОСЬ Еўдакія Якаўлеўна

(1.3.1929, в. Старына Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 3.7.1977),

бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед. ін-т (1955), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1960). Працавала ў Вучэбна-пед. выдавецтве Беларусі, у рэдакцыях газет і часопісаў. Друкавалася з 1948. Першы зб. паэзіі «Сакавік» (1958). Выдала кнігі паэзіі «Палачанка» (1962), «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Яснавокія мальвы» (1967), «Перавал» (1971), «Галінка з яблыкам» (1973), «Лірыка ліпеня» (1977). Тонкі лірызм, шчырасць і непасрэднасць, арыентацыя на перажытае — рысы яе творчасці. Аўтар паэм «Гавораць несмяротныя» (1961), «Мой свет» (1962), «Мая Хатынь» (1971), «Высакосны год» (1973), «Мінчанка» (1974), «Матчына трывога» (1975) і інш.

У зб-ках прозы «Пацеркі» (1966), «Травіца брат-сястрыца» (1970) актуальныя маральна-этычныя праблемы жыцця сучаснікаў. Пісала для дзяцей (кн. «Абутая ёлачка», 1961; «Казка пра Ласку», 1963; «Вяселікі», 1964; «Зайчык-выхваляйчык», 1970; «Дванаццаць загадак», 1974). Творы для дзяцей вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, даступнасцю зместу. Яе імем названа Ушацкая раённая б-ка, у Віцебску ёй пастаўлены помнік.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1979;

Вянцы зруба: Выбранае. Мн., 1969;

Лірыка. Мн., 1975;

Смачныя літары. Мн., 1978;

Валошка на мяжы. Мн., 1984.

Літ.:

Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

У.В.Гніламёдаў.

Е.Я.Лось.

т. 9, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)