біялагічна актыўныя рэчывы з шырокім спектрам фізіял. дзеяння; адносяцца да тлустых кіслот. Выяўлены ў тканках і органах большасці жывёл, чалавека і некат. раслін. Вядома каля 20 прыродных П. Першапачаткова лічыліся сакрэтам праста́ты (адсюль назва). Найважн.фізіял. ўздзеянне П. — здольнасць выклікаць скарачэнні гладкіх мышцаў, асабліва мышцаў маткі і яйцаводаў (утрыманне П у тканках маткі пры родах і менструацыі значна павышаецца), мышцаў стрававальнай і дыхальнай сістэм, крывяносных сасудаў. П. зніжаюць здольнасць трамбацытаў да агрэгацыі, выдзяленне стрававальнага соку і яго кіслотнасці, актывізуюць дзейнасцьц. н. с. і інш.
Маюць шкілет з 20 атамаў вугляроду і цыклапентанавае кольца. У залежнасці ад структуры кольца адрозніваюць П. тыпаў E, F (фізіялагічна больш важныя), A, B, C, D, якія валодаюць розным спецыфічным уздзеяннем Напр., П. A зніжае крывяны ціск і не стымулюе гладкія мышцы інш. органаў, П. E зніжае крывяны ціск і адначасова стымулюе гладкія мышцы. Біясінтэз П. адбываецца ў семявых пузырках, у матцы, мозгу, трамбацытах, міякардзе, эндакрынных залозах і інш. тканках і органах. З прычыны надзвычай хуткага распаду (долі секунды — 2 мін) П., у адрозненне ад класічных гармонаў, дзейнічаюць побач з месцам сакрэцыі. Уздзеянне на фізіял. працэсы адбываецца праз рэгуляцыю ўнутрыклетачных пасрэднікаў (цыклічных нуклеатыдаў), якія ўплываюць на сінтэз бялкоў. П. таксама прымаюць удзел у рэгуляцыі клетачнага адказу на нейрагумаральнае ўздзеянне. Прэпараты П. і іх вытворныя выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
Літ.:
Варфоломеев С.Д., Мевх А.Т. Простагландины — молекулярные биорегуляторы. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́МХІ І ЗАБАБО́НЫ,
вераванні, уяўленні і звязаныя з імі магічныя дзеянні, што з пункту гледжання афіц. рэлігіі разумеюцца як перажыткі і праявы традыцыяналізму; адзін з жанраў нар. творчасці. Вядомы многім народам свету, у т. л. беларусам, што данеслі да нашых дзён стараж. погляды продкаў. Выступаюць як нагляднае, канкрэтна-вобразнае ўвасабленне веры архаічнага чалавека ў сваю нявылучанасць з прыроды, у існаванне звышнатуральных сіл, здольных уплываць на стан наваколля і лёс індывіда. Сістэма П. і з. памагала грамадству захоўваць гарманічныя ўзаемаадносіны са светам, у т. л. і з міфічным, прадухіляць небяспечныя ўчынкі дэманічных сіл, часам рэкамендавала звяртацца да іх па дапамогу. Напр., у беларусаў кантакт з лесавіком забяспечвала шапка, надзетая задам наперад, барана каля дзвярэй засцерагала ад пранікнення ў хату чараўнікоў. П. і з. суадносяцца з раскладам на дзень, домам і гаспадаркай, адзеннем і ядою, святамі і надвор’ем, адносінамі ў сям’і і паміж аднавяскоўцамі. Таму багацце П. і з. невычэрпнае. Яны складваюцца ў адзін вялікі тэкст, што запаўняе духоўную дзейнасць народа; прысутнічаюць у нар. свядомасці як ментальныя існасці, як кіраўніцтва да дзеяння. У жыцці няма патрэбы моўна выражаць зашыфраваную ў іх інфармацыю; яна ўзнікае, напр., пры перадачы ведаў дзецям або інш. калектыву. Таму сфера П. і з. як моўнага жанру даволі абмежаваная.
Публ.: Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн. 1—3. Мн., 1996—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
характэрная для ўсіх жывых арганізмаў уласцівасць узнаўлення сабе падобных, якая забяспечвае бесперапыннасць і пераемнасць жыцця. Адрозніваюць 3 асн. формы: бясполае размнажэнне (у прасцейшых — дзяленне папалам, шызаганія, у вышэйшых раслін — з дапамогай спор), вегетатыўнае размнажэнне (у шматклетачных арганізмаў шляхам адасаблення ч. цела і аднаўлення іх ад цэлага індывідуума, пачкаванне) і палавое размнажэнне (двухполае, г.зн. у выніку апладнення, і аднаполае нявіннае — партэнагенез). З-за адсутнасці палавога працэсу бясполае і вегетатыўнае Р. часта мае агульную назву — бясполае Р., хаця прырода і паходжанне іх неаднолькавыя: пры бясполым Р. асобіна развіваецца з адной клеткі, не дыферэнцыраванай паводле полу, а пры вегетатыўным — новай асобіне даюць пачатак шматклетачныя зачаткі рознага паходжання. Палавому Р. шматклетачных папярэднічае ўтварэнне гамет (шляхам меёзу), якія зліваюцца пры апладненні ў зіготу, і спадчынная інфармацыя, што знаходзіцца ў ДНК храмасом, аб’ядноўваецца. На працягу жыцця Р. бывае аднаразовае (такія арганізмы наз. монацыклічнымі і звычайна прыносяць шматлікае патомства) і шматразовае (поліцыклічныя арганізмы менш пладавітыя). Для жыццёвага цыкла многіх відаў жывёл характэрна чаргаванне розных форм Р., якое спалучаецца з чаргаваннем марфалагічна розных пакаленняў: палавое і бясполае, двухполае і партэнагенез, двухполае і вегетатыўнае. Чаргаванне палавога (гаметафіт) і бясполага (спарафіт) пакаленняў бывае і ў раслін. На інтэнсіўнасць Р. ўплываюць умовы навакольнага асяроддзя — т-ра, даўж. светлавога дня, ежа і інш. У вышэйшых жывёл дзейнасць органаў Р. знаходзіцца пад кантролем нерв. сістэмы і эндакрынных залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНІ́СТЫКА,
комплекс філалагічных дысцыплін, якія вывучаюць матэрыяльную і духоўную культуру раманамоўных народаў; раздзел мовазнаўства, які вывучае гісторыю ўзнікнення і развіцця раманскіх моў і дыялектаў, іх сучасны стан і функцыянаванне. Ўзнікла ў сярэднявеччы, развіваецца з эпохі Адраджэння. Адзін з першых філолагаў-раманістаў — Дантэ (трактат «Пра народнае красамоўства», 1305—08). Навук. этап Р. пачаўся ў 1830-я г. з прац Ф.Дзіца, які апіраўся на параўнальна-гіст. метад вывучэння раманскіх моў у іх эвалюцыі ад класічнай латыні. Новы імпульс Р. набыла ў выніку пераносу ўвагі на праблему рэканструкцыі нар. латыні як рэальнай асновы раманскіх моў (працы Г.Шухарта, Г.Гробера). У канцы 19 ст. на Р. паўплывалі ідэі младаграматызму (працы В.Маер-Любке). Вял. значэнне для Р. мела пашырэнне лінгвагеагр. (картаграфічнага) метаду даследавання дыялектаў, асновы якога закладзены Ж.Жыльеронам. У пач. 20 ст. пад уплывам ідэй Ф. дэ Сасюра павялічылася цікавасць да апісання сучаснага стану раманскіх моў. З 2-й пал. 20 ст. параўнальна-гіст. вывучэнне гэтых моў характарызуецца большай увагай да праблем нар. латыні. З 1925 дзейнасць раманістаў каардынуе Т-ва раманскага мовазнаўства. На Беларусі праблемамі Р. займаліся і займаюцца Л.Ф.Кістанава, М.І.Лешчанка, З.Н.Лявіт, У.В.Макараў, А.М.Сцяпанава, М.В.Шарамета і інш.
Літ.:
Йордан Й. Романское языкознание: Пер. с рум.М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́Н ((Racine) Жан) (21.12.1639, г. Ла-Фертэ-Мілон, Францыя — 21.4.1699),
французскі паэт і драматург, прадстаўнік класіцызму. Чл.Франц. акадэміі (з 1673). Вучыўся ў янсенісцкіх школах і калежах (1649—59). З 1677 каралеўскі гістарыёграф. Літ.дзейнасць пачаў як паэт (ода «Німфа Сены», 1660). Зблізіўся з Ж.Лафантэнам, Мальерам, Н.Буало. Раннія трагедыі «Фіваіда, або Браты-ворагі» (1664), «Аляксандр Вялікі» (паст 1665, выд. 1666) напісаны пад уплывам П.Карнеля. У вершаваных драмах «Андрамаха» (паст. 1667, выд. 1668), «Брытанік» (паст. 1669, выд. 1670), «Берэніка» (паст. 1670, выд. 1671), «Баязет» (1672), «Мітрыдат» (1673), «Іфігенія ў Аўлідзе» (паст. 1674, выд. 1675), «Федра» (1677) складаны і шматбаковы ўнутр. свет чалавека, праблемы маральнага выбару, барацьба герояў з самімі сабой у вострых калізіях супярэчнасці паміж пачуццём і абавязкам, розумам і страсцю. У позніх трагедыях на біблейскія сюжэты «Эсфір» (1689) і «Гафалія» (паст. 1690, выд. 1691) праблемы адносін жорсткага тырана і падуладнага яму народа, які належыць да інш. веравызнання і імкнецца адстаяць сваю веру. Аўтар камедыі «Суцягі» (паст. 1668, выд. 1669), зб. «Духоўныя песні» (1694), кн. «Кароткая гісторыя Пор-Раяля» (выд. 1742) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1984.
Літ.:
Обломиевский Д. Расин // Обломиевский Д. Французский классицизм. М., 1968;
Мориак Ф. Жизнь Жана Расина;
Нерваль Ж. де. Исповедь Никола: Пер. с фр.М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЯЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н І ЖЫВЁЛ,
распаўсюджванне арганізмаў за межы відавога арэала і натуралізацыя на новых месцах; сродак захопу новых тэрыторый або тых, што вызваліліся ад інш. арганізмаў, і ўстанаўлення збалансаванай разнастайнасці пэўнага біягеацэнозу, адзін з фактараў, які садзейнічае патоку генаў і відаўтварэнню. Існуе таксама штучнае рассяленне віду, якое ўключае акліматызацыю і рэакліматызацыю; з’яўляецца эфектыўным прыёмам барацьбы з непажаданай інтрадукцыяй раслін або жывёл; карыснае мерапрыемства для дзічынаразвядзення.
Адрозніваюць рассяленне актыўнае (аўтахарыя) і пасіўнае (алахарыя). Вылучаюць 3 яго тыпы: эміграцыя (высяленне з займаемай займанай тэр.), іміграцыя (усяленне на ўжо занятую папуляцыяй тэр. новых асобін) і міграцыя (перыядычнае пакіданне і вяртанне на пэўную тэр.). Спалучэнне дзеяння сродкаў рассялення і перашкод вызначае тэмп рассялення арганізмаў. У раслін рассяленне залежыць ад колькасці жыццяздольных зачаткаў, сродкаў рассялення, магчымасцей натуралізацыі. Бывае паступовым (у прыродных умовах пераважае) і скачкападобным (адразу на вял. адлегласць). Асн. фактары рассялення: паветраныя плыні — ветры, узыходныя токі паветра (анемахарыя), воды сушы (гідрахарыя), марскія цячэнні; жывёлы (зоахарыя); дзейнасць чалавека (антрапахарыя). Абмяжоўваецца геагр. (моры, пралівы, горы і інш.), экалагічнымі (неадпаведнасць кліматычных і інш. абіятычных і біятычных умоў прыродзе віду) і біял. (канкурэнцыя інш. відаў) фактарамі. У. жывёл рассяленне звычайна звязана са змяненнем абіятычных і біятычных умоў навакольнага асяроддзя і колькасці жывёл. Залежыць ад стану папуляцыі пэўнага віду, павелічэння яго колькасці (павелічэнне шчыльнасці папуляцыі).
Літ.:
Лопатин И.К. Основы зоогеографии. Мн., 1980;
Воронов АГ, Дроздов Н.Н., Мяло Е.Г. Биогеография мира. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХАВЕ́НСТВА,
асобная іерархічная карпарацыя прафес. служак культу ў розных рэлігіях, якая выконвае ролю пасрэдніка паміж Богам і вернікамі, ажыццяўляе арганізац., магічна-культавыя дзеянні і прапаведуе веравучэнне пэўнай рэлігіі. Д. сфарміравалася ў стараж. часы на аснове жрэцтва і па сутнасці з’яўляецца прадаўжальнікам яго традыцый. У залежнасці ад свайго становішча і функцыі ў царкве Д. падзяляецца на вышэйшае і ніжэйшае. У некат. рэлігіях прадстаўнікоў вышэйшага Д. шануюць як намеснікаў Бога на зямлі (папа рымскі ў каталіцызме) або як увасабленне бажаства (далай-лама ў ламаізме, кіраўнік секты ісмаілітаў). У шэрагу рэлігій Д. падзяляецца на белае (абслугоўвае прыход, храмы; складаецца з асоб жанатых, што знаходзяцца ў адным шлюбе, неразведзеных) і чорнае (спалучае манаства са свяшчэнніцкім санам, дае зарок бясшлюбнасці, поўнага паслушэнства і г.д.). У першых хрысц. абшчынах Д. не існавала. У 2 ст. склаўся ін-тепіскапаў (кіраўнікоў хрысц. абшчын), у 4 ст. пашырылася манаства, потым на аснове епіскапату ўзнікла папства. Канчаткова ў хрысціянстве Д. сфарміравалася ў 5 ст., пасля таго, як яно стала дзярж. рэлігіяй Рымскай імперыі. У Стараж. Русі, у т. л. і Беларусі, куды хрысціянства прыйшло ў канцы 10—11 ст. з Візантыі, паступова фарміраваліся кадры свяшчэннаслужыцеляў, усталёўвалася выразная царк.-адм. структура, якая складалася з епархій на чале з епіскапамі. Узначальваў іерархію Д. кіеўскі мітрапаліт, што падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху. У 1448 на чале Рус.правасл. царквы быў пастаўлены мітрапаліт Маскоўскі і ўсяе Русі. У 1589 вышэйшы правасл. іерарх быў пасвячоны ў сан патрыярха. У 14—16 ст. амаль усю тэр. Беларусі ахоплівала Віленскае біскупства (дыяцэз), якое налічвала 259 парафій каталіцкай царквы. Д. тут было прадстаўлена арцыбіскупамі, біскупамі, суфраганамі (памочнікамі біскупаў), плябанамі, вікарыямі і інш. Падобная структура Д. была характэрна і для Беларускай грэка-каталіцкай царквы, якая ўсталявалася ў выніку Брэсцкай уніі 1596. У 1790 у 14 бел. паветах ВКЛ было 143 правасл., 1199 уніяцкіх, 83 рымска-каталіцкія і 16 кальвінісцкіх прыходаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі служылі 104 протаіерэі, 1924 святары, 234 протадыяканы, дыяканы і паддыяканы, 1911 псаломшчыкаў, прычэтнікаў, пеўчых і званароў. З 2-й пал. 16 ст. на Беларусі разгарнула дзейнасць і стварыла свае абшчыны пратэстанцкае Д. — кальвіністы, лютэране, антытрынітарыі. Мячэці мусульм. абшчын, якія таксама дзейнічалі на Беларусі, абслугоўваліся муламі (імамамі) і муэдзінамі (памочнікамі).
Рэліг. жыццё і дзейнасць Д. на Беларусі сталі актыўна адраджацца ў 1990-я г. На пач. 1997 зарэгістравана 37 рэліг. канфесій (афіцыйна дзейнічаюць больш як 20), 2120 рэліг. абшчын. Правасл. епархіі ўзначальваюць 2 архіепіскапы і 8 епіскапаў, кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы з’яўляецца мітрапаліт Мінскі, Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. У благачынных акругах (аб’ядноўваюць 964 прыходы) служаць больш за 900 свяшчэннікаў. Вышэйшую іерархію каталіцкай царквы (аб’ядноўвае 362 прыходы) з 1994 узначальвае мітрапаліт мінскі і магілёўскі Казімір Свёнтак. Дэкан Бел. грэка-каталіцкай царквы (уваходзяць 11 абшчын) Ян Матусевіч. Розныя катэгорыі Д. абслугоўваюць 332 абшчыны Саюза хрысціян веры евангельскай, 37 — адвентыстаў сёмага дня, 14 — сведкаў Іеговы, 33 — старавераў, 22 мусульм. абшчыны, 15 іудзейскіх абшчын і інш. Падрыхтоўкай Д. на Беларусі займаюцца духоўныя навучальныя ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЗА́ЙН (ад англ. design задума, праект, чарцёж, малюнак),
від творчай дзейнасці па праектаванні і фарміраванні эстэт. і функцыян. якасцей прадметнага асяроддзя; вынік праектнай дзейнасці. Асн. аб’екты Д. — прадметна-прасторавае асяроддзе: яго кампаненты, рэчы і сувязі паміж імі, якія ўзяты ў адносінах да людзей і разглядаюцца ў разнастайных сістэмных сувязях з сацыякультурным асяроддзем. Мэта Д. — задавальненне матэрыяльных і духоўных патрабаванняў чалавека шляхам праектавання розных аб’ектаў: прамысл. вырабаў, элементаў візуальнай камунікацыі, адзення і інш.; фарміраванне гарманічнага прадметнага асяроддзя. Мае розныя галіны: Д. прамысловы, графічны, інтэр’ера і інш. З ім звязаны паняцці «тэхнічная эстэтыка» (тэорыя Д.) і «мастацкае канструяванне» (праектная практыка Д.).
Д. пачаў фарміравацца з развіццём масавай вытворчасці ў высокаразвітых прамысл. краінах (з 1754 Каралеўскае т-ва мастацтва ў Вялікабрытаніі пачало прысуджаць прэміі за лепшыя праекты прамысл. вырабаў). Развіццё Д. ў сучасным разуменні пачалося з 1-й пал. 20 ст. (нямецкі Веркбунд, 1907; Баўгауз, 1919—33; Вышэйшыя дзярж.маст.-тэхн. майстэрні ў Расіі, 1918—30). Важную ролю ў станаўленні Д. адыгралі Дж.Рэскін, У.Морыс, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ і інш., якія прапагандавалі прынцыпы функцыяналізму, стварэнне тыповых, але старанна распрацаваных формаў. У 1959 на 1-й ген. асамблеі Міжнар. савета арг-цый прамысл. Д. прыняты тэрмін industrial design (індустрыяльны дызайн; прафес. скарачэнне — дызайн).
У Беларусі Д. развіваецца з канца 1910. Гэтаму спрыяла дзейнасць аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», створанага ў рамках Віцебскага маст.-практычнага ін-та па ініцыятыве К.Малевіча (існаваў да 1923). Новы ўздым Д. пачынаецца ў 1960-я г., асабліва ў вытв-сці трансп. сродкаў, быт. тэхнікі, мэблі, адзення і інш. У 1987 створаны Саюз дызайнераў Беларусі. Дызайнерская дзейнасць ажыццяўляецца ў Нацыянальным дызайн-цэнтры, дызайн-студыях Бел. саюза дызайнераў, на вытв. прадпрыемствах. З 1995 на Беларусі існуе Аддзяленне Міжнар. асацыяцыі «Саюз дызайнераў». Дызайнераў рыхтуюць Бел.АМ і Еўрапейскі гуманітарны ун-т.
Літ.:
Безмоздин Л.Н. Художественно-конструктивная деятельность человека. Ташкент, 1975;
Глазычев В.Л. О дизайне. М., 1970;
Лазарев Е.Н. Дизайн машин. Л., 1988;
Нестеренко О.И. Краткая энциклопедия дизайна. М., 1994;
Селезнев И.Ф. Дизайн. Мн., 1978.
Ф.Р.Вількін, Я.Ю.Ленсу.
Да арт.Дызайн. 1. Ю.Жуцяеў, С.Паланевіч, В.Сонца, С.Хлебародава. МАЗ-2000. 1994. 2. В.Сямёнаў. Цяжкавоз БелАЗ-7924. 1997. 3. Трактар «Беларусь». 4. Т.Кузюкова, А.Пастухоў, А.Цэхановіч. Мікраскоп. 1993. 5. Двухкамерны халадзільнік «Атлант». Мадэль 152-01. 6. А.Дольнікаў. Бінокль. 1997. 7. Г.Шакавец. Пыласос. 1995. 8. Т.Лісавенка. Калекцыя адзення «Мадыльяні». 1994.Да арт.Дызайн. 1,2. С.Саркісаў. Рэкламна-інфармацыйная графіка да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны. 1989. 3. Т.Гардашнікава, Дз.Сурскі. З серыі плакатаў «Эканомія ў быце». 1991. 4. Э.Жакевіч. Знакі-інфарматары да выдання У.А.Чантурыя «Гісторыя архітэктуры Беларусі». 1977.Да арт.Дызайн. 1. У.Цэслер, С.Войчанка. Лагатып фірмы. 1992. 2. Л.Мялоў, С.Саркісаў. Лагатып Целяханскай лыжнай фабрыкі 1985. 3. Я.Круглоў. Лагатып транспартнай фірмы. 1988.Да арт.Дызайн. В.Мінько, А.Хількевіч. Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. Разварот кнігі. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЦКІ (Міхась) (сапр.Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 20.11.1901, с. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Аршанскае духоўнае вучылішча, вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. Служыў перапісчыкам у паўвайсковай часці, настаўнічаў на Магілёўшчыне, узначальваў Шклоўскі валасны аддзел нар. асветы. У 1920—27 палітработнік Чырв. Арміі. Адзін з арганізатараў літ. аб’яднання «Маладняк», пасля ўваходзіў у аб’яднанне «Полымя». У ліст. 1936 па лжывым даносе арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Літ.дзейнасць пачаў у 1922 (апавяд. «Ці ж так?», «Спатканне», «Цімка Бабыль» у газ. «Савецкая Беларусь»). Гал. тэма творчасці ранняга перыяду (зб-кі апавяданняў «У віры жыцця», «Пела вясна», абодва 1925, «Пад сонцам», 1926) — перамены ў жыцці народа пад уздзеяннем рэвалюцыі, барацьба старога і новага, цяжкія пошукі шляхоў да будучыні. Распрацоўваў новую ў бел. л-ры тэму «былых», «учарашніх», тэму трагічнага лёсу прадстаўнікоў пераможаных рэвалюцыяй класаў. Гэтыя творы («Ворагі», «Кветка пажоўклая») прасякнуты гуманіст. пафасам, ідэяй спачування і міласэрнасці да ахвяр рэвалюцыі, учарашніх ворагаў. Апавяданні 1920-х г. вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, напружанасцю сюжэта, вастрынёй канфліктаў, псіхалагізмам, увагай да ўнутранага свету герояў, іх пачуццяў і перажыванняў. Як мастак і крытык распрацоўваў канцэпцыю «пазітыўнага рамантызму», рамант. стылявой плыні. Не прымаў пасіўнае адлюстраванне рэчаіснасці, статычнасць, кампазіцыйную аморфнасць, уласцівую тагачаснай бел. прозе апісальнасць, адстойваў суверэннасць і духоўную свабоду чалавека. На шляху яго ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця заканамерным быў пераход ад «малой прозы» да буйных жанравых форм — аповесці «Голы звер» (1926), раманаў «Сцежкі-дарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932). У аповесці пераканана выкрываюцца негатыўныя з’явы паслярэв. рэчаіснасці і носьбіты філасофіі эгаізму, індывідуалізму, абывацельскай маралі. Раман «Сцежкі-дарожкі» закладваў плённую традыцыю праўдзівага маст. асэнсавання рэвалюцыі ва ўсёй яе складанасці і супярэчлівасці, без ідэалізацыі і псеўдагероікі. У святле гуманіст. ідэалаў паказаны пакутлівы шлях інтэлігенцыі ў рэвалюцыю, выяўлены розныя погляды яе прадстаўнікоў на сродкі ажыццяўлення рэв. мэт. Маральна-этычным праблемам прысвечаны п’есы «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—29), вытрыманыя ў рамант. ключы з выкарыстаннем элементаў прыгодніцтва і меладрамы, сімволіка-алегарычных вобразаў, фалькл. паданняў і літ. рэмінісцэнцый. П’есы апасродкавана звязаны з тэатр. дыскусіяй і абмеркаваннем праблем развіцця бел. кіно (арт. «Два экзамены: (Да пытання аб тэатральнай крытыцы» і «Чым пагражае нам Белдзяржкіно», 1928). Беспадстаўныя абвінавачанні вульгарызатарскай крытыкі ў прапагандзе антысав. поглядаў («Падарожжа на новую зямлю», 1929) перашкодзілі завяршэнню рамана «Крывічы» («Полымя», 1929, № 4), негатыўна паўплывалі на творчую дзейнасць З. (апавяданні «Хвіліна», «Пра дзеда Альпіна»). У рамане «Вязьмо» пераадолены творчыя цяжкасці, з выразна грамадз. пазіцый асвятляюцца трагічныя падзеі масавай калектывізацыі, у сюжэтна-вобразнай форме праводзіцца ідэя яе эканам. немэтазгоднасці і маральнай недапушчальнасці гвалтоўнага рассяляньвання сялянства, прымусовага разбурэння вясковага ўкладу жыцця. Раман прасякнуты пафасам абароны чалавека як найвышэйшай каштоўнасці. Выступаў як літ. крытык (арт. «Размова незвычайнае шчырасці», 1932, і інш.), нарысіст («Вясна 1930 года», 1930, «Новы вобраз Беларусі», 1934, і інш.), перакладчык («Цэмент Ф.Гладкова, 1930, «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.Гашака, ч. 1, 1931).
Тв.:
36. твораў. Т. 1—4. Мн., 1989—92.
Літ.:
Майсеенка А.Ф. Творчасць Міхася Зарэцкага. Мн., 1978;
Мушынскі М.І. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ КРЫНІ́ЦА»
(«Bielaruskaja krynica»),
штотыднёвая (у 1940 двухтыднёвая) грамадска-паліт. і літ. газета, орган Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД). Выдавалася з 21.10.1917 у Петраградзе, з № 3 за 1918 у Мінску, з 7.9.1919 да 12.7.1940 у Вільні (з 15.4.1937 да 16.11.1939 не выходзіла). Да 1925 і з 17.11.1939 наз. «Крыніца» («Krynica»). Друкавалася на бел. мове кірыліцай ці лацінкай, у 1934—39 двума шрыфтамі адразу. Пэўны час мела падзагалоўкі «Каталіцкая газета», «Сялянская газета». Была разлічана на сялян, інтэлігенцыю, жыхароў Зах. Беларусі і беларусаў у эміграцыі. У часы грамадз. вайны прапагандавала нац.-рэліг. ідэі. Даводзіла, што беларусы — грамадзяне Еўропы і маюць права на сваю дзяржаўнасць, свабоднае і шчаслівае жыццё. Спрыяла кансалідацыі беларусаў-католікаў і беларусаў-праваслаўных. Пісала аб праблемах развіцця мастацтва, л-ры, асветы на бел. мове, змяшчала матэрыялы сац.-паліт. характару. Падтрымлівала ідэю федэрацыі Беларусі і Літвы, хутарызацыю, парцэляцыю. Асвятляла дзейнасцьТ-вабел. школы, Бел. сялянскага саюза, Бел. студэнцкага саюза, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры. Падтрымлівала ідэі Бел. сялянска-работніцкай грамады, але крытычна ставілася да яе пралетарскай праграмы пра вядучую ролю адной партыі ў грамадстве. У 2-й пал. 1930-х г. працягвала прапагандаваць своеасаблівы шлях развіцця бел. народа. Шмат пісала пра міжнар. жыццё, становішча беларусаў у Латвіі, БССР і інш. Друкавала творы К.Сваяка, Ф.Грышкевіча, а таксама Т.Шаўчэнкі, І.Франко, М.Канапніцкай, Л.Талстога і інш. Тройчы закрывалася ўладамі. Выйшла 768 нумароў, 58 канфіскаваны. З 1991 у Мінску выдаецца аднайм. газета.