МАЛЕ́ВІЧ (Казімір Севярынавіч) (23.2.1878, каля Кіева — 15.5.1935),
бел. і расійскі мастак; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік супрэматызму. Вучыўся ў Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—05) і ў студыі Ф.Рэрберга (1905—10) у Маскве. У 1919—22 выкладаў у Нар.маст. школе «новага рэвалюцыйнага ўзору» ў Віцебску, стваральнік (разам з Л.Лісіцкім) арг-цыі «Сцвярджальнікі новага мастацтва». У 1923—27 дырэктар Ленінградскага ін-та маст. культуры. Раннія творы блізкія да імпрэсіянізму («Жанчына з кветкай», 1903; «Квітнеюць яблыні», 1904), пазней імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909 «Станцыя без прыпынку», 1911; «Салдат першай дывізіі», 1914). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх цалкам адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з’яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў, трактаваў прадметную форму як камбінацыі кантрастных паводле колеру геам. элементаў: «Чорны квадрат», «Палёт аэраплана» «Супрэматызм (з сінім трохвугольнікам і чорным прамавугольнікам» (усе 1915), «Чырвоны квадрат» (1917), «Белы квадрат на белым фоне» (1919) і інш. У 1920 кіраваў маст. афармленнем свята 3-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі ў Віцебску. У 1921 рабіў «супрэматычную кераміку» для Дзярж. завода ў Петраградзе. У апошнія гады жыцця маляваў партрэты («Дзяўчына з грэбенем», 1935, і інш) і пейзажы. Аўтар кніг «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (3-е выд.М., 1916), «Супрэматызм» (Віцебск, 1920), «Бог не скінут: Мастацтва, царква, фабрыка» (Віцебск, 1922).
Літ.:
Малевич: Художник и теоретик: Альбом. М., 1990;
Сарабьянов Д.В., Шатских АС. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993;
Малевич: Классич. авангард. Витебск, 1997;
Конан У. Вобраз Казіміра Малевіча: факты і міфы // Мастацтва. 1998. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛАНЕ́ЗІЯ [ад грэч. melas (melanos) чорны + nēsos востраў],
адна з асн. астраўных груп Акіяніі, у паўд.-зах.ч. Ціхага ак., якая працягнулася ад экватара да тропіка Казярога на 5 тыс.км. Гал. астравы і архіпелагі: Новая Гвінея, Бісмарка архіпелаг, Саламонавы астравы, Новыя Гебрыды, Новая Каледонія, Фіджы. Агульная пл. каля 1 млн.км². Нас. больш за 5 млн.чал. (1995). Астравы мацерыковага і вулканічнага паходжання, утвораныя ў альпійскую складкавасць. Складзены з крышт., метамарфічных, ападкавых і вулканічных адкладаў. Амаль усе астравы гарыстыя. Горы выш. да 2000 м на архіпелагу Бісмарка, Саламонавых а-вах; на Новай Гвінеі г. Джая — 5029 м. М. — раён вулканізму і сейсмізму (дзеючы вулкан Багана на в-ве Бугенвіль, вулканы на Новых Гебрыдах і інш.). Многія астравы абкружаны або складзены каралавымі рыфамі. Уздоўж зах. берага Новай Каледоніі доўгая паласа бар’ерных рыфаў. Клімат экватарыяльны, субэкватарыяльны, на паўд. астравах — трапічны. Сярэднія т-ры 25—28 °C. Гадавая колькасць ападкаў на наветраных схілах гор прыэкватарыяльных астравоў 7000—9000 мм, на астатняй тэрыторыі — 1000—2000 мм. Рачная сетка густая. Найб. колькасць рэк на Новай Гвінеі (буйныя рэкі Флай і Дыгул). На буйных паўн. астравах — вільготныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў (пальмы, хлебнае, дыннае дрэвы, фікусы-каўчуканосы і інш.). На схілах гор з выш. 900—1000 м размешчаны горныя гілеі. На астравах у цэнтр. і паўд. частках М. пераважаюць мусонныя лясы, а ў больш засушлівых абласцях — саванны. Трапічнае земляробства. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Здабыча жэмчугу і перламутравых ракавін, руд нікелю (Новая Каледонія), медзі (Саламонавы а-вы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ АЭРАПО́РТЫ,
агульная назва аэрапортаў мясц. значэння Мінск-1 і міжнар. Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Аэрапорт Мінск-1 у межах Мінска, замыкае перспектыву вул. Чкалава з плошчай. Пабудаваны ў 1933. Уключае стары будынак аэравакзала (1946—57, арх. А.П.Воінаў, Г.Заборскі) і новы павільён (1976, арх. С.Баткоўскі, А.Серапян). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя сіметрычнага 2-павярховага будынка аэравакзала складаецца з цэнтр.ч. і 2 бакавых крылаў. У архітэктуры будынка выкарыстаны формы класіцызму: 6-калонны порцік з боку плошчы, 2 сіметрычныя рызаліты з боку ўзлётна-пасадачнай паласы, бельведэр з каланадай карынфскага ордэра. Павільён — прамавугольны ў плане зашклёны на ўсю вышыню будынак з 2 сіметрычнымі ўваходамі, вылучанымі масіўнымі казыркамі. Нацыянальны аэрапорт Мінск — міжнар. аэрапорт 1-га класа каля г. Смалявічы Мінскай вобл. Забудоўваецца з 1977 паводле праекта ін-таў «Ленаэрапраект» (С.-Пецярбург) і «Мінскпраект» (арх. Б.Ларчанка, Ю.Грыгор’еў, Г.Сысоеў, Н.Цямнова). У комплексе збудаванняў — аэравакзал, камандна-дыспетчарскі пункт, гасцінічны комплекс, адм.-бытавы блок. Аэравакзал размешчаны ў дугападобным аб’ёме (даўж. больш за 500 м) — дэцэнтралізаванага тыпу, зоны адпраўлення і прыбыцця пасажыраў падзелены і знаходзяцца на розных узроўнях аб’ёму. Усеасн. памяшканні на 3 гал. паверхах дугападобнага аб’ёму, які завяршаецца тэхн. паверхам і камандна-дыспетчарскім пунктам. Да дугападобнага аб’ёму прымыкае гасцінічны комплекс, які мае сувязь з аперацыйнымі заламі аэравакзала. Аэрадром прызначаны для прыёму ўсіх тыпаў паветраных суднаў у складаных метэаўмовах. Увесь комплекс будуецца з каркасна-панэльных канструкцый, зборныя жалезабетонныя элементы распрацаваны паводле індывід. праектаў. Іл.гл. таксама да арт.Аэравакзал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГІ́БІН (Юрый Маркавіч) (3.4.1920, Масква — 17.4.1994),
рускі пісьменнік. Вучыўся ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі (1939—42). У 1943—45 ваен. карэспандэнт газ. «Труд». Друкаваўся з 1940. У зб-ках апавяданняў і аповесцей «Чалавек з фронту» (1943), «Зімовы дуб» (1955), «Перад святам» (1960), «Пагоня. Мяшчэрскія былі» (1963), «Завулкі майго дзяцінства» (1971), «Востраў любові» (1977), «Рака Геракліта» (1984), «Устань і ідзі» (1987) і інш. тэмы вайны і працы, успаміны дзяцінства, лёсы сучаснікаў, людзей рус. мастацтва і замежныя сустрэчы. Аўтар аповесцей «Бунташны востраў», «Цемра ў канцы тунэля», «Мая залатая цешча» (усе 1994), рамана «Дафніс і Хлоя эпохі культу асобы, валюнтарызму і застою» (апубл. 1995), артыкулаў пра л-ру і кіно (кнігі «Роздумы пра апавяданне», 1964; «Літаратурныя роздумы» 1977, і інш.), кн. «Дзённік» (апубл. 1995), кінасцэнарыяў па ўласных творах і інш. Пісаў для дзяцей. Творчасць Н. адметная драматызмам маральных пошукаў, лірычным светаўспрыманнем, дакладнасцю дэталей. Неаднаразова наведваў Беларусь, выступаў з артыкуламі пра вызваленне Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, пра парад бел. партызан у Мінску ў ліп. 1944. Паводле яго аповесці «Старонкі жыцця Трубнікава» (1963) пастаўлены фільм «Старшыня» (1965; правобраз гал. героя — старшыня калгаса «Рассвет» Магілёўскай вобл. К.П.Арлоўскі), аповесці «На ціхім возеры» (1963), прысвечанай нарачанскім рыбакам, Бел. студыя тэлебачання паставіла фільм «Запруда» (1967) і інш.Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі паставіў п’есу «Бабскае царства» (1984, паводле яго аднайм. аповесці). На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі З.Машкевіч, Ф.Янкоўскі.
Тв.:
Соч.Т. 1—11. М., 1989—93;
Любовь вождей: Повести. Рассказы. М., 1994.
Літ.:
Богатко И. Юрий Нагибин. М., 1980;
Холопова В.Ф. Парадокс любви: Новеллистика Ю.Нагибина. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́Т,
1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ. Тэрмін «П.» ужываецца на Беларусі з 15 ст., напачатку як сінонім стараж.-рус. тэрміна воласць; з 1-й пал. 16 ст. пад. П. звычайна разумелі буйную воласць, цэнтрам якой быў горад або замак, што належаў дзяржаве, у т. л. скасаванае ўдзельнае княства. Часам пад П. разумелі толькі тэрыторыю, падкантрольную намесніку; у гэтым сэнсе П. быў сінонімам намесніцтва. Афіцыйна статус П. акрэслены ў выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 (гл.Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел). П. ўваходзілі ў склад ваяводстваў. Усе намесніцтвы і воласці, якія не атрымалі статус П., увайшлі ў іх склад як звычайныя маёнткі. З таго часу ўсе землеўладальнікі на тэр. П. падлягалі юрысдыкцыі пав. органаў улады. Структура пав. кіравання замацавана Статутамі ВКЛ 1566 і 1588. Зрэдку тэрмін «П.» ўжываўся для вызначэння гіст. воласці з цэнтрам у горадзе, які неабавязкова меў пав. ўстановы (у такім сэнсе ў крыніцах сустракаюцца назвы «Магілёўскі павет», «Крычаўскі павет» і інш.).
2) Адм.-тэр. адзінка Расійскай імперыі як эквівалент рус. тэрміна «уезд». Пасля далучэння да Расіі П. ўваходзілі ў склад губерняў. Пасля рэформы 1861 падзяляліся на воласці. Падзел на П. ў БССР скасаваны 20.6.1924.
3) Адм.-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1919—39. Пасля заняцця часткі тэр. Беларусі ў 1919 польск. ўлады захавалі падзел на П., якія былі ўключаны ў склад акруг. П. падзяляліся на гміны. На працягу 1919—20 утвораны шэраг новых П., 4.2.1921 яны ўвайшлі ў склад новаўтвораных Навагрудскага і Палескага ваяв. Пазней межы і колькасць П. у Польшчы мянялася. Падзел на П. ў Зах. Беларусі скасаваны 15.1.1940.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ АЎТАМА́ТЫКА,
сукупнасць тэхн. сродкаў для аўтам. выяўлення, лакалізацыі і тушэння пажару. Тэхн. эфектыўнасць П.а. вызначаецца здольнасцю выконваць задачы (у сукупнасці ці адну з іх): папярэджваць магчымасць узнікнення пажару, забяспечваць бяспеку людзей і матэрыяльных каштоўнасцей.
Складаецца з сістэм пажарнай сігналізацыі і аўтам. установак пажаратушэння (АУП). АУП маюць сродкі для выяўлення небяспечных фактараў пажару (напр., выдзялення цяпла, дыму, газападобных прадуктаў няпоўнага згарання), ёмістасці для захоўвання вогнетушыльных рэчываў, сістэмы выпускання такіх рэчываў у ахоўную прастору. Могуць аўтаномна выконваць усе зададзеныя функцыі, у т. л. сігналізацыю, без выкарыстання дадатковых сістэм пажарнай сігналізацыі ці ўключаць іх у сябе ў якасці пускавых. Паводле канструкцыі бываюць агрэгатныя (тэхн. сродкі выяўлення пажару, захоўвання і выпускання вогнетушыльных рэчываў і інш., якія з’яўляюцца самастойнымі адзінкамі і манціруюцца на аб’екце), модульныя (састаўныя часткі сістэмы, аб’яднаныя ў модулі), спрынклерныя (забяспечваюць лакальнае тушэнне пажару ў месцы інтэнсіўнага павышэння т-ры) і дрэнчарныя (забяспечваюць тушэнне па ўсёй плошчы ці па ўсім аб’ёме памяшкання); паводле тыпу вогнетушыльнага рэчыва — вадзяныя, пенныя, газавыя, парашковыя, аэразольныя, для тушэння парай. Тушэнне пажару выконваецца па ўсёй плошчы (ці аб’ёме) або лакальна (у месцы ўзнікнення пажару) Выкарыстоўваюцца таксама ўстаноўкі для стварэння проціпажарных заслон, якія перашкаджаюць распаўсюджванню пажару. АУП (акрамя спрынклерных) дадаткова маюць дыстанцыйныя ці мясц. прыстасаванні для ручнога пуску. Вогнетушыльныя рэчывы падаюцца ў месца гарэння праз насадкі, распыляльнікі, арашальнікі і пенагенератары. Выхад з арашальнікаў спрынклерных АУП закрываюць клапанамі, трымальнікі якіх разбураюцца пад дзеяннем т-ры пажару. П.а. абсталёўваюцца збудаванні і памяшканні з высокай пажарнай ці выбуховай небяспекай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІЯ ЎМАЦАВА́ННІ Існавалі ў 14—18 ст. Складаліся з замка і гар. умацаванняў. Замак размяшчаўся на гарадзішчы, на левым беразе р. Піна. У вопісе горада за 1561—66 згадваецца «вежа Уладычная», якая стаяла асобна ў паўн.ч. замкавых умацаванняў. Акрамя брамы з пад’ёмным мостам перад ёю ў лініі абароны стаялі яшчэ не менш як 3 вежы, назвы якіх невядомы. Перыметр замкавых умацаванняў складаў 0,5 км. У мірны час у замку пастаянна размяшчаліся невял. гарнізоны салдат на чале з ротмістрамі. У час вайны дзейнічалі законы аб усеаг. абароне. Гарадскія ўмацаванні складаліся з 2 ліній абароны. 1-я лінія ў выглядзе вала, паркана і рова ахоплівала сетку радыяльных вуліц, якія адыходзілі ад замка і дугой упіраліся ў высокі бераг Піны, і фактычна ўключалі тэр. горада 11—13 ст. Вал перарываўся 4 брамамі (Уладычная, Меская, Траецкая і Спаская). Уздоўж берага ракі ішоў драўляны паркан, які спускаўся ў абарончы роў. Агульная даўжыня 1-й лініі абароны складала 1,4 км. 2-я лінія абароны, т.зв. «астрог», даўж. каля 2 км, таксама ўпіралася ў бераг Піны. Яна ўключала 4 брамы: Берасцейскую, Віленскую, Северскую і Лешчанскую. На З і ПнЗ перад валам ішоў штучны абарончы роў, які на ПнУ і У пераходзіў у прыродны з ручаём на дне, т.зв. Каралінскай канавай. З У горад прыкрываўся Пінскім Лешчанскім манастыром і комплексам умацаванняў Пінскага Каралінскага замка. Перад кожнай брамай быў пад’ёмны мост, перакінуты цераз абарончы роў. Усе лініі абароны Пінска захоўваліся да канца 18 ст. Апошні раз яны згадваюцца ў інвентары Пінскага староства за 1783. Пазней, на працягу 19 ст., гар. ўмацаванні паступова знівеліраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ РАДЫ́, радые актыўныя сем’і,
групы генетычна звязаных радыенуклідаў, у якіх кожны наступны ўзнікае ў выніку альфа-распаду або бэта-распаду папярэдняга. Кожны Р.р. пачынаецца з радыенукліда з найб. для гэтага рада перыядам паўраспаду (роданачальніка) і канчаецца стабільным нуклідам.
У Р.р. масавыя лікі А нуклідаў (членаў рада) адрозніваюцца на лік, кратны 4 (пасля α-распаду масавы лік нукліда памяншаецца на 4). Тэарэтычна магчыма існаванне 4 Р.р. з A = 4n + δ, дзе δ = 0, 1, 2 і 3, роданачальнікамі якіх з’яўляюцца торый-232 (A = 4n; рад торыю), нептуній-237 (A = 4n + 1, рад нептунію), уран-238 (A = 4n + 2, рад урану-238, ці урану-радыю), уран-235 (A = 4n + 3, рад урану-235, ці актынаурану). Рады торыю, урану-радыю і актынаурану, ці натуральныя Р.р., існуюць у прыродзе, бо перыяды паўраспаду 232Th (1,405∙1010 гадоў), 238U (4,468∙109 гадоў) і U (7,038∙108 гадоў) сувымерныя з узростам Зямлі. Канчатковымі стабільнымі прадуктамі распаду натуральных Р.р. з’яўляюцца ізатопы свінцу — 208Pb, 206pb, 207Pb. У прыродзе ёсць усе члены натуральных Р.р. (у т. л. і кароткажывучыя), што тлумачыцца ўстанаўленнем у кожным радзе т. зв. векавой раўнавагі, калі скорасці ўтварэння і распаду прамежкавых членаў Р.р. роўныя. Час устанаўлення векавой раўнавагі ~ 10T1/2, дзе T1/2 — перыяд паўраспаду самага доўгажывучага прамежкавага члена рада. Членаў рада нептунію (перыяд паўраспаду 2,14∙106 гадоў), які завяршае стабільны нуклід вісмут-209, у прыродзе няма, яны атрыманы штучна (гл.Ядзерная рэакцыя). Даследаванні Р.р. садзейнічаюць выяўленню новых радыеактыўных элементаў і іх ізатопаў. Гл. таксама Радыяхімія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ А́РМІЯ (РВА),
агульная назва рус. антысав. («усходніх») фарміраванняў у складзе ўзбр. сіл нацысцкай Германіі, якія фарміраваліся ў 2-ю сусв. вайну з эмігрантаў, сав. перабежчыкаў, ваеннапалонных і насельніцтва акупіраваных раёнаў СССР. Назва ўжывалася з канца 1942, пасля апублікавання Смаленскага звароту Рускага к-та (старшыня — палонны сав.ген.-лейт. А.А.Уласаў) ад 27.12.1942. Да 1945 РВА — прапагандысцкая акцыя вермахта па вярбоўцы рус. «добраахвотнікаў» для ням. войск і асобных антысав. фарміраванняў. З лют. 1943 гэту работу праводзіў усх. батальён прапаганды асобага прызначэння, створаны ў прыгарадзе Берліна Дабендорф, дзе засн. курсы прапагандыстаў РВА, рэдакцыі яе газ. «Заря» і «Доброволец». У адпаведнасці з загадам нач.Ген. штаба сухап. войск ген.-палк. К.Цэйтцлера ад 29.4.1943 усе «добраахвотнікі» рус. нацыянальнасці пры ням. часцях і ў складзе асобных фарміраванняў утваралі (фармальна) РВА, аб чым фактычна сведчылі толькі іх нарукаўны знак з касым андрэеўскім крыжам і сіня-чырв. кукарда. З мая 1943 існавала сістэма воінскіх званняў РВА ад «добраахвотніка» да генерала. З 28.1.1945 РВА — асобныя ад вермахта ўзбр. сілы К-та вызвалення народаў Расіі (засн. 14.11.1944 у Празе) пад камандаваннем ген. Уласава. У крас. 1945 РВА (3 дывізіі, асобныя часці, каля 70 тыс.чал.) мела статус арміі саюзнай дзяржавы. Часткова была выкарыстана на фронце. У час Пражскага паўстання 1945 яе асобныя падраздзяленні 6—7 мая перайшлі на бок паўстанцаў. Пазней б.ч. вайскоўцаў РВА («уласаўцаў») узята ў палон сав. войскамі і іх саюзнікамі.
Літ.:
Солженицын А.И. Архипелаг ГУЛАГ, 1918—1956. Мн., 1990. Т. 1. С. 242—258;
Окороков А.В. Антисоветские воинские формирования в годы второй мировой войны. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́ЦКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944, Славацкае паўстанне 1944, узброенае антыфашысцкае паўстанне ў жн.—кастр. 1944. План выступлення распрацаваў Славацкі нац. савет (СНС), які аб’ядноўваў усе партыі і арг-цыі, што ўдзельнічалі ў руху Супраціўлення. Узбр. сілы СНС складалі партыз. брыгады (каля 15 тыс.чал.) і часці славацкай арміі, што перайшлі на бок паўстанцаў (у ходзе паўстання армія вырасла да 60 тыс.чал.). Сігналам да паўстання стала акупацыя Славакіі ням.-фаш. войскамі, якая пачалася 29.8.1944 са згоды славацкага марыянетачнага ўрада. У той жа дзень пачаліся баявыя дзеянні паўстанцаў і ўжо да 31 жн. яны кантралявалі 2/3тэр. краіны. 1.9.1944 у г. Банска-Бістрыца СНС прыняў дэкларацыю, у якой абвясціў пра шырокія дэмакр. пераўтварэнні. Створаны К-т абароны Славакіі і Гал. штаб партыз. руху. З мэтай дапамогі паўстанцам сав.ваен. камандаванне наладзіла дастаўку ім зброі, боепрыпасаў, прадуктаў, амуніцыі і інш. 8.9.1944 38-я армія 1-га Укр. фронту пачала Карпата-Дукельскую аперацыю. Наступленне разгарнулася ад г. Кросна (Польшча) на поўдзень, каб прабіцца цераз Дукельскі перавал у Славакію. Разам з сав. войскамі змагаўся сфарміраваны ў СССР 1-ы Чэхаславацкі армейскі корпус на чале з ген. Л.Свобадам. У паўстанні ўдзельнічалі сав. партызаны, у т. л. з Беларусі. Аднак у 2-й пал.кастр. вораг перайшоў у контрнаступленне і авалодаў асн. апорнымі пунктамі паўстанцаў, у т. л. і цэнтрам СНС г. Банска-Бістрыца. Частка паўстанцаў адышла ў горы, іх брыгады вялі баі да злучэння ў студз. 1945 з Чырв. Арміяй. С.н.п. стала пачаткам нац.-дэмакр. рэвалюцыі ў Чэхаславакіі.