СТЭРЫ́ЛЬНАСЦЬ у біялогіі,
няздольнасць арганізма ўтвараць гаметы або дастатковую іх колькасць, што прыводзіць да зніжэння пладавітасці (колькасці патомкаў). Пры поўнай С. гаметы не ўтвараюцца наогул ці амаль усе анамальныя, пры частковай фарміруюцца пэўныя долі анамальных гамет. Спадчынная С. бывае геннай (абумоўлена геннымі мутацыямі, якія парушаюць меёз — асн. звяно гаметагенезу), храмасомнай (выклікаецца храмасомнымі перабудовамі), геномнай (звязана з колькаснымі зменамі храмасомнага набору; гл. Анеўплаідыя, Поліплаідыя). Да спадчыннай С. адносяцца выпадкі міжвідавых гібрыдаў. Гаметная С. звязана з анамаліямі і гібеллю гамет, зіготная — абумоўлена парушэннямі функцыянавання палавых залоз і самых ранніх этапаў гаметагенезу; можа выклікацца фактарамі навакольнага асяроддзя (выпрамяненні, павышэнне т-ры асяроддзя і інш.). С., характэрная для пэўных перыядаў жыцця, наз. ўзроставай. Адзнака С. падвяргаецца ўздзеянню натуральнага адбору (выклікае зніжэнне пладавітасці і з генафонду папуляцый элімініруюцца генет. фактары, якія яе выклікаюць). Адбор таксама падтрымлівае фактары, што абумоўліваюць міжвідавую С. і забяспечваюць генет. ізаляцыю паміж папуляцыямі розных відаў арганізмаў. У чалавека і жывёл С. наз. бясплоднасцю. У медыцыне і мікрабіялогіі С. наз. таксама адсутнасць у асяроддзі, арганізме або ў якім-н. матэрыяле мікраарганізмаў ці іх спораў.
А.С.Леанцюк.
т. 15, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)