КРО́НІН ((Cronin) Джэймс Уотсан) (н. 29.9.1931, г. Чыкага, ЗША),

амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1967) і Нац. АН ЗША (1970). Скончыў Чыкагскі ун-т (1953). З 1955 у Брукхейвенскай нац. лабараторыі, з 1958 у Прынстанскім (з 1964 праф.), з 1971 у Чыкагскім ун-тах. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў, астрафізіцы высокіх энергій. Вывучаў распады гіперонаў; удасканаліў іскравую камеру, адным з першых выкарыстаў яе як дэтэктар часціц. Эксперыментальна выявіў парушэнне CP-інварыянтнасці пры распадзе нейтральнага К-мезона (1964). Нобелеўская прэмія 1980 (разам з В.Фітчам).

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.Кронін.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУМ ((Krumm) Хендрык) (21.12.1934, в. Лейзі, востраў Саарэмаа, Эстонія — 12.4.1989),

эстонскі спявак (тэнар), педагог. Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1963), з 1976 выкладаў у ёй. З 1957 артыст хору, з 1961 саліст т-ра оперы і балета «Эстонія». Сярод партый: Юла («Вікерцы» Э.​Аава), Неэме («Агні помсты» Э.​Капа), Крысціян («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Тамберга), Вадэмон («Іаланта» П.​Чайкоўскага), Лыкаў («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Радамес, Рычард, Манрыка («Аіда», «Баль-маскарад», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Эдгар («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Сяргей («Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча). Прэмія імя Г.​Отса 1983.

т. 8, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫК ((Crick) Фрэнсіс Хары Комптан) (8.6.1916, г. Нартгемптан, Вялікабрытанія),

англійскі біяфізік; адзін з заснавальнікаў малекулярнай генетыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1959), Нац. АН ЗША (1960), ганаровы чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў (1962). Скончыў Лонданскі універсітэцкі каледж (1937). У 1937—39 і 1947—77 у Кембрыджскім ун-це, у 1953—54 у Бруклінскім політэхнічным ін-це, з 1977 у Солкаўскім ін-це ў г. Сан-Дыега (ЗША). Навук. працы па вывучэнні структуры нуклеінавых кіслот. У 1953 разам з Дж.Уотсанам стварыў мадэль структуры ДНК (мадэль Уотсана—Крыка, двайная спіраль). Нобелеўская прэмія 1962 (разам з Дж.​Уотсанам і М.Уілкінсам).

Ф.Крык.

т. 8, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛА́ТАЎ (Яўген Паўлавіч) (н. 23.2.1934, г. Лысьва Пермскай вобл., Расія),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1989). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1959, клас М.Чулакі). Працуе пераважна ў галіне кінамузыкі: музыка да дакумент., маст., тэле- і мультфільмаў, у т. л. «Умка» (1965), «Уласнасць рэспублікі» і «Вось ужо гэта Насця!» (абодва 1972), «І тады я сказаў «не» (1974), «Не баліць галава ў дзятла» (1975), «Ключ без права перадачы» (1977), «І гэта ўсё пра яго» (1978), «Прыгоды Электроніка» (1981), «Чарадзеі» (1984), «Госця з будучага» (1986). Аўтар 3 балетаў, твораў для хору, сімф. і эстр. аркестраў, музыкі да драм. спектакляў. Дзярж. прэмія СССР 1982.

т. 8, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКО́НІН (Уладзімір Ягоравіч) (н. 14.7.1937, с. Пакроўскае Ухалаўскага р-на Разанскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Канд. тэхн. н. (1969). Скончыў Разанскі радыётэхн. ін-т (1960). З 1975 у Ін-це тэхн. кібернетыкі, з 1992 у Навук. цэнтры праблем механікі машын Нац. АН Беларусі. Навук. працы па кантрольна-вымяральнай тэхніцы, спектральным аналізе і лічбавых метадах апрацоўкі сігналаў. Распрацаваў бартавы выліч. комплекс для дарожных выпрабаванняў трансп. сродкаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Цифровая фильтрация и обработка сигналов. Мн., 1995 (разам з В.​І.​Пяцьхо, М.​Б.​Шыхавым).

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯБА́КІН (Віктар Сяргеевіч) (30.10.1891, Масква — 11.2.1970),

савецкі вучоны ў галіне авіяцыйнай электратэхнікі, апаратабудавання і аўтаматыкі. Акад. АН СССР (1939). Ген.-маёр інж.-тэхн. службы (1942). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1914). У 1917—40 выкладаў у ім, адначасова ў 1923—60 у Ваенна-паветр. акадэміі імя М.​Я.​Жукоўскага. Заснавальнік і дырэктар (у 1939—42) Ін-та аўтаматыкі і тэлемеханікі АН СССР. Навук. працы па тэорыі і метадах разліку эл. машын і апаратаў, па пытаннях электраабсталявання самалётаў, аўтам. рэгулявання, разліку рэгулятараў. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Тв.:

Электрооборудование самолетов. Ч. 1. М., 1945 (разам з АМ.Сянкевічам).

т. 9, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПМАНС ((Koopmans) Цьялінг Чарлз) (28.8.1910, Грэйвленд, Нідэрланды — 26.2.1985),

амерыканскі эканаміст. Член Нідэрландскай АН. Адукацыю атрымаў ва Утрэхцкім і Лейдэнскім ун-тах. У 1938—40 эксперт Лігі Нацый па пытаннях грашовага абарачэння. У 1946—55 праф. Чыкагскага, у 1955—81 Іельскага ун-таў. З 1975 прэзідэнт Амер. эканам. асацыяцыі. Даследаванні ў галіне тэорыі эканам. цыкла і планавання, лінейнага праграміравання, аперацыйнага аналізу, аптымальнага размеркавання рэсурсаў. Аўтар прац «Тры нарысы аб стане эканамічнай навукі» (1957), «Мэты, абмежаванні, даходы ў мадэлях аптымальнага росту» (1966) і інш. Навук. даклады К. ў 2 т. выдадзены ў 1970—85. Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Л.В.Кантаровічам).

т. 9, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСЯНКО́Ў (Мікола) (Мікалай Сяргеевіч; н. 11.2.1935, в. Перарост Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1971), БДУ (1982). У 1956—69 у Гомельскай лесаўпарадчай экспедыцыі. З 1971 працаваў у газетах і часопісах, на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1985 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Піша пра родны край, асабіста перажытае. Аўтар зб-каў вершаў «Жывіца» (1966), «Без прывалу» (1969), «Дуброва» (1990, Літ. прэмія імя А.​Куляшова, 1991), апавяданняў «Завязь» (1987); раманаў «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1997). У творах — трывога за лёс роднай зямлі, яе людзей і прыроды.

М.Кусянкоў.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТАЯ́НЦ (Хачатур Седракавіч) (26.9.1900, г. Гюмры, Арменія — 2.4.1961),

расійскі фізіёлаг. Чл.-кар. АН СССР (1939), акад. АН Арменіі (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926), працаваў у ім і адначасова ў Ін-це марфалогіі жывёл імя А.​М.​Северцава АН СССР (з 1936). У 1946—53 дырэктар Ін-та гісторыі прыродазнаўства АН СССР. Навук. працы па праблемах эвалюцыі функцый і тэарэт. асновах эвалюц. фізіялогіі. Распрацаваў энзіма-хім. гіпотэзу ўзбуджэння. Дзярж. прэмія СССР 1947.

Тв.:

Очерки по истории физиологии в России. М.; Л., 1946;

Основы сравнительной физиологии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1950—57.

т. 8, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МЕНАЎ (Уладзімір Сямёнавіч) (2.6.1908, г. Днепрапятроўск, Украіна — 14.6.1988),

расійскі мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Расіі (1968). Д-р мастацтвазнаўства (1958), правадз. чл. АМ СССР (1954; віцэ-прэзідэнт з 1966). Вучыўся ў 1-м Маскоўскім ун-це (1928—30). Выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (1933—38). У 1938—40 дырэктар Траццякоўскай галерэі. Нам. міністра культуры СССР (1954—56). У 1956—58 прадстаўнік СССР пры ЮНЕСКА. Работы па эстэтыцы, тэорыі, гісторыі рус., сав. і зах.-еўрап. мастацтва. Дзярж. прэмія СССР 1980.

Тв.:

Статьи об искусстве. М., 1956;

Историческая живопись Сурикова, 1870—1880-е гг. М., 1963;

Картины Веласкеса. М., 1969.

т. 8, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)