галоўны судовы орган ААН, адзін з 6 асн. органаў гэтай арг-цыі. Засн. ў 1945. Статут суда, які падпісаны 26.6.1945 і набыў сілу 24.10.1945, з’яўляецца неад’емнай часткай Статута ААН. Дзяржавы — чл.ААН аўтаматычна становяцца ўдзельнікамі Статута М.с. ААН. Вырашае спрэчкі, перададзеныя яму дзяржавамі ў адпаведнасці з нормамі міжнар. права; дае кансультатыўныя заключэнні па прававых пытаннях пры запыце спецыяльна на гэта ўпаўнаважаных міжнар. органаў: Ген. Асамблеі ААН, Савета Бяспекі ААН або з дазволу Ген. Асамблеі ААНінш. органаў і ўстаноў ААН. Суд складаецца з 15 суддзяў, якія выбіраюцца на 9 гадоўГен. Асамблеяй і Саветам Бяспекі АА́Н. Склад суда абнаўляецца на трэць кожныя 3 гады. Кандыдаты ў суддзі вылучаюцца нац. групамі Пастаяннай палаты Трацейскага суда. Сярод членаў М.с. не павінна быць 2 грамадзян з адной дзяржавы. Суддзі дзейнічаюць незалежна ад сваіх урадаў. Правілы разгляду спраў замацаваны ў Рэгламенце суда 1978. Бакамі ў суд. працэсах могуць быць толькі дзяржавы, што далі згоду на разгляд пэўнай справы. Бакі маюць права зрабіць заяву аб прызнанні імі юрысдыкцыі М.с. абавязковай па пэўных катэгорыях спраў або абумовіць выключэнне з кампетэнцыі суда некаторых прававых пытанняў. Працэдура суд. працэсу складаецца з 2 частак: пісьмовай, у якой удзельнікі прадстаўляюць дакументы і матэрыялы, і вуснай, дзе ў публічным пасяджэнні заслухоўваюцца прадстаўнікі дзяржаў, адвакаты, сведкі. Рашэнне суда, вынесенае большасцю галасоў суддзяў у закрытым пасяджэнні, з’яўляецца абавязковым для бакоў. Месцазнаходжанне суда — Гаага (Нідэрланды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ КНЯ́СТВА, Менскае княства,
удзельнае княства Полацкай зямлі ў бас.р. Свіслач, Друць, Бярэзіна. Цэнтр — г.Мінск (Менск). Узнікла ў канцы 11 — пач. 12 ст., вядома з 1104. Першы князь Глеб Усяславіч імкнуўся расшырыць княства за кошт суседніх зямель. У 1104 ён адбіў напад кааліцыі паўд.-рус. князёў, сярод якіх быў і яго брат Давыд Усяславіч. Пазней аб’яднаў вакол Мінска Оршу, Друцк, Копысь. Пасля нападу Глеба Усяславіча на Слуцк у 1116 супраць яго выступіла новая кааліцыя князёў на чале з кіеўскім кн. Уладзімірам Манамахам, якія адабралі частку заваяваных гарадоў, у 1119 далучылі Мінск да кіеўскіх уладанняў. У 1140-я г. княжанне ў Мінску адноўлена. У сярэдзіне і 2-й пал. 12 ст. мінскія князі сапернічалі з полацкімі і друцкімі за паліт. гегемонію ў Полацкай зямлі. У 1151 на полацкае княжанне запрошаны мінскі кн.Расціслаў Глебавіч (княжыў 7 гадоў). З 1158 Расціслаў, пазней яго брат Валадар Глебавіч ваявалі з полацкім кн. Рагвалодам. У 1161 Валадар разграміў Рагвалода і яшчэ больш умацаваў незалежнасць М.к. У канцы 13 ст. М.к. трапіла пад уплыў літ. князёў. У складзе пасольства вял. князя ВКЛ Гедзіміна ў Ноўгарад у 1326 упамінаецца мінскі кн. Васіль. У далейшым у Мінску правілі велікакняжацкія намеснікі.
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,
навучальная ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Створана ў 1875 у Нясвіжы замест закрытага дамініканскага кляштара па ініцыятыве міністра асветы Расіі графа Дз.А.Талстога і папячыцеля Віленскай навуч. акругі М.А.Сергіеўскага як «асветны і адукацыйны фарпост, які будзе служыць адпорам польскаму каталіцызму». У розны час у Н.н.с. выкладалі К.Ф.Шчансновіч, С.А.Кулагін, І.Ф.Нікалаеўскі, П.Р.Бывалькевіч, Л.К.Лычкоўскі, Ф.В.Лукашэвіч, С.А.Гурыновіч, Ф.А.Кудрынскі, ксёндз В.Гадлеўскі і інш. Тэрмін навучання 3—5 гадоў. Фінансавалася з дзярж. бюджэту. Мела фіз. і прыродазнаўчы кабінеты, хім. лабараторыю, актавую залу, клас для заняткаў ручной працай, інтэрнат для навучэнцаў. Пры семінарыі дзейнічала ўзорнае пач. вучылішча, метэаралаг. станцыя (з 1900), музей (з 1910). У 1914 у фундаментальнай б-цы 3630 тамоў, у вучнёўскай — 1710. У жн. 1915 семінарыя эвакуіравана ў г. Вязьма Смаленскай губ. У час бежанства на вучобу прымаліся пераважна выхадцы з Беларусі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Н.н.с. дазвалялася прымаць асоб неправасл. веравызнання і жан. полу; створаны бел. вучнёўскі культ.-асв. гурток «Прасвета». Летам 1917 семінарыя рээвакуіравана ў Нясвіж. У час польскай акупацыі 1919 падпарадкоўвалася Беларускай школьнай радзе Меншчыны. У розны час у семінарыі вучыліся А.Галіна, А.Багдановіч, П.Дземідовіч, К.Міцкевіч (Я.Колас), В.Камлюк, А.Сташэўскі, В.Сташэўскі, М.Раманоўскі (К.Чорны) і інш. Закрыта ў снеж. 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУКАПАДО́БНЫЯ (Arachnida, або Arachnoidea),
клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з сілуру (каля 440 млн.гадоў назад). 13 атр.: жгутаногія, кляшчы, павукі, сальпугі, сенакосцы, скарпіёны, ілжэскарпіёны (Pseudoscorpiones, або Chelonethi), кененіі, або шчупальцаходавыя (Palpigradi), рыцынулеі (Ricinulei), тартарыды, або схізапельтыдыі (Tartarides, або Schizopeltidia), тэліфоны (Uropygi); каля 60 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы, некат. (вадзяныя кляшчы, вадзяны павук) у вадзе. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі атр. кляшчоў, павукоў, сенакосцаў і інш. Некат. П. — паразіты, пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб, шкоднікі раслін і харч. запасаў.
Даўж. ад 0,1 мм да 17 см. Цела падзяляецца на галавагрудзі і брушка, укрыта кутыкулай. Афарбоўка разнастайная. Галавагрудзі не падзелены на сегменты, у большасці 6 пар канечнасцей; брушка пераважна сегментаванае. Ротавы апарат сысучага тыпу. Вачэй ад 1 да 5 пар (няма ў кененій, многіх кляшчоў, рыцынулей). З органаў пачуццяў найб. развіты дотык. Дыхаюць трахеямі, лёгкімі, радзей паверхняй цела. Крывяносная сістэма незамкнёная (у многіх кляшчоў няма). Органы выдзялення — каксальныя залозы і мальпігіевыя сасуды. Некат. (павукі, скарпіёны) маюць ядавітыя залозы. Пераважна драпежнікі. Раздзельнаполыя. Большасць адкладвае яйцы, некат. (кляшчы, скарпіёны) жывародныя. Звычайна 1, радзей 2—3 пакаленні за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫ́ЙНЫЯ ШКО́ЛЫў СССР,
вышэйшыя навучальныя ўстановы Камуністычнай партыі Савецкага Саюза па падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кіруючых парт. і сав. работнікаў. Бяруць пачатак ад парт. школы ў Ланжумо (каля Парыжа), што дзейнічала ў 1911. Пасля Кастр. рэвалюцыі 19.17 у Расіі і інш.сав. рэспубліках ствараліся розныя школы парт.-сав. вучобы. У 1918 — пач. 1930-х г.асн. формай парт.ВНУ былі камуніст. ун-ты (45 у 1931, у т. л.Камуніст.ун-т Беларусі), сярод якіх вядучае становішча займаў Камуніст.ун-т імя Я.М.Свярдлова ў Маскве (1919—32), пазней — вышэйшыя парт. школы (ВПШ) пры ЦККПСС, ЦК кампартый саюзных рэспублік, крайкомах і абкомах партыі. З 1978 гал.парт.ВНУ і навук.-метадалагічным цэнтрам усёй сістэмы парт. адукацыі была Акадэмія грамадскіх навук пры ЦККПСС, створаная на базе аднайм. акадэміі (1946—78) і Вышэйшай парт. школы (1939—78) пры ЦККПСС. У 1980-я г. ў СССР дзейнічалі 15 рэсп. і міжабл. ВПШ (у т. л.Мінская вышэйшая партыйная школа) з тэрмінам навучання 2 гады для асоб з вышэйшай адукацыяй і 3 гады для асоб з сярэдняй адукацыяй (адпаведна 3 і 5 гадоў пры завочным навучанні). У 1991 адбываўся працэс трансфармацыі рэсп. ВПШ у парт. ін-ты паліталогіі і сац. кіравання, якія ў тым жа годзе спынілі існаванне ў сувязі з распадам СССР і роспускам КПСС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСХА́ЛІІ,
табліцы дат святкавання Вялікадня (Пасхі). Складаюцца хрысціянскай царквой на шмат гадоў наперад згодна з пастановаю Нікейскага сабора (325). Паводле пастановы Вялікдзень належыць адзначаць у 1-ю нядзелю, «наступную за поўняй, якая супадае з веснавым раўнадзенствам ці бывае пасля яго», але не павінен супадаць з яўр. пасхай. Шэраг цэркваў складае П. паводле юліянскага календара (Руская, Балгарская, Сербская, Іерусалімская правасл. цэрквы і інш.), каталіцкія і пратэстанцкія — паводле грыгарыянскага. Гэта выклікае разыходжанні ў часе святкавання Вялікадня рознымі хрысціянскімі цэрквамі (гл.табл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЦІНА (лац. Platinum),
Pt, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 78, ат. м. 195, 08, адносіцца да плацінавых металаў. Прыродная П. складаецца з 4 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 194—196, 198, найб. пашыраны 195Pt (33,8%) і 194Pt (32,9%) і 2 слаба радыеактыўных — 190Pt і 192Pt з перыядамі паўраспаду 6,9∙1011 і 1015гадоў адпаведна. У зямной кары 5∙10−7% па масе. Трапляецца ў самародным выглядзе і ў выглядзе сплаваў і злучэнняў (гл.Плацінавыя руды). Даследаванні П. пачаліся ў сярэдзіне 18 ст., калі ісп. матэматык А. дэ Ульёа прывёз у Еўропу ўзоры металу з залатых радовішчаў Паўд. Амерыкі; назва ад ісп. platina, паменшанае ад plata — серабро.
Серабрыста-белы бліскучы пластычны метал, 1769 °C, каля 3800 °C, шчыльн. 21450 кг/м³. Мае высокую электраправоднасць. Хімічна інертны; раствараецца ў царскай гарэлцы, павольна — у гарачай сернай кіслаце і вадкім броме. Пры награванні ў паветры акісляецца, пры 400—500 °C узаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, фосфарам, вугляродам, крэмніем. Утварае шматлікія комплексныя злучэнні. Выкарыстоўваюць пераважна ў аўтамабілебудаванні (сплаў П. з паладыем — каталізатар дапальвання выхлапных газаў), электратэхніцы і электроніцы (матэрыял эл. кантактаў), як каталізатар у арган. сінтэзе і каталітычным сінтэзе азотнай і сернай кіслот, а таксама для вырабу хім. апаратуры, лабараторнага посуду, ювелірных вырабаў і інш.
Літ.:
Платина, ее сплавы и композиционные материалы. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДЫЙ (лац. Radium),
Ra, радыеактыўны хім. элемент II групы перыяд. сістэмы, ат н. 88, ат. м. 226,0254, адносіцца да шчолачназямельных металаў. У прыродзе трапляюцца ізатопы з масавымі лікамі 223, 224, 226, 228, якія з’яўляюцца членамі прыродных радыеактыўных радоў. Найб. устойлівы ізатоп 226Ra (перыяд паўраспаду 1600 гадоў, α-выпрамяняльнік); прадукт распаду Р. — радон. Рэдкі і рассеяны элемент; у зямной кары 10−10% па масе. Адкрыты ў 1898 П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры; назва ад лац. radius — прамень.
Серабрыста-белы бліскучы метал, tпл 969 °C, шчыльн. 5500—6000 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей падобны на барый, але больш актыўны. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з азотам, кіслародам (у паветры метал. Р. хутка пакрываецца цёмнай плёнкай з сумесі нітрыду і аксіду), вадой [утвараецца водарастваральны гідраксід Ra(OH)2 і вылучаецца вадарод], растворамі кіслот, галагенамі. Вылучаюць Р. у выглядзе хларыду RaCl, і інш. солей як пабочны прадукт перапрацоўкі уранавых руд (пасля вылучэння з іх урану; у рудзе на 1 т урану прыпадае не больш за 0,34 г Р.); метал. Р. атрымліваюць электролізам раствору RaCl2 на ртутным катодзе. Выкарыстоўваюць у медыцыне як крыніцу радону для радонавых ваннаў, у сумесі з берыліем у ампульных крыніцах нейтронаў, у геалогіі 228Ra для вызначэння ўзросту акіянічных асадкавых парод і мінералаў. Вельмі таксічны; дапушчальная канцэнтрацыя ў атм. паветры 226Ra 3,1∙10−5Бк/л.
Літ.:
Погодин С.А., Либман Э.П. Как добыли советский радий. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДЗЕВІЧ (Часлаў Іванавіч) (20.3.1889, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — сак. 1942),
бел.тэатр. і грамадскі дзеяч. Брат Л.І.Родзевіча. Скончыў Віленскую сярэднюю хіміка-тэхнал. школу (1908), Новачаркаскі політэхн.ін-т. Удзельнік Першай бел.тэатр. вечарыны ў лют. 1910 у Вільні, уваходзіў у Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Першую беларускую трупу І.Буйніцкага. Адзін з заснавальнікаў Бел.т-ва дапамогі ахвярам 1-й сусв. вайны (1916—18) і Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства ў Петраградзе. У 1918 супрацоўнік Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1918—19 акцёр, камісар Беларускага савецкага тэатра, выкладчык Мінскага бел.пед. ін-та. У час польскай акупацыі 1919—20 чл. Мінскай бел. школьнай рады, заг. аддзела асветы Мінскага магістрата, старшыня Бел.тэатр. камісіі пры Часовым бел.нац. к-це. У 1920-я г. ўдзельнічаў у рабоце Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, займаўся навук. даследаваннямі ў галіне прыродазнаўства пры Мінскай балотнай станцыі. З 1922 у Інбелкульце, з 1925 навук. сакратар с.-г. секцыі (з 1929 Бел.АН). У ліп. 1930 арыштаваны, асуджаны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы на 5 гадоў у г. Саратаў (Расія). Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар працы пра бел.нар. танцы, зб. «Песні з нотамі» (не захаваліся).
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;
Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫС (Oryza),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічным, субтрапічным паясах Паўд. і Усх. Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Аўстраліі. Культура Р. пасяўнога (O. sativa) узнікла ў Паўд.-Усх. Азіі больш за 7 тыс.гадоў назад. У Афрыцы Р. голы, ці афрыканскі (O. glaberrima) вырошчвалі ў бас.р. Нігер з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. разам з Р. кропкавым (O. punctata) і інш.Асн. кампанент харчавання мясц. насельніцтва. Культывуюць Р. ва ўмераных і трапічных паясах, на заліўных палях; у некат. раёнах Афрыкі, Азіі і Амерыкі — сухадольныя віды. Асн. прадукт харчавання для 1/3 насельніцтва зямнога шара. Створаны дзесяткі тысяч сартоў. Гал. цэнтры вытв-сці Р. — Кітай і Індыя.
Р. пасяўны — яравая аднагадовая расліна выш. 0,6—1,5 м (некат. сарты 2—3 м). Лісце лінейнае, вузкаланцэтнае, зялёнага, чырванаватага або фіялетавага колеру. Суквецце — мяцёлка. Плод — зярняўка. Ачышчанае ад лускавінак зерне мае ў сабе да 75% вугляводаў (пераважна крухмалу), 9—12% бялку (па колькасці неабходных амінакіслот блізкі да жывёльнага). Яго перапрацоўваюць на муку, крухмал, спірт, піва, высакаякасную пудру, румяны. З саломы вырабляюць вышэйшыя сарты паперы, кардону, вяроўкі, капелюшы, цыноўкі, сумкі, скормліваюць жывёле. Харч., тэхн., лек. расліна.
В.М.Прохараў.
Рыс: 1 — расліна ў фазе малочнай спеласці; 2 — мяцёлкі кітайска-японскай галіны з двухкаляровай (а) і аднакаляровай (б) афарбоўкай кветкавых лускавінак; 3 — мяцёлка індыйскай галіны.