СВІННЯ́ свойская,

парнакапытная няжвачная жывёла сям. свіных. Паходзіць ад розных падвідаў дзіка (еўрап., азіяцкага). Прыручана ў 5—3-м тыс. да н.э. ва Усх. Азіі і некат. раёнах Еўропы (Міжземнамор’е, Прыбалтыка). У культ. парод захаваліся некат. біял. асаблівасці дзікіх продкаў — востры слых, тонкі нюх, слабы зрок, здольнасць добра плаваць; павялічыліся пладавітасць і здольнасці да хуткага росту і тлушчаадкладання. Пароды С. паводле кірункаў прадукцыйнасці падзяляюцца на групы: мясную, мяса-сальную і беконную.

Жывёла цяжкага, грубага целаскладу. Морда падоўжаная, з кароткім, рухомым хабатком, які заканчваецца «пятачком». Зубоў 44, у т. л. 4 добра развітыя клыкі. Канечнасці чатырохпальцыя. Вымя мае 14 саскоў, размешчаных у 2 рады. Валасяное покрыва рэдкае, грубае, у асн. шчаціна. Страўнік просты. Усёедная. Жыве 15—20 гадоў, тэрмін прамысл. выкарыстання 2—3 (да-4) гады. Адрозніваецца пладавітасцю (за 2 гады 4—5 апаросаў па 8—12 парасят), скараспеласцю (жывая маса маладняку ў 6—7 мес да 100 кг), высокім забойным выхадам мясной прадукцыі (70—85%), эфектыўным выкарыстаннем кармоў. Гл. таксама Свінагадоўля.

т. 14, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)