ПАЎЛО́ВІЧ (Іван Міхайлавіч) (7.3.1896, в. Старое Сяло Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 19.7.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую паграншколу НКУС (1928), Школу ўдасканалення камсаставу НКУС (1938). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20, потым у пагранвойсках на Д.​Усходзе. У Вял. Айч. вайну з 1943 на Цэнтр., Бел., 1-м Бел. франтах, удзельнік Курскай бітвы 1943. Полк на чале з нам. камандзіра стралк. дывізіі палк. П. вызначыўся ў ноч 19.7.1944 на ПнЗ ад Брэста пры адбіцці масіраванай атакі больш за 60 фаш. танкаў; П. загінуў у гэтым баі.

І.М.Паўловіч.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД ВАЕ́ННЫХ І РАБО́ЧЫХ ДЭПУТА́ТАЎ А́РМІЙ І ТЫ́ЛУ ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ Адбыўся 20—30.4.1917 у Мінску, 850 дэлегатаў з рашаючым і 350 з дарадчым голасам ад вайск. часцей фронту і рабочых арг-цый Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губ. Парадак дня: вайна і мір; аб Часовым урадзе; аб ваен., рабочых і сял. арг-цыях, прававое становішча салдат і інш. З’езд прыняў рэзалюцыі за працяг вайны, падтрымку знешняй палітыкі Часовага ўрада. Зацвердзіў праект статута выбарных салдацкіх арг-цый, выбраў Франтавы камітэт Заходняга фронту 1917. Садзейнічаў арганізацыі салдацкіх мас, далучэнню іх да паліт. дзейнасці.

т. 12, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІР ((Pire) Дамінік Жорж) (10.2.1910, г. Дынан, Бельгія — 30.1.1969),

бельгійскі каталіцкі святар (дамініканец). Д-р тэалогіі (1936). Скончыў Дамініканскі ун-т у Рыме (1936). З 1937 выкладаў у дамініканскім калежы Ла Сарт (Бельгія), быў святаром, набыў вядомасць гуманітарнай дзейнасцю. Напярэдадні 2-й сусв. вайны стварыў у Бельгіі лагеры для дзяцей бедных бацькоў, дзе ў перыяд ням.-фаш. акупацыі краіны (1940—44) знайшлі прытулак тысячы дзяцей.

Удзельнік руху Супраціўлення. У пасляваен. час арганізоўваў дапамогу бежанцам і перамешчаным асобам праз стварэнне спец. лагераў, т.зв. «Еўрап. вёсак» і міжнар. гуманіт. арг-цый. Нобелеўская прэмія міру 1958.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРС ((Pearse) Патрык Генры) (10.11.1879, Дублін — 3.5.1916),

ірландскі грамадскі дзеяч, паэт і асветнік. Адзін з кіраўнікоў Гэльскай лігі. Аўтар паэм і драматычных твораў на гэльскай (ірландскай) мове. Удзельнічаў у стварэнні Ірландскага нац. ун-та. З ліст. 1913 чл. выканаўчага к-та ірландскіх валанцёраў, з ліп. 1914 — Вярх. к-та Ірландскага рэспубліканскага брацтва (ІРБ). Пасля пач. 1-й сусв. вайны чл. крыла ІРБ, якое выступала супраць удзелу ірландцаў у вайне на баку Вялікабрытаніі. У час Ірландскага паўстання 1916 прызначаны 24.4.1916 прэзідэнтам часовага ўрада Ірландскай Рэспублікі. Быў узяты ў палон брыт. войскамі і пакараны смерцю.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСЦО́ВЫЯ КНІ́ГІ,

зводныя дакументы сістэматычных гасп. апісанняў у Расіі ў 15—17 ст. Служылі падставай для падатковага зямельнага абкладання (сошнага пісьма). П.к. 1581—93 былі асн. дакументамі, што вызначалі прыналежнасць сялян пэўнаму феад. ўласніку. П.к. складалі спец. камісіі з пісцоў і пад’ячых, якіх урад дасылаў з Масквы на месцы. Іх складанне вялося па гарадах (умацаванні, цэрквы, крамы, двары, насельніцтва і г.д.), паветах, станах, валасцях; асобна апісваліся кожнае сяло і вёска, ворная зямля, сенажаці, лясы. На Беларусі П.к. складаліся ў 1560—70-я г. на тэр. Полацкага ваяв., занятага рас. войскамі ў час Лівонскай вайны 1558—83.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІТ ((Pitt) Уільям Старэйшы) (15.11.1708, Лондан — 11.5.1778),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, граф Чэтам. Адзін з лідэраў групоўкі «патрыётаў» (прыхільнікаў актыўнай калан. экспансіі) у партыі вігаў. З 1735 чл. парламента. З 1746 чл. урадаў Вялікабрытаніі. З 1756 лідэр вігаў у палаце абшчын, у 1757—61 фактычны кіраўнік урада. Адыграў значную ролю ў развязванні Сямігадовай вайны 1756—63, у выніку якой Вялікабрытанія захапіла амаль усе ўладанні Францыі ў Індыі і Паўн. Амерыцы. З-за канфлікту з каралём пайшоў у адстаўку. У 1766—68 прэм’ер-міністр кааліцыйнага ўрада. Чл. палаты лордаў з 1766 (пасля атрымання графскага тытула).

т. 12, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1633,

выступленне полацкіх гараджан супраць падваяводы Яна Лісоўскага і гар. рады ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. 11.6.1633 на пасяджэнні магістрата Лісоўскі патрабаваў, каб гараджане тэрмінова адрамантавалі вежу Ніжняга замка або далі дрэва на яе рамонт, каб усе жыхары Запалоцця перасяліліся ў Верхні замак, а таксама намерыўся ўвесці войскі ў замак. Гараджане адмовіліся выконваць патрабаванні, перашкаджалі падваяводу і магістрату ўмацоўваць Ніжні замак. У ноч на 13.6.1633 рас. войскі авалодалі Запалоццем і Ніжнім замкам, але Верхняга замка не здолелі ўзяць. Пасля падыходу войск Рэчы Паспалітай разам з рас. войскам горад пакінула шмат жыхароў.

т. 12, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́НІШНІКАЎ (Іларыён Міхайлавіч) (1.4.1840, с. Цімашова Калужскай вобл., Расія — 24.3.1894),

рускі мастак-жанрыст. Правадз. чл. Пецярб. АМ (1893). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1856—66), у 1873—94 выкладаў у гэтым вучылішчы. Член-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Творчасці ўласцівы выкрывальныя тэндэнцыі, трапнасць сац. характарыстык: «Жартаўнікі. Гасціны двор у Маскве» (1865), «Паражнякі» (1872), «Спасаў дзень на Поўначы» (1887). Аўтар карціны «У 1812 годзе», якая раскрывае нар. характар вайны 1812. Пісаў таксама лірычныя паляўнічыя сцэны. Сярод вучняў В.Бялыніцкі-Біруля, С.Іванаў, С.Каровін.

Літ.:

Горина Т.Н. И.​М.​Прянишников. М., 1958.

І.Пранішнікаў. Паражнякі. 1872.

т. 13, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГА́РА (Марыя Аркадзеўна) (20.2.1908, Масква — 8.9.1983),

украінская пісьменніца, перакладчыца. Скончыла Кіеўскі ін-т нар. асветы (1931). Друкавалася з 1924. Аўтар зб-каў вершаў «Дарогай вайны» (1944), «Напярэдадні» (1947), «Сёстры» (1948), «Надвячорак» (1977), вершаваных твораў для дзяцей, кніжак казак, гіст. аповесці «Міхаська — слуга казацкі» (1969). Перакладала пераважна са слав. моў, у т. л. з бел.: асобныя творы Я.​Купалы, П.​Броўкі, М.​Танка, М.​Машары, А.​Стаховіча, Н.​Тарас, Э.​Агняцвет. На бел. мову творы П. перакладалі Э.​Агняцвет, В.​Вітка, Е.​Лось, М.​Танк. Літ. прэмія імя Лесі Украінкі 1979.

В.​Я.​Буран.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́НЦЫП (Гаўрыла) (30.6 або 25.7.1894, Грахава, Боснія і Герцагавіна — 29.4.1918),

удзельнік сербскага нац. руху. З 1914 чл. сербска-харвацкай арг-цыі «Маладая Боснія», якая выступала за вызваленне краю ад аўстра-венг. акупацыі і стварэнне адзінай югасл. дзяржавы. Па яе заданні 28.6.1914 забіў у г. Сараева наследніка аўстра-венг. прастола Франца Фердынанда і яго жонку (паводле інш. звестак дзеянні П. і яго паплечнікаў накіроўвала блізкая да сербскай ваен. разведкі тайная арг-цыя «Чорная рука», гл. Сараеўскае забойства), што стала зачэпкай для развязвання 1-й сусв. вайны. Непаўналетні П. прыгавораны да 20 гадоў катаргі, памёр у турме ад сухотаў.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)