арганізацыя або ўстанова (кампанія, фонд, карпарацыя і інш.), якая займаецца пасрэдніцкай або кансультатыўнай дзейнасцю на рынку каштоўных папер. Заснавальнікамі І.і. могуць быць юрыд. і фіз. асобы, у т. л. і замежныя. У якасці І.і. могуць выступаць камерцыйныя банкі. І.і. павінен атрымаць спец. ліцэнзію, адпавядаць устаноўленым кваліфікацыйным патрабаванням, мець мінімальны неабходны статутны фонд. У выпадку аб’явы ін-та неплацежаздольным, усе працуючыя ў ім спецыялісты аўтаматычна пазбаўляюцца кваліфікацыйных атэстатаў і могуць прыступіць да такой работы ў інш. І.і. толькі пасля паўторнага атрымання спец. атэстата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬНАЯ ЛІ́НІЯ ЭЛЕКТРАПЕРАДА́ЧЫ,
лінія электраперадачы, якая складаецца з аднаго або некалькіх сілавых кабеляў адпаведнага напружання і сячэння, злучаных кабельнымі муфтамі. Пры выкарыстанні масла- або газанапоўненых кабеляў абсталёўваецца таксама падсілкавальнай сістэмай і прыстасаваннямі сігналізацыі ціску масла (газу).
Будуюцца на напружанне 0,4—750 кВ. Падземныя кабельныя ЛЭП шырока выкарыстоўваюцца ў эл. сетках гарадоў і прамысл. прадпрыемстваў. Пракладваюцца кабелеўкладчыкамі ў земляных траншэях (найб.эканам. спосаб), спец. каналах, тунэлях і блоках. Падводныя кабельныя ЛЭП будуюць з дапамогай кабельных суднаў з выкарыстаннем спец. кабеляў. Трасу праходжання кабеляў і месцы пашкоджанняў вызначаюць кабелешукальнікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦО́,
стылістычны кампазіцыйны прыём у паэзіі і прозе. У паэзіі — паўтор ў пачатку і ў канцы асобных вершаваных радкоў, строф або цэлага твора аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў. Найб. пашыраныя віды паэт. К.: гукавое, лексічнае, страфічнае (эпістрафа), архітэктанічнае. У прозе — паўтарэнне ў канцы або ў сярэдзіне твора маст. элементаў, якія ўжываліся на яго пачатку, што спрыяе больш поўнаму выяўленню ідэі твора. У бел. л-ры трапляецца ў паэт. спадчыне Я.Купалы, М.Багдановіча, П.Панчанкі, апавяданнях М.Зарэцкага, К.Чорнага, М.Стральцова і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ ((Kamieński) Мацей) (13.10.1734, г. Шопран, Венгрыя — 25.1.1821),
польскі кампазітар. З 1760 выкладаў ігру на фп. і спевы, служыў капельмайстрам у Варшаве. Аўтар 8 опер, у т. л. першай польскай «Ашчасліўленае жабрацтва» (1778) з шырокім выкарыстаннем нац.муз. фальклору, «Зоська, або Сельскія залёты», пастаральнай «Дабрадзейная прастата» (абедзве 1779). Сярод інш. твораў: опера «Султан Вампун» (1795), 2 вадэвілі на лібрэта Ф.Заблоцкага («Памешчыцкі баль», 1780, і «Жоўты чапец, або Калядкі на Новы год», 1788), «Драматычная кантата» (1788), зінгшпілі, месы, араторыі, паланэзы. Аўтар трактата па ранняй польскай оперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛІ́ЦА (Oxalis),
род кветкавых раслін сям. кіслічных. Больш за 800 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. На Беларусі К. звычайная (O. acetosella), нар. назвы квасок, заечая капуста, баршчоўка. Трапляецца ў хвойных і шыракалістых лясах.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы, часам паўкусты. Лісце трайчастае ці пальчатаскладанае, прыгоднае ў ежу, але ядавітае для жывёлы. Кветкі рознага колеру, адзіночныя ці ў парасонавых або гронкавых суквеццях. Плод — каробачка. Некат. амер. і афр. віды культывуюць дзеля ядомых клубняў або як лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НА (ад грэч. klinō нахіляю),
клінальная зменлівасць у біялогіі, паступовае павелічэнне або змяншэнне (колькасны градыент) якой-н. адзнакі, уласцівасці ўнутры папуляцыі або віду; адно з выяўленняў унутрывідавой геагр. зменлівасці. Тэрмін прапанаваны англ. біёлагам Дж.Хакслі (1939). Можа закранаць колькасныя прыкметы (напр., павелічэнне памераў цела пазваночных у больш высокіх шыротах) і якасныя (напр., адноснае павелічэнне колькасці «чорнай» формы двухкрапінкавай божай кароўкі ў параўнанні з «чырвонай» формай пры нарастанні кантынентальнасці клімату). Развіваецца ў выніку ўзаемадзеяння натуральнага адбору, які прыстасоўвае кожную папуляцыю да лакальнага асяроддзя, з патокам генаў, што вядзе да уніфікацыі папуляцый віду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАН (галанд. kraan),
1) запорны клапан, у рухомай дэталі якога ёсць адтуліна для прапускання патоку вадкасці або газу. Бываюць прахадныя (з прамалінейным рухам патоку), вуглавыя (з адхіленнем патоку на 90°) і троххадовыя (з адвольным злучэннем трох трубаправодаў). К. наз. таксама трубаправодны вентыль.
2) Прыстасаванне, з дапамогай якога кіруюць пнеўматычнымі тармазамі поезда. Устанаўліваецца ў кабіне машыніста (у вагонах ёсць стоп-К.).
3) Агульная назва машын для падымання і пераносу грузаў на адлегласць вылету стралы або кансолі (гл.Пад’ёмны кран).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАН-БЭ́ЛЬКА (галанд. kranbalk),
разнавіднасць пад’ёмнага крана маставога тыпу, у якога таль з эл.або ручным прыводам рухаецца па пралётнай ездавой бэльцы, абсталяванай канцавымі хадавымі цялежкамі. Цялежкі перамяшчаюцца па рэйках, укладзеных па падкранавых бэльках, якія абапіраюцца на калоны ці падвешваюцца да кроквенных ферм. К.-б. бываюць адна- (пралёт да 15 м) або шматпралётныя (да 100 м). Грузападымальнасць да 5 т. Разнавіднасць К.-б. — катабэлька для падымання і апускання якараў на суднах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУШЫ́НА (Frangula),
род кветкавых раслін сям. крушынавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Паўн. Амерыкі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. ломкая, або вольхападобная (F. alnus), і 4 інтрадукаваныя: К. скальная (F. rupestris), Пурша (F. purshiana), вызубленалістая (F. crenata), каралінская (F. caroliniana).
Лістападныя, зрэдку вечназялёныя дрэвы і кусты. Лісце чаргаванае, простае. Кветкі дробныя, двухполыя ў пазушных паўпарасоніках або пучках. Плод касцянкападобны, сакаўны. Характэрна наяўнасць на адной галінцы кветак, завязі і спелых пладоў. Драўніна ідзе на такарныя вырабы. Дэкар., лек., меданосныя і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЧАТ (Falko rusticolus, або F. gyrfalco),
птушка сям. сакаліных атр. драпежных. Пашыраны на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Селіцца на скалістых узбярэжжах мораў і ў лесатундры. Жыве парамі, устойлівымі многія гады. Усюды рэдкі, сусв. папуляцыя ацэньваецца ў некалькі тысяч пар. Падлягае ахове.
Самы буйны з сапр. сокалаў: даўж. да 60 см, маса самца да 1,5 кг, самкі да 2 кг. Апярэнне шэрае або белае з шэрымі меткамі, верх цямнейшы. Корміцца пераважна птушкамі, грызунамі. Гнёзды на скалах, абрывістых берагах ці высокіх дрэвах. Нясе 3—5 яец. Лоўчая птушка для сакалінага палявання.