ДЗЕ́ЙНАСЦЬ,
спецыфічна чалавечая форма адносін да навакольнага свету, змест якой складае яго мэтазгоднае змяненне і пераўтварэнне ў інтарэсах людзей; умова існавання грамадства. Усякая дзейнасць уключае мэту, сродак, вынік і сам працэс. Гісторыя грамадства, матэрыяльнай і духоўнай культуры чалавецтва — гэта працэс рэалізацыі дзейнатворчых адносін чалавека да навакольнага свету, які выражаецца ў пабудове новых спосабаў і праграм дзейнасці (пераход ад палявання і рыбалоўства да земляробства і жывёлагадоўлі, ад рамёстваў і мануфактуры да буйной машыннай вытв-сці, ад індустр. грамадства да постіндустрыяльнага, да навук.-тэхн. рэвалюцыі). Існуюць разнастайныя класіфікацыі тыпаў і форм Дз.: духоўная, матэрыяльная, вытворчая, працоўная, пазнавальная, прадпрымальніцкая, палітычная і г,д. Асаблівай формай прадукцыйнай Дз. з’яўляецца творчасць. Пытанне аб адносінах Дз. і асобы вырашаецца як частка больш шырокай праблемы чалавека (гл. таксама Дзеянне, Дзеянне сацыяльнае, Практыка).
Літ.:
Суходольский Г.В. Основы психологической теории деятельности. Л., 1988;
Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн.. 1992.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 6, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛЯ́ЦІЧЫ вёска ў Любчанскім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Нёман. За 30 км на ПнУ ад Навагрудка, 180 км ад Гродна, 55 км ад чыг. ст. Наваельня. 335 ж., 191 двор (1997).
Вядомы з 2-й пал. 14 ст. як велікакняжацкі двор. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка. У 17—1-й пал. 19 ст. ўласнасць Радзівілаў. У 1652 у Дз. 101 двор, царква, рынак. З 1795 у Рас імперыі, у Навагрудскім пав. У 1897—1509 ж., 229 двароў, 2 школы, 2 царквы, 2 млыны, карчма, крама. У 1921—39 у Польшчы, у Навагрудскім пав. З 1939 у БССР. У 1940—56 у Любчанскім р-не. З 1956 у Навагрудскім р-не. У 1971—895 ж, 360 двароў. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква (19 ст.) і жылы дом (19 ст.).
т. 6, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНА,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Вольна-Чэрніхава». За 27 км на ПнУ ад г. Баранавічы, 228 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Пагарэльцы, на аўтадарозе Баранавічы — Мір. 861 ж., 357 двароў (1996).
Вядома з 2-й пал. 16 ст. як маёнтак Хадкевічаў. У 17—19 ст. існаваў базыльянскі манастыр. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. належала Слізням, уваходзіла ў Навагрудскі пав. Мінскай губ. У 1880-я г. 470 ж. З 1921 у Навагрудскім ваяв. Польшчы, з 1925 цэнтр гміны Баранавіцкага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага р-на. З 1962 у Баранавіцкім р-не. У 1970 — 1084 ж.
Цэх па вытв-сці сокаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Вольнаўская Троіцкая царква.
т. 4, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫ́ПАЛЕНАЯ ЗЯМЛЯ́»,
палітыка наўмыснага знішчэння населеных пунктаў, прамысловых, энергетычных, транспартных і інш. прадпрыемстваў, збудаванняў, дарог, запасаў матэрыяльных сродкаў, пасеваў, помнікаў культуры і інш. Вядома са стараж. часоў, асабліва выкарыстоўвалася ў перыяды спусташальных набегаў ваяўнічных качэўнікаў-заваёўнікаў. На Беларусі ў значных маштабах праводзілася ў Вял. Айч. вайну 1941—45. Найб. адкрыта тактыка «выпаленай зямлі» ажыццяўлялася ў час правядзення больш як 140 карных аперацый. За гады вайны акупанты загубілі больш за 2 млн. 200 тыс. чал., спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак (630 з іх спалілі разам з жыхарамі), некаторыя раёны цалкам ператварылі ў пустыні (у Суражскім р-не з 346 вёсак засталося 5, у Асвейскім спалены амаль усе нас. пункты). Палітыку «выпаленай зямлі» выкарыстоўвалі агрэсары ў войнах супраць В’етнама, Лівана і інш.
Літ.:
Загорулько М.М., Юденков А.Ф. Крах плана «Ольденбург». М., 1980;
Бочкарев А. Критика чистого чувства. Ставрополь, 1996.
У.С.Кошалеў.
т. 4, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’Е́ЗДЫ САВЕ́ТАЎ,
мясцовыя і цэнтр. органы ўлады сав. дзяржавы ў 1917—36. Склікаліся раённыя (пав.), абл. (губ.), краявыя, рэсп. (аўт. і саюзных рэспублік) і Усесаюзны з’езд Саветаў. Фарміраваліся шляхам выбараў, адкрытым галасаваннем. У гар. і сельскія Саветы дэпутатаў выбіралі на сходах, якія склікаліся паводле вытв. і тэр. прынцыпаў. У раённыя (пав.) Саветы ўваходзілі прадстаўнікі сельскіх і гар. Саветаў дадзенага раёна (пав.). Абл. (губ.), рэсп. і Усесаюзны З.С. фарміраваліся з прадстаўнікоў ніжэйшых Саветаў. З.С. саюзных рэспублік складалі прадстаўнікі абл. (губ.), краявых З.С. Разглядалі і вырашалі пытанні дзярж., гасп. і культурнага буд-ва. Усесаюзны і рэсп. З.С. прымалі найважн. пастановы па дакладах урада, канстытуцыйных пытаннях, праблемах развіцця гаспадаркі і культуры, абароны і знешняй палітыкі. Паводле Канстытуцыі СССР 1936 сталі дзейнічаць Саветы дэпутатаў працоўных. У БССР З.С. — вышэйшы орган дзярж. улады ў 1919—38. Адбылося 12 Усебел. з’ездаў Саветаў (гл. арт. пра кожны з’езд).
т. 7, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СПЕ́ЎНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ, Беларуская майстроўня,
маладзёжнае творчае згуртаванне ў 1979—84 у Мінску. Створана студэнтамі БДУ і Бел. тэатр.-маст. ін-та, пазней да яе далучыліся студэнты інш. ВНУ, аспіранты, школьная і рабочая моладзь Мінска. Мэта — адраджэнне ў гарадскім асяроддзі бел. нар. абраднасці, святаў. Удзельнікі майстроўні вывучалі нар. песні, ладзілі святы Калядаў, гукання вясны, Купалля ў Мінску, Заслаўі, Вязынцы, праводзілі дабрачынныя акцыі, выступалі з канцэртамі, лекцыямі, гутаркамі. Майстроўня спалучала спеўна-фалькл. дзейнасць з культ.-асв. і палітычнай; адраджэнне бел. нар. культуры разглядала як аптымальную форму выхавання нац. свядомасці. У 1983 пры майстроўні створана Т-ва бел. школы, якое вяло агітацыю за стварэнне беларускамоўных дзіцячых садкоў, школ. Новай формай дзейнасці сталі талокі на рэстаўрацыйных аб’ектах у Траецкім прадмесці Мінска, на археал. раскопках. Спыніла дзейнасць у 1984 з-за канфліктаў з уладамі. Пераемнікі — Маладзёжны клуб імя У.Караткевіча (1985—86) і клуб «Талака» (з 1987).
В.Вячорка.
т. 2, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗІНО́, Верхняе Беразіно,
вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Бярэзіна (прыток Дняпра). Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі Докшыцкай райсельгасхіміі. За 30 км на У ад г. Докшыцы, 157 км ад Віцебска, 40 км ад чыг. ст. Лепель. 577 ж., 262 двары (1995). У вёсцы 2 лясніцтвы, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Каля Беразіно гарадзішча 3—4 ст.
Узнікла не пазней як у 14 ст. ў Харэцкай вол. У розны час належала Манівідам, Судзімонтавічам, Гальшанскім, Чартарыйскім, Тышкевічам, Пацам, Тавянскім. У канцы 16 ст. пры Пацах стала мястэчкам. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. сяло, цэнтр Бярэзінскай вол. Барысаўскага пав. Мінскай губ. У 1897 было 788 ж., 124 двары. З 1924 цэнтр сельсавета ў Бягомльскім, з 1960 — у Докшыцкім (у 1962—65 у Глыбоцкім) р-нах. У 1970 у Беразіно 805 ж., 232 двары.
т. 3, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БЛЕН (Veblen) Тарстэйн
(30.7.1857, Ката, штат Вісконсін, ЗША — 3.8.1929),
амерыканскі вучоны-эканаміст і сацыёлаг. Праф. Чыкагскага, Станфардскага і Місурыйскага ун-таў. Погляды яго супярэчлівыя: спалучаюць крытыку некат. бакоў капіталізму, фін. алігархіі і «гуляшчага класа» з дробнабурж. утапізмам. Асновай сац. развіцця лічыў матэрыяльную вытв-сць, але зводзіў яе толькі да тэхналогіі, спрошчана трактаваў сувязь паміж тэхнікай і сац.-культ. працэсамі: грамадства разглядаў як прамысл. машыну з пэўнымі эканам. ін-тамі, а яго эвалюцыю — як разумовае прыстасаванне індывідаў да больш хуткіх змен у тэхналогіі. Крытыкаваў марксізм, абгрунтоўваў ідэю змяншэння ролі працы і рабочага класа, у развіцці грамадства вырашальнай лічыў ролю інтэлігенцыі, найперш вытворча-тэхн., якой прапаноўваў перадаць кіраўніцтва краінай (стварыць «савет тэхнікаў»). У канцы жыцця ад часткі гэтых утапічных ідэй адмовіўся, але яны выкарыстаны ў тэхнакратычных тэорыях. Погляды Веблена, асабліва яго тэорыя «гуляшчага класа», адставання культуры ад тэхнікі, спрыялі развіццю немарксісцкай амер. сацыялогіі.
т. 4, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЫ́НДА Памва
(? — 23.7.1632),
дзеяч усх.-слав. культуры, лексікограф, друкар, гравёр, пісьменнік. Звесткі пра нацыянальнасць, месца вучобы і адукацыю не выяўлены. З прадмоў і пасляслоўяў, надрукаваных Бярындай у кнігах, відаць, што ён валодаў бел., стараслав., укр., грэч., лац., яўр. і інш. мовамі. Некаторы час займаўся выдавецкай справай у Львове, потым архітыпограф слав. друкарні пры Кіева-Пячэрскай лаўры. Аўтар сілабічных вершаў. Найб. ранні твор — «Да нараджэння Хрыстова» (1616). У Кіеве выдаў «Анфалагіён» (1619), «Гутаркі Іаана Златавуста на 14 пасланняў ап. Паўла» (1623) і інш. Асн. твор — бел.-ўкр. і царкоўнаслав. «Лексіконъ славенороскій н именъ тлъкованіе» (1627, 2-е выд. 1653, Куцейна, пад рэд. І.Турцэвіча) — самы вялікі (каля 7000 слоў) на Беларусі слоўнік 17 ст. Асновай для «Лексікона...» паслужыў першы бел. друкаваны слоўнік Л.Зізанія «Лексіс» (1596). «Лексіконъ...» перавыдадзены з выдання 1627 факсімільным спосабам (Кіеў, 1961).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.
М.Р.Суднік.
т. 3, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ПНАВАННЕ ГЛЕ́БЫ,
унясенне ў глебу вапнавых угнаенняў; спосаб хім. меліярацыі кіслых глеб. Шырока выкарыстоўваецца для пазбаўлення ад залішняй кіслотнасці на падзолістых, балотных, шэрых лясных глебах, чырваназёмах і ападзоленых чарназёмах. Звычайна іх вапнуюць праз 5—6 гадоў, 1 раз у ратацыю севазвароту летам або восенню. Нормы ўнясення вапнавых угнаенняў залежаць ад кіслотнасці глебы, яе грануламетрычнага саставу, асаблівасцей культуры (напр., лубін дрэнна пераносіць вапнаванне глебы). На тарфяных глебах дозы ўнясення вапны павялічваюцца ў 1,5 раза. На Беларусі каля 85% ворных зямель патрабуюць вапнавання. Дозы вапнавых угнаенняў устанаўліваюцца па спец. картаграмах кіслотнасці глеб.
Пры аднолькавай ступені кіслотнасці на пясчаных глебах на 1 га ўносіцца 2 т, на гліністых — да 9 т вапнавых матэрыялаў. З агароднінных культур вапнаванне эфектыўнае для буракоў, капусты, часнаку, салаты, шпінату і сельдэрэю, морквы, агуркоў, фасолі, рэпы, цвятной капусты і бручкі; менш эфектыўнае вапнаванне для радыскі, рэдзькі, кабачкоў і памідораў.
т. 3, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)