Бясколерныя крышталі (тэхн. Т. жоўты), tпл 80,85 °C, шчыльн. 1663 кг/м³ (літага 1540—1590 кг/м³). Добра раствараецца ў бензоле, талуоле, ацэтоне, азотнай і сернай к-тах, мала — у вадзе. Хімічна ўстойлівы; працяглы час захоўваецца без раскладання. Выбуховыя ўласцівасці Т.: цеплата выбуху 4190 кДж/кг, макс. скорасць дэтанацыі 7 км/с (пры шчыльн. 1600 кг/м³), т-ра ўспышкі 290 °C. Менш адчувальны да ўдару і трэння, больш бяспечны ў абыходжанні за інш. выбуховыя рэчывы. У прам-сці атрымліваюць нітраваннем талуолу сумессю азотнай і сернай кіслот пры 50—120 °C з наступнай ачысткай водным растворам сульфіту натрыю. Выкарыстоўваюць для начыньвання боепрыпасаў і пры правядзенні выбуховых работ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕКІРАВА́ННЕ,
кіраванне аб’ектамі на адлегласці з дапамогай спец. тэлемех. сродкаў; састаўная частка тэлемеханікі. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, на транспарце, у энергетыцы, ваен. справе і інш.
Найб. пашыраны сістэмы Т. з перадачай дыскрэтных двух- (напр., тыпу «ўключана» — «выключана») і шматпазіцыйных каманд, а таксама з перадачай неперарыўных каманд (тэлерэгуляванне; напр., Т. касм. апаратамі). На дыспетчарскім пункце сістэмы Т. ўстаноўлены органы аўтам. ці ручнога кіравання аб’ектамі, кадзіравальнае і перадавальнае прыстасаванні. На аб’екце кіравання — прыёмнае і дэкадзіравальнае прыстасаванні, выхадны сігнал з якіх праз пераўтваральнік уздзейнічае на адпаведны выхадны ланцуг. Т. суправаджаецца кантролем выканання каманд сродкамі тэлесігналізацыі і тэлевымярэння. Сістэма Т. ў спалучэнні са сродкамі аўтаматыкі дае магчымасць ажыццяўляць аўтам. кіраванне на адлегласці машынамі і ўстаноўкамі без дзяжурнага персаналу і ствараць вытв. комплексы з цэнтралізаваным кіраваннем. Гл. таксама Тэлекантроль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІДАРЫЯ́НСКІ ПЕРАВАРО́Т,
палітычны пераварот 27—28.7.1794 (паводле рэсп. календара 9—10 тэрмідора 2-га года рэспублікі) у Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99, у выніку якога скінута дыктатура групоўкі якабінцаў на чале з М.Рабеспёрам. Летам 1794 незадаволеныя палітыкай рабесп’ерыстаў (жорсткі тэрор, няздольнасць выйсці з эканам. крызісу і інш.) правыя і левыя дэпутаты Канвента пры кіруючай ролі прадстаўнікоў «новай» буржуазіі («правых тэрмідарыянцаў» Ж.Л.Тальена, П.Бараса і Ж.Фушэ) і падтрымцы астатніх дэпутатаў («балота») арганізавалі змову. 9 тэрмідора Рабесп’ер разам з прыхільнікамі (Л.Сен-Жуст, Ж.Кутон і інш.) арыштаваны Канвентам, але быў вызвалены нацыянальнай гвардыяй і падтрыманы Парыжскай камунай. У ноч на 10 тэрмідора ён зноў арыштаваны і раніцай разам з прыхільнікамі без суда пакараны смерцю (абезгалоўлены). Уся ўлада фармальна перайшла да Канвента, фактычна — да кіраўнікоў тэрмідарыянскай змовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́ФІ (сапр. Лохвіцкая) Надзея Аляксандраўна
(21.5.1872, маёнтак у Валынскай губ. —6.10.1952),
руская пісьменніца. Сястра М.А.Лохвіцкай. З 1920 у эміграцыі ў Парыжы. Друкавалася з 1902. Першы паэт.зб. — «Сем агнёў» (1910). Кнігі апавяданняў і фельетонаў «Гумарыстычныя апавяданні» (т. 1—2, 1910—11), «І стала так...» (1912), «Дым без агню» (1914), «Нежывы звер» (1916), «Вечаровы дзень» (1924), «Танга смерці» (1927), «Кніга Чэрвень» (1931), «Усё пра каханне» (1946), «Зімовая вясёлка» (1952) і інш. вылучаюцца мяккасцю побытавых і псіхал. назіранняў, разнастайнасцю сюжэтных сітуацый, жывым гумарам. Аўтар «Успамінаў» (1931), кн. п’ес «Мініяцюры і маналогі» (1915), «Авантурнага рамана» (1931), літ.-крытычных артыкулаў.
Тв.:
У кн.: Аверченко А.Т., Тэффи Н.А. Юмористические рассказы. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІМІРЭ́СКУ (Vladimirescu) Тудор (каля 1780, с. Уладзімір у Валахіі, цяпер Румынія — 27.5.1827),
кіраўнік паўстання 1821 у Дунайскіх княствах. У рус.-тур. вайну 1806—12 камандаваў атрадам рум. добраахвотнікаў на баку Расіі. У студз. 1821 узначаліў сял. паўстанне ў Валахіі (ахапіла і ч. Малдовы), якое напачатку было накіравана супраць панавання ў краіне тур. стаўленікаў грэкаў-фанарыётаў, але стыхійна набыло характар антыфеад. вайны. 21.3.1821 У. заняў Бухарэст і пачаў правіць Валахіяй, але быў вымушаны дзяліць уладу з кіраўніком грэч. паўстанцаў А.Іпсіланці. У маі 1821 У. без бою здаў Бухарэст пераўзыходзячым сілам туркаў. Іпсіланці беспадстаўна абвінаваціў У. ў здрадзе, ён быў схоплены грэч. паўстанцамі і забіты. Яго імя было прысвоена рум. добраахвотніцкай пях. дывізіі, якая ў 1944—45 змагалася супраць ням.-фаш. войск. у складзе Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІТА́РНАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
форма тэрытарыяльнай будовы дзяржавы, пры якой яе тэрыторыя падзяляецца на адм.-тэр. адзінкі — вобласці, раёны, акругі. Ад федэрацыі адрозніваецца адсутнасцю федэратыўных адзінак — штатаў, зямель. У складзе У.дз. могуць быць асобныя аўт. нац.-дзярж. ўтварэнні, якія маюць атрыбуты ўласнай дзяржаўнасці (напр., у складзе унітарнай Украіны знаходзіцца Рэспубліка Крым). Ва У.дз. адна канстытуцыя, адно грамадзянства, адна сістэма органаў дзярж. улады. Адм.-тэр. адзінкі кіруюцца законамі, што прымаюцца цэнтр. органамі; іх тэрыторыя можа быць зменена агульнадзярж. законам без згоды мясц. органаў і мясц. насельніцтва. Існуюць У.дз. дэцэнтралізаваныя (рэгіянальныя органы фарміруюцца незалежна ад цэнтр. органаў, узаемаадносіны паміж імі будуюцца на пачатках дэцэнтралізацыі; Вялікабрытанія, Новая Зеландыя, Іспанія, Італія, Японія) і цэнтралізаваныя (падначаленне рэгіянальных органаў цэнтру ажыццяўляецца праз службовых асоб, якія назначаюцца цэнтр. уладай; Беларусь, Казахстан, Узбекістан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЯДО́ТАВА (Пазнякова) Глікерыя Мікалаеўна
(22.5.1846, г. Арол, Расія — 24.2.1925),
расійская актрыса. Нар.арт. Рэспублікі (1924). Герой Працы (1924). Скончыла Маскоўскае тэатр. вучылішча (1862). Дэбютавала ў Малым т-ры (1862, Верачка — «Дзіця» П.Бабарыкіна). Лепшыя ролі ў п’есах А.Астроўскага, найб. значная — Кацярына («Навальніца»). Сярод інш. роляў: Снягурачка, Васіліса Мяленцьева (аднайм. п’есы, ролі нап. для Ф.), Ларыса («Беспасажніца»), Кручыніна («Без віны вінаватыя»), Лідзія Чабаксарава і Чабаксарава-маці («Шалёныя грошы»), Марфа («Дзмітрый Самазванец і Васіль Шуйскі»). Вызначылася таксама ў п’есах У.Шэкспіра: Катарына («Утаймаванне свавольніцы»), лэдзі Макбет («Макбет»), Беатрычэ («Многа шуму з нічога») і інш., у п’есе Ф.Шылера «Марыя Сцюарт» (Елізавета). Яе мастацтва было адметнае эмацыянальнасцю, эфектнасцю і яркасцю сцэнічнага малюнка. Гастралявала на Беларусі (летам 1895 у Мінску, Гродне, Магілёве і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРШАНЕ́ВІЧ Вадзім Габрыелевіч (6.2.1893, Казань, Татарстан — 18.5.1942),
рускі паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т. Прымыкаў да футурызму, у 1919—24 адзін з прадстаўнікоў імажынізму. Першая кніга паэзіі — «Вясновыя праталінкі» (1911). Тэарэт. погляды выклаў у працах «Футурызм без маскі» (1913), «Зялёная вуліца» (1916), «2×2=5. Лісты імажыніста» (1920) і інш. У паэт. кнігах «Рамантычная пудра», «Экстравагантныя флаконы» (абедзве 1913), «Вечны жыд» (1916), «Крэматорый» (1919), «Залаты кіпень» (1921, з А.Марыенгофам і С.Ясеніным), «Адна суцэльная недарэчнасць» (1922) і інш. урбаністычныя матывы, тэмы кахання і мастацтва. У гады грамадз. вайны разам з У.Маякоўскім пісаў тэксты для «Вокнаў РОСТА». Аўтар інсцэніровак, лібрэта, мемуараў і інш. Пераклаў «Кветкі зла» Ш.Бадлера, асобныя п’есы У.Шэкспіра, П.Карнеля, Б.Брэхта, вершы Т.Гацье, А.Рэмбо і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТУ́ЧНАЕ ДЫХА́ННЕ, штучная вентыляцыя лёгкіх, дыханне, якім кіруюць,
увядзенне паветра ў лёгкія і выдаленне яго адтуль штучнымі метадамі (з выкарыстаннем інструментаў і апаратаў або без іх) для аднаўлення самаст. дыхання пры часовай адсутнасці яго. Адзін з метадаў рэанімацыі.
Метады Ш.д.: удзіманне (з роту ў рота, у нос і інш.) і вонкавыя метады змены аб’ёму грудной клеткі, якія рэдка выкарыстоўваюцца (боксавы і кірасны рэспіратары). Ш.д. часам спалучаюць з закрытым масажам сэрца. Асобны від Ш.д. — дыфузнае дыханне (бесперапыннае ўвядзенне кіслароду ў лёгкія праз маску, трубку і інш. пры адсутнасці дыхальных рухаў). Выкарыстоўваецца пры спыненні або недастатковай натуральнай вентыляцыі лёгкіх у выпадках хваробы, траўмы, клінічнай смерці або пры выкананні некат. хірург. аперацый пад наркозам, пры інтэнсіўнай тэрапіі.
І.М.Семяненя.
Штучнае дыханне: 1 — з рота ў рот; 2 — з рота ў нос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПЕРАПЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, злучаных у адзіны вытв. паток, што забяспечвае бесперапыннае пераўтварэнне зыходнай сыравіны ў гатовы прадукт. Тэхнал. працэсы ў бесперапыннай вытворчасці арганізуюцца ў межах вытв. ліній, участкаў, цэхаў ці ўсяго прадпрыемства. Пашырана ў галінах прам-сці, якія ажыццяўляюць масавы выпуск прадукцыі на аснове спалучэння асобных дэталяў (камплектуючых) у адзінае цэлае (швейная, абутковая, гадзіннікавая прам-сць), а таксама ў галінах, на якіх бесперапыннасць вытв. працэсу абумоўлена характарам тэхналогіі (энергетыка, металургія). Апошнія працуюць кругласутачна, без спынення ў выхадныя і святочныя дні, а рамонт абсталявання ажыццяўляецца ў час работы ці з выкарыстаннем рэзервовых апаратаў і агрэгатаў. Для бесперапыннай вытворчасці характэрны высокі ўзровень механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці. Яна, як правіла, скарачае час вытв-сці прадукцыі, забяспечвае больш поўнае выкарыстанне асн. фондаў, паскарае абарачальнасць абаротных сродкаў, спрыяе росту прадукцыйнасці працы. Найб. эфект дае ў паточнай вытворчасці.