ТРЫНІТРАТАЛУО́Л, 2,4,6-трынітраталуол, тратыл, тол,

ТНТ, араматычнае нітразлучэнне; найважн. брызантнае выбуховае рэчыва. Атрыманы ў 1863 ням. хімікам Й.​Вільбрантам.

Бясколерныя крышталі (тэхн. Т. жоўты), tпл 80,85 °C, шчыльн. 1663 кг/м³ (літага 1540—1590 кг/м³). Добра раствараецца ў бензоле, талуоле, ацэтоне, азотнай і сернай к-тах, мала — у вадзе. Хімічна ўстойлівы; працяглы час захоўваецца без раскладання. Выбуховыя ўласцівасці Т.: цеплата выбуху 4190 кДж/кг, макс. скорасць дэтанацыі 7 км/с (пры шчыльн. 1600 кг/м³), т-ра ўспышкі 290 °C. Менш адчувальны да ўдару і трэння, больш бяспечны ў абыходжанні за інш. выбуховыя рэчывы. У прам-сці атрымліваюць нітраваннем талуолу сумессю азотнай і сернай кіслот пры 50—120 °C з наступнай ачысткай водным растворам сульфіту натрыю. Выкарыстоўваюць для начыньвання боепрыпасаў і пры правядзенні выбуховых работ.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 15, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)