ДО́МЕННЫ ПРАЦЭ́С,

выплаўка ў доменнай печы чыгуну з жалезарудных матэрыялаў.

У працэсе плаўкі зыходная сумесь — шыхта (жал. руда, агламерат або акатышы, флюсы і паліва — кокс) рухаецца зверху ўніз насустрач гарачым газам, што ўтвараюцца ў горне печы. Пры ўзаемадзеянні гэтых патокаў аксіды жалеза, якія ёсць у рудзе, узнаўляюцца вугляродам і аксідам вугляроду, што ўтвараюцца пры гарэнні коксу. Атрыманае жалеза пры ўзаемадзеянні з коксам насычаецца вугляродам, у выніку атрымліваецца чыгун (сцякае ў горан печы). Расплаўленая пустая парода руды, попел коксу і флюсы ўтвараюць шлак, што ўсплывае над вадкім чыгуном. Праз асобныя ляткі чыгун і шлак перыядычна выпускаюцца. Атрыманы доменны чыгун бывае ліцейны (адрозніваецца высокай цякучасцю, выкарыстоўваецца ў вытв-сці коўкага, высокатрывалага і шэрага чыгуну, для вырабу фасонных дэталей), пераробны (перарабляецца ў сталь, бывае мартэнаўскі, тамасаўскі, бесемераўскі) і спецыяльны. Доменны газ, які ўтвараецца ў Д.п., — пераважна прадукт няпоўнага згарання вугляроду; служыць палівам у паветранагравальніках, коксавых і мартэнаўскіх печах і інш.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕР’Я́ДРЫ ў фізіцы,

ядрападобныя сістэмы, якія складаюцца з нуклонаў (пратонаў і нейтронаў) і аднаго або некалькіх гіперонаў (Λ, Σ і інш.). Утвараюцца пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з нуклонамі ядраў або пры захопе ядром павольнага K​-мезона; выяўляюцца па прадуктах распаду. Вывучэнне ўласцівасцей гіпер’ядраў з’яўляецца адным з найб. важных кірункаў ядз. фізікі, дазваляе высветліць сувязі паміж фундаментальнымі барыён-барыённымі ўзаемадзеяннямі і ядз. структурай.

Λ-гіпер’ядры адкрыты эксперыментальна ў 1953 польскімі вучонымі М.​Данышам і Е.​Пнеўскім; у 1963 выяўлены гіпер’ядры з двума Λ-гіперонамі (падвойныя гіпер’ядры), у 1979 — Σ-гіпер’ядры. Большасць уласцівасцей гіпер’ядраў эксперыментальна вызначана пры ўзаемадзеянні K​-мезонаў з ядром: гіпер’ядры маюць ненулявую дзіўнасць; іх структура вызначаецца моцным узаемадзеяннем нуклонаў і гіперонаў, час жыцця гіпер’ядраў — часам жыцця гіперона; большасць гіпер’ядраў могуць знаходзіцца ў некалькіх станах (асн. і ўзбуджаным) з пэўнымі значэннямі поўнага вуглавога моманту і цотнасці.

А.​В.​Берастаў.

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНІКІ,

прыродныя (натуральныя) і антрапагенныя агенты (фіз. фактары, хім. рэчывы, біял. віды — пераважна мікраарганізмы і інш.), якія трапілі ў навакольнае асяроддзе або ўзніклі ў ім у колькасцях, што перавышаюць звычайныя, гранічныя ваганні ці сярэдні прыродны фон за вызначаны час (гл. Забруджванне навакольнага асяроддзя). Існуюць З. атмасферы, вод, глеб (гл. ў арт. Забруджванне атмасферы, Забруджванне вод, Забруджванне глеб). Адрозніваюць першасныя З., што непасрэдна ўтвараюцца ў натуральных, прыродна-антрапагенных і антрапагенных працэсах, і другасныя, якія выяўляюцца ў працэсе мадыфікацыі, распаду або пад уздзеяннем першасных. Асобныя агенты, што атрымліваюцца пры ўтварэнні небяспечных З. у фіз.-хім. працэсах, якія адбываюцца непасрэдна ў асяроддзі, могуць быць у месцах вытв-сці і выкарыстання няшкоднымі, але становяцца небяспечнымі пры іх міграцыі ў інш. геасферы (напр., фрэоны, хімічныя інертныя каля паверхні Зямлі, у стратасферы ўдзельнічаюць у фотахім. рэакцыях з утварэннем іона хлору, які з’яўляецца каталізатарам пры разбурэнні азонавага слоя планеты).

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 6, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМКНУ́ТЫЯ ЭКАЛАГІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

функцыянальна адзіная сукупнасць арганізмаў (раслін, жывёл і мікраарганізмаў), якія насяляюць агульную тэр. і здольныя да працяглага існавання пры цалкам замкнутым кругавароце рэчываў (пры адсутнасці матэрыяльнага абмену праз яе межы).

Прынцыпы З.э.с. выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы біял. сістэм жыццезабеспячэння чалавека ва ўмовах ізаляцыі ад біясферы Зямлі, напр. у касм. або падводных апаратах. Аснову штучна створанай З.э.с. складаюць расліны, якія за кошт энергіі святла ў працэсе фотасінтэзу паглынаюць двухвокіс вугляроду і выдзяляюць кісларод. Біямаса раслін выкарыстоўваецца ў ежу чалавекам і інш. гетэратрофнымі арганізмамі, апошнія могуць уваходзіць у харч. рацыён чалавека. Нявыкарыстаная біямаса раслін, прадукты жыццядзейнасці чалавека і інш. кампанентаў біякомплексу раскладаюцца мікраарганізмамі да вады, двухвокісу вугляроду і мінер. рэчываў, якія зноў выкарыстоўваюцца раслінамі. Створаны эксперым. З.э.с., што ўключаюць чалавека, аднаклетачныя водарасці, вышэйшыя расліны, мікраарганізмы-мінералізатары. За кошт рэгенерацыі ў такіх З.э.с. цалкам забяспечвалася патрэба чалавека ў кіслародзе, вадзе і часткова ў ежы.

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНА́ЛЬНАСЦЬ РУ́ДНЫХ РАДО́ВІШЧАЎ,

заканамерная змена ў прасторы мінер. або структурна-тэкстурных асаблівасцей руд.

Адрозніваюць занальнасць першасную, абумоўленую працэсамі фарміравання радовішчаў карысных выкапняў, і другасную, звязаную з пераўтварэннем рудных цел каля паверхні Зямлі пры акісленні. Вылучаюць занальнасць: рудных правінцый (фарміраванне груп радовішчаў паслядоўна разам з эвалюцыяй зямной кары), рудных палёў (чаргаванне пакладаў руд розных металаў пры пераходзе ад аднаго краю поля да другога), рудных цел (змена мінер. і метал. саставу руд у межах цела). Тэмпературная рудная занальнасць утвараецца ад паніжэння ціску і т-ры рудаўтваральных раствораў па меры аддалення ад магматычнага ачага. На фарміраванне З.р.р. значна ўплываюць рудаўтваральныя растворы пры пульсацыйным паступленні ў прастору рудаадкладання. Вертыкальная занальнасць заключаецца ў змене (з набліжэннем да паверхні Зямлі) высокатэмпературных радовішчаў вальфраму, волава, малібдэну і вісмуту сярэдне- і нізкатэмпературнымі радовішчамі медзі, свінцу, цынку, сурмы і ртуці. Седыментацыйная занальнасць узнікае ў сувязі з рознай геахім. рухомасцю металаў.

М.​М.​Даеыдаў.

т. 6, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎЧУ́К НАТУРА́ЛЬНЫ,

высокаэластычны матэрыял, прадукт расліннага паходжання, асн. кампанент якога палімер ізапрэну. Атрымліваюць каагуляцыяй латэксу натуральнага — млечнага соку каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай. Прамысл. сарты К.н. — смокед-шытс і крэпы маюць 5—7% па масе некаўчукавых рэчываў (бялкоў, ліпідаў, смол і інш.), якія ўплываюць на яго стабільнасць і ўмовы перапрацоўкі.

Поліізапрэн К.н. мае 98—100% звёнаў ізапрэну ў 1,4-цыс канфігурацыі (стэрэарэгулярны поліізапрэн). Пры т-ры вышэй за 10 °C аморфнае рэчыва, шчыльн. 913 кг/м³, т-ра шклавання ад -70 да -72 °C, крышталізуецца пры ахаладжэнні ніжэй за -10 °C ці пры расцяжэнні. Не раствараецца ў вадзе, ацэтоне, этаноле. Набракае, а потым раствараецца ў бензіне, эфіры, бензоле, талуоле. Вулканізацыяй К.н. атрымліваюць высокаэластычную, зноса- і марозаўстойлівую гуму. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шын, гумава-тэхн. вырабаў, кляёў, эбаніту, электраізаляцыйных матэрыялаў, гумавых вырабаў санітарна-гігіенічнага, мед., харч. і спарт. прызначэння.

Я.​І.​Шчарбіна.

т. 8, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУША́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Кушанскае царства,

старажытная дзяржава на тэр. сучасных Узбекістана, Таджыкістана, Туркменіі, Афганістана, Пакістана і Паўн. Індыі ў 1—4 ст. н.э. Узнікла на рубяжы н.э. пасля разгрому Грэка-Бактрыйскага царства качэўнікамі, якія стварылі на яго тэрыторыі шэраг асобных княстваў. Адно з іх у Бактрыі на чале з племем або кланам кушан стала ядром К.дз. Значнага тэр. пашырэння К.дз. дасягнула пры правіцелях Кадфізе I і Кадфізе II (1 ст. н.э.), найб. росквіту — пры правіцелях Канішку і Хувішку. Праз тэр. К.дз. праходзіў Вялікі шаўковы шлях, што спрыяла развіццю гандлю і рамяства. Значнае пашырэнне тут набылі будызм, зараастрызм, маніхейства і хрысціянства. Пры правіцелі Васудэве (сярэдзіна 3 ст.) пачаўся заняпад К.дз., якая ў 4 ст. распалася на дробныя княствы.

Літ.:

Зеймаль Е.В. Кушанская хронология: (Материалы по проблеме). М., 1968;

Дальверзинтепе — кушанский город на юге Узбекистана. Ташкент, 1978;

Шеркова Т.А. Египет и Кушанское царство: (Торговые и культ. контакты). М., 1991.

т. 9, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКА́ЦЫЯ (ад лац. locatio размяшчэнне, размеркаванне),

вызначэнне лакатарам месцазнаходжання і інш. характарыстык аб’ектаў. Заснавана на аналізе адбітых аб’ектам сігналаў — гукавых або эл.-магн. хваль, якія генерыруе лакатар (актыўная Л., пры якой выкарыстоўваюцца імпульсныя і неперарыўныя сігналы), і хваль, якія стварае сам аб’ект (пасіўная Л.).

У залежнасці ад фіз. прыроды сігналаў адрозніваюць Л. гукавую (для назірання за аб’ектамі, што знаходзяцца на зямлі, у паветры і пад вадой; гл. Гідралакацыя), аптычную лакацыю, радыёлакацыю. Пры гукавой Л. ў імпульсным рэжыме адлегласць да аб’екта вызначаецца па часе спазнення адбітага рэхасігналу, пры неперарыўным рэжыме — па рознасці частот пасланага і адбітага частотна-мадуляваных сігналаў. Пасіўная Л. аб’ектаў, якія ствараюць шум, ажыццяўляецца з дапамогай вузканакіраваных прыёмнікаў гуку або з дапамогай карэляцыйных метадаў прыёму. На гукавых і ультрагукавых частотах працуюць гідралакатары, шумапеленгатары і рэхалоты. Уласцівасці Л. маюць многія жывёлы: яны здольныя вызначаць становішча любога аб’екта адносна сябе або сваё становішча ў прасторы (гл. Біялакацыя).

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАСТРЫ́КЦЫЯ (ад магніт + лац. strictio сцісканне, нацягванне),

змена памераў і формы цела пры намагнічванні. Выяўлена для жалеза Дж.П.Джоўлем у 1842. Адлюстроўвае ўзаемасувязь падсістэм атамных магнітных момантаў і крышталічнай рашоткі; уласціва ўсім рэчывам.

Тлумачыцца тым, што ўзаемадзеянні, якія вызначаюць магн. стан крышталя, залежаць ад адлегласці паміж атамамі (ці іонамі). Змены магн. стану пры зменах магн. поля, т-ры, пругкіх напружанняў і інш. вядуць да зрушэння атамаў і іонаў ад стану раўнавагі і тым самым да дэфармацыі цела. Характарызуецца адноснай зменай лінейных памераў цела λ = Δl/l (лінейная М.) або аб’ёму (аб’ёмная М.) і залежыць ад напрамку вымярэння адносна знешняга магн. поля. Пры вымярэннях уздоўж поля М. наз. падоўжнай, перпендыкулярна полю — папярочнай, напр., у фера- і ферымагнетыках λ дасягае 10​−2, у антыфера-, пара- і дыямагнетыках — да 10​−6. Гл. таксама Магнітастрыкцыйныя матэрыялы.

Літ.:

Белов К.П. Магнитострикционные явления и их технические приложения. М., 1987.

Г.​І.​Макавецкі.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁД,

салодкае, сіропападобнае рэчыва, якое пчала меданосная выпрацоўвае з нектару кветак; прадукт харчавання, корм для пчол. Падзяляюць на натуральны (кветачны, падзевы мёд), экспрэсны, які пчолы выпрацоўваюць з цукр. сіропу ці натуральнага М. з лек. дабаўкамі) і штучны (без удзелу пчол; шляхам інвертавання цукрозы сернай к-той пры выпарванні соку кавуна, дыні, гарбуза, цукр. буракоў, вінаграду). У залежнасці ад меданосных раслін бывае ліпавы, грэчкавы, верасовы і інш. Каларыйнасць М. 315—335 ккал на 100 г. У спелым кветачным М. ў сярэднім да 20% вады, 75% вугляводаў (30—40% фруктозы, 25—37% глюкозы, 0,4—1,3% цукрозы) і каля 5% інш. рэчываў [амінакіслоты, ферменты, мінер. рэчывы, вітаміны (B2, PP, C, B6 і інш.), антыбактэрыяльныя рэчывы]. Пры захоўванні крышталізуецца, пры гэтым харч. і лек. якасці зберагаюцца. Бывае алергія да М.; магчымы атручэнні, калі пчолы сабралі нектар з кветак ядавітых раслін (напр., аканіту, багуну). Ужываецца ў лек. мэтах.

М.​К.​Кеўра.

т. 10, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)