МІЛЮ́ЦІН (Дзмітрый Аляксеевіч) (10.7.1817, Масква — 7.2.1912),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1898), граф (1878). Чл.-кар. (1853) і ганаровы чл. (1866) Пецярбургскай АН. Брат М.А.Мілюціна і У А.Мілюціна. Скончыў Шляхетны пансіён пры Маскоўскім ун-це (1833) і Ваен. акадэмію (1836). У арміі з 1833. Удзельнік Каўк. вайны 1817—64 (баі 1839—45 супраць Шаміля). У 1845—56 праф.Ваен. акадэміі. У 1856—59 нач.Гал. штаба Каўк. арміі; пры яго ўдзеле распрацаваны план дзеянняў па далучэнні Усх. Каўказа да Рас. імперыі. У 1860 таварыш (нам.) ваен. міністра, у 1861—81 ваен. міністр Расіі, кіраваў правядзеннем Ваенных рэформаў 1860—70-х г. у Расіі, пры ім сфарміраваны Ген. штаб. У рус.-тур. вайну 1877—78 адзін з ініцыятараў паспяховай аблогі Плеўны (гл.Плевен). Пасля Берлінскага кангрэса 1878 фактычна кіраваў знешняй палітыкай Расіі. Ганаровы чл. шэрагу ваен. акадэмій. Аўтар работ па ваен. геаграфіі, гісторыі, статыстыцы.
Літ.:
Корнилов А.А Курс истории России XIX в. М., 1993. С. 297—304.