КАЭРЦЫТЫ́МЕТР (ад лац. coërcitio утрыманне + ...метр),
прылада для вымярэння каэрцытыўнай сілы ферамагн. матэрыялаў. Выкарыстоўваецца пры магнітаструктурным аналізе вырабаў з ферамагн. матэрыялаў, магн. кантролі электра- і радыёапаратуры і інш.
Найб. пашыраны К., у якіх каэрцытыўная сіла вызначаецца па намагнічанасці ўзору. Даследуемы ўзор намагнічваецца да насычэння, напр. у намагнічвальнай шпулі прылады, потым праз шпулю прапускаюць пастаянны ток, магн. поле якога размагнічвае ўзор. Момант змяншэння намагнічанасці да нуля вызначаецца з дапамогай індыкатара (нулявой прылады). Пры вымярэннях па магн. індукцыі даследаваны ўзор робяць часткай замкнёнага магн. ланцуга пермеаметра, электрамагніта ці інш. Значэнне каэрцытыўнай сілы адпавядае напружанасці размагнічвальнага поля, пры якой магн. індукцыя ва ўзоры роўная нулю.
Блок-схемы каэрцытыметраў: а — з вымяральным генератарам (1 — намагнічвальная шпуля; 2 — узор; 3 — шпуля вымяральнага генератара; 4 — гальванометр, далучаны да калектара 5; 6 — вал электрарухавіка 7; 8 — сілавыя лініі магнітнага поля ўзору); б — феразондавага (1, 2 — адчувальныя элементы; 9 — нулявая прылада; 4 — узор; 5 — сілавыя лініі магнітнага поля ўзору, 6 — намагнічвальная шпуля).