Пабудаваны ў г. Ліда ў 1927 як цвіковая ф-ка. З 1955 з-д «Металашырспажыў», з 1956 з-д электравырабаў. У 1960—65 рэканструяваны, пабудаваны новы вытв. корпус, асвоены выпуск стабілізатараў, люмінесцэнтных свяцільняў. З 1976 працуе цэх па вырабе пускарэгулявальнай апаратуры. Асн. прадукцыя (1999): свяцільні, пускарэгулявальная і нізкавольтавая апаратура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІШАПУ́РСКІЯ ГО́РЫ.
На ПнУ Ірана, паўд. паласа Туркмена-Харасанскіх гор. Даўж. каля 350 км, выш. да 3314 м (г. Кенгзошк). Складаюцца з асобных хрыбтоў, падзеленых шырокімі далінамі. Складзены з вапнякоў і пясчанікаў з выхадамі інтрузій з парфіраў і гранітаў. Участкі бедленду. Тэрмальныя крыніцы, радовішча бірузы. Перадгорныя пустыні змяняюцца з вышынёй паўпустынямі і горнымі стэпамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна на тэр. Жабінкаўскага і Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Вызначаўся класічнай завершанасцю форм, віртуознай распрацоўкай арнаменту касцюма жанчын.
Комплекс летняга жаночага адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха. Кашулю шылі з саматканага льнянога палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным або стаячым каўняром, прамым рукавом, які заканчваўся фальбонкай або каўнерцам, аздаблялі вышыўкай, радзей узорыстым ткацтвам і маршчэннем тканіны. Дробнаўзорысты (геам. або расл.) чырвона-малінавы арнамент з невял. ўкрапінамі чорнага ці цёмна-сіняга збіраўся ў вузкія, аднолькавай шырыні шлячкі, што ў падоўжным ці папярочным напрамку запаўнялі ўсю паверхню рукавоў. У блізкім да кашулі кампазіц.-арнаментальным вырашэнні афармляўся фартух, пашыты з 2 дэкар. злучаных полак белай ільняной тканіны. Адметнасць К.с. ў спосабе нашэння фартухоў (апраналі 2 фартухі так, каб асноўны арнамент ніжняга быў відаць з-пад верхняга). Спадніцы шылі з 4 полак узорыстай тканіны: ільняныя — з серабрыста-белай, вытканай у тэхніцы шматнітовага ткацтва; ваўняныя (андаракі) — з чырвонай, запоўненай каляровымі вузенькімі лініямі-прасноўкамі. Радзей выраблялі андаракі з чорнай або цёмна-сіняй тканіны. Падпяразвалі спадніцу поясам з кутасамі, вытканымі у рознакаляровыя палосы. Зрэдку надзявалі гарсэт. Галаўныя ўборы — намітка, белая палатняная хустка, упрыгожаная павай (пяром або веерам з пер’яў), чапец, вянок. Шыйнымі ўпрыгожаннямі былі пацеркі, стужкі, абразкі. Мужчынскае адзенне складалася з кашулі навыпуск, падпяразанай поясам, белых палатняных нагавіц, галаўнога ўбору — саламянага картуза, аздобленага ўзорыстай тасёмкай па верху і маляўнічай кукардай, шапкі (круглай чубатай). Верхняе адзенне мужчын і жанчын: світа (латушка з вусам), пашытая з белага або шэрага валенага сукна і аздобленая на грудзях і бакавых клінах стракатымі пышнымі кутасамі і вышыўкамі малінавымі, блакітнымі ніткамі воўны; куртка, кажух.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Кобрынскі строй. Жанчына ў касцюме з наміткай. Вёска Яўсімавічы Кобрынскага раёна. Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРЫ́ФНАЯ СЕ́ТКА,
шкала, якая ў форме тарыфных каэфіцыентаў вызначае суадносіны тарыфных ставак работнікаў розных разрадаў; адзін засн. элементаў тарыфнай сістэмы. З яе дапамогай робіцца дыферэнцыяцыя і рэгуляванне асн. часткі заработнай платы розных прафес.-кваліфікацыйных груп работнікаў у залежнасці ад значэння галіны эканомікі, складанасці, зместу і спецыфікі працы у рабочых, спецыялістаў, кіраўнікоў, агульных умоў працы. Складаецца зтарыфных разрадаў і тарыфных каэфіцыентаў, якія ім адпавядаюць.
На Беларусі колькасць разрадаў і міжразрадныя суадносіны тарыфных каэф.з часу ўвядзення «Адзінай тарыфнай сеткі Рэспублікі Беларусь» (студз. 1992) мяняліся некалькі разоў у залежнасці ад тарыфных ставак 1-га разраду, а таксама ў сувязі з інфляцыяй і фін. магчымасцямі дзяржавы. На 1.1.2002 існуе 27-разрадная сетка з суадносінамі паміж крайнімі разрадамі 1 : 7,84. Рабочыя ўсіх галін эканомікі размеркаваны з 1-га па 8-ы разрад уключна. Некаторыя прафесіі рабочых (грузчыкі, вадзіцелі, ліфцёры і інш.) у тарыфна-кваліфікацыйны даведнік не ўнесены і ім устаноўлены месячныя аклады. У катэгорыі служачых вылучаны наст. групы: тэхн. выканаўцы (з 5-га па 10-ы разрад), спецыялісты ўсіх галін эканомікі (з 10-га па 15-ы разрад), кіраўнікі падраздзяленняў (з 14-га па 23-і разрад), кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў (з 16-га па 23-і разрад) і інш. У бюджэтнай сферы з 8-га па 21-ы разрад размеркаваны работнікі культуры, уключаючы кіраўнікоў, з 13-га па 17-ы — урачы, з 17-га па 23-і — кіраўнікі мед. устаноў, з 16-га па 21-ы — навук. супрацоўнікі, з 22-га па 27-ы — кіраўнікі ВНУ. У залежнасці ад умоў працы, меры адказнасці і інш. да тарыфных ставак рабочых адпаведных разрадаў ужываецца каэф. павышэння ставак (напр., у рабочых, якія працуюць у шахтах, на буд-ве метрапалітэна ён складае 1,9).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РТАЎ Л. (сапр.Цэдэрбаўм Юлій Восіпавіч; 24.11.1873, г. Стамбул — 4.4.1923),
дзеяч сацыял-дэмакратычнага руху ў Расіі, адзін з лідэраў меншавікоў. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1892 за рэв. дзейнасць высланы ў Вільню. У 1895 адзін з заснавальнікаў (з У.І.Леніным і інш.) марксісцкага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» ў Пецярбургу. У 1896 арыштаваны і сасланы ў с. Туруханск Енісейскай губ.З 1901 у эміграцыі, адзін з рэдактараў с.-д. газет «Искра» і «Заря». На II з’ездзе РСДРП (1903) выступіў супраць ленінскага арганізац. плана пабудовы партыі. У 1905 чл. Пецярбургскага савета, з 1907 зноў у эміграцыі. У 1908—10 адзін з прыхільнікаў ператварэння РСДРП у легальную партыю (т.зв. ліквідатарства), у 1912—14 адзін з лідэраў «жнівеньскага блока» ў РСДРП (меншавікі, трацкісты, бундаўцы і інш.). У 1-ю сусв. вайну займаў цэнтрысцкія пазіцыі. З 1917 у Расіі, лідэр левай плыні ў меншавіцкай партыі. На II з’ездзе Саветаў (ліст. 1917) прапаноўваў стварыць урад з прадстаўнікоў усіх сацыяліст. партый. Асуджаў палітыку бальшавікоў, у т. л. разгон Устаноўчага сходу ў студз. 1918, арышты паліт. праціўнікаў і інш. У 1919 дэлегат (ад меншавікоў) VII Усерас. з’езда Саветаў, чл.ВЦВК, у 1919—20 дэп. Маскоўскага Савета. Звер. 1920 у эміграцыі. Адзін з арганізатараў Інтэрнацыянала 2 1/2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕГАРЭ́ЛАЕ,
гарадскі пасёлак у Дзяржынскім р-не Мінскай вобл.. на р. Ператуць, чыг. ст. на лініі Мінск—Баранавічы. За 10 км на ПдЗ ад Дзяржынска, 48 км ад Мінска. Аўтадарогамі злучана з Мінскам, Дзяржынскам, Баранавічамі, Уздой, Стоўбцамі. 1,1 тыс.ж. (2000).
Вядома з 16 ст. як перасадачная і паштовая станцыя на конным тракце Мінск—Навагрудак у Мінскім пав.ВКЛ. У 1588 у складзе Койданаўскага графства, уласнасць Радзівілаў. У 1620 вёска, 41 двор. З 1793 у Рас. імперыі ў Койданаўскай вол. У 1831 уласнасць Ю.Абрамовіча, з 1879 — Э.Чапскага. У 1871 праз Н. прайшла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка, адкрыта станцыя. З 1908 працавала нар. вучылішча. У 1921—39 сав. пагранічная станцыя. мела заставу, мытню. З 1924 у Койданаўскім р-не, з 1932 цэнтр сельсавета Дзяржынскага р-на. З 1938 гар. пасёлак у Мінскім, з 1939 — Дзяржынскім р-нах. З 29.6.1941 да 6.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў 1941—43 стварылі тут канцлагер, філіял Масюкоўшчынскага лагера смерці, дзейнічала група Дзяржынскага патрыятычнага падполля. З 1988 працуе музей гісторыі ст. Н.
З-д па вырабе вулляў, камбінат быт. абслугоўвання. Сярэдняя і муз. школы, кінатэатр, б-ка, музей гісторыі станцыі Негарэлае, паліклініка, аддз. сувязі, гандл.цэнтр. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла сав. ваеннапалонных, помнік землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РСКІЯ,
княжацкі род герба «Ліс» у ВКЛ. Першыя прадстаўнікі роду вядомы з дакументаў 1-й трэці 15 ст., валодалі маёнткамі Свір (адсюль прозвішча), Сырмеж, Споры, Мядзел, Варняны і інш.Андрэй С. падпісаў Кірстымонскі мірны дагавор 15.5.1432 вял.кн. Свідрыгайлы з Інфлянцкім ордэнам. Браты Эрык і Раман С. падпісалі акты Трокскай уніі 1433 і Гродзенскай уніі 1434, вядомы таксама іх брат (?) Івашка. Унукамі Эрыка былі: Андрэй Петкавіч (? — пасля 1503) — канонік віленскі, пробашч варнянскі, валодаў маёнткам Варняны; Якуб Петкавіч(? — даі 528) — харунжы свірскі; Марцін і Міхал Петкавічы (? — пасля 1503). Унук Івашкі Юхна прадаў у 1528 Ю.Радзівілу свой маёнтак разам зг. Свір і правам карыстання воз. Свір. Андрэй Юхнавіч (? — пасля 1533) прадаў у 1527 сваю частку Мядзела Гаштольду, астатнюю частку яму ж разам з братам Войцехам у 1533. Войцех Юхнавіч (?—1547) — харунжы крэўскі і свірскі (згадваецца з 1540). Унук Міхала Петкавіча Лукаш Баляслававіч (? — 1593) — пісар віленскага ваяводы М.Радзівіла Чорнага, дваранін гаспадарскі, маршалак гаспадарскі з 1565, староста крэўскі (згадваецца з 1569), цівун бяржанскі. Януш Баляслававіч (?—1597) — мастаўнічы полацкі (згадваецца з 1561), маршалак гаспадарскі (згадваецца з 1566), намеснік віленскі (згадваецца з 1588). Адзін з унукаў Марціна Петкавіча. Якуб Аляксандравіч (? — 1585) — маршалак гаспадарскі з 1580. Гэтая лінія роду С. і лінія Міхала Петкавіча мелі працяг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАСЕ́ЛЛЕ,
вёска ў Старасельскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса. За 20 км на ПнЗ ад г. Шклоў, 50 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Копысь. 478 ж., 192 двары (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, ацтэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. За 2 км на ПнУ ад вёскі магіла сав. ваеннапалонных і мірных жыхароў.
Вядома з 16 ст. як маёнтак у Аршанскім пав. Віцебскага ваяв.ВКЛ; уладанне Сапегаў. У 1606 у С. быў касцёл. З 1656 уладанне Нерушэвічаў, потым пратэстанцкай царквы. Вёска спалена ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З 1772 у Рас. імперыі, у Копыскай акрузе, у 19 ст. ў Аршанскім пав. Магілёўскай губ.; смалакурна-шкіпінарнае прадпрыемства (1859), Троіцкая царква і царк.-прыходская школа (1862). У 1868 уладанне Л.Цітова; 2 крупадзёрныя, вінакурны і цагельны з-ды, сукнавальня, 2 млыны, карчма. З 1886 мястэчка, цэнтр воласці Аршанскага пав.; 242 ж., 33 двары, валасное і мяшчанскае праўленне, 2 царквы, касцёл, сінагога, 2 кірмашы на год. У 1909—450 ж., 88 двароў. З 1919 у Гомельскай, з 1920 у Віцебскай губ., з 1924 у БССР. З 1924 цэнтр сельсавета Копыскага, з 1931 — Талачынскага, Шклоўскага р-наў, з 1938 у Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЭ́ДЛІК,
у беларусаў невялікі ўслончык, які часам рабілі з карэнішча ці камля з 3—4 адгалінаваннямі-ножкамі, з круглым ці квадратным сядзеннем. Саступіў месца табурэту і ў наш час амаль выйшаў з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ВАДэлектрычны,
металічны праваднікэл. току з аднаго (аднажыльны) або некалькіх (мнагажыльны) дратоў. Бываюць неізаляваныя (для паветраных ліній электраперадачы, кантактавых сетакэл. транспарту, антэнных прыстасаванняў) і ізаляваныя (абмотачныя, установачныя, мантажныя, эл. шнуры). Вырабляюцца пераважна з металаў высокай электраправоднасці. Ёсць таксама мікраправады (эмаліраваныя, дыям. да 0,05 мм, для абмотак мікрамашын, шпуль вымяральных і рэгуляваных прылад) і эмаль-правады (пераважна абмотачныя круглага ці прамавугольнага сячэння да 30 мм2зэл. ізаляцыяй у выглядзе тонкай плёнкі з эмалевага лаку або смалы).
Правады ЛЭП пераважна шматдротавыя сталеалюмініевыя (на адно- ці шматдротавы стальны асяродак навіты слаі алюмініевага дроту), сячэннем да 800 мм2. Падвешваюцца на апорах з дапамогай ізалятараў электрычных і спец. арматуры. Для асаблівых умоў выкарыстоўваюць П. спец. канструкцый (полыя, з антыкаразійнымі запаўняльнікамі і інш.). У кантактавай сетцы ўжываюць медныя ці бронзавыя правады круглага і фасоннага сячэння. Абмотачныя П. — з медзі або алюмінію, круглага ці прамавугольнага сячэння, з эмалевай, шкловалакністай, папяровай і інш. ізаляцый. Ідуць на абмоткі эл. машын, апаратаў, трансфарматараў і інш. Установачныя П. — медныя і алюмініевыя, пераважна круглага сячэння да 500 мм2, з гумавай ці полівінілхларыднай ізаляцыяй, для мантажу эл. абсталявання, скрытай і адкрытай праводкі ў жылых і вытв. будынках. П. мантажны — адна і шматдротавы з меднымі токаправоднымі жыламі, з полівінілхларыднай і поліэтыленавай ізаляцыяй, сячэннем да 6 мм2. Выкарыстоўваецца для фіксаванага і гнуткага мантажу электра- і радыёапаратуры, прылад на пультах і шчытах кіравання. Эл. шнуры — з гумавай ці полівінілхларыднай ізаляцыяй, 2—3-жыльныя (жылы сячэннем да 1 мм2з тонкага меднага дроту) для далучэння бытавых электрапрылад і радыёапаратуры. Набываюць пашырэнне звышправодныя П. пераважна са сплаваў ніобію з цырконіем і тытанам у абалонцы з вадкім геліем.