МА́РТАЎ Л.
(сапр. Цэдэрбаўм Юлій Восіпавіч; 24.11.1873, г. Стамбул — 4.4.1923),
дзеяч сацыял-дэмакратычнага руху ў Расіі, адзін з лідэраў меншавікоў. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1892 за рэв. дзейнасць высланы ў Вільню. У 1895 адзін з заснавальнікаў (з У.І.Леніным і інш.) марксісцкага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» ў Пецярбургу. У 1896 арыштаваны і сасланы ў с. Туруханск Енісейскай губ. З 1901 у эміграцыі, адзін з рэдактараў с.-д. газет «Искра» і «Заря». На II з’ездзе РСДРП (1903) выступіў супраць ленінскага арганізац. плана пабудовы партыі. У 1905 чл. Пецярбургскага савета, з 1907 зноў у эміграцыі. У 1908—10 адзін з прыхільнікаў ператварэння РСДРП у легальную партыю (т.зв. ліквідатарства), у 1912—14 адзін з лідэраў «жнівеньскага блока» ў РСДРП (меншавікі, трацкісты, бундаўцы і інш.). У 1-ю сусв. вайну займаў цэнтрысцкія пазіцыі. З 1917 у Расіі, лідэр левай плыні ў меншавіцкай партыі. На II з’ездзе Саветаў (ліст. 1917) прапаноўваў стварыць урад з прадстаўнікоў усіх сацыяліст. партый. Асуджаў палітыку бальшавікоў, у т.л. разгон Устаноўчага сходу ў студз. 1918, арышты паліт. праціўнікаў і інш. У 1919 дэлегат (ад меншавікоў) VII Усерас. з’езда Саветаў, чл. ВЦВК, у 1919—20 дэп. Маскоўскага Савета. З вер. 1920 у эміграцыі. Адзін з арганізатараў Інтэрнацыянала 2 1/2.
т. 10, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)