ПРО́ВАД электрычны,

металічны праваднік эл. току з аднаго (аднажыльны) або некалькіх (мнагажыльны) дратоў. Бываюць неізаляваныя (для паветраных ліній электраперадачы, кантактавых сетак эл. транспарту, антэнных прыстасаванняў) і ізаляваныя (абмотачныя, установачныя, мантажныя, эл. шнуры). Вырабляюцца пераважна з металаў высокай электраправоднасці. Ёсць таксама мікраправады (эмаліраваныя, дыям. да 0,05 мм, для абмотак мікрамашын, шпуль вымяральных і рэгуляваных прылад) і эмаль-правады (пераважна абмотачныя круглага ці прамавугольнага сячэння да 30 мм2 з эл. ізаляцыяй у выглядзе тонкай плёнкі з эмалевага лаку або смалы).

Правады ЛЭП пераважна шматдротавыя сталеалюмініевыя (на адно- ці шматдротавы стальны асяродак навіты слаі алюмініевага дроту), сячэннем да 800 мм2. Падвешваюцца на апорах з дапамогай ізалятараў электрычных і спец. арматуры. Для асаблівых умоў выкарыстоўваюць П. спец. канструкцый (полыя, з антыкаразійнымі запаўняльнікамі і інш.). У кантактавай сетцы ўжываюць медныя ці бронзавыя правады круглага і фасоннага сячэння. Абмотачныя П. — з медзі або алюмінію, круглага ці прамавугольнага сячэння, з эмалевай, шкловалакністай, папяровай і інш. ізаляцый. Ідуць на абмоткі эл. машын, апаратаў, трансфарматараў і інш. Установачныя П. — медныя і алюмініевыя, пераважна круглага сячэння да 500 мм2, з гумавай ці полівінілхларыднай ізаляцыяй, для мантажу эл. абсталявання, скрытай і адкрытай праводкі ў жылых і вытв. будынках. П. мантажны — адна і шматдротавы з меднымі токаправоднымі жыламі, з полівінілхларыднай і поліэтыленавай ізаляцыяй, сячэннем да 6 мм2. Выкарыстоўваецца для фіксаванага і гнуткага мантажу электра- і радыёапаратуры, прылад на пультах і шчытах кіравання. Эл. шнуры — з гумавай ці полівінілхларыднай ізаляцыяй, 2—3-жыльныя (жылы сячэннем да 1 мм2 з тонкага меднага дроту) для далучэння бытавых электрапрылад і радыёапаратуры. Набываюць пашырэнне звышправодныя П. пераважна са сплаваў ніобію з цырконіем і тытанам у абалонцы з вадкім геліем.

У.​М.​Сацута.

т. 13, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)