ПІ́КТЫ (лац. Picti),

назва групы плямён, якія складалі стараж. насельніцтва Шатландыі. П. пастаянна рабілі набегі на рымскую Брытанію, у 360-я г. дайшлі да Лондана. У 6 ст. ірландскі місіянер Калумбан схіліў іх да хрысціянства. У сярэдзіне 9 ст. заваяваны скотамі і змяшаліся з імі.

т. 12, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ДЛЫЯ ЛЮ́ДЗІ»,

тэрмін, што ўжываўся ў некаторых заканад. актах Расіі 18 ст. ў адносінах да ніжэйшых пластоў гар. насельніцтва. Рэгламент Гал. магістрата (1721) называў «П.л.» асоб, якія знаходзіліся «ў наймах і чорных работах», г. зн. «нерэгулярных» (немаёмасных) гараджан, што не ўваходзілі ў склад мяшчан.

т. 12, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛА́ДЫ ВЫТВО́РЧАСЦІ, прылады працы,

частка сродкаў вытв-сці, з дапамогай якіх або праз якія (абсталяванне, машыны, станкі і г.д.) чалавек уздзейнічае на аб’екты, прадметы працы, ператвараючы іх у гатовую прадукцыю. Тэрмін «прылады працы» шырока выкарыстоўваўся ў марксісцкай паліт. эканоміі, у сучаснай эканам. навуцы ўжываецца рэдка.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́НТЭР (ад англ. printer друкар),

прылада для аўтам. друку вынікаў апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ. Адносіцца да знакасінтэзавальных друкавальных прылад. Адрозніваюць П. кантактавага друку (маюць друкавальную, як і ў пішучых машынках, ці ігольчастую галоўку) і бескантактавага друку (струменныя і лазерныя), якія дазваляюць атрымліваць якасныя каляровыя відарысы.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЦІ́РКА ў машынабудаванні,

аперацыя мех. апрацоўкі з мэтай падгонкі дэталей, якія працуюць у пары (напр., клапан — сядло клапана). Зводзіцца да шматразовых перамяшчэнняў інструмента (прыціра) і дэталі (дэталей) з абразіўным матэрыялам. Выпраўляе форму дэталі ў межах допуску, памяншае шурпатасць паверхні і паляпшае іх эксплуатацыйныя якасці.

т. 13, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГІ́,

вёска ў Аздзелінскім с/с Гомельскага р-на. Цэнтр калгаса. За 25 км на ПнЗ ад Гомеля, 9 км ад чыг. ст. Лазурная. 433 ж., 147 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДЫМНА́Е ЗЛУЧЭ́ННЕ,

спалучэнне дэталей ў вузлах механізмаў, машын, прылад, апаратаў, збудаванняў, што дапускае разборку і зборку вузлоў без разбурэння дэталей. Асн. віды Р.з.: вінтавыя, балтавыя, зубчастыя, шпоначныя, клемавыя. Да Р.з. таксама адносяць некат. прэсавыя і клеявыя злучэнні, якія дапускаюць разборку без дэталей, напр., пры нагрэве.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯШЧЭ́ННАЕ ПІСА́ННЕ,

кнігі, якія змяшчаюць вызначальныя ідэі пэўнай рэлігіі і ўспрымаюцца вернікамі як дадзеныя шляхам божага адкрыцця. Кожная рэлігія мае ўласнае С.п.: напр., у хрысціянстве С.п. лічыцца Біблія (Стары і Новы запаветы), у іудаізме — Стары запавет, у будызме — Трыпітака, у ісламе — Каран, у індуізме — Веды.

т. 14, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЛАСНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для прыгатавання сіласу. Да іх адносяць расліны, што даюць высокі ўраджай зялёнай масы, багатыя асн. пажыўнымі рэчывамі, паддаюцца механізаванай уборцы і апрацоўцы. На Беларусі асн. С.к.: кукуруза, кармавыя лубін і капуста, сланечнік, віка-аўсяная сумесь, рапс, рэдзька і інш.

т. 14, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРО́Н (ад лац. operare працаваць, дзейнічаць),

участак генетычнага матэрыялу з аднаго, двух і больш счэпленых структурных генаў, якія кадзіруюць бялкі (ферменты), што ажыццяўляюць паслядоўныя этапы біясінтэзу якога-н. метабаліту. У аперон эўкарыёт уваходзіць, як правіла, адзін структурны ген. Рэгулятарныя элементы аперона складаюць таксама праматар (участак малекулы ДНК, з якім спецыфічна звязваецца фермент РНК-палімераза, што ажыццяўляе транскрыпцыю аперона) і аператар (участак ДНК, які нясе функцыю «ўключэння» або «выключэння» структурных генаў і рэгулюе функцыянальную актыўнасць аперона). Канцэпцыя аперона распрацавана франц. вучонымі Ф.​Жакобам і Ж.​Мано (1961) для тлумачэння механізму рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрыяльных клетках.

Рэгулятарная функцыя аперона адбываецца на стадыі транскрыпцыі і забяспечвае каардынацыю сінт. працэсаў і адпаведныя рэакцыі клеткі на ўплыў навакольнага асяроддзя. Кантралюе дзейнасць аперона ген-рэгулятар, які можа знаходзіцца ў розных участках храмасомы. Яго прадукт — бялок-рэгулятар — пастаянна сінтэзуецца ў клетцы ў невял. колькасці і здольны ўзаемадзейнічаць з двума рознымі субстратамі, з аператарам і эфектарам (нізкамалекулярным рэчывам). У рэпрэсібельных сістэмах комплекс бялку-рэгулятара з эфектарам набывае роднасць з аператарам і далучаецца да яго, у выніку адбываецца выключэнне генаў, якія кіруюцца гэтым аператарам. У індуцыбельных сістэмах эфектар, які далучаецца да бялку-рэгулятара, вызваляе аператар ад гэтага бялку. Такім чынам, запускаюцца ў работу гены, падпарадкаваныя дадзенаму аператару.

Да арт. Аперон. Асноўныя структуры і працэсы, якія ўдзельнічаюць у рэгуляцыі біясінтэзу бялкоў — ферментаў паводле гіпотэзы Жакоба—Мано. Лічбы паказваюць паслядоўнасць працэсаў.

т. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)