СТРАХАВА́ННЕ,

грамадзянска-прававыя адносіны па абароне маёмасных інтарэсаў фіз. і юрыд. асоб пры наступленні пэўных падзей (страхавых выпадкаў) за кошт грашовых фондаў, што фарміруюцца з узносаў (страхавых прэмій), якія яны плацяць. Ажыццяўляецца на аснове дагавораў маёмаснага або асабістага С., якія добраахвотна заключаюцца грамадзянінам або юрыд. асобай (страхавальнік) з страхавой арг-цыяй (страхоўшчык). Дагавор (страхавы поліс) заключаецца ў пісьмовай форме. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжваюцца выпадкі абавязковага С. жыцця, здароўя і маёмасці грамадзян за кошт сродкаў з адпаведнага бюджэту. С. проціпраўных інтарэсаў не дапускаецца. Не дапускаецца таксама С. страт ад удзелу ў гульнях, латарэях, закладах і ў выпадках, калі асоба была прымушана да страт з мэтай вызвалення заложнікаў. Парадак заключэння дагавораў С., іх ажыццяўленне, правы і абавязкі ўдзельнікаў С. рэгулююцца правіламі цывільнага кодэкса.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)