ДЗЯ́ТЛАЎ (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; н. 3.6.1936, в. Туркі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел.пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у друку, на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1980 у час. «Родная прырода». Друкуецца з 1956. Першая кн. апавяданняў «Росы на паплаве» (1974). У аповесцях «Белы месяц сакавік» (1977), «Сляды», «Начное неба ў ліпені» (абедзве 1981), «У вераснёвы вечар» (1987) даследуе духоўны свет чалавека, пытанні маралі і этыкі, праблемы адказнасці асобы перад сабой і грамадствам. Пра вясковых настаўнікаў аповесць «Брод» (1981), апавяданні «Поезд ішоў праз ноч», «Юрачка». Тэму пераемнасці пакаленняў, трагедыю Айч. вайны асэнсоўвае ў аповесці «Час даспелага жыта» (1981), апавяданнях «Вяртанне», «Жоўтае лісце», «Дана» і інш. Сутнасць змен у жыцці, горкія ўрокі мінулага спрабуе спасцігнуць у рамане «Парог» (1993), апавяданнях «Трое на прахадной», «Белыя людзі» і інш. Аўтар нарысаў, фельетонаў, твораў для дзяцей («Стрэл на белым лузе», 1985). Уздымае экалагічныя праблемы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РСКІ (Ілья Данілавіч) (26.4.1899, в. Замосце Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 11.8.1972),
бел.пісьменнік. Засл. дз. культ.БССР (1969). Скончыў БДУ (1932). З 1924 у Галоўліце БССР, Галоўрэперткоме, у Галоўмастацтве БССР. У 1935—41 рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у Вял.Айч. вайну — газ. «За свабодную Беларусь» і сатыр. лістка «Партызанская дубінка», у 1944—60 — час. «Беларусь». Друкаваўся з 1926. Аўтар п’ес «Дрыгва» (1928), «Качагары» (1930), «Маці» (1934), «Хлеб» (1948), «Свае людзі» (1950) і інш. У артыкулах 1930-х г. аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму. Асн. тэмы пасляваен. Творчасці: барацьба з ням.-фаш. захопнікамі (апавяданні, аповесць «Лясныя салдаты», 1945, раман «У агні», 1952, новая рэд. 1959), Кастр. рэвалюцыя ў Петраградзе і на Зах. фронце, у Беларусі (раман-хроніка «Вецер веку», 1966). Аўтар рамана-памфлета «Чужы хлеб» (1969). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага, А.Чэхава, М.Твэна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЭ́НГА-МАСТО́ВІЧ ((Dołęga Mostowicz) Тадэвуш) (сапр.Мастовіч; 10.8.1898, б. маёнтак Акунёва, цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 16 ці 20.9.1939),
польскі пісьменнік і журналіст. Дзіцячыя гады правёў у Глыбокім. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У 1922—26 супрацоўнік і рэд. варшаўскай газ. «Rzeczpospolita» («Рэспубліка»). Удзельнік польска-герм. вайны 1939, у час якой і загінуў. Аўтар 16 аповесцей, займальнасць і меладраматызм сюжэтаў якіх прынеслі Д.-М. вял. папулярнасць. Найб. значныя — «Кар’ера Нікадзіма Дызмы» (1932), у якой стварыў сатыр. карціну тагачаснага вышэйшага польск. грамадства. Сярод інш.: «Пракурор Аліцыя Горн» (1933), «Трэці пол» (1934), «Доктар Мурэк звольнены» і «Другое жыццё» (1936), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» (1939). Падзеі некат. твораў разгортваюцца на тэр.Зах. Беларусі («Кар’ера Нікадзіма Дызмы», «Знахар» і інш.). Большасць твораў Д.-М. экранізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ (Антон Юзаф) (1817, маёнтак Шчорсы каля г. Навагрудка — 30.6.1866),
бел. фалькларыст, пісьменнік. Працаваў у Шчорсаўскай б-цы Храптовічаў. З 1844 жыў у Вільні, дзе рэдагаваў «Виленские губернские ведомости». З 1863 перакладчык у газ. «Kurier Wilenski» («Виленский вестник»). Быў знаёмы з У.Сыракомлем, В.Каратынскім, А.Кіркорам і інш. літаратарамі і даследчыкамі бел. фальклору. Аўтар «Польскага казачніка» (т. 1—4, 1853) — зб. апрацаваных бел.нар. казак, анекдотаў, апавяданняў, былічак з ваколіц Навагрудка (Шчорсы і Нягневічы). Сярод іх казачныя сюжэты, запісы якіх вельмі рэдкія: «Дзяўчына-кветка», «Прададзены чорту становіцца свяшчэннікам», «Мяне маці забіла, бацька мяне з’еў» і інш. У зб. уключаны таксама пераробкі вядомых вершаваных казак В.Жукоўскага і А.Пушкіна. На сюжэт казкі пра папараць-кветку з яго зборніка Ф.Багушэвіч напісаў баладу «Хцівец і скарб на святога Яна». Зборнік Глінскага перакладзены на чэш., франц., англ. і ням. мовы. На польскай мове перавыдаваўся 11 разоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКА́ЎСКАС ((Žukauskas) Альбінас) (25.1.1912, в. Бубеле, Сувалкаўскае ваяв., Польшча — 10.8.1987),
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1972), засл. работнік культ. Беларусі (1973). Вучыўся ў Віленскім ун-це і Варшаўскай вышэйшай школе журналістыкі (1935—39). Аўтар зб-каў вершаў «Часы і людзі» (1938), «Цяжкая радасць» (1970), «Сонцаварот» (1973), «Прыбярэжныя водмелі» (1975, Дзярж. прэмія Літвы 1976), «Прамаці» (1981), «Бяздомная любоў» (1983), кніг навел і апавяданняў «Зямля плыве на поўдзень» (1939), «Паветраны калодзеж» (1964), «Добрыя камяні» (1973), «Чаму плакаў хлеб» (1980), у якіх асэнсоўвае рэаліі гіст. мінулага літ. вёскі, людскія лёсы, паказвае стойкасць народа, хараство роднага краю. На літ. мову пераклаў кнігі выбранай лірыкі Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова, М.Танка, асобныя творы П.Броўкі, З.Бядулі, М.Гарэцкага. На бел. мову яго творы перакладалі Р.Барадулін, А.Васілевіч, С.Грахоўскі. М.Калачынскі, А.Разанаў, Я.Семяжон, М.Танк, Н.Тарас, М.Хведаровіч, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫТКО́Ў (Барыс Сцяпанавіч) (11.9.1882, г. Ноўгарад, Расія — 19.10.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Новарасійскі ун-т у Адэсе (1906), Петраградскі політэхн.ін-т (1916). Працаваў іхтыёлагам, капітанам н.-д. судна, штурманам парусніка, рабочым-металістам, кіраўніком тэхн. вучылішча, быў марскім афіцэрам і інш. Друкаваўся з 1924. Аўтар марскіх аповесцей (зб-кі «Злое мора», 1924; «Марскія гісторыі», 1925—37), п’ес («Пяты мост», 1927, «Сем агнёў», 1929), навук.-маст. кніг («Пра гэтую кнігу», 1927, «Параход», 1935, і інш.), «Апавяданняў пра жывёл» (1935). Стварыў дзіцячую аповесць-энцыклапедыю «Што я бачыў» (1939) і інш. На бел. мову творы Ж. пераклаў С.Міхальчук і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГРАБЕ́ЛЬНЫ (Павел Архіпавіч) (н. 25.8.1924, в. Салошына Палтаўскай вобл., Украіна),
украінскі пісьменнік. Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1951). Дэбютаваў як навеліст (зб-кі «Стэпавыя кветкі», 1955; «Настаўнік», 1957; «Навелы марскога ўзбярэжжа», 1958). Вял.Айч. вайне прысвяціў аповесць «Дума пра неўміручага» (1957) і раманы «Еўропа 45» (1959), «Еўропа. Захад» (1961). Гісторыі Украіны прысвечаны раманы «Дзіва» (1968), «Першамост» (1972), «Смерць у Кіеве» (1973; за 2 апошнія Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1974), «Еўпраксія» (1975), «Раксалана» (1980), «Я, Багдан» (1983). Праблемы духоўнага і матэрыяльнага ў сучасным жыцці асэнсаваны ў раманах «Спякота» (1960), «Пераходзім да любові» (1971), «Разгон» (1976; Дзярж. прэмія СССР 1980), «Львінае сэрца» (1978), «Паўднёвы камфорт» (1984) і інш. Яго творы вызначаюцца вастрынёй сюжэта, дынамічнасцю дзеяння, публіцыстычнасцю. На бел. мову паасобныя творы З. пераклалі Л.Салавей, У.Паўлаў.
Тв.:
Твори. Т. 1—6. Київ, 1979—81;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1986—87.
Літ.:
Фащенко В. Павло Загребельний. Київ, 1984;
Шпиталь А.Г. Історична проза Павла Загребельного. Київ, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБАНА́ЦКІ (Юрый Аліферавіч) (1.1.1914, в. Барсукоў Казялецкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.4.1994),
украінскі пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Нежынскі пед.ін-т (1937). У Вял.Айч. вайну камандзір партыз. атрада імя М.Шчорса. Героіку Вял.Айч. адлюстраваў у кнігах апавяданняў «Над Дзясной» (1951), «Старэйшы брат» (1952), «Незабыўнае» (1953), раманах «Мы — не з легенды» (1973), «Чырвоная раса» (1981) і інш. Надзённыя праблемы сучаснасці ў аповесці «Між добрымі лю́дзьмі» (1955) і раман «Хвалі» (1967; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1970). Аўтар твораў для дзяцей: «Малінавы звон» (1958), «Марская чайка» (1959), «Курыны бог» (1966), «Прыгоды Івана Каструбы» (1984) і інш. За раман «Кукуюць зязюлі» (1975) і аповесці для дзяцей «Курылавыя астравы» (1963), «Гераподзвія» (1966) і інш.Літ. прэмія імя Л.Украінкі 1975. На бел. мову паасобныя яго творы пераклалі У.Краўчанка, А.Чаркасаў, І.Шамякін, П.Кавалёў.
Тв.:
Твори. Т. 1-4. Київ, 1984—85.
Літ.:
Про Юрія Збанацького: Статі, етюди, есе. Київ, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НАЎ (Усевалад Вячаслававіч) (24.2.1895, пас. Лябяжае Паўладарскай вобл., Казахстан — 15.8.1963),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1915, належаў да літ. групы «Серапіёнавы браты». Аповесці «Партызаны» (1921), «Браняпоезд 14-69» (аднайм. п’еса паст. МХАТ, 1927) і «Каляровыя вятры» (абедзве 1922) пра падзеі грамадз. вайны. Аўтар аўтабіягр. рамана «Прыгоды факіра» (1934—35; 2-я рэд. «Мы ідзём у Індыю», 1960), рамана «Пархоменка»(1939, фільм «Аляксандр Пархоменка», 1942), зб. апавяданняў «Хмель: Сібірскія апавяданні 1917—1962 гг.» (1963; бел.пер. А.Кудраўца, 1975), сац.-філас., гратэскавых раманаў «Ужгінскі крэмль» (выд. 1981), «У» (выд. 1988). На бел. мову перакладзены аповесць «Браняпоезд 14-69» (пер. М.Стагановіча, 1933), раман «Пархоменка» (пер. В.Макоўскай, 1941), п’еса «Блакада» (пер. А.Макаёнка, 1989). П’еса «Браняпоезд 14-69» паст. БДТ-1 (Нац.акад.т-р імя Я.Купалы) у 1928 і Дзярж.рус.драм. т-рам у 1936, п’еса «Блакада» — т-рам імя Я.Купалы ў 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЧА́Н (Міраслаў) (сапр. Бабюк Андрэй Дзмітрыевіч; 14.7.1897, в. Пядзікі Каламыйскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 1937),
украінскі пісьменнік. Скончыў Львоўскую настаўніцкую семінарыю (1914). У 1922—29 у эміграцыі. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1922—23) і ў Канадзе (1923—29), дзе вёў выдавецкую, літ., грамадска-публіцыстычную дзейнасць. З 1929 на Украіне. Рэпрэсіраваны ў 1933, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1914. Першая кніга — зб. навел і нарысаў «Смех Нірваны» (1918). Зб. навел «Фільмы рэвалюцыі», маст.-мемуарная дылогія «Трагедыя Першага мая» (абедзве 1923) і «У бур’янах» (1925) пра падзеі грамадз. вайны, п’есы «Падпольная Галіцыя» (1926), «Сям’я шчотачнікаў» (1927), «Радый» (1928), «Плацдарм» (1931), аповесць «Карпацкая ноч» (1927) і інш. пра нац.-вызв. барацьбу ў Зах. Украіне. Перакладаў з рус., польск., ням. і чэш. моў.
Тв.:
Твори. Т. 1—2. Київ, 1987;
Рус.пер. — Избранное. М., 1958.
Літ.:
Новиченко Л. Мирослав Ірчан. Київ, 1958;
Мельничук-Лучко Л. Драматургія Мирослава Ірчана. Київ, 1963.