ГЕРЦЛЬ
(Herzl) Тэадор (сапр. Зееў Біньямін; 2.5.1860, Будапешт — 3.7.1904),
яўрэйскі журналіст і пісьменнік, заснавальнік паліт. кірунку ў сіянізме. Д-р юрыд. н. (1884). Скончыў Венскі ун-т. Пісаў на ням. мове. У 1891—96 парыжскі карэспандэнт венскай газ. «Neue Freie Presse» («Новая свабодная прэса»). З 1897 выдавец і рэдактар венскай газ. «Die Welt» («Сусвет»). Асн. працу «Яўрэйская Дзяржава» (1896) Герцль прысвяціў неабходнасці стварэння ўласнай дзяржавы яўрэяў на іх гіст. радзіме ў Палесціне. Ініцыятар склікання 1-га Сіянісцкага кангрэса ў г. Базель (Швейцарыя, 1897), першы прэзідэнт Сусветнай сіянісцкай арганізацыі. З мэтай практ. рэалізацыі намераў па стварэнні яўр. дзяржавы спрабаваў заручыцца падтрымкай тур. султана Абдул-Хаміда II, рым. папы і герм. імператара Вільгельма II. Аўтар рамана «Старая новая зямля» (1902), кнігі фельетонаў (т. 1—2, 1904) і інш. У Ізраілі ўшаноўваецца як прадвеснік яўр. дзяржавы.
т. 5, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)