КНО́БЕЛЬСДОРФ (Knobelsdorf) Георг Венцэслаўс фон (17.2.1699, маёнтак Кукедэль, каля г. Кросен, Германія — 16.9.1753),

нямецкі архітэктар; папярэднік ранняга класіцызму. З 1740 гал. хавальнік прускіх каралеўскіх палацаў і паркаў. У творчасці К. рацыянальная структура планаў, строгае ўбранне фасадаў у духу паладыянства спалучаюцца з вытанчаным дэкорам інтэр’ераў у формах ракако: Оперны т-р у Берліне (цяпер Дзярж. опера; 1741—43), палац Сан-Сусі (1745—47) і Гар. палац (1745—51) у Патсдаме і інш.

т. 8, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́ЛЬДЭБРАНТ, Гільдэбрант (Hildebrandt) Іаган Лукас фон (14.11.1668, г. Генуя, Італія — 16.11.1745), аўстрыйскі архітэктар; адзін з вядучых прадстаўнікоў аўстр. барока. Вучыўся ў Рыме ў К.​Фантаны. Служыў інжынерам у арміі прынца Яўгена Савойскага (з 1701 прыдворны інжынер). У манум. пабудовах Х. багатыя рытмічныя чляненні працяглых фасадаў і пышная арнаментыка спалучаліся са строгай сіметрычнасцю планіроўкі: палацы Даўн-Кінскі (1713—16), Бельведэр Ніжні (1714—16) і Верхні (1721—22; усе ў Вене).

т. 17, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́РНБАСТЭЛЬ (Hornbostel) Эрых Морыц фон (25.2.1877, Вена — 28.11.1935),

аўстрыйскі музыказнавец, педагог; адзін з заснавальнікаў этнамузыкалогіі. Вучань, потым асістэнт К.​Штумпфа ў Ін-це псіхалогіі пры Берлінскім ун-це імя В.​Гумбальта (з 1917 праф. гэтага ун-та). З 1906 кіраўнік Берлінскага фонаграмархіва. З 1933 у ЗША. Аўтар навук. прац пра яп., інд., араб., афр. і інш. музыку, а таксама па сістэматыцы муз. інструментаў, муз. акустыцы і псіхалогіі. Сярод вучняў Г.Д.Каўэл.

т. 17, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЦЭНТР»,

група армій (ням. Heetsgruppe, аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сухапутных войск фаш. Германіі, якое дзейнічала на цэнтр. участку сав.-герм. фронту (у асн. на тэр. Беларусі) у 1941—44 у Вял. Айч. вайну; найб. моцная з утвораных таксама ў чэрв. 1941 груп «Поўдзень» і «Поўнач», прызначаных для нападу на СССР. Войскі групы «Ц.», якія ўзначаліў ген.-фельдмаршал Ф. фон Бок, пачалі наступленне 22.6.1941 на фронце больш за 500 км ад г. Голдап да г. Уладава (Польшча); мелі ў сваім складзе 2 палявыя арміі, 2 танк. групы (усяго 50 дывізій) і 2 матарызаваныя брыгады; іх падтрымліваў 2-і паветр. флот (каля 1700 баявых самалётаў). Задача групы: акружыць і знішчыць сав. войскі на тэр. Беларусі і стварыць спрыяльныя ўмовы для наступлення на Маскву. Аднак упартая Брэсцкай крэпасці абарона 1941, супраціўленне ворагу ў Навагрудскім «катле», Мінска абарона 1941, баі на Бярэзіне каля Барысава і Бабруйска, Магілёва абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш. садзейнічалі зрыву «маланкавай вайны». У выніку Смаленскай бітвы 1941 войскі групы армій «Ц.» часова прыпынілі наступленне і перайшлі да абароны, а ў Маскоўскай бітве 1941—42 пацярпелі паражэнне. Камандуючы фон Бок заменены ген.фельдмаршалам Г.Г. фон Клюге. Летам і ўвосень 1943 група армій «Ц» панесла вял. страты (гл. Курская бітва 1943, Смаленская аперацыя 1943, Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943). Зімой 1943—44 група «Ц.» абаранялася на Беларусі: лінія фронту праходзіла на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна і далей па р. Прыпяць да г. Ковель Валынскай вобл.; камандаваў арміямі ген.-фельдмаршал Э.​Буш. У выніку Беларускай аперацыі 1944 войскі групы страцілі 17 дывізій і 3 брыгады цалкам, а ў 50 дывізіях — больш за палову свайго складу. 28.6.1944 камандуючым прызначаны ген.-фельдмаршал В.​Модэль, з 15.8.1944 — ген.-палк. Рэйнгарт, са студз. 1945 — ген.-палк. Рэндуліч. 26.1.1945 група армій «Ц.» перайменавана ў групу армій «Поўнач», а група армій «А» (існавала ў ліп. 1942 — крас. 1944 і з вер. 1944) — у групу армій «Цэнтр», якая разгромлена ў выніку Вісла-Одэрскай, Берлінскай і Пражскай аперацый.

У.​І.​Лемяшонак.

т. 17, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКИЙ КОМИССИОНЕ́Р»,

штотыднёвая прыватная газета даведачна-інфарм. характару. Выдавалася з 1(13).5.1899 да 28.10(10.11). 1900 у Мсціславе на рус. мове баронам П. фон Пільхаў. Друкавала шматлікія аб’явы аб пошуках працы, продажы земляробчых прылад, насеннага матэрыялу, паведамляла пра рыначныя цэны і інш. Узнімала эканам. пытанні, праблемы класавай няроўнасці, прыводзіла асобныя факты барацьбы сялян за зямлю, асвятляла культ. жыццё Мсціслава. Выйшла 78 нумароў. Спыніла выданне з-за матэрыяльных цяжкасцяў.

Г.​Ф.​Юрчанка.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РДЭНБЕРГ (Hardenberg) Карл Аўгуст фон (31.5.1750, Эсэнродэ, каля г. Гіфгорн, Германія — 26.11.1822),

нямецкі дзярж. дзеяч. Князь (1814). Да 1782 на дзярж. службе ў курфюрстве Гановер. У 1791—98 міністр Прусіі, кіраваў маркграфствамі Ансбах і Байройт. Міністр замежных спраў (1804—06 і 1807) і дзярж. канцлер Прусіі (1810—22). Урад Гардэнберга працягваў ліберальныя пераўтварэнні, распачатыя папярэднімі ўладамі (гл. Штайна—Гардэнберга рэформы). Удзельнік Венскага кангрэса 1814—15. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—5, выд. 1877).

т. 5, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́НЕНТАЛЬ (Sonnenthal) Адольф фон (21.12.1834, Будапешт — 4.4.1909),

аўстрыйскі акцёр венскага «Бургтэатра» Г.​Лаўбе. З 1856 вядучы акцёр. Мастацтва З. вызначалася высокім майстэрствам сцэн. слова, тонкасцю, элегантнасцю, імкненнем ствараць гарманічна выразныя вобразы. Выконваў вядучыя ролі ў бюргерскай драме, свецкіх камедыях, п’есах Ф.​Шылера («Змова Фіеска ў Генуі», «Дон Карлас»), У.​Шэкспіра — Гамлет, Атэла (аднайменныя п’есы), Г.​Лесінга — Натан Мудры (аднайменная п’еса), І.​Тургенева — Ракіцін («Месяц у вёсцы»), Г.​Гаўптмана — Геншэль («Вазніца Геншэль») і інш.

т. 7, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КЕШЫ (Békésy) Дзьёрдзь фон (3.6.1899, Будапешт — 13.6.1972),

амерыканскі фізік, біяфізік і фізіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Будапешцкі ун-т (1923), дзе працаваў з 1936. З 1946 у Каралінскім ін-це (Стакгольм), з 1947 у Гарвардскім ун-це (ЗША). У 1966—72 у Гавайскім ун-це. (Ганалулу). Навук. працы па акустыцы і фізіялогіі слыху. Адкрыў фіз. механізм узбуджэння ва ўнутр. вуху. Нобелеўская прэмія 1961.

В.​Ф.​Ермакоў.

Дз.Бекешы.

т. 18, кн. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЛА ЭФЕ́КТ,

узнікненне ў правадніку з токам, змешчаным у магн. поле, электрычнага поля (холаўскай рознасці патэнцыялаў), накіраванага перпендыкулярна да шчыльнасці току і знешняга магн. поля. Адкрыты Э.Г.Холам у 1879. Тлумачыцца дзеяннем Лорэнца сілы на паток носьбітаў зараду (электронаў, дзірак, іонаў). Выкарыстоўваецца для вымярэння індукцыі магн. поля, вызначэння знака зараду рухомых носьбітаў зараду і іх канцэнтрацыі.

У магнетыках да звычайнага Х.э. дадаецца ферамагнітны (спантанны, ці анамальны) Х.э., абумоўлены намагнічанасцю правадніка. У двухмерным правадніку (таўшчыня меншая за сярэднюю даўжыню хвалі дэ Бройля электрона) з токам, змешчаным у магутнае магн. поле (калі энергія цыклатроннага руху электрона праводнасці большая за сярэднюю энергію цеплавога руху), назіраецца квантавы Х.э. — адносіны холаўскай рознасці патэнцыялаў да сілы току ступеньчатым чынам залежаць ад велічыні магн. поля і канцэнтрацыі электронаў. Адкрыты ў 1980 К. фон Клітцынгам. Выкарыстоўваецца ў метралогіі для стварэння эталона эл. супраціўлення.

Літ.:

Кучис Е.В. Гальваномагнитные эффекты и методы их исследования. М., 1990;

Клитцинг К. фон. Квантованный эффект Холла: Пер. с англ. // Успехи физ. наук. 1986. Т. 150, вып. 1;

Штермер Х. Дробный квантовый эффект Холла: Пер. с англ. // Там жа. 2000. Т. 170, № 3.

М.​А.​Паклонскі.

Да арт. Хола эфект. Схема вымярэння холаўскай рознасці электрычных патэнцыялаў UH : 1 — праваднік электрычнасці; 2 — токавыя кантакты; 3 — холаўскія кантакты, J→ — шчыльнасць току, B→ — індукцыя знешняга магнітнага поля (перпендыкулярная плоскасці рысунка).

т. 17, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ТГУС (Grotthuss, Grothuß) Крысціян Іаган Дзітрых (Тэадор) фон (20.1.1785, г. Лейпцыг, Германія — 26.3.1822), фізік і хімік. У 1803—08 вучыўся ў Лейпцыгу, Парыжы, Рыме. З 1808 праводзіў навук. даследаванні ў сваім маёнтку Гедучай у Літве. Навук. працы па электра- і фотахіміі, будове рэчыва. Прапанаваў тэорыю электролізу (1805), сфармуляваў першы закон фотахіміі (закон Гротгуса): фотахім. рэакцыю ў рэчыве можа выклікаць толькі тая частка падаючага на яго святла, якую рэчыва паглынае (1818).

Літ.:

Страдынь Я.П. Теодор Гротгус. М., 1966.

т. 5, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)