«ЦЭНТР»,
група армій (ням. Heetsgruppe, аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сухапутных войск фаш. Германіі, якое дзейнічала на цэнтр. участку сав.-герм. фронту (у асн. на тэр. Беларусі) у 1941—44 у Вял. Айч. вайну; найб. моцная з утвораных таксама ў чэрв. 1941 груп «Поўдзень» і «Поўнач», прызначаных для нападу на СССР. Войскі групы «Ц.», якія ўзначаліў ген.-фельдмаршал Ф. фон Бок, пачалі наступленне 22.6.1941 на фронце больш за 500 км ад г. Голдап да г. Уладава (Польшча); мелі ў сваім складзе 2 палявыя арміі, 2 танк. групы (усяго 50 дывізій) і 2 матарызаваныя брыгады; іх падтрымліваў 2-і паветр. флот (каля 1700 баявых самалётаў). Задача групы: акружыць і знішчыць сав. войскі на тэр. Беларусі і стварыць спрыяльныя ўмовы для наступлення на Маскву. Аднак упартая Брэсцкай крэпасці абарона 1941, супраціўленне ворагу ў Навагрудскім «катле», Мінска абарона 1941, баі на Бярэзіне каля Барысава і Бабруйска, Магілёва абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш. садзейнічалі зрыву «маланкавай вайны». У выніку Смаленскай бітвы 1941 войскі групы армій «Ц.» часова прыпынілі наступленне і перайшлі да абароны, а ў Маскоўскай бітве 1941—42 пацярпелі паражэнне. Камандуючы фон Бок заменены ген.фельдмаршалам Г.Г. фон Клюге. Летам і ўвосень 1943 група армій «Ц» панесла вял. страты (гл. Курская бітва 1943, Смаленская аперацыя 1943, Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943). Зімой 1943—44 група «Ц.» абаранялася на Беларусі: лінія фронту праходзіла на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна і далей па р. Прыпяць да г. Ковель Валынскай вобл.; камандаваў арміямі ген.-фельдмаршал Э.Буш. У выніку Беларускай аперацыі 1944 войскі групы страцілі 17 дывізій і 3 брыгады цалкам, а ў 50 дывізіях — больш за палову свайго складу. 28.6.1944 камандуючым прызначаны ген.-фельдмаршал В.Модэль, з 15.8.1944 — ген.-палк. Рэйнгарт, са студз. 1945 — ген.-палк. Рэндуліч. 26.1.1945 група армій «Ц.» перайменавана ў групу армій «Поўнач», а група армій «А» (існавала ў ліп. 1942 — крас. 1944 і з вер. 1944) — у групу армій «Цэнтр», якая разгромлена ў выніку Вісла-Одэрскай, Берлінскай і Пражскай аперацый.
У.І.Лемяшонак.
т. 17, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)