КРАСО́ЎСКІ (Мікалай Піліпавіч) (11.7.1933, г. Рэчыца Гомельскай вобл. —22.11.1989),
бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыў Бел. (1951; у 1953—56 і з 1960 выкладаў у ім) і Ленінградскае (1953) харэаграфічныя вучылішчы, Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1960). Працаваў у т-рах оперы і балета Чэлябінска і Баку. З 1960 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1975 арганізатар і кіраўнік эстр.-харэаграфічнага ансамбля «Чараўніцы». Выкананне К. вызначалася высокай тэхнічнасцю, экспрэсіяй, тэмпераментам. Сярод партый на бел. сцэне: Мікалай, Князь («Мара», «Выбранніца» Я.Глебава), Прынц, Тыбальд («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Прынц, Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Абдэрахман («Раймонда» А.Глазунова), Салор, Базіль («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса). Балетмайстар спектакляў «Фіялка Манмартра» І.Кальмана, «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі (з Э.Піно, 1971) і інш. у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі; ставіў танцы і пантаміму да драм. спектакляў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1967). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.
Літ.:
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУ́КІ,
від японскага класічнага тэатра. Уключае музыку, танцы, драму. Узнік у 16 ст. на аснове нар.т-ра і нар. танца. Першапачаткова трупы складаліся пераважна з жанчын (она-К.), пасля іх забароны (1629) — з хлопчыкаў-падлеткаў (вакасю-К.), з 1651 — выключна з мужчын (яра-К.), якія выконвалі і жаночыя ролі (анагата). Гісторыя драматургіі К. звязана з развіццём гутарковай драмы (нёгэн), якой папярэднічаў нар. вулічны фарс 14—15 ст. Ігра акцёраў будавалася на аснове пераймання рэчаіснасці (манамантэ) і перадачы ўнутр. свету, стану чалавека. Гал. жанры К. — пачуццёвая меладрама і быт. драма. Росквіт К. пачынаецца з канца 17 ст.
Завершаную форму набыў у 2-й пал. 18 ст., калі ў рэпертуар увайшлі п’есы т-ра марыянетак, пантаміма, склаліся дакладна вызначаныя тэхніка ігры акцёраў (ката), амплуа (герой, нягоднік, дзяўчына, хлопец і інш.), сістэма дэкарацый і абсталявання сцэны, акцёрскія дынастыі. З 1870-х г. К. рэфармаваўся, часткова набыў еўрап. рысы. У 1980-я г. пачалося абнаўленне т-ра і яго новы ўздым. У сучасным К. захаваліся асаблівая ўмоўная манера выканання, кананічныя позы, грым, дэкарацыі і інш.
Сцэны тэатра кабукі. З дрэварытаў Кацукавы Шаунша і Утагавы Кунісады.
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт. Расіі (1956). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1905, педагог М.Легат). У 1905—22 саліст Марыінскага т-ра (у 1910—11 гастраліраваў у ЗША). У 1922—56 (з перапынкамі) маст. кіраўнік трупы Т-ра імя Кірава, з 1931 арганізатар і кіраўнік балетнай трупы Ленінградскага Малога т-ра оперы і балета, у 1936—41 маст. кіраўнік Ленінградскага харэаграфічнага вучылішча. Арганізатар і кіраўнік балетмайстарскага аддзялення Ленінградскай кансерваторыі (1962, з 1965 праф.). Адным з першых сярод сав. балетмайстраў пачаў аднаўляць балеты класічнай спадчыны. Стварыў бессюжэтны праграмны «балет-сімфонію» (танцсімфонія «Веліч сусвету» на муз. Л.Бетховена, 1923), сінт. спектаклі (уводзіў спевы, слова, эксцэнтрыку, буфанаду, элементы цырка, т-ра лялек і інш.). Сярод пастановак у Т-ры імя Кірава: «Веліч сусвету»; «Пульчынела» І.Стравінскага (1926), «Ледзяная дзева» на муз. Э.Грыга (1927), «Вясновая казка» на муз. П.Чайкоўскага — Б.Асаф’ева (1947). На бел. сцэне паставіў балеты «Капелія» Л.Дэліба (1935), «Салавей» М.Крошнера (разам з А.Ермалаевым), танцы ў оперы «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1939). Аўтар кніг «Шляхі балетмайстра» (1925), «Шэсцьдзесят гадоў у балеце» (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУПІ́ЦКІЯ МУЗЫ́КІ»,
бел. фальклорны ансамбль. Створаны ў 1982 пры Крупіцкім цэнтр. Доме культуры Мінскага р-на, у 1986 нададзена званне народнага. Арганізатар і маст. кіраўнік У.Гром, балетмайстар Г.Чорны. Уключае інстр. ансамбль (16 музыкантаў), вак. (5 спевакоў) і танц. (12 выканаўцаў) групы. Сярод нар. інструментаў басэтля, колавая ліра, дуда, акарына, «салавей» і інш. У рэпертуары апрацоўкі нар. песень і танцы розных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Крупіцкая полька», «Журавель», «Герань», харэаграфічная замалёўка «Пава», мініяцюра «Люстэрка», творы муз. спадчыны 18—19 ст. (А.Абрамовіча, А. і М. Ельскіх, В.Казлоўскага, Мацея Радзівіла, Ю.Шадурскага), сучасных бел. кампазітараў. Зрабіў больш за 100 запісаў на Бел. радыё. Даследуе і захоўвае бел.нар.муз. інструменты (больш за 100 інструментаў). Займаецца дабрачыннай дзейнасцю: з яго ўдзелам у в. Крупіца пабудаваны сучасны Цэнтр здароўя. Пра яго зняты кіна- і відэафільмы. Удзельнік 1-й Сусв. фалькларыяды (г. Брунсюм, Галандыя, 1996), Дзён бел. культуры ў Японіі (г. Нагоя, 1995). Лаўрэат і дыпламант многіх міжнар.фалькл. фестываляў, у т. л. ў Італіі (г. Сабаўдыя, 1988, Гран пры), Югаславіі (г. Нові-Сад, 1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1990.
І.Дз.Назіна.
Інструментальная група ансамбля «Крупіцкія музыкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПЕРА-БАЛЕ́Т (франц. opera-ballet),
музычна-тэатральны жанр. Склаўся ў Францыі на мяжы 17—18 ст. Яе вытокі ў прыдворным балеце 16 ст., камедыях-балетах, створаных Ж.Б.Люлі разам з Мальерам і інш. О.-б. вылучаюцца маляўнічасцю і дэкаратыўнасцю. Звычайна ўключаюць пралог і 3—4 карціны, сюжэтна амаль не звязаныя, падпарадкаваныя толькі агульнай ідэі твора, у іх танцы чаргуюцца з рэчытатывамі, арыямі, ансамблямі і інш. опернымі формамі. У адрозненне ад прыдворных балетаў і лірычных трагедый з алегарычнымі і міфал. сюжэтамі ў О.-б. часта ўвасоблены вобразы рэальных асоб. Найб. яскравыя ўзоры О.-б. створаны А.Кампра («Галантная Еўропа», 1697; «Каханне Марса і Венеры», 1712), Ж.Ф.Рамо («Галантная Індыя», 1735; «Святкаванні Гебы», 1739, і інш.). Сярод твораў 19—20 ст.: «Перамога Вакха» А.Даргамыжскага (1848), «Млада» М.Рымскага-Корсакава (1890), «Снежная каралева» М.Раўхвергера (1965), «Тэатр цудаў» Г.В.Генцэ (1948, 2-я рэд. 1965), «Давід Сасунскі» Э.Аганесяна (1976), «Вій» В.Губарэнкі (1980). На Беларусі О.-б. ставіліся ў прыватнаўласніцкіх т-рах сярэдзіны 18 ст., у т. л. «Шчаслівае няшчасце» Ф.У.Радзівіл у Нясвіжскім т-ры Радзівілаў (1752).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДАЛІ́НА,
струнны шчыпковы муз. інструмент лютневай сям’і. Вядома некалькі тыпаў М., якія адрозніваюцца формай корпуса, памерамі шыйкі, колькасцю струн, строем. Найб. пашыраная неапалітанская М. мае моцна пукаты склеены з асобных сегментаў корпус авальнай формы, плоскую дэку з круглай рэзанатарнай адтулінай, кароткую шыйку з метал. ладамі і галоўку з калкамі для замацавання 4 парных струн. Строй М. квінтавы, як у скрыпкі (g—d1—a1—e2). Чысты звонкі гук здабываецца з дапамогай плектра (медыятара). Сфарміравалася ў Італіі каля 1700, з 18 ст. вядома і ў краінах Еўропы. У 19 ст. адзін з найб. папулярных аматарскіх муз. інструментаў, выкарыстоўвалася як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент, служыла асновай т.зв. неапалітанскага аркестра, часам уводзілася і ў оперна-сімфанічны. Для М. пісалі Л.Бетховен, А.Вівальдзі і інш. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку ў муз. побыце гарадоў і мястэчак, на мяжы 19—20 ст. і вёсак (асабліва папулярная ў 1920—30-я г.). У нар. практыцы — сольны і ансамблевы інструмент. Рэпертуар нар. мандаліністаў уключае танцы і песні пераважна гар. паходжання.
Літ.:
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.
расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт.СССР (1976). Вучыўся ў студыі М.Мордкіна (1918—19), у Маскоўскім харэаграфічным вучылішчы (1919—21, педагог А.Горскі), у 1923—60 выкладаў у ім. У 1921—54 саліст, з 1946 педагог Вял.т-ра ў Маскве. З 1925 выступаў як балетмайстар. Яго выкананне вылучалася высакароднай манерай, жыццярадаснасцю, віртуозным тэхн. майстэрствам. Узбагаціў тэхніку мужчынскага танца. Сярод лепшых партый: Кален («Марная засцярога» П.Л.Гертэля), Зігфрыд, Прынц, Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), сарацынскі танец і Бернар («Раймонда» А.Глазунова), Пятрушка і Арап («Пятрушка» І.Стравінскага), Раб і Пірат («Карсар» А.Адана), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Піліп («Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева). Як балетмайстар аднаўляў і ставіў у новых рэдакцыях класічныя балеты (у т. л. «Лебядзінае возера» ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, 1978), танцы ў операх, ствараў і сам выконваў канцэртныя нумары, у т. л. «Футбаліст» на муз. А.Цфасмана. Яго творчасці прысвечаны дакумент. тэлефільм «Асаф Месерэр» (1989). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ ВЕЧАРЫ́НКІ,
вечары бел. нацыянальнай культуры, якія праводзіліся з пач. 20 ст. да 1920-х г. на Беларусі і па-за яе межамі. Садзейнічалі прапагандзе бел. мастацтва, арг-цыі аматарскіх гурткоў, станаўленню бел.прафес.т-ра, разгортванню культ.-асв. работы, уздыму нац.-вызв. руху. Наладжваліся бел. творчай інтэлігенцыяй, студэнтамі, рамеснікамі, сялянамі ў Гродне, Полацку, Слуцку, Капылі, Дзісне, Давыд-Гарадку (Столінскі р-н), Радашковічах і Красным (Маладзечанскі р-н), Карэлічах, Празароках (Глыбоцкі р-н) і інш., а таксама ў Пецярбургу, Ніжнедняпроўску (Украіна), Сібіры і інш. мясцінах, дзе жылі беларусы. Праводзіліся па ініцыятыве Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні, аматарскіх тэатр. калектываў у Мінску і Вільні (гл.Першая беларуская вечарынка). У Пецярбургу Беларускія вечарынкі праводзіў Бел.навук.-літ. гурток студэнтаў ун-та. У праграме Беларускіх вечарынак былі спектаклі («Паўлінка» Я.Купалы, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «Пра шкоду тытуню» А.Чэхава, «Разумны і дурань» І.Карпенкі-Карага, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі), харавыя і сольныя спевы, танцы, выступленні чытальнікаў. Беларускія вечарынкі былі папулярныя ва ўсёй Беларусі, іх традыцыі пакладзены ў аснову дзейнасці Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Форму вечарынак выкарыстоўвалі многія бел.тэатр. калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВЕРТЫСМЕ́НТ (франц. divertissement літар. забава, развесяленне),
1) устаўныя, пераважна вак.-харэаграфічныя нумары, у драм., оперных і балетных спектаклях у 17—19 ст. Выконваліся паміж актамі спектакля, як правіла, не былі звязаны з яго сюжэтам.
2) Праграма з нумароў розных жанраў (папулярныя арыі, куплеты, танцы, камічныя маналогі і сцэнкі і інш.). З 17 ст. паказвалася ў драм. т-ры пасля заканчэння асн. п’есы.
3) Устаўная муз.-харэаграфічная кампазіцыя (балетная сюіта) унутры опернага ці балетнага спектакля. Уключаецца звычайна для паказу выканальніцкіх магчымасцей салістаў, раскрыцця асн. рыс вобразаў, якія ўвасабляюцца. Вядомы з 17 ст., сустракаюцца і ў 19—20 ст. (рысы дывертысментнасці ёсць у оперы «Кветка шчасця» А.Туранкова, балетах «Падстаўная нявеста» Г.Вагнера, «Выбранніца» Я.Глебава і інш.).
4) 3 17 ст.інстр. і вакальныя муз. творы развесяляльнага характару. З 18 ст. адна з цыклічных формаў інстр. музыкі для камернага ансамбля ці аркестра і для аднаго інструмента (І.Гайдн, В.А.Моцарт і інш.). Спалучае рысы санаты і сюіты, блізкі да серэнады, касацыі, накцюрна. Узнік у камедыі-балеце, камічных операх 17—18 ст. (Ж.Б.Люлі, Ж.Ф.Рамо, К.В.Глюк), вядомы і ў больш позніх шматактовых операх і балетах.
5) Свабодная інтэрмедыя ўнутры фугі (у замежнай муз. тэорыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў 1834—1939. Гродзенская мужчынская гімназія адкрыта ў 1834 на базе б. дамініканскай гімназіі як класічная з 8-гадовым тэрмінам навучання. Вывучаліся Закон Божы, лац. і грэч. мовы, фізіка, матэматыка, прыродазнаўчыя навукі, рус. мова і л-ра, гісторыя, геаграфія і інш.Гродзенская жаночая Марыінская гімназія адкрыта ў 1860 як 7-класная. Утрымлівалася пераважна на сродкі аплаты за навучанне. Вывучаліся Закон Божы, рус. мова і славеснасць, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, арыфметыка, геаметрыя, франц. і ням. мовы, асновы педагогікі, чыстапісанне, маляванне, спевы, рукадзелле, танцы. Гродзенская мужчынская прыватная гімназія М.С.Хныкіна адкрыта ў 1906 як 6-класная, у 1907 утвораны 7-ы клас. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. У 1907 — 250 навучэнцаў. Гродзенская жаночая прыватная гімназія К.М.Баркоўскай адкрыта ў 1906 як 7-класная з падрыхтоўчым класам і дзіцячым садком; 311 выхаванак. Гродзенская прыватная жаночая яўрэйская гімназія Т.В.Астрагорскай і Л.С.Вальдман засн. ў 1852 як прыватнае вучылішча, якое у 1906 рэарганізавана ў прыватную 4-класную прагімназію, з 1907 — 7-класная гімназія. У 1915 у ёй навучалася 330 чал. У 1-ю сусв. вайну Гродзенскія гімназіі зачынены або эвакуіраваны. У 1920—39 у Гродне дзейнічала 5 гімназій, у т. л. 2 дзяржаўныя. З 1939 рэарганізаваны ў агульнаадук. сярэднія школы.