Станіслаў Людвік (Станіслаў Львовіч; 12.4.1853, с. Кузава Маскоўскай вобл. — 20.12.1933), польскі гісторык, архівіст, філолаг. Чл. Польскай АН у Кракаве (1931), канд.гіст.-філал.н. (1877), ганаровы праф. (1929). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1877). Працаваў ва ун-це, архідыяцэзнай семінарыі і гімназіях у Пецярбургу. У 1884—87 метрыкант «Літоўскай метрыкі» ў архіве Сената. У 1887 апублікаваў «Вопіс кніг і актаў Літоўскай метрыкі». З 1896 дацэнт Пецярбургскага ун-та, з 1899 выкладчык, праф. Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. Ў 1918—19, 1921—26 дырэктар Дзярж. архіва ў Любліне, адначасова праф. Люблінскага каталіцкага ун-та, у 1919—21 дэкан філас. ф-та Віленскага ун-та. Удзельнічаў як эксперт у падрыхтоўцы Рыжскага мірнага дагавора 1921. У 1926—31 дырэктар Дзярж. архіваў Польшчы. Ініцыятар выдання і рэдактар (1927—32) час. «Archeion» («Археён»). Вывучаў л-ру 16 ст., гісторыю і права ВКЛ. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 17-га т. «Поўнага збору рускіх летапісаў» (1907), дзе апублікаваны бел.-літ. летапісы. Выявіў і апублікаваў Альшэўскі летапіс (Вільня, 1907), выдаў попісы войска Вялікага княства Літоўскага 1528, 1565 і 1567 (1915). У нясвіжскай б-цы Радзівілаў выявіў рукапіс твора М.Стрыйкоўскага «Аб пачатках літоўскага народу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Канстанцін) (5.4.1793—6.4.1869),
палітычны дзеяч, мецэнат, адзін з першых бел. фалькларыстаў. Сын Мацея Радзівіла. Атрымаў у спадчыну маёнтак Паланэчка ў Навагрудскім пав., які быў адным з культ. асяродкаў у краі. Збудаваў Паланэчкаўскі палац. Сабраў значную б-ку (4 тыс. тамоў), архіў, калекцыю твораў мастацтва, у якой былі партрэты прадстаўнікоў роду Радзівілаў, карціны Ю.Пешкі, Я.Рустэма, гравюры, габелены, медалі. Камергер імператарскага двара. У 1820 уступіў у тайнае паліт.т-ва «Нацыянальнае масонства», а ў 1821 далучыўся да яго пераемніка — Патрыятычнага таварыства (чл.к-таЛіт. правінцыі). Пасля задушэння паўстання дзекабрыстаў 1825 быў арыштаваны. У 1850-я г. даслаў у Рус.геагр.т-ва «Статыстычны нарыс Навагрудскага павета» і «Этнаграфічныя звесткі пра жыхароў Навагрудскага павета» (зберагаюцца ў архіве т-ва). Склаў слоўнічак мясц. слоў, апісаў знешні выгляд навагрудскіх сялян, іх адзенне, абрады на Купалле, Дзяды, Куццю, сял. вяселле. Запісаў 84 прыказкі, калядную, 2 купальскія і 27 вясельных песень.
Літ.:
Цішчанка І.К. Да народных вытокаў. Мн., 1986;
Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. 2 wyd. Wrocław etc., 1992. T. 2. S. 317—321.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ННЫЯ АРКЕ́СТРЫ І КАПЭ́ЛЫ,
прыватнаўладальніцкія муз. выканальніцкія калектывы ў гарадах і мястэчках магнатаў Беларусі 18—1-й пал. 19 ст. Фарміраваліся з прыгонных сялян (часам папаўняліся прафес. музыкантамі). Капэламі называлі роднасныя змешаныя ансамблевыя калектывы са стр., духавых, ударных, а таксама нар. інструментаў («сялянская музыка», «мінская музыка з цымбаламі» і інш.), ці віды духавых аркестраў («янычарская капэла», т.зв. «янычарня»). Такія аркестры і капэлы стваралі магнаты-меламаны ці мецэнаты. Яны адыгралі значную ролю ў станаўленні прафес. і аматарскага інстр. выканальніцтва на Беларусі. Адным з буйнейшых такіх калектываў была капэла М.К.Радзівіла ў Нясвіжы, сфарміраваная з прыгонных сялян (гл.Нясвіжская капэла Радзівілаў). Не менш вядомы калектыў — слонімскі аркестр М.К.Агінскага (з 1765), у складзе якога было больш за 50 інструменталістаў і вакалістаў (капельмайстары Мейснер, Ю.Паўлі, А.Данезі і інш.). Высокім выканаўчым майстэрствам вылучаўся аркестр А.Сапегі ў Ружанах (у 1765—1820-х г. у Дзярэчыне; капельмайстар К.Кіпрыяні). Еўрап. вядомасць і прызнанне меў у 1765—85 гродзенскі аркестр А.Тызенгаўза (гл.Гродзенская капэла Тызенгаўза). «Капэлу духавой музыкі», рагавы аркестр, «аркестр хатняй музыкі» з запрошаных музыкантаў меў у Шклове ў 1788—99 С.Зорыч (гл.Шклоўскі тэатр Зорыча; капельмайстар І.Л.Стэфані). Да лепшых адносіліся аркестры З.Чарнышова ў Магілёве і Чачэрску. Унікальнай з’явай у муз. жыцці Беларусі і за яе межамі была дзейнасць стр. ансамбля — квартэта прыгонных музыкантаў, створанага. кампазітарам-аматарам У.Кастрыёта-Скандэрбекам (гл.Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека). Для забеспячэння творчай дзейнасці П.а. і к. пры іх ствараліся спец.муз. школы навучання ігры на стр., духавых інструментах, што закладвала асновы муз. педагогікі на Беларусі (гл.Музычная адукацыя, Музычныя школы). У 1740—60-х г. пры Слуцкай капэле Радзівіла дзейнічала муз. школа, у якой навучаліся музыканты са Слуцка і бліжэйшых вёсак. З 1751 у Нясвіжы існавала муз. школа (па навучанні ігры на габоі, фагоце, флейце, валторне, трубе і інш.), у якую набіралі дзяцей прыгонных сялян з Нясвіжа, Слуцка, Ляхавіч і інш. маёнткаў Радзівілаў. Падобныя муз. школы існавалі пры Слонімскім т-ры ў 1770—80-я г. М.К.Агінскага (гл.Слонімская капэла Агінскага), Ружанскім т-ры А.Сапегі, пры тэатр. школе А.Тызенгаўза (1774—80), потым у Паставах (да 1785; гл.Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза). У муз. школах пры т-рах 8—10-гадовых дзяцей навучалі ігры на стр. і духавых інструментах (флейта, габой, кларнет, фагот, валторна, труба).
Літ.:
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;
Дадиомов О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992;
Капилов А.Л. Скрипка белорусская. Мн., 1982;
Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990;
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўныя вырабы канца 15 — пач. 20 ст. з мясц. гліны ў г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Выраблялі пліткі, вуглы, часткі карніза. У канцы 15—17 ст. была пашырана тэракотавая кафля з рэльефным геам. арнаментам, тэракотавая і зялёная паліваная з рэльефным раслінным і геральдычным (выявы конніка, арла з гербам Радзівілаў) арнаментамі. Аналагічная арнаментыка сустракаецца ў польскай, літоўскай (геральдычнай выявы) і мінскай (раслінныя матывы) кафлі. У 2-й пал. 17 ст. выхадцы з Копысі Я.Андрэеў, С.Аляксееў, П.Будкееў, С.Грыгор’еў, В.Дарафееў, І.Максімаў, П.Фёдараў выраблялі шматколерную паліваную кафлю і аздаблялі ёй палацы і храмы ў Рус. дзяржаве. Найб. пашырыўся выраб кафлі ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў Копысі працавала каля 20 заводаў. Тагачасная кафля вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў), якімі абліцоўвалі печы; пераважала ружова-бэзавая, зялёна-блакітная, белая з золатам расфарбоўка; узор — найчасцей кветкі рамонка, сланечніку, паслёну (многія ўзоры выконваліся па малюнках замежных каталогаў). К.к. вывозілі за межы Беларусі. З пач. 1980-х г. К.к., упрыгожаную традыц.бел. арнаментам, вырабляе Копыскі кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў.
Да арт.Копыская кафля. Фрагмент печы з кафлі, маляванай каляровымі палівамі. Канец 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕГАРЭ́ЛАЕ,
гарадскі пасёлак у Дзяржынскім р-не Мінскай вобл.. на р. Ператуць, чыг. ст. на лініі Мінск—Баранавічы. За 10 км на ПдЗ ад Дзяржынска, 48 км ад Мінска. Аўтадарогамі злучана з Мінскам, Дзяржынскам, Баранавічамі, Уздой, Стоўбцамі. 1,1 тыс.ж. (2000).
Вядома з 16 ст. як перасадачная і паштовая станцыя на конным тракце Мінск—Навагрудак у Мінскім пав.ВКЛ. У 1588 у складзе Койданаўскага графства, уласнасць Радзівілаў. У 1620 вёска, 41 двор. З 1793 у Рас. імперыі ў Койданаўскай вол. У 1831 уласнасць Ю.Абрамовіча, з 1879 — Э.Чапскага. У 1871 праз Н. прайшла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка, адкрыта станцыя. З 1908 працавала нар. вучылішча. У 1921—39 сав. пагранічная станцыя. мела заставу, мытню. З 1924 у Койданаўскім р-не, з 1932 цэнтр сельсавета Дзяржынскага р-на. З 1938 гар. пасёлак у Мінскім, з 1939 — Дзяржынскім р-нах. З 29.6.1941 да 6.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў 1941—43 стварылі тут канцлагер, філіял Масюкоўшчынскага лагера смерці, дзейнічала група Дзяржынскага патрыятычнага падполля. З 1988 працуе музей гісторыі ст. Н.
З-д па вырабе вулляў, камбінат быт. абслугоўвання. Сярэдняя і муз. школы, кінатэатр, б-ка, музей гісторыі станцыі Негарэлае, паліклініка, аддз. сувязі, гандл.цэнтр. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла сав. ваеннапалонных, помнік землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ СВЕ́РЖАНЬ,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Стоўбцы—Нясвіж. Цэнтр сельсавета. За 4 км на Пд ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 82 км ад Мінска. 2277 ж., 789 двароў (2000). Стаўбцоўская райаграпрамтэхніка, лесазавод, тарарамонтнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Навасвержанская Успенская царква, Навасвержанскі Петрапаўлаўскі касцёл.
Вядома з 1568 як мястэчка Свержань Навагрудскага пав. з замкам, царквой і млынам. З 1578 уласнасць Радзівілаў, пры якіх у 1588 заснаваны касцёл, у 1592 — уніяцкая царква, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі кляштар з семінарыяй, пабудавана Свержанская фаянсавая мануфактура. У 17—18 ст. у складзе Мірскага графства. У 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 спалена шведамі. У 18 ст. атрымала назву Н.С. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр Свержанскай вол. Мінскага пав. У 1860-я г. 178 двароў, нар. вучылішча, школа. царква, касцёл, капліца, сінагога, 2 млыны, каля 20 крам, карчма, паштовая станцыя, штогод 2 кірмашы, у 1897—1749 ж., 297 двароў. З 1921 у Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́Ж,
горад, цэнтр Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. За 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, з аўтамагістраллю Мінск—Слуцк. 14,6 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў 1446 як уласнасць Сяляўкі, перададзеная вял.кн.ВКЛ Казімірам М.Неміровічу. З 1492 уласнасць маршалка ВКЛ П.Я.Мантыгірдавіча, з 1523 — Радзівілаў. У 1547 з атрыманнем М.Радзівілам Чорным княжацкага тытула Н. стаў цэнтрам Нясвіжскага княства. У сярэдзіне 16 ст. ў Н. дзейнічаў кальвінскі збор. Па ініцыятыве М.К.Радзівіла Сіроткі 23.4.1586 Н. атрымаў магдэбургскае права. У 1586 засн.Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у 1591 — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у 1598 — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1583 пачата буд-ва Нясвіжскага замка (гл. ў арт.Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 1586 Н. стаў цэнтрам зямельнага ўладання Радзівілаў — Нясвіжскай ардынацыі з рысамі дзярж. адзінкі ў Навагрудскім ваяв. У вер. 1655 і 1660 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Н. заняты ўкр. казакамі і рас. войскамі, але замак аблогу вытрымаў. У 1672 засн.Нясвіжскі кляштар дамініканцаў. У 1673 у Н. каля 2,4 тыс.ж., 366 «дымоў». У 1681 заснаваны штогадовы Міхайлаўскі кірмаш (праводзіўся на свята св. Міхаіла, 29 вер.). Моцна пацярпеў Н. ад шведаў у 1706 у час Паўночнай вайны 1700—21, адбылася Нясвіжа абарона 1706. Горад і замак адбудаваны ў 1720-я г. М.К.Радзівілам Рыбанькам. У прыгарадзе Н. Альбе знаходзілася загарадная рэзідэнцыя Радзівілаў, дзе быў пабудаваны палац, разбіты парк, выкапаны каналы, у 1726—36 працаваў Нясвіжскі чыгуналіцейны завод. У 1764 і 1768 Н. заняты рас. войскамі з-за антырас. пазіцыі К.С.Радзівіла Пане Каханку. З 1793 у Рас. імперыі, да 1796 цэнтр Нясвіжскага павета, пасля заштатны горад Слуцкага пав. У канцы 18 ст. ў Н. 2,7 тыс.ж., 409 дамоў. У ліст. 1812 як уладанне Д.Радзівіла, які з атрадам дзейнічаў у складзе войск Напалеона, заняты рас. арміяй, каштоўнасці замка канфіскаваны. У 1897 у Н. 8446 ж. У ліст. 1917 тут адбыўся 2-і з’езд салдат 2-й арміі Заходняга фронту. У лютым—снеж. 1918 акупіраваны герм. войскамі, 6.8.1919 заняты польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. У кастр. 1926 у Н. адбылася сустрэча маршала Ю.Пілсудскага з буйнымі землеўладальнікамі. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр раёна. У 1939—8,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе больш за 6 тыс.чал., у 1943 дзейнічала падп. група. Вызвалены 2—4.7.1944 часцямі 65-й арміі 1-га Бел. фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1959—6,7 тыс. ж.
Працуюць (2000) Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, хлебазавод, швейная ф-ка, малочны з-д, камбінат быт. паслуг, рыбгас «Альба»; Нясвіжскі педагагічны каледж, санаторый «Нясвіж», Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей.
У 1580-я г. на тэр. сучаснага Н. пачало фарміравацца паселішча гар. тыпу. Да 1533 на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны драўляны замак. Ад першага ўпамінання Н. ў пісьмовай крыніцы ў 1446 і да пач. 16 ст. тут існаваў феад. двор, які ў канцы 15 ст. быў умацаваны. У 1589 пачалося буд-ва ратушы. У канцы 15 ст. пабудаваны касцёл св. Духа, існавала правасл. царква Раства Багародзіцы. У канцы 16 — пач. 17 ст. фарміруецца арх. аблічча Н. (захавалася яго планіровачная структура з невял. зменамі). М.К.Радзівіл Сіротка з удзелам запрошаных ім італьян. архітэктараў узвёў мураваны замак, абнесены земляным валам і вадзяным ровам. У пач, 17 ст. вакол Н. насыпаны земляныя бастыёны і курціны (іх рэшткі захаваліся на беразе Дзявочага става каля кляштара бенедыкцінак, даўж. каля 100—150 м). У 1584—1616 Н. набыў рэгулярную сістэму планіроўкі, сфарміраваўся як горад-крэпасць. Рака падзяляла яго на 2 часткі: уласна горад з замкам і яго прадмесце Новае места, якое будавалася на працягу 17 ст. На 4 асн. уездах у горад былі збудаваны брамы: Нясвіжская замкавая вежа, Нясвіжская Слуцкая брама, Віленская (спачатку наз. Мірская) і Клецкая. Н. меў прамавугольную сістэму планіроўкі з невял. квадратнымі кварталамі. Кампазіцыйным цэнтрам была прамавугольная ў плане Рыначная плошча, забудаваная па перыметры з 3 бакоў мураванымі жылымі дамамі, у цэнтры якой знаходзілася мураваная ратуша. У 17 ст. абапал яе размяшчаліся гандл. рады (перабудаваны ў 18 ст.; гл.Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У 1672 за ратушай узведзены мураваны дамініканскі кляштар (не захаваўся). Аснову планіровачнай структуры складалі 2 узаемна перпендыкулярныя вуліцы. Адна, больш працяглая (частка гасцінца Слуцк—Вільня), праходзіла праз увесь горад з З на У і злучала Слуцкую і Віленскую брамы, другая (наз. Водная) — з Пн на Пд, звязвала Рынак з замкавай грэбляй. З канца 16 ст. Н. забудоўваўся паводле класічнай рэнесансавай схемы, прамаляванай ням. жывапісцам А.Дзюрэрам у выглядзе чалавечага цела: замак — галава, калегіум езуітаў з касцёлам — сэрца, ратуша і гандл. рады на рынку — страўнік, рукі і ногі пазначаны кляштарамі і цэрквамі па перыметры горада. Некат. карэкціроўка ўнесена наяўнасцю забалочанага поплаву р. Уша. У канцы 16 ст.паўн.-ўсх. частцы горада, каля замкавай вежы, пабудаваны Нясвіжскі касцёл езуітаў і Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у паўд.-ўсх. частцы — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у паўн.-зах. частцы — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1673 узведзены Нясвіжскі кляштар бенедыкцінцаў з касцёлам св. Крыжа. У 2-й пал. 16 ст. ўзнік прыгарад Альба, дзе ў 17—18 ст. сфарміраваўся Альбінскі палацава-паркавы ансамбль. У 1654 і 1659 горад разбураны, у 1706 разрабаваны і спалены, узарваны бастыёны, горад пацярпеў і ад пажараў 1836 і 1843 (згарэла 150 дамоў). У 1720-я г. адбудаваны. У 18 ст. існаваў гар. палац, у 19 ст. — цэрквы Праабражэнская (з 1846 у будынку ратушы), Георгіеўская, Прачысценская (пабудавана ў 1577), 2 касцёлы, сінагога, 7 яўр. малітоўных дамоў. Сучасны горад захаваў гіст.арх.-планіровачную структуру. Ракой і вадаёмам ён падзелены на паўн.-зах. (гіст.) і паўд.-ўсх. (асн. жылы масіў з грамадскім цэнтрам) часткі, звязаныя паміж сабой земляной дамбай і мостам. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская—Савецкая-1 Мая і Шымко—К.Лібкнехта—Садовая (з Пн на Пд). Пасля Вял.Айч. вайны горад развіваўся паводле схемы планіроўкі 1955 (Баранавіцкія праектныя майстэрні) і генплана 1965 (ін-т «Белдзяржпраект»), Гал. вуліца — Ленінская. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр сфарміраваўся на Цэнтральнай плошчы (б. Рыначная), на ёй разбіты сквер. Цэнтр забудаваны 3—5-павярховымі дамамі. Сфарміраваліся паўн.-зах. і паўд.-ўсх.вытв. зоны. Зона адпачынку — паркі, вадаёмы, лесапарк. Захаваліся помнікі архітэктуры 16—19 ст.: плябанія, Нясвіжскі«Дом на рынку» і інш. Паводле генплана 1982 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Т.Станішэўская) і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1978 (ін-т «Мінскграмадзянпраект», арх. А.Кракалёва, Л.Шылінская, Г.Перліна) прадугледжана далейшае развіццё горада на ПдЗ і ПдУ, стварэнне грамадскага цэнтра на стыку гіст. цэнтра з раёнамі новай жылой забудовы. У 1985 распрацаваны праект рэстаўрацыі і рэгенерацыі гіст. забудовы Н. (арх. Г.Босак, А.Дарэнскі, Т.Куцапалава і інш.). У 1982 у Н. пастаўлены помнік С.Буднаму (скульпт. С.Гарбунова).
Да 20 ст.культ. жыццё Н. развівалася дзякуючы мецэнатам — князям Радзівілам. У 16 і 18 ст. працавала Нясвіжская друкарня, заснаваная С.Будным, М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім і адроджаная Радзівілам Рыбанькам. У 16 ст. склаўся т.зв. Нясвіжскі літ. гурток, у які ўваходзілі С.Будны, А.Рымша, Г.Пельгжымоўскі, Я.Радван, Я.Козак, пазней — Б.Будны і С.Рысінскі. У замку захоўваліся творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, карціны, архіў і б-каРадзівілаў; буйныя кнігазборы былі ў кляштарах. У канцы 16 — пач. 17 ст. пры двары Радзівіла Сіроткі працаваў гравёр і картограф Т.Макоўскі, складзена 1-я дакладная карта ВКЛ. Пры езуіцкім калегіуме з 1610 існавала муз. бурса, з 1620 — канвікт (інтэрнат) для малазабяспечаных вучняў, з 1627 — аптэка, меўся шпіталь, у 1696—1758 дзейнічаў школьны т-р. У 17 ст. ў калегіуме выкладалі паэт М.К.Сарбеўскі, філосаф З.Лаўксмін, у 18 ст. — паэт і драматург Ю.Катэнбрынг, гісторык Я.А.Пашакоўскі. У сярэдзіне 18 ст. Радзівіл Рыбанька заснаваў Нясвіжскую мануфактуру шаўковых паясоў, Нясвіжскую дывановую мануфактуру і Нясвіжскую суконную мануфактуру. У 18 ст. ў Н. працавалі архітэктар К.Ждановіч, мастакі Гескія, гравёр Г.Ляйбовіч. У 18 ст. дзейнічаў Нясвіжскі кадэцкі корпус для падрыхтоўкі афіцэраў радзівілаўскага войска. У 18 — пач. 19 ст. існавалі Нясвіжскі тэатр Радзівілаў з Нясвіжскай балетнай школай, Нясвіжская капэла Радзівілаў з Нясвіжскай музычнай школай; ставіліся п’есы Ф.У.Радзівіл, оперы М.Радзівіла. У выніку канфіскацый рас. улад у 1772 і 1812 страчана значная частка замкавай б-кі, музейных збораў і каштоўнасцей. У 1815 у Н. жыў паэт-дзекабрыст К.Ф.Рылееў, у 1833—35 і 1840—44 — паэт У.Сыракомля. Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 замест калегіума адкрыта вучылішча Адукацыйнай камісіі, да 1835 дзейнічала школа пры дамініканскім кляштары. У 1875 адкрыта Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся этнографы А.Я.Багдановіч і А.К.Сержпутоўскі, пісьменнікі Я.Колас, К.Чорны, Р.Мурашка, мастак М.К.Сеўрук (з 1939 жыў пастаянна, тут і пахаваны). У 1921—24 дзейнічала Нясвіжская бел. гімназія. У 1994 для адраджэння помнікаў Н. заснаваны міжнар. фонд «Нясвіж». З 1995 працуе Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 створаны гіст.-культ. запаведнік «Нясвіж». У горадзе праводзяцца міжнар.навук. сімпозіумы па гісторыі і культуры, фестывалі старадаўняй і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму, мемар. знак на месцы расстрэлу ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ МУЗЕЙ СТАРАЖЫ́ТНАСЦЕЙ.
Існаваў у Вільні з 1856 да пач. 1-й сусв. вайны. Засн. 29.4.1855 Я.П.Тышкевічам, адкрыты 1.12.1856. Аддзелы: археалогія, этнаграфія, мастацтва, зброя, мінералогія, арніталогія. Свае калекцыі музею перадалі Я.П. і К.П.Тышкевічы, У.Сыракомля, А.К.Кіркор, Т.У.Нарбут, М.І.Балінскі, Ф.К.Багушэвіч, А.А.Плятар і інш. У канцы 19 ст. ў фондах налічвалася больш за 12 тыс. экспанатаў, у т. л.стараж. рукапісы, інкунабулы, рэдкія выданні 15—18 ст., багатыя калекцыі зброі, слуцкіх паясоў, габеленаў, графікі, скульптуры, партрэтаў прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, Храптовічаў, Сапегаў, гербаў гарадоў Беларусі і Літвы, этрускіх ваз, яп., італьян. і кіт. тканін, фарфору, бронзавых вырабаў, нумізматычныя калекцыі (у 1858 былі 3264 антычныя, усх., рус., польска-літ., зах.-еўрап. манеты). Пераважная большасць матэрыялаў была з Беларусі. У фондах музея ўпершыню выкарыстаны метад захавання прадметаў па аднароднасці матэрыялаў, з якіх яны зроблены (метал, дрэва, шкло, косць, папера і г. д.). Пры Віленскім музеі старажытнасцей дзейнічала Віленская археалагічная камісія. У сувязі з паўстаннем 1863—64 музей падвергнуты рэвізіі, пасля якой шмат экспанатаў адпраўлена ў Маскву, але пазней частка іх вернута. Большасць экспанатаў цяпер зберагаецца ў гіст.-этнагр. музеі АН Літвы і Рэсп. мастацкай галерэі Літвы, Музеі бурштыну (г. Паланга), Дзярж.гіст. музеі (г. Масква), Нар. музеі (г. Варшава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНА,
вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., каля р. Морач, на аўтадарозе Слуцк—Капыль. Да 1921 наз. Раманава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на З ад г. Слуцк, 131 км ад Мінска, 4 км ад чыг. ст. Морач. 505 ж., 213 двароў (1999).
Вядома з сярэдзіны 16 ст., уласнасць князёў Слуцкіх, у 1612—18 ст. — Радзівілаў. З 1638 мястэчка, 247 двароў, царква, 2 шпіталі, карчма. Моцна разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1718 атрымала прывілей на штогадовы кірмаш. З 1793 у Рас. імперыі. 14.7.1812 каля мястэчка адбыўся бой казацкага корпуса ген. М.І.Платава з напалеонаўскімі войскамі Жэрома Банапарта і кн. Ю.Панятоўскага. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Слуцкага пав. Мінскай губ. У 1897 у Л. 1552 ж., 239 двароў, 2-класнае вучылішча, жаночая школа, 2 царквы, 2 капліцы, 2 яўр малітоўныя дамы, 9 крам, карчма. З 1924 цэнтр сельсавета Слуцкага р-на. У 1926 сяло, 1136 ж., 257 двароў, у 1972—676 ж., 230 двароў Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік на месцы бою 1812. На паўн. ускраіне вёскі гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі і перыяду Кіеўскай Русі. За 2 км на З ад вёскі магіла ахвяр фашызму. Радзіма кампазітара У.В.Тэраўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ, Нясвіжскі касцёл Божага Цела, Нясвіжскі фарны касцёл,
помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1584—93 (арх. Дж.Бернардоні) на ўзор гал. храма ордэна езуітаў Іль Джэзу ў Рыме.
У 1510 у Нясвіжы па фундацыі П.Кішкі пабудаваны драўляны касцёл, у 1555 М.Радзівіл Чорны перадаў яго кальвіністам. У 1581 яго сын М.К.Радзівіл Сіротка пачаў будаваць мураваны касцёл, прызначаны для езуітаў. Будынак храма ў выглядзе грэч. крыжа ў плане (захаваўся чарцёж канца 16 ст.) не задавальняў езуітаў і ў 1586 па ініцыятыве віленскага біскупа Ю.Радзівіла быў разбураны. На месцы разбуранага пастаўлены новы мураваны касцёл — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай, па баках якой размешчаны 2-павярховыя прамавугольныя ў плане сакрысціі, і з 2 сіметрычна размешчанымі гранёнымі капліцамі, прыбудаванымі побач з крыламі трансепта. Бязвежавы гал. фасад вырашаны як самаст. сценка-шырма, завершаны трохвугольным франтонам. Інтэр’ер багата дэкарыраваны размалёўкай у тэхніцы грызайль. Фрэскі выкананы ў 1750—70-я г. з удзелам мастака К.Д.Гескага. У касцёле надмагіллі 17—19 ст. і фамільная пахавальня кн.Радзівілаў. Касцёл пабудаваны ў ансамблі з Нясвіжскай замкавай вежай, Нясвіжскім езуіцкім калегіумам. У 1747 у двары касцёла асобна пастаўлена капліца (арх. М.Педэці).
Т.В.Габрусь, У.А.Чантурыя.
Нясвіжскі касцёл езуітаў і Замкавая вежа (злева).Нясвіжскі касцёл езуітаў. Інтэр’ер.