увіха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Хутка і спрытна рабіць што‑н., займацца чым‑н.; клапаціцца аб кім‑, чым‑н. Увіхацца каля печы. Увіхацца па гаспадарцы. □ [Раёк] усё каля дому ўвіхаўся — пчол глядзеў, у лесе сеяў, дом і сядзібу высокім парканам абносіў... Сіўцоў. Спрытна арудуючы іголкай і нажніцамі, дзяўчына ўвіхалася каля .. шыняля. Васілевіч. Над бледнай, скрыўленай ад болю маці ўвіхалася медсястра ў белым халаце. Карпаў.

2. Разм. Круціцца каля каго‑, чаго‑н.; неадступна хадзіць за кім‑н. Усцін Маркавіч .. абчышчаў рыбу. Каля яго .. увіхаўся кот. Кулакоўскі. // Увівацца, круціцца каля каго‑н., стараючыся дагадзіць чым‑н. Камар увіхаўся каля гасцей, перастаўляючы з месца на месца крэслы. Гартны. // Заляцацца, увівацца. [Наталля:] — [Ніна] расказала мне, як каля цябе ўвіхалася: у кіно вадзіла, у госці да сябе запрашала. Было гэта? Скрыган. Міровіч параіў Чароту .. увесці [у п’есу] два камічныя персанажы: бабыля Данілу і немаладую, адзінокую, але зухаватую Параску, за якой увіхаецца Даніла з надзеяй ажаніцца з ёю. Рамановіч.

3. Хутка рухацца; круціцца. Трос [мядзведзь] галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт. Бядуля. На сухой верхавінцы таполі па-ранейшаму ўвіхалася неўтаймоўная стракатая мухалоўка. Гарбук. Увіхаюцца рукі, не ведаючы стомы. [Максімка] не для Радзівілаў .. працуе, а для сябе. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хро́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

1. Запіс гістарычных падзей у храналагічнай паслядоўнасці; летапіс. Варта было б успомніць, што сто гадоў назад П. Гільтэбрант надрукаваў урывак са Слуцкай хронікі; хроніка гэта ў той час захоўвалася ў Нясвіжскім архіве Радзівілаў. «Полымя». Жанр летапісу ці хронікі даўно ўжо склаўся ў біяграфічнай літаратуры. Г. Кісялёў.

2. Літаратурны твор, у якім паслядоўна выкладаецца гісторыя грамадскіх, палітычных і іншых падзей. Выдатнае месца сярод старажытных помнікаў пісьменнасці беларускага народа займаюць летапісы і хронікі. Чамярыца. // Гісторыя якога‑н. роду, сям’і. Сямейная хроніка Нявады-Лукашэвіча перапыняецца хронікай сям’і Сымона Ракуцькі. Дзюбайла. // Гісторыя якіх‑н. падзей, чыіх‑н. прыгод. [Ігналя] давай, як па кнізе, чытаць хроніку пройдзенага дня ад самага рання. Бядуля. Я коратка расказаў Зіне «хроніку» свайго жыцця, пачынаючы з ваенных гадоў. Васілевіч.

3. Кароткая інфармацыя аб бягучых падзеях (у газеце, часопісе, па радыё). Цяпер жа не падлягала сумненню, што ў барацьбе з народам брала верх самаўладства. Варта было.. зірнуць на хроніку, што змяшчалася на старонках тагачасных часопісаў, на царскія загады, на розныя цыркуляры, каб пераканацца ў гэтым. Колас. // Аддзел інфармацыі аб мясцовым бягучым жыцці (у газеце, часопісе).

4. Дакументальны фільм аб падзеях бягучага жыцця. Пеця авалодаў пакуль што самымі элементарнымі ведамі кінатэхніка.. Аднойчы яму нават пашанцавала самастойна прапусціць хроніку! Стаховіч.

[Грэч. chroniká.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)