КІ́ШКІ, Кішкі-Цеханавецкія,
магнацкі род герба «Дамброва» («Дуброва») у ВКЛ. Заснавальнік роду Павел Струміла (пач. 15 ст.). Яго сын Мацей (Мацька) родапачынальнік Цеханавецкіх. Найб. вядомыя К.: Станіслаў Пятрашкавіч (?—1513, або 1514),
падстолі ВКЛ (1487—88), маршалак гаспадарскі і намеснік лідскі (1493), маршалак земскі ВКЛ (каля 1512); Пётр Станіслававіч (?—1534), староста драгічынскі, дзяржаўца ожскі і пераломскі, з 1521 ваявода полацкі, з 1532 кашталян трокскі і староста жмудскі, адзін з буйных магнатаў ВКЛ; Станіслаў Пятровіч (?—1.11.1544), староста брацлаўскі (1522), дзяржаўца ўсвяцкі і азярышчанскі, з 1544 ваявода віцебскі; Ян Станіслававіч, гл. Кішка Ян С.; Януш Станіслававіч, гл. Кішка Януш С.; Мікалай Станіслававіч (?—31.5.1644), з 1617 ваявода дэрпцкі, з 1627 — мсціслаўскі, з 1636 кашталян трокскі, з 1640 падскарбі ВКЛ, бяздзетны; Крыштоф Станіслававіч, з 1632 чашнік ВКЛ, з 1636 ваявода мсціслаўскі, з 1639 — віцебскі. Яго дачка Альжбета — апошняя ў родзе К. Большая частка багацця згаслага роду перайшла да пародненых з ім Радзівілаў.
Літ.:
Jakubczak S. Jerzy Strumiłło — przywódca konfederacji lwowskiej 1464 // Społeczeństwo Polski średniowiecznej. Warszawa, 1992. T. 5.
С.У.Думін.
т. 8, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)