ПРАКО́Ф’ЕЎ (Аляксандр Андрэевіч) (2.12.1900, с. Кабона Волхаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 18.9.1971),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1970). Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Пецярбургскай настаўніцкай семінарыі (1913—17). Друкаваўся з 1919. Першыя зб-кі вершаў — «Поўдзень», «Вуліца Чырвоных Зор» (абодва 1931), «Перамога» (1932). У паэт. зб-ках «Атака», «Гармонік» (абодва 1943) і паэме «Расія» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946) услаўленне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну. Аўтар кніг паэзіі «Дарога праз мост» (1933), «Летапіс» (1934), «На абарону закаханых» (1939), «У краі маім» (1948), «У дарозе» (1953), «Прызнанні» (1957), «Яблыня над морам» (1958), «Запрашэнне да падарожжа» (1960, Ленінская прэмія 1961), «Пад сонцам і пад ліўнямі» (1964), «Развітанне з Прымор’ем» (1969), паэм «Сад» (1948), «Юнацтва» (1955), вершаў для дзяцей і інш. Паэзіі П. ўласцівыя грамадз. пафас, глыбокі лірызм, эмацыянальнасць і шчырасць, творчае выкарыстанне фальклору, нар. гумару і жарту, быліннасці і казачнасці. Некат. яго вершы пакладзены на музыку. Шэраг вершаў П. прысвяціў Беларусі, яе прыродзе («Беларусі», «Сябрам», «То ляцелі гусі...», «Лявоніха», «Ой, ляціце», думы...»), а таксама Я.Купалу, Я.Коласу, П.Броўку, С.Прытыцкаму. На рус. мову пераклаў многія творы Я.Купалы, Я.Коласа, паасобныя М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Чарота, П.Броўкі, П.Глебкі, М.Танка, П.Панчанкі, У.Дубоўкі, М.Лужаніна, А.Вялюгіна, Е.Лось і інш. Беларусі і яе л-ры прысвяціў арт. «У нагу з часам», «Веліч слова», «Слова пра веліч талента», «Сэрца народнае», «Рысы вялікага натхнення» і інш. Неаднаразова прыязджаў на Беларусь. На бел. мову яго вершы перакладалі М.Аўрамчык, Броўка, В.Вітка, А.Вольскі, Н.Гілевіч, Глебка, С.Грахоўскі, Дубоўка, М.Калачынскі, А.Куляшоў, Лось, Лужанін, П.Пестрак, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Танк, У.Шахавец і інш.
Тв.:
Собр соч. Т. 1—4. М., 1978—80;
Бел.пер. — Выбр. вершы. Мн., 1948;
Прызнанне ў любві. Мн., 1961;
Святло над светам. Мн., 1976.
Літ.:
Молдавский Д.М. Александр Прокофьев. Л., 1975;
Александр Прокофьев: Вспоминают друзья. М., 1977;
Панчанка П. На паэтычным небасхіле. Мн., 1977;
Ліякумовіч Ц. У сугучнасці з купалаўскім словам // Бел.літ. 1982. Вып. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЎКІН (Генадзь Мікалаевіч) (н. 28.8.1936, в. Тродавічы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у прэсе, на радыё. З 1968 карэспандэнт газ. «Правда» па БССР, з 1972 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1978 старшыня Дзярж.к-таБССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1990—94 пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН. Мае ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1994—95 нам. міністра культуры і друку Беларусі. З 1995 у час. «Вожык». Друкуецца з 1952. У зб-ках «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасці» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1980), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), «Узмах крыла» (1995) і інш. раскрыў біяграфію пакалення, якое прайшло праз пакуты вайны, аднаўляла разбураны край, змагалася за справядлівасць, кахала. Паэзіі Бураўкіна характэрна арганічная сувязь з роднай зямлёй і гісторыяй, любоў да чалавека, роздум над жыццём, грамадз. тэмперамент, высокая духоўнасць, публіцыстычнасць, усведамленне адказнасці за слова. Лірыка яго задушэўная, адкрытая, споведная. Аўтар са з’едлівай іроніяй выступае супраць мяшчанства, бездухоўнасці, раўнадушша. Творы Бураўкіна вылучаюцца маштабнасцю вобразаў, дакладнасцю, прасветленасцю радка, гнуткасцю і мілагучнасцю слова. Аўтар дакумент. аповесці «Тры старонкі з легенды» (1971), кн. для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Апаленая памяць» (1975), «Падарожжа па Беларусі» (1976), адзін з аўтараў (з Ф.Коневым і У.Халіпам) сцэнарыя 2-серыйнага фільма «Полымя» (1974). Творы Бураўкіна пакладзены на музыку бел. кампазітарамі. Перакладае на бел. мову творы рус., укр. (зб. Б.Алейніка «Заклінанне агню», 1979), балг. і інш. паэтаў. У 1980—90 дэп. Вярх. Савета Беларусі. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1986;
Сінія арэлі. Мн., 1987.
Літ.:
Барсток М. Руплівы поўдзень: Нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна. Мн., 1984;
Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С. 120—125;
Бугаёў Д. Дыханне паэзіі // Бугаёў Д. Шматграннасць. Мн., 1970;
Гніламёдаў У. Споведзь пакалення (Генадзь Бураўкін) // Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976;
Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982. С. 149—165;
Барадулін Р. Парастак радка, галінка верша. Мн., 1987. С. 286—299, Панчанка П. Высокі бераг. Мн., 1993. С. 182—188.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ АРХІТЭКТУ́РЫ І ПО́БЫТУ.
Засн. 9.12.1976. Музейны комплекс размешчаны за 12 км на ПдЗ ад Мінска, каля Воўчкавіцкага вадасховішча, у вярхоўях рэк Пціч і Менка, паміж вёскамі Азярцо, Воўчкавічы, Гарадзішча і Строчыца. У аснову музея пакладзенытэр.-этнічны, функцыянальна-падпарадкавальны, гіст. і сац. прынцыпы. Асаблівасці тэрыторыі і наяўнасць гіст. помнікаў (гарадзішча на Менцы, курганы-валатоўкі 9—11 ст., стараж.в. Строчыца з традыц. структурай, сядзібамі) вызначылі канцэпцыю музея як нац.арх.-этнагр. парку-запаведніка.
Пл. каля 210 га. Экспазіцыйная зона складаецца з сектараў, прысвечаных матэрыяльнай і маст. культуры асн.этнагр. рэгіёнаў Беларусі: «Цэнтральная Беларусь», «Паазер’е», «Падняпроўе», «Панямонне», «Усходняе Палессе», «Заходняе Палессе» і «Мястэчка» (нар. архітэктура і побыт бел. гарадоў 16—19 ст.). Ландшафт зямельных участкаў сектараў музея мае прыродна-ландшафтныя асаблівасці адпаведных рэгіёнаў Беларусі. Структурнай адзінкай сектараў і музея ў цэлым з’яўляецца сядзіба селяніна (двор) з поўным наборам пабудоў і адпаведным інтэр’ерам. 5—6 такіх двароў, дапоўненых малымі арх. формамі, кампануюцца ў паселішчы (або іх фрагменты), у планіровачную структуру якіх арганічна ўключаюцца культавыя і грамадскія пабудовы. Апрача калекцыі помнікаў нар. дойлідства ў музеі 23 калекцыі (знаходзяцца ў экспазіцыі, дэманструюцца на выстаўках, захоўваюцца ў фондах), у т. л. тканіны, адзенне, абутак, галаўныя ўборы, хатняе начынне, с.-г. інвентар і трансп. сродкі, муз. інструменты і гадзіннікі, кераміка, дакументы, кнігі. На 1.1.1996 сабрана каля 17 тыс. музейных прадметаў, з іх больш за 13 тыс. адзінак асн. захавання і больш як 3 тыс.навук.-дапаможнага фонду. У музеі дзейнічае рэстаўрацыйны аддзел. Складаюцца каталогі помнікаў драўлянага дойлідства і этнаграфіі Беларусі. Адкрыты для наведвання з 18 мая да 1 кастр.
Г.А.Ткацэвіч.
Да арт.Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Цэнтральная Беларусь». Царква з в. Логнавічы Клецкага раёна Мінскай вобл. (18 ст.).Да арт.Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Цэнтральная Беларусь». Жылы дом з в. Ісерна Слуцкага раёна Мінскай вобл. (канец 19 ст.).Да арт.Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Паазер’е». Вятрак (пач. 20 ст.).Да арт.Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыйны сектар «Паазер’е». Царква са званіцай з в. Вялец Глыбоцкага раёна Віцебскай вобл. (18 ст.).
нелегальная камуніст.арг-цыя моладзі Зах. Беларусі ў 1924—38. Існаваў як тэр. аўтаномная частка Камуністычнага саюза моладзі Польшчы (КСМП). Яго дзейнасць накіроўвалі КСМП і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — ЦК. Пасля адыходу ў 1921 Зах. Беларусі да Польшчы разрозненыя камсамольскія арг-цыі пачалі адраджаць сваю дзейнасць. Скліканая ЦККПЗБ у студз. 1924 камсамольская канферэнцыя Зах. Беларусі прыняла рашэнне пра стварэнне адзінага саюза — КСМЗБ. У яго аснову быў пакладзены прынцып дэмакр. цэнтралізму, а ўся структура і дзейнасць рэгламентаваліся ў адпаведнасці са Статутам камсамола Польшчы. Нізавым звяном КСМЗБ былі ячэйкі (ад 3 да 7 чл.), якія аб’ядноўваліся ў раённыя (гарадскія), а тыя — у акр. арг-цыі. У розныя гады КСМЗБ падзяляўся на 6—10 акруг, аб’ядноўваў ад 1200 (1925) да 3500-4000 (1932) членаў; у іх ліку было 80% сялян, 83% беларусаў, каля 15% яўрэяў. КСМЗБ дапамагалі КП(б)Б і камсамол БССР. У Мінску з 1925 дзейнічала школа для парт. і камс. функцыянераў Зах. Беларусі; на тэр.БССР КСМЗБ правёў свой адзіны з’езд (сак. 1931, в. Сляпянка пад Мінскам) і III канферэнцыю (1932). КСМЗБ накіроўваў барацьбу сялянскай, рабочай, вучнёўскай моладзі за сац. і нац. вызваленне, за дэмакр. свабоды, за ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. супраць пагрозы вайны і інш. У сярэдзіне 1930-х г., ён дапамагаў КПЗБ праводзіць лінію па стварэнні адзінага антыфаш. фронту. Выдаваў свае газ. і час.: «Малады камуніст», «Малады змагар», «Пад сцягам камсамола», «Камсамолец» (на бел., польск., рус. і яўр. мовах) і інш. На працягу ўсёй сваёй гісторыі КСМЗБ праследаваўся ўладамі, да 73 яго членаў знаходзілася ў турмах. Кіруючымі дзеячамі КСМЗБ у розныя часы былі: В.З.Харужая, М.М.Дворнікаў, В.П.Ласковіч, Я.І.Скурко (М.Танк), П.Пестрак, І.Я.Дабрыян, С.В.Прытыцкі, Л.Р.Шайкоўскі і інш. КСМЗБ спыніў дзейнасць у 1938 у сувязі з беспадстаўным роспускам Камінтэрнам Кампартыі Польшчы, у т. л.КПЗБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУЧА́ННЕ,
мэтанакіраваны працэс перадачы і засваення ведаў і практычных навыкаў, фарміраванне ўменняў іх выкарыстання; сродак усебаковага развіцця і падрыхтоўкі асобы да жыццядзейнасці. Пры Н. рэалізуюцца мэты адукацыі і выхавання. У аснову Н. пакладзеныгал. прынцыпы дыдактыкі. Ажыццяўляецца ў навуч. установах рознага тыпу (школа, каледж, ун-т і інш.), у сям’і, на вытв-сці і інш. сферах жыццядзейнасці чалавека. Мэты і задачы Н. змяняюцца гістарычна, абумоўлены ўзроўнем матэрыяльнага і духоўнага развіцця грамадства і залежаць ад функцый навуч. устаноў. У розных грамадствах існуюць адметныя сістэмы каштоўнасцей, што ўплывае на дыферэнцыяцыю метадаў і праграм Н. У залежнасці ад крыніцы ведаў метады Н. падзяляюць на славесныя (тлумачэнне, урок-дыскусія, гутарка, лекцыя і інш.), наглядныя (экскурсія, дэманстрацыя ілюстрацый, дыяпазітываў, кінафільмаў і інш.) і практычныя (лабараторныя заняткі, праца ў майстэрнях, вытв. практыка і інш.). Метады Н. могуць быць актыўныя, пасіўныя, маналагічныя, дыялагічныя, эўрыстычныя, дагматычныя і інш. Існуюць розныя сістэмы арганізацыі Н. Гістарычна найб. пашыранымі сістэмамі былі індывідуальная (гл.Індывідуальнае навучэнне) і індывід.-групавая. Адной з першых форм масавага Н. з’явілася арганізацыя калектыўнага Н., напр., у брацкіх школах, у дзейнасці якіх выявіліся асн. элементы класна-ўрочнай сістэмы. Імкненне забяспечыць найб. эфектыўнае вырашэнне задач Н. абумовіла пошук новых, нетрадыц. форм і методык (Бел-Ланкастэрская сістэма, батаўская сістэма дыферэнцыраванага Н. ў ЗША, Мангеймская школьная сістэма). У 1920-я г. распрацавана сістэма праектнага Н. (У.Кіркпатрык, ЗША), у працэсе якога вучні разам з настаўнікам праектуюць рашэнні практычных задач. Вальдорфская сістэма Н. (Р.Штайнер, Германія), сістэмы М.Мантэсоры (Італія), С.Фрэнэ (Францыя) і інш. ставяць гал. мэтай раскрыццё індывідуальнасці навучэнца. У сучаснай практыцы Н. выкарыстоўваюцца таксама лекцыйна-семінарская, курсавая, прадметна-курсавая, індывідуальна-брыгадная і інш.навуч. сістэмы. Увайшлі ў практыку праграмаванае Н., элементы праблемнага Н., заснаванага на стварэнні праблемных сітуацый з мэтай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, назіраецца тэндэнцыя далейшай гуманізацыі і гуманітарызацыі навучальна-выхаваўчага працэсу (гл.Гуманітарная адукацыя). Набыць веды можна і самаадукацыяй, з выкарыстаннем камп’ютэрных методык.
Літ.:
Баранов С.П. Сущность процесса обучения. М., 1981;
Клингберг Л. Проблемы теории обучения: Пер. с нем. М., 1984;
Оконь В. Введение в общую дидактику: Пер. с пол. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДО́ВІКСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), ардовік,
другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзены англ. Геолагам Ч.Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр.Паўн. Амерыкі, на ЗПаўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б.ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАДАЛО́ГІЯ,
1) сукупнасць прыёмаў даследавання, якія ўжываюцца ў якой-н. навуцы.
2) Вучэнне пра метадынавук. пазнання і пераўтварэнне свету, ужыванне навук. светапоглядных прынцыпаў да працэсу тэарэт. пазнання і практыкі. Пытанні М. пазнання былі аб’ектам увагі яшчэ ў антычнасці, калі Арыстоцель распрацаваў вучэнне аб катэгорыях як арганізуючых формах пазнання (сваю лагічную сістэму ён называў «арганонам» — універсальным сродкам ісціннага пазнання). У сярэдневякоўі праблемы М. не выходзілі за рамкі лагічных пабудоў. У новыя часы М. набыла самастойны статус у сістэме навук. ведаў. Англ. філосаф Ф.Бэкан упершыню ўзброіў навуку распрацоўкай індукцыйнага метаду, шляхам абгрунтавання ролі эмпірычных метадаў у пазнанні. Франц. вучоны Р.Дэкарт паставіў на першы план распрацоўку рацыяналістычных асноў М. пазнання, выкарыстанне дэдуктыўнага метаду. Спроба пераадолець абмежаванасць рацыяналістычнай і эмпірычнай плыней у М. была зроблена прадстаўнікамі ням. класічнай філасофіі І.Кантам, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінгам, Г.Гегелем, якія ажыццявілі пераход да распрацоўкі дыялектычнай М. ў яе ідэаліст. форме. Пры гэтым дыялектыка разглядалася як усеагульны метад пазнання і духоўнай дзейнасці. Пераапрацаваныя на матэрыяліст. аснове дыялект. прынцыпы былі пакладзены ў аснову марксісцкай М. Дыялектычна-матэрыяліст. М. (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін) зыходзіць з таго, што навук. пазнанне магчыма толькі тады, калі яно адлюстроўвае аб’ектыўныя законы прыроды і грамадства. Надаючы такой М. рысы ўсеагульнасці, марксізм разглядае яе таксама як сродак рэвалюцыйна-практычнага пераўтварэння рэчаіснасці.
Патрэбы навукі і практыкі 20 ст. абумовілі ператварэнне М. ў спецыялізаваную галіну ведаў. У адрозненне ад тэорыі пазнання, аб’ектам якой з’яўляецца пазнавальная дзейнасць у цэлым, М. акцэнтуе ўвагу на структурнай арганізацыі і сродках пазнання, унутр. механізмах і логіцы развіцця ведаў. Змястоўны аспект М. ўключае ў сябе такія праблемы, як: структура навук. ведаў увогуле і навук. тэорый у прыватнасці; структура і аперацыянальны склад метадаў навукі; крытэрыі навуковасці; заканамернасці нараджэння, функцыянавання і змены навук. тэорый; паняційны апарат навукі і прынятыя ў ёй спосабы тлумачэння; умовы і межы выкарыстання канкрэтных сродкаў М. і інш. Фармальны аспект М. ўключае фармалізаваныя і фармальныя метады даследавання; мову навукі; тыпалогіі сістэм ведаў і г.д. Істотны ўклад ў распрацоўку гэтага кірунку М. зрабілі прадстаўнікі неапазітывізму, якія шырока выкарыстоўвалі метады фармальнай логікі для аналізу навук. ведаў.
Літ.:
Бэкон Ф. Новый Органон // Соч. 2 изд. М., 1978. Т. 2;
Горский Д.П. Проблемы общей методологии наук и диалектической логики. М., 1966;
Кун Т. Структура научных революций: Пер. с англ. 2 изд. М., 1977;
Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;
Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ.Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСПЕКТЫ́ВАў мастацтве,
метад адлюстравання на плоскасці аб’ёмных цел, іх уласнай прасторавай структуры і месцазнаходжання ў прасторы; адзін з асн. элементаў пабудовы кампазіцыі ў творах фігуратыўнага мастацтва. У залежнасці ад маст. стылю і прынятай у пэўную эпоху сістэмы прасторавага бачання, мэты аўтара твора прымалі розныя формы, якія выкарыстоўваюцца і для ўласна арганізацыі прасторы адпаведна зрокаваму ўспрыняццю прадметаў чалавекам, і для выяўлення канцэпцыі светабудовы, узмацнення эмац.-псіхал. ўздзеяння твора, надання выяве ролі сімвала і інш. Выкарыстоўваецца таксама ў арх. праектаванні, чарцяжах будынкаў і комплексаў і інш.
Узнікненню паняцця П. папярэднічалі ўмоўна-сімвалічныя схемы і прыёмы ў мастацтве першабытнасці і Стараж. Усходу, сродкамі якіх характарызавалі ўзаемнае размяшчэнне прадметаў (ярусная кампазіцыя, спалучэнне франтальных і профільных відаў з планамі, маштабныя кантрасты і інш.). У ант. мастацтве пераважалі перспектыўныя пабудовы кампазіцыі. заснаваныя на метадзе праекцыі прасторавых аб’ектаў на пэўную плоскасць з дапамогай размешчаных на адной цэнтр. восі паралельных ліній, якія маюць некалькі пунктаў сыходжання (т.зв. рыбіна косць; у некат. рым. размалёўках выкарыстоўваўся і адзін цэнтр праекцыі). У эпоху сярэднявечча падпарадкаванасць мастацтва рэліг. канонам абумовіла ўзнікненне адваротнай П., якая складалася з некалькіх ізаляваных перспектыўных пучкоў, звернутых вяршыняй не ў глыбіню адлюстроўваемай прасторы, а да гледача, які нібыта знаходзіцца ў розных месцах перад выявай; пры спалучэнні гэтых фрагментаў ствараецца ўражанне ірэальнай прасторы, а павелічэнне памераў асобных аб’ектаў па меры іх аддалення надае выяве сімвалічны сэнс. Паралельна з гэтымі сістэмамі існавала назіральная П. (эмпірычныя навыкі адлюстравання прасторы «на вока», без узгаднення з тэорыяй і канонамі). У мастацтве краін Д. Усходу зрокавыя і практычныя навыкі перадачы прасторы стварылі сістэму паветранай П., якая будавалася праз паслядоўнае памяншэнне выразнасці аддаленых аб’ектаў і змяненне іх колеру ў спалучэнні з выбарам вельмі высокага пункта гледжання («з птушынага палёту») і паралельнай П. (паралельныя лініі не перасякаюцца ў полі зроку). У Еўропе прынцыпы паветр. П. абгрунтаваў і выкарыстоўваў у 15—16 ст. Леанарда да Вінчы, у 19 ст. — імпрэсіяністы. У эпоху Протарэнесанса і Адраджэння выпрацавана і матэматычна абгрунтавана сістэма лінейнай (прамой. навуковай) П., у аснову якой пакладзены метад цэнтр. праекцыі. Лінейная П. лічыцца класічнай, яе асн. прынцыпы найб. пашыраны ў мастацтве 16—20 ст. У канцы 19—20 ст. вырасла цікавасць і да інш. сістэм П., выпрацаваны складаныя метады пабудовы П. на ўнутр. паверхнях цыліндра (панарамная П.), сферы (купальная П.), на плафонах і інш. Правілы П. — адна з асноў методыкі маст. творчасці і адукацыі.
Літ.:
Барышников А.П. Перспектива. 4 изд. М., 1955;
Успенский Б.А. Поэтика композиции. М., 1970;
Раушенбах Б.В. Пространственные построения в живописи. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЛЕ́ЙКА, бетлейка (ад Betleem — польская назва г. Віфлеем, дзе нарадзіўся Хрыстос),
бел.нар. тэатр лялек. Вядома з 16 ст. Узнікненне батлейкі звязана са святам Каляд. Т-ры падобнага тыпу вядомы ў Польшчы (шопка) і на Украіне (вяртэп).
Вытокі батлейкі ў сярэдневяковым містэрыяльным т-ры Зах. Еўропы, адкуль праз Польшчу прынесены езуітамі на Беларусь. Развіваўся ў цеснай сувязі са школьным тэатрам. Фактычна батлейка — «народная асіміляцыя школьнай драмы з яе інтэрмедыямі» (Ф.Аляхновіч). На працягу ўсяго існавання батлейкі разыгрывалася п’еса «Цар Ірад». Паказ складаўся з 2 частак: сур’ёзнай, якая апавядала пра нараджэнне Хрыста і ганенне яго царом Ірадам (т.зв.асн. сюжэт), і камедыйнай — інтэрмедый звычайна вясёлага зместу, з жартаўлівымі дыялогамі ці маналогамі, песнямі, танцамі. Часткі не мелі агульнага сюжэта, паміж сабой спалучаліся механічна, фармальна, фактычна іх аб’ядноўваў своеасаблівы карнавальны настрой, уласцівы Калядам. Біблейскія падзеі ў батлейцы набывалі адвольную нар. трактоўку. Пры адным традыцыйным асн. сюжэце паказы батлейкі ў розных рэгіёнах яе бытавання адрозніваліся менавіта інтэрмедыямі, сярод якіх «Мужык (Мацей) і доктар», «Антон з казой і Антоніха», «Скамарох з мядзведзем», «Вольскі — купец польскі», «Цыган і цыганка» і інш. Папулярныя персанажы інтэрмедый — Мужык, Доктар, Яўрэй, Франт (чужаземец), Цыган, Казак і інш. Для паказаў батлейкі рабілі 2-павярховую скрынку накшталт царквы або хаткі. Батлеечнікі (або «ралёшнікі») вадзілі драўляныя лялькі на шпянях па проразях у падлозе паверхаў. Сцэна кожнага паверха мела 3 аддзелы: вял. цэнтральны, дзе адбывалася дзеянне, і меншыя бакавыя (для ўваходаў і выхадаў).
Батлейка шырока бытавала па ўсёй Беларусі. Разнавіднасцямі яе былі жлоб і яселка. Паказы адбываліся па хатах, у корчмах, на вуліцах гарадоў, мястэчак, вёсак, суправаджаліся музыкай (найчасцей скрыпка і бубен). Асаблівае месца займалі батлейкі, зробленыя па прынцыпе ценявога т-ра (Віцебск, Веліж). У канцы 19 — пач. 20 ст. жанравыя сцэны батлейкі выконваліся не толькі лялькамі, а непасрэдна акцёрамі (жывая батлейка ці батлея). На пач. 20 ст. своеасаблівай з’явай стала батлейка Патупчыка (Докшыцы), дзе апрача традыцыйнага паказу дэманстраваліся і бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. Гэты ж прынцып пакладзены ў аснову дзейнасці Залескага нар.т-ра «Батлейка» (арганізаваны Я.Ліс і А.Лосем у 1983). З канца 1980-х г. робяцца спробы адрадзіць традыц. паказы батлейкі на Каляды. З 1991 яны адбываюцца ў філіяле музея М.Багдановіча «Беларуская хатка» ў Мінску (батлейка з’яўляецца фрагментам экспазіцыі), а прафесійныя т-ры — Дзярж.т-р лялек і Тэатр-студыя кінаакцёра — паставілі батлеечную п’есу «Цар Ірад» (у сваёй інтэрпрэтацыі).
Літ.:
Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962;
Народны тэатр.Мн., 1983.
Дз.У.Стэльмах.
Да арт.Батлейка. Ельнінскі вяртэп і яго лялькі. 18 — пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРРЭФАРМА́ЦЫЯ (ад контр... + рэфармацыя),
рэлігійна-паліт. рух у Еўропе ў 2-й пал. 16—17 ст., узначалены папствам і накіраваны супраць Рэфармацыі з мэтай узнаўлення страчаных каталіцызмам пазіцый. Гал. сродкамі К. былі інквізіцыя, манаскія ордэны, рым. курыя. Самы актыўны ўдзел у К. прыняў ордэн езуітаў (створаны ў. 1534—40). У 1559 быў апублікаваны Індэкс забароненых кніг. Праграмай К. сталі рашэнні Трыдэнцкага сабору 1545—63 (вяршэнства папы над саборам, увядзенне строгай царк. цэнзуры, богаслужэнне толькі на лац. мове і інш.). Былі створаны спец. органы кіравання — кангрэгацыі, шэраг навуч. устаноў (калегіумаў) для падрыхтоўкі каталіцкага духавенства. К. ўключала барацьбу супраць свецкай навукі і навук. светапогляду, праследаванне перадавых мысліцеляў (Дж.Бруна, Г.Галілей, Дж.Ваніні і інш.), знішчэнне пратэстантаў (Варфаламееўская ноч), арганізоўвала т. зв.рэліг. войны, праследавала ерасі. У Беларусі К. актыўна праявілася пасля Люблінскай уніі 1569. Праваднікамі яе былі езуіты. Гал. ідэолагам К. ў ВКЛ быў П.Скарга. У 16—18 ст. тут асталяваліся яшчэ 24 каталіцкія манаскія ордэны (францысканцы, дамініканцы, кармеліты, бенедыкцінцы, піяры і інш.). Зачыняліся пратэстанцкія і праваслаўныя школы і друкарні, учыняліся пагромы. К. была накіравана не толькі супраць пратэстантызму, але і праваслаўя. На хвалі К. нарадзілася Брэсцкая унія 1596 і створана уніяцкая царква. Супраціўленне каталіцкай экспансіі вылівалася ў нар. паўстанні (Віцебскае паўстанне 1623; антыкаталіцкую накіраванасць мела антыфеадальная вайна 1648—51). Найб. жорсткія ганенні з боку каталіцкай царквы і дзяржавы пачаліся супраць антытрынітарыяў. У канцы 16 ст. рэфармацыйны рух у Беларусі пачаў паступова згасаць, большасць кальвінісцкай шляхты стала пераходзіць у каталіцтва, а ў пач. 17 ст. большая частка дробнай правасл. шляхты прыняла унію. Паводле сеймавых пастаноў 1764 адступніцтва каралася выгнаннем з краіны або смерцю. У 1733 правасл. шляхта і духавенства былі пазбаўлены права займаць пасады ў сенаце, сейме, судах і інш.дзярж. установах. У 2-й пал. 17—1-й трэці 18 ст. адбывалася амаль поўная клерыкалізацыя культуры і падпарадкаванне яе рэлігіі. Навук. веды абвяшчаліся грахоўнымі, панізіўся ўзровень адукацыі. У аснову навучання былі пакладзены тэалогія, схаластычная філасофія і лац. мова. З 1696 бел. мова стала выцясняцца з афіц. справаводства. Уздзеянне К. не было такім адмоўным у мастацтве. Пануючым стылем тут стала барока. Масавая паланізацыя пануючага класа Беларусі праз акаталічванне ў 17 ст. ўскладніла працэс кансалідацыі бел. народнасці, запаволіла фарміраванне яе свядомасці. У 1730—40-я г. на змену К. прыйшла эпоха Асветніцтва.
Літ.:
Подокшин С. А Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;