ЯНІ́ШЧЫЦ Яўгенія Іосіфаўна (20.11.1948, в. Рудка Пінскага р-на Брэсцкай вобл. —25.11.1988),
бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1971). З 1976 літ. кансультант у «Сельской газете», з 1983 заг. аддзела паэзіі час. «Маладосць». Друкавалася з 1964. У кнігах паэзіі «Снежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1986), «Каліна зімы» (1987) глыбокі і самабытны роздум пра жыццё, бацькоўскі край, гераічнае мінулае і сучаснасць, тэмы сяброўства, кахання, мацярынства. Справы вясковых працаўнікоў у паэме «Ягадны хутар» (1980), якая вызначаецца спалучэннем верша і вершаванай прозы. Паэзіі Я. уласцівы акрэсленасць думкі, шматзначнасць вобраза, выкарыстанне прыёмаў і сродкаў нар. вуснапаэт. творчасці, тэмперамент. Аўтар паэм «Акно ў дождж» (1980), «Галалёд» (незавершана, выд. ў 1993), апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў, рэцэнзій і інш. Перакладала на бел. мову з рус. і ўкр. моў. Асобныя вершы Я. пакладзены на музыку. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.
Тв.:
У шуме жытняга святла. Мн., 1988;
Выбранае. Мн., 2000.
Літ.:
Бугаёў Дз.Я. Усхваляванае слова паэтэсы // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;
Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982.