ПЕРО́ ((Perrault) Шарль) (12.1.1628, Парыж — 16.5.1703),

французскі паэт і крытык. Брат К.Перо. Чл. Франц. акадэміі (з 1671). Па адукацыі юрыст. Аўтар пародый (паэма «Сцены Троі, або Паходжанне бурлеска», 1653), алегарычных паэм, од, пасланняў у стылі галантнай прыдворнай паэзіі. Выступаў супраць эстэтыкі класіцызму (паэма «Стагоддзе Людовіка Вялікага», 1687, дыялогі «Паралелі паміж старажытнымі і новымі...», т. 1—4, 1688—97), палемізаваў з Н.​Буало (вершаваная сатыра «Апалогія жанчын», 1694). Сусв. вядомасць прынеслі казкі «Спячая прыгажуня», «Чырвоная Шапачка», «Кот у ботах», «Папялушка», «Хлопчык з ногцік» і інш. (зб. «Казкі маёй матухны Гусі», 1697). Паўплываў на развіццё сусв. казачнай традыцыі (браты В. і Я. Грым, Х.​К.​Андэрсен). Яго творы пакладзены на музыку (Дж.​Расіні, П.​Чайкоўскі, Б.​Бартак, С.​Пракоф’еў). На бел. сцэне паводле казак П. пастаўлены спектаклі «Дзіўныя прыгоды Ката ў ботах» (1984, Магілёўскі абл. т-р лялек), «Кот у ботах» (1988, Мінскі драм. т-р «Дзе-Я?»), «Чаравічак для Папялушкі» (1996, Мінскі малы т-р). На бел. мову яго казкі пераклалі З.​Колас, Р.​Яўсееў.

Тв.:

Бел. пер. — Чырвоная Шапачка. Мн., 1979;

Чарадзейныя казкі. Мн., 1993;

Рус. пер. — Сказки матушки Гусыни, или История и сказки былых времен с поучениями. М., 1991.

Г.​М.​Малей.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)