1) спецыяльная накладка з проразямі для вачэй, якая формай і малюнкам нагадвае твар чалавека, мысу жывёлы, галаву міфалагічнай істоты і інш. Паводле прызначэння падзяляюцца на рытуальна-абрадавыя і тэатр., у т. л. паўмаскі (закрываюць толькі верхнюю частку твару). Бываюць таксама парныя (2 выканаўцы паказваюць адну істоту), калектыўныя (пад адной М. хаваюцца некалькі выканаўцаў), М.-касцюмы, М., якія трымаюць у руках або надзяваюць на пальцы. Ужываецца і як элемент акцёрскага грыму (пластычная наклейка). Вядома са старажытнасці як паляўнічая маскіроўка, рытуальны атрыбут татэмічных і інш. язычніцкіх культаў, у якіх мела магічнае значэнне. Як элемент тэатр. грыму ўжывалася ў ант. т-ры, пазней у італьян. камедыі дэль артэ, паказах скамарохаў і інш.Найб. пашырана ў традыц. культуры народаў Азіі і Афрыкі. На Беларусі М. карысталіся скамарохі («мядзведзь», «каза», дзед і інш.), асобныя персанажы ў паказах нар. драм («Цар Максімілян»), акцёры т-раў Радзівілаў у алегарычных балетах. Як адзін са сродкаў сцэн. выразнасці сустракаецца ў пастаноўках сучасных т-раў, асабліва ў т-ры лялек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЕРХО́ЛЬДА ТЭА́ТР,
дзейнічаў у 1920—38 у Маскве пад кіраўніцтвам У.Меерхольда. Засн. як 1-ы Т-р РСФСР (некалькі разоў мяняў назву), з 1923 — М.т. Рэпертуар і маст. практыка вызначаліся творчай праграмай Меерхольда, які паставіў усе спектаклі т-ра (часам у сааўт. з інш. рэжысёрамі). У пастаноўках, якім уласцівы рысы сімвалізму і футурызму, сцвярджаўся агітацыйна-плакатны, відовішчны т-р, што развіваў традыцыі плошчавых прадстаўленняў, спалучаў гераічную патэтыку з рэзкай сатыр. буфоннасцю. Перавага аддавалася п’есам, арганічна звязаным з сучаснасцю: «Містэрыя-буф» (1921), «Клоп» (1929), «Лазня» (1930) У.Маякоўскага, «Настаўнік Бубус» А.Файко (1925), «Камандарм 2» І.Сяльвінскага (1929), «Апошні рашаючы» У.Вішнеўскага (1931) і інш. У сімвалісцкай інтэрпрэтацыі ставілася і рус. класіка: «Лес» А.Астроўскага (1924), «Рэвізор» М.Гогаля (1926), «Гора розуму» (паводле «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, 1928), «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна (1933), «33 разы ў непрытомнасці» («Сватанне», «Мядзведзь», «Юбілей» А.Чэхава, 1935) і інш. У трупе т-ра: М.Бабанава, М.Багалюбаў, Э.Гарын, М.Жараў, І.Ільінскі, С.Марцінсон, Дз.Арлоў, М.Ахлопкаў, З.Райх, Л.Свердлін, М.Цароў, А.Цямерын, У.Яхантаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛЬВІ́НСКІ Ілья (Карл) Львовіч (24.10.1899, г. Сімферопаль, Украіна, — 22.3.1968),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). Друкаваўся з 1915. У 1920-х г. адзін з лідэраў канструктывізму (паэмы «Улялаеўшчына», 1927, новы варыянт 1956; «Нататкі паэта», 1927). Раннія творы адметныя эксперыментатарствам у галіне паэт. формы і мовы. У 1933 як карэспандэнт «Правды» ўдзельнічаў у паходзе «Чэлюскіна» (паэма «Чэлюскініяна», часткова апубл. 1937—38; перапрацавана ў раман «Арктыка», апубл. 1957). У трагедыі «Камандарм-2» (паст. 1929 У.Меерхольдам), рамане ў вершах «Пушторг» (1928) тэмы грамадз. вайны, нэпа. У 1930-я г. распрацоўваў жанр гіст. трагедыі ў вершах («Рыцар Іаан», 1937; «Ба- бек», 1941; трылогія «Расія», 1944—57). Аўтар аўтабіягр. рамана «О, юнацтва маё!» (1966), п’есы «Умка — Белы Мядзведзь» (1933), лірычнай трагедыі «Царэўна-Лебедзь» (апубл. 1968), кн. «Студыя верша» (1962) і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1971—74;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1989;
Театр поэта. М., 1965.
Літ.:
Резник О. Жизнь в поэзии: Творчество Ильи Сельвинского. З изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ШЧАДРЭ́Ц»,
калядная гульня ў беларусаў, што ўяўляла сабой тэатралізаваную сцэнку з музыкай, спевамі, танцамі, дыялогам. Бытавала як святочная забава напярэдадні Новага года. Упершыню яе зафіксаваў і апісаў у «Могилевских губернских ведомостях» (1952, №52, неафіц. ч.) Н.Гашкевіч. Мае шмат агульнага з каляднымі гульнямі «Каза», «Кабыла», «Мядзведзь». Галоўным у гульні быў «Шчадрэц» — малады хлопец, апрануты старым (з маскай на твары, гарбом на спіне, у вопратцы, увешанай званочкамі, каляровым рыззём і г.д.) ці салдатам (жаўнерам) у адпаведным адзенні. Ён хадзіў разам з пераапранутымі ў жывёлы і хлопцамі-шчадраванцамі (іх карагод складаўся з важатага, музыкантаў, прыпявалаў, запявалаў, забіралаў). Вечарам, напярэдадні Новага года, гурт адпраўляўся шчадраваць. Важаты заходзіў у хату да гаспадара за дазволам пашчадраваць, а гурт у той час спяваў пад вокнамі. Атрымаўшы згоду, шчадраванцы ўваходзілі ў хату. Пад музыку на сярэдзіну хаты выходзілі шчадраванцы з пераапранутымі ў жывёлы і танцавалі, а запявалы і прыпявалы спявалі. Разыгрываліся гумарыстычныя сцэнкі, адбываўся жартоўны дыялог паміж «Шчадрацом», шчадраванцамі і гледачамі. Пасля завяршэння гульні яе ўдзельнікаў частавалі, частку пачастункаў клалі ў торбы забіралам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́ХАЎ Антон Паўлавіч (29.1.1860, г. Таганрог, Расія — 15.7.1904),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1884). Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900; у знак пратэсту супраць адмены царом выбрання М.Горкага ганаровым акадэмікам разам з У.Караленкам у 1902 адмовіўся ад звання). Працаваў земскім урачом. Ездзіў на в-аў Сахалін (1890), дзе вывучаў жыццё катаржан і ссыльнапасяленцаў. З 1892 жыў у в. Меліхава пад Масквой, у 1899 па стане здароўя пераехаў у Ялту. Літ. творчасць пачынаў з фельетонаў і гумарыст. апавяданняў. Першае апавяданне — «Ліст да вучонага суседа» (1880), першыя зб-кі — «Казкі Мельпамены» (1884) і «Стракатыя апавяданні» (1886). У ранніх творах тэма «маленькага» чалавека, роздум над прыродай рабскай псіхалогіі («Смерць чыноўніка», «Тоўсты і тонкі», абодва 1883; «Хамелеон», 1884; «Унтэр Прышыбееў», 1885). Матывы драматызму, трагізму жыцця ўзмацніліся ў творах сярэдзіны 1880-х г. («Ванька», 1886, «Спаць хочацца», 1888, і інш.). У апавяданнях «Бабіна царства» (1894), «Мужыкі» (1897), «У яры» (1900) паказаў дзікунства і жорсткасць вясковага жыцця. У сталы перыяд творчасці глыбока аналізаваў уплыў сац. абставін на чалавечыя характары, тонка высвечваў душу чалавека, драматызм і трагізм змякчаў лірызмам і гумарам. Героі многіх яго твораў — самазадаволеныя абывацелі або змучаныя жыццём цёмныя людзі, даведзеныя да душэўнай тупасці («Чалавек у футарале», «Агрэст», «Іоныч», усе 1898). Вял. сілы сац.-псіхал. аналізу і маст. абагульнення дасягнуў у аповесцях «Стэп» (1888), «Палата №6» (1892), апавяданнях «Дама з сабачкам» (1899), «Архірэй» (1902) і інш. Апавяданні «Чорны манах», «Студэнт» (абодва 1894) пра таямнічую сувязь часоў і глыбіні падсвядомасці чалавека. Найвялікшы ўплыў на развіццё сусв. драматургіі зрабілі яго лірычна-псіхал. п’есы «Чайка» (паст. 1896), «Дзядзька Ваня» (паст. 1897), «Тры сястры» (паст. 1901, Грыбаедаўская прэмія), «Вішнёвы сад» (паст. 1904). Унёс новае ў разуменне трагічнага як звычайнага і будзённага, перанёс цэнтр цяжару з сюжэтнай інтрыгі на аналіз душы, на псіхал. сюжэт, спалучыў журбу, іронію і сарказм з лірыкай і сцішанай патэтыкай. Выключны ўплыў Ч. на сусв. л-ру 20 ст. адзначалі многія пісьменнікі свету. Творы Ч. часта перадрукоўваліся ў рус. газетах, што выходзілі на Беларусі («Минский листок», «Витебский голос» і інш.). Газ. «Северо-Западный край» публікавала матэрыялы, прысвечаныя творчасці Ч., «Голос провинции» падкрэсліваў сац.-выхаваўчыя функцыі яго твораў, «Гомельская мысль» прапагандавала літ. спадчыну пісьменніка. З рэцэнзіяй на кн. «Пісьмы А.П.Чэхава» выступіў М.Багдановіч (1916). Першы пераклад Ч. на бел. мову — вадэвіль «Сватанне» (пераклаў Н.Чарноцкі), выдадзены ў 1910 выд-вам «Загляне сонца і ў наша аконца»; у 1913 у гэтым выд-ве выйшаў вадэвіль «Мядзведзь». «Наша ніва» апублікавала пераклады апавяд. «Пераапранутыя», «Мянтуз». На бел. мову творы Ч. перакладалі Я.Брыль, А.Васілевіч, І.Грамовіч, А.Звонак, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лужанін, Я.Маўр, П.Пестрак, Я.Рамановіч, Т.Хадкевіч, І.Шамякін, В.Шашалевіч, А.Якімовіч і інш. Пра дабратворны ўплыў Ч. на іх творчасць сведчылі Я.Колас, М.Лынькоў, Брыль і інш. П’есы Ч. ставіліся і ставяцца на Беларусі. На прафес. і аматарскай сцэне да 1917 ішлі «Дзядзька Ваня», «Чайка», вадэвілі «Мядзведзь», «Сватанне», «Юбілей», інсцэніроўкі апавяданняў «Хірургія», «Зламыснік» і інш., паст. на рус. мове мясц. і заезджымі трупамі. «Сватанне» доўгія гады было ў рэпертуары трупы І.Буйніцкага. Творы Ч. ставілі т-ры Беларусі: «Ведзьма» БДТ (1923); «Мядзведзь» БДТ-1 (1933); «Дзядзька Ваня» Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі (1949), Бел.т-р імя Я.Купалы (1965), Бел.т-р імя Я.Коласа (1996); «Вішнёвы сад» т-р імя Я.Купалы (1951), Нац.т-р імя Я.Коласа (1981, 2001), рус.драм.т-р (1981), Гродзенскі абл.драм.т-р (1982), Бел.дзярж.т-р лялек (2001, пад назвай «З Парыжам скончана!»); «Чайка» Нац.т-р імя Я.Купалы (1954; пад назвай «Больш, чым дождж», 2001), Брэсцкі абл.драм.т-р (1954), Бел.рэсп.т-р юнага гледача, Гродзенскі абл.драм.т-р (абодва 1977), Гомельскі абл.драм.т-р (1997); «Тры сястры» рус.драм.т-р (1944), т-р імя Я.Коласа (1951), Гродзенскі і Брэсцкі абл.драм. т-ры (абодва 1960), т-р імя Я.Купалы (1992); «Тры жарты» («Вядзьмарка», «Юбілей», «Прапанова») Брэсцкі абл.драм.т-р (1956); «Іванаў» Брэсцкі т-р драмы і музыкі (1996, пад назвай «Іванаў, Сара і Шурачка»), т-р «Дзе-Я?» (2000); «Драма на паляванні» Гродзенскі абл.драм.т-р (1963); «Каштанка» Бел.дзярж.т-р лялек (1941, 1952) і інш. Многія творы Ч. экранізаваны. Кінастудыя «Беларусьфільм» паст. фільмы «Мядзведзь» (1938), «Чалавек у футарале» (1939).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬЯ́НСКІ,
біялагічны заказнік на тэр. Шумілінскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл.Засн. ў 1960 як паляўнічы заказнік рэсп. значэння для захавання і ўзнаўлення запасаў паляўнічай фауны. Пл. 41,4 тыс.га (1997). Заказнік у міжрэччы Обалі і Сосніцы ў межах Полацкай нізіны. Расліннасць складаецца з відаў барэальнай і зах.-еўрап. флоры, якая належыць да Заходне-Дзвінскай акругі падзоны дубова-цемнахвойных падтаежных лясоў: хваёвыя (31%), бярозавыя (30%), чорна- і шэраальховыя (22%), яловыя (13%); папарацевыя, кіслічныя, чарнічныя, сніткавыя асакова-сфагнавыя, даўгамошныя і інш. тыпы лесу. Палавіна тэр. заказніка пад вярховымі балотамі, рэдкалеснымі пераходнабалотнымі згуртаваннямі; на буйнейшым балотным масіве Обаль-2 растуць унікальныя і рэдкія раслінныя згуртаванні, рэдкія і знікаючыя віды — бяроза карлікавая, марошка прыземістая, сфагнум Ліндберга. Вядомы 46 месцаў росту 22 відаў раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі і 12 месцаў знаходжання 44 відаў жывёл, сярод якіх: барсук, беркут, бусел чорны, журавель шэры, курапатка белая, мядзведзь, няясыць даўгахвостая, падворлікі малы і вял., рысь, скапа і інш. Адзначаны месцы гнездаванняў вераценніка вял., дупеля, кулонаў вял. і сярэдняга, сяўца залацістага, турухтана, уліта вял. і інш. Шмат паляўнічых звяроў і птушак, найбуйнейшая на Беларусі папуляцыя белай курапаткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТ ПРО́ДКАЎ,
шанаванне памерлых бацькоў і інш. родзічаў. Развіваўся як сямейны культ на стадыі распаду радавога ладу. Звязаны з анімістычнымі вераваннямі і ўяўленнямі аб продках як ахоўніках роду, іх нашчадкаў. У першабытныя часы ўшаноўваліся татэмныя першапродкі (гл.Татэмізм). У політэістычных рэлігіях стараж. грэкаў, рымлян, славян і некаторых інш. народаў вял. ролю меў сямейна-радавы К.п. У Кітаі ён быў пакладзены ў аснову канфуцыянства. Існавалі таксама агульнаплемянны і агульнанародны К.п. правадыроў і князёў, якія ў некаторых народаў абагаўляліся яшчэ пры жыцці і іх продкі лічыліся асабліва магутнымі (Палінэзія Палінезія*, Паўд. Азія, Цэнтр. Афрыка і інш.). У балцкіх плямён, што насялялі б.ч.тэр. Беларусі ў раннім жал. веку, татэмнымі першапродкамі былі, магчыма, мядзведзь і дзік. Паводле адной з легендаў, продкам беларусаў быў Бой (Бай), які пакінуў сыну Белаполю землі ў Падзвінні і Падняпроўі. Назву племяннога саюзу крывічоў часам выводзяць ад імя іх мяркуемага родапачынальніка Крыва. У «Аповесці мінулых гадоў» назва радзімічаў выводзіцца ад Радзіма, які са сваім родам прыйшоў у Пасожжа «з ляхаў». Сляды К.п. захаваліся ў бел. святкаваннях Дзядоў, Радаўніцы, у пахавальных абрадах і звычаях (памінкі), галашэннях. З К.п. звязаны і міфалагічны вобраз дамавіка як духа-ахоўніка хатняга ачага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПЦЕВЫХ МО́РА, Сібірскае, Нордэншэльда,
ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак., каля паўн. ўзбярэжжа Усх. Сібіры, паміж п-вам Таймыр, а-вамі Паўн. Зямля і Новасібірскімі. На З пралівамі Вількіцкага, Шакальскага і Чырв. Арміі злучаецца з Карскім м., на У пралівамі Дзмітрыя Лапцева, Этэрыкан і Саннікава — з Усх.-Сіб. морам. Пл. 662 тыс.км². Размешчана ў межах мацерыковай водмелі, якая на Пн стромка абрываецца да ложа акіяна. Пераважаюць глыбіні да 50 м, найб.глыб. 3385 м. Берагі моцна парэзаныя, утвараюць залівы: Хатангскі, Алянёцкі, Буор-Хая, Янскі. Найб. астравы: Вял. Бегічаў, Камсамольскай Праўды, Малы Таймыр і інш. Упадаюць рэкі: Лена, Хатанга, Анабар, Алянёк, Амалой і Яна. Клімат арктычны. Адно з самых халодных мораў Расіі. З кастр. да ліп. ўкрыта лёдам; на Пд шырокі прыпай, на Пн плывучыя льды. Сярэдняя т-ра вады на паверхні летам у цэнтр.ч. мора 2—3 °C, у залівах — да 8—10 °C. Салёнасць ад 20‰ на Пд да 34‰ на Пн. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (асятровыя, омуль, муксун, нельма). Водзяцца нерпа, марскі заяц, морж, белы мядзведзь. На берагах — птушыныя базары. Л.м. — частка Паўночнага марскога шляху. Гал. порт — Тыксі. Названа ў гонар рус. палярных даследчыкаў 18 ст. Дз.Я.Лапцева і Х.П.Лапцева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., паміж Баранцавым і Карскім морамі, у Архангельскай вобл. (Расія). Пл. каля 83 тыс.км². Уключае 2 вял. астравы — Паўночны (48,9 тыс.км²) і Паўднёвы (33,3 тыс.км²), раздзеленыя пралівам Матаччын Шар, і дробныя астравы. Берагі фіёрдападобныя. Рэльеф горны, выш. да 1547 м (на Паўн. в-ве). Горы складзены з асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі) і вывергнутых парод. Клімат марскі арктычны, суровы. Сярэднія т-ры сак. (самы халодны месяц) ад -14 °C да -22 °C, жн. 2,5—6,5 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Каля 25% плошчы ўкрыта ледзяным покрывам, у т. л. на Паўн. в-ве самы вял. па плошчы ў Расіі покрыўны ледавік (20 тыс.км²). Усяго больш за 680 ледавікоў. Уваходзіць у зону арктычных пустынь, частка Паўд. в-ва — у зону арктычных тундраў. Растуць лішайнікі і імхі (каля 450 відаў), па далінах і паўд. схілах хмызнякі (карлікавыя вярба і бяроза). У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Птушыныя «кірмашы» (кайры, чайкі, чысцікі). У прыбярэжнай зоне цюлені, маржы, з рыб — траска, сёмга, омуль. Промысел пясца і марскіх жывёл. Палярныя станцыі. На Н.З. шмат гадоў праводзіліся выпрабаванні ядзернай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАЧА́НСКІЯ АЗЁРЫ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1998 з мэтай захавання прыроднага ландшафту Бел. Паазер’я з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 13 тыс.га, у т. л.р. Вілія — 188 га і 14 азёр — 430 га. Размешчаны на стыку Свірскай краявой ледавіковай грады і Вілейскай марэнна-ледавіковай нізіны, што абумоўлівае разнастайнасць рэльефу. Азёры ў глыбока ўрэзаных катлавінах, ахаваныя ад ветру, мелка- і сярэднеглыбокія. Слабае перамешванне вады вядзе да недахопу кіслароду ў прыдонных слаях, утварэнню серавадароду і вял. колькасці жалеза. Лясістасць заказніка 75%. Пераважаюць хвойнікі імшыстыя і чарнічныя, трапляюцца ельнікі і бярэзнікі чарнічна-кіслічныя, алешнікі папарацевыя; зрэдку — дуб і асіна. Балотна-лугавая расліннасць складае 15%. У флоры шмат гаспадарча карысных раслін. Кураслеп лясны, ядрушка даўгарогая, пустапялёснік зялёны і ятрышнік дрэмлік занесены ў Чырв. кнігу. У фауне 203 віды жывёл, з якіх 26 занесены ў Чырв. кнігу: буры мядзведзь, рысь, барсук, соні арэшнікавая і садовая, гагара чорнаваллёвая, бугаі малы і вялікі, бусел чорны, журавель шэры, скапа, каршачок, сава балотная, начніца сажалкавая, рапуха чаротная, мядзянка, стронга ручаёвая, харыус і інш.