ЧЭ́ХАЎ Антон Паўлавіч (29.1.1860, г. Таганрог, Расія — 15.7.1904),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1884). Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900; у знак пратэсту супраць адмены царом выбрання М.​Горкага ганаровым акадэмікам разам з У.Караленкам у 1902 адмовіўся ад звання). Працаваў земскім урачом. Ездзіў на в-аў Сахалін (1890), дзе вывучаў жыццё катаржан і ссыльнапасяленцаў. З 1892 жыў у в. Меліхава пад Масквой, у 1899 па стане здароўя пераехаў у Ялту. Літ. творчасць пачынаў з фельетонаў і гумарыст. апавяданняў. Першае апавяданне — «Ліст да вучонага суседа» (1880), першыя зб-кі — «Казкі Мельпамены» (1884) і «Стракатыя апавяданні» (1886). У ранніх творах тэма «маленькага» чалавека, роздум над прыродай рабскай псіхалогіі («Смерць чыноўніка», «Тоўсты і тонкі», абодва 1883; «Хамелеон», 1884; «Унтэр Прышыбееў», 1885). Матывы драматызму, трагізму жыцця ўзмацніліся ў творах сярэдзіны 1880-х г. («Ванька», 1886, «Спаць хочацца», 1888, і інш.). У апавяданнях «Бабіна царства» (1894), «Мужыкі» (1897), «У яры» (1900) паказаў дзікунства і жорсткасць вясковага жыцця. У сталы перыяд творчасці глыбока аналізаваў уплыў сац. абставін на чалавечыя характары, тонка высвечваў душу чалавека, драматызм і трагізм змякчаў лірызмам і гумарам. Героі многіх яго твораў — самазадаволеныя абывацелі або змучаныя жыццём цёмныя людзі, даведзеныя да душэўнай тупасці («Чалавек у футарале», «Агрэст», «Іоныч», усе 1898). Вял. сілы сац.-псіхал. аналізу і маст. абагульнення дасягнуў у аповесцях «Стэп» (1888), «Палата №6» (1892), апавяданнях «Дама з сабачкам» (1899), «Архірэй» (1902) і інш. Апавяданні «Чорны манах», «Студэнт» (абодва 1894) пра таямнічую сувязь часоў і глыбіні падсвядомасці чалавека. Найвялікшы ўплыў на развіццё сусв. драматургіі зрабілі яго лірычна-псіхал. п’есы «Чайка» (паст. 1896), «Дзядзька Ваня» (паст. 1897), «Тры сястры» (паст. 1901, Грыбаедаўская прэмія), «Вішнёвы сад» (паст. 1904). Унёс новае ў разуменне трагічнага як звычайнага і будзённага, перанёс цэнтр цяжару з сюжэтнай інтрыгі на аналіз душы, на псіхал. сюжэт, спалучыў журбу, іронію і сарказм з лірыкай і сцішанай патэтыкай. Выключны ўплыў Ч. на сусв. л-ру 20 ст. адзначалі многія пісьменнікі свету. Творы Ч. часта перадрукоўваліся ў рус. газетах, што выходзілі на Беларусі («Минский листок», «Витебский голос» і інш.). Газ. «Северо-Западный край» публікавала матэрыялы, прысвечаныя творчасці Ч., «Голос провинции» падкрэсліваў сац.-выхаваўчыя функцыі яго твораў, «Гомельская мысль» прапагандавала літ. спадчыну пісьменніка. З рэцэнзіяй на кн. «Пісьмы А.​П.​Чэхава» выступіў М.​Багдановіч (1916). Першы пераклад Ч. на бел. мову — вадэвіль «Сватанне» (пераклаў Н.​Чарноцкі), выдадзены ў 1910 выд-вам «Загляне сонца і ў наша аконца»; у 1913 у гэтым выд-ве выйшаў вадэвіль «Мядзведзь». «Наша ніва» апублікавала пераклады апавяд. «Пераапранутыя», «Мянтуз». На бел. мову творы Ч. перакладалі Я.​Брыль, А.​Васілевіч, І.​Грамовіч, А.​Звонак, В.​Каваль, К.​Крапіва, М.​Лужанін, Я.​Маўр, П.​Пестрак, Я.​Рамановіч, Т.​Хадкевіч, І.​Шамякін, В.​Шашалевіч, А.​Якімовіч і інш. Пра дабратворны ўплыў Ч. на іх творчасць сведчылі Я.​Колас, М.​Лынькоў, Брыль і інш. П’есы Ч. ставіліся і ставяцца на Беларусі. На прафес. і аматарскай сцэне да 1917 ішлі «Дзядзька Ваня», «Чайка», вадэвілі «Мядзведзь», «Сватанне», «Юбілей», інсцэніроўкі апавяданняў «Хірургія», «Зламыснік» і інш., паст. на рус. мове мясц. і заезджымі трупамі. «Сватанне» доўгія гады было ў рэпертуары трупы І.​Буйніцкага. Творы Ч. ставілі т-ры Беларусі: «Ведзьма» БДТ (1923); «Мядзведзь» БДТ-1 (1933); «Дзядзька Ваня» Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі (1949), Бел. т-р імя Я.​Купалы (1965), Бел. т-р імя Я.​Коласа (1996); «Вішнёвы сад» т-р імя Я.​Купалы (1951), Нац. т-р імя Я.​Коласа (1981, 2001), рус. драм. т-р (1981), Гродзенскі абл. драм. т-р (1982), Бел. дзярж. т-р лялек (2001, пад назвай «З Парыжам скончана!»); «Чайка» Нац. т-р імя Я.​Купалы (1954; пад назвай «Больш, чым дождж», 2001), Брэсцкі абл. драм. т-р (1954), Бел. рэсп. т-р юнага гледача, Гродзенскі абл. драм. т-р (абодва 1977), Гомельскі абл. драм. т-р (1997); «Тры сястры» рус. драм. т-р (1944), т-р імя Я.​Коласа (1951), Гродзенскі і Брэсцкі абл. драм. т-ры (абодва 1960), т-р імя Я.​Купалы (1992); «Тры жарты» («Вядзьмарка», «Юбілей», «Прапанова») Брэсцкі абл. драм. т-р (1956); «Іванаў» Брэсцкі т-р драмы і музыкі (1996, пад назвай «Іванаў, Сара і Шурачка»), т-р «Дзе-Я?» (2000); «Драма на паляванні» Гродзенскі абл. драм. т-р (1963); «Каштанка» Бел. дзярж. т-р лялек (1941, 1952) і інш. Многія творы Ч. экранізаваны. Кінастудыя «Беларусьфільм» паст. фільмы «Мядзведзь» (1938), «Чалавек у футарале» (1939).

Тв.:

Полн. собр. соч. и писем. Т. 1—30. М., 1974—83;

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1937;

Выбр. творы. Мн., 1946;

Выбр. творы. Мн., 1954;

Выбр. творы: Аповесці. Апавяданні. Камедыя. Мн., 1994;

Смерць чыноўніка. Мн., 1930;

Дзівакі-нябожчыкі. Мн., 1930;

Дуэль;

Іоныч. Мн., 1931;

Спаць хочацца;

Чалавек у футляры. Мн., 1936;

Юбілей. Мн., 1936;

Юмар. Мн., 1940; Каштанка. Мн., 1973.

Літ.:

А.​П.​Чехов в воспоминаниях современников. М., 1960;

Чуковский К.И. О Чехове. М., 1971;

Лынькоў М.Ц. А.​П.​Чэхаў // Лынькоў М.Ц. Літаратура і жыццё. Мн., 1978;

Брыль Я. Мой Чэхаў // Зб. тв. Мн., 1968. Т. 4;

Бялый Г.А. Чехов и русский реализм. Л., 1981;

Букчин С.В. Чехов в Белоруссии // Чехов и литература народов Советского Союза. Ереван, 1982;

Линков В.Я. Художественный мир прозы А.​П.​Чехова. М., 1982;

Кулешов В.И. Жизнь и творчество А.​П.​Чехова: Очерк. 2 изд М., 1985;

Катаев В.Б. Литературные связи Чехова. М., 1989;

Чеховские чтения в Ялте. [Вып. 1—9]. М., 1973—97.

Г.​С.​Шупенька.

А.П.Чэхаў.

т. 17, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)