вертыкальны разрэз глебавай тоўшчы ад паверхні да мацярынскай пароды. Мае слаістую будову, утварае сукупнасць генетычна ўзаемазвязаных глебавых гарызонтаў і падгарызонтаў. Магутнасць ад дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў. Паводле глебавага профілю вызначаюцца назвы глеб і іх месца ў глебавай класіфікацыі. Адрозніваюць прыродныя і змененыя дзейнасцю чалавека глебавыя профілі (меліяраваныя, акультураныя і інш.). Кожны від глебы мае свой спецыфічны глебавы профіль і яго будову. Паводле характару суадносін глебавых гарызонтаў глебавыя профілі падзяляюць на простыя і складаныя, сярод якіх вылучаюць некалькі тыпаў будовы: прымітыўныя, нармальныя, слабадыферэнцыраваныя, парушаныя (эрадзіраваныя і перагорнутыя), рэліктавыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПЛАЦІ́НА,
бетонная або каменная плаціна, устойлівасць якой супраць зруху пад дзеяннем вады, ільду, хваль, наносаў і інш. абумоўлена пераважна ўласнай сілай цяжару. Звычайна мае трохвугольны або трапецападобны папярочны профіль. Бываюць глухія (праз іх не прадугледжаны пропуск вады) і вадаскідныя, у т. л. вадазліўныя (гл.Вадаскід). Найб. пашыраны вадазліўныя гравітацыйныя плаціны, папярочны профіль якіх мае плаўны абрыс паверхні, па якой зліваецца вада. Найвышэйшая гравітацыйная плаціна (284 м) — Гранд-Дыксанс (Швейцарыя). На Беларусі гравітацыйныя плаціны звычайна вадаскідныя; глухія будуюцца з грунтавых матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВІ́ЦА, тарпатына, тэрпенцін,
смала, якая вылучаецца пры падсочцы або пашкоджанні дрэў іглічных парод (хвоя, кедр, елка, піхта, лістоўніца).
Ж. светлая, празрыстая вязкая вадкасць. Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне. Мае 35—38% шкіпінару і 62—65% смаляных кіслот. На паветры загусае, змяняе колер да цёмна-бурага і крышталізуецца ў выніку акіслення і выпарэння шкіпінару (прамысл. Ж. мае 16—20% шкіпінару). Здабываюць рэгулярнай падсочкай хвоі (выхад Ж. ў сярэднім 1—1,1 кг/год). Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання шкіпінару і каніфолі. На Беларусі хваёвую Ж. перапрацоўвае Барысаўскае акц.т-ва «Лесахімік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУМІЁ,
прыродны смалападобны прадукт біял. паходжання. Трапляецца ў гарах Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі, на Каўказе. Уяўляе сабой бясформенныя кускі з нераўнамерна-ячэістай ці гладкай паверхняй, цвёрдай або пругкай кансістэнцыі, з характэрным бальзамічным пахам. Састаў М. з розных месцаў паходжання мае падобныя фіз. і хім. ўласцівасці і адрозніваецца суадносінамі асобных кампанентаў. Маевял. колькасць арган. і неарган. рэчываў, гіпуравую і бензойную к-ты, амінакіслоты, смолы і воскі, камедзі, раслінныя рэшткі. Адрозніваюць М. т.зв. залатое (чырв. колеру), сярэбранае (белага), меднае (блакітнага ці сіняга) і жалезнае (чарнавата-карычневага; найб. пашыранае). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне больш як 2 тыс. гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ШЕ НАСЛЕ́ДИЕ»,
ілюстраваны гісторыка-культ. часопіс. Выдаецца з 1988 у Маскве на рус. мове. Мае рубрыкі: «Літаратура, гісторыя, філасофія», «Паштовая проза», «Кніжны знак», «Галерэя часопіса», «Памяць», «Сярод калекцыянераў» і інш. Друкуе неапублікаваныя і малавядомыя творы філосафаў, пісьменнікаў, мастакоў, іх мемуары, выступленні і інтэрв’ю дзеячаў мастацтва і навукі. Змяшчае лісты, архіўныя матэрыялы па гісторыі Расіі. Знаёміць з прыватнымі калекцыямі твораў жывапісу, графікі, прыкладнога мастацтва, запаснікамі цэнтр. і правінцыяльных музеяў і інш. Выдае забытыя творы л-ры і мемуары знакамітых людзей Расіі. Мае выставачную залу, дзе праводзіць выстаўкі работ сучасных мастакоў, работ з прыватных збораў, у т. л. замежных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСКА́ЛЬНІК МАГНІ́ТНЫ,
электрычны апарат пераменнага току для дыстанцыйнага пуску, спынення і аховы ад перагрузак і кароткіх замыканняў эл. установак (напр., рухавікоў з каротказамкнутым ротарам). Бывае нерэверсіўны і рэверсіўны, існуюць спец. П.м. для пераключэння абмотак шматскарасных электрапрыводаў.
Кантактавая сістэма П.м. спрацоўвае ад эл.-магн. прывода. Нерэверсіўны П.м. мае кнопачны пульт, кантактар і цеплавое рэле. У адрозненне ад яго рэверсіўны П.м. мае 2 кантактары, зблакіраваныя механічна і электрычна (ва ўключаным стане можа знаходзіцца талькі адзін з іх). Пры пачарговым уключэнні кантактараў пераключаюцца фазы сілкавання і напрамак вярчэння рухавіка мяняецца. Вырабляецца ў звычайным, ахоўным і выбуховабяспечным варыянтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МАНАВА ПРАСТО́РА,
прастора, у малых абласцях якой набліжана (з дакладнасцю да малых вышэйшых парадкаў параўнальна з памерамі абласцей) мае месца эўклідава геаметрыя, аднак у цэлым гэтая прастора можа не быць эўклідавай. Кожны элемент такой прасторы вызначаецца з дапамогай упарадкаванай сукупнасці лікаў, а адлегласць паміж бясконца блізкімі элементамі — з дапамогай пэўнай квадратычнай формы, у залежнасці ад выбару каэфіцыентаў якой Р.п. пераўтвараецца ў эўклідаву прастору ці прастору Лабачэўскага геаметрыі, Рымана геаметрыі ці інш.неэўклідавай геаметрыі. Прасцейшыя Р.п. — эўклідава прастора, да якой прымыкаюць прасторы пастаяннай крывізны, дзе мае месца геаметрыя Лабачэўскага і геаметрыя Рымана. Гл. таксама Дыферэнцыяльная геаметрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТО́ЛА,
бытавы радыётэхнічны апарат, у якім функцыянальна і канструкцыйна аб’яднаны магнітафон і радыёпрыёмнік. Мае агульныя блок сілкавання, узмацняльнік магутнасці нізкай частаты і акустычную сістэму. Гл. таксама Магнітарадыёла.