КАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад позналац. condensatio ушчыльненне, згушчэнне),

пераход рэчыва з газападобнага стану ў вадкі або крышталічны. Адбываецца пры т-рах, меншых за крытычную тэмпературу, і адносіцца да фазавых пераходаў першага роду.

Пры К. ў інтэрвале т-р ад крытычнай да т-ры трайнога пункта рэчыва пераходзіць у вадкі стан (адваротны працэс — выпарэнне або кіпенне), пры больш нізкіх т-рах — у крышталічны (адваротны працэс — сублімацыя). Суправаджаецца вылучэннем цеплаты параўтварэння або сублімацыі (узгонкі). Для раўнаважнай К. неабходна прысутнасць кандэнсаванай фазы (вадкасць, крышталі) або т.зв. цэнтраў К. (напр., пылінкі). На нязмочвальных паверхнях вадкая фаза выпадае ў выглядзе кропель (кропельная К.), на поўнасцю змочвальных — у выглядзе плёнак (плёначная К.). Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (цеплаабменныя апараты), у хім. тэхналогіі для раздзялення шматкампанентных газавых сумесей на фракцыі (фракцыйная К.), у апрасняльных устаноўках, халадзільнай і крыягеннай тэхніцы.

К. вадзяной пары ў атмасферы, працэс пераходу вадзяной пары, якая знаходзіцца ў паветры, у вадкі або цвёрды стан з утварэннем кропель і крышталёў воблакаў і туманаў, а таксама з вылучэннем вады і лёду на наземных прадметах. Адбываецца на ядрах кандэнсацыі пры ахаладжэнні паветра да пункта расы, у выніку яго цеплаабмену з зямной паверхняй.

т. 7, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ТЫ (ад грэч. komētēs літар. доўгавалосы),

адна з груп малых цел Сонечнай сістэмы. Рухаюцца вакол Сонца па моцна выцягнутых эліптычных (перыядычныя К.) і парабалічных (неперыядычныя К.) арбітах; сярэдняя адлегласць у перыгеліі даходзіць да 1 а.а., у афеліі — да 10 000 а.а.

Паводле перыяду абарачэння адрозніваюць К. кароткаперыядычныя (перыяд 3—10 гадоў; афеліі не выходзяць за межы арбіты Юпітэра) і доўгаперыядычныя (перыяды да некалькіх мільёнаў гадоў). Форма і памеры К. розныя, будова ў асноўным аднолькавая. Цэнтр. цвёрдая частка наз ядром (дыяметр 0,5—20 км, маса 10​11 —10​19 кг). Яно складаецца з вадзянога лёду, замерзлых газаў (аксідаў вугляроду CO і CO2, аміяку NH3, цыяністага вадароду HCN і інш.) і пылавых часцінак. Пры набліжэнні да Сонца лёд і газы выпараюцца і свецяцца адбітым сонечным святлом: вакол ядра ўтвараецца святлівы газавы шар — кома. Ядро, кома, выцяканні і інш. ўтварэнні ў наваколлі ядра складаюць галаву К. Ад дзеяння светлавога ціску і сонечнага ветру газы і пыл адносяцца ад ядра, утвараючы хвост, накіраваны амаль заўсёды ад сонца. Даўжыня хваста дасягае 10​7 км; ён менш яркі, чым галава, таму назіраецца не заўсёды. К. значна мяняюць свае арбіты пры праходжанні паблізу планет-гігантаў або Сонца. Урэшце рэшт яны распадаюцца на дробныя часткі і метэорныя патокі (гл. Бізлы камета).Сапраўдную прыроду К. устанавіў дацкі астраном Ц.​Браге (1577), некаторыя арбіты вылічыў Э.​Галей (гл. Галея камета). Тэорыю ўтварэння каметных хвастоў распрацаваў рус. астраном Ф.​А.​Брадзіхін.

Літ.:

Томита К. Беседы о кометах: Пер. с яп. М., 1982.

Камета Х’якутакі (год назірання 1996).
Камета Хейла-Бопа (год назірання 1997).

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О’НІ́Л ((O’Neill) Юджын Гладстан) (16.10.1888, Нью-Йорк — 27.11.1953),

амерыканскі драматург, адзін са стваральнікаў сучаснай амер. драмы. Вучыўся ў Прынстанскім (1906—07) і Гарвардскім (1914—15) ун-тах. Друкаваўся з 1912. Пачаў з малой драматургіі (зб. «Смага і іншыя аднаактовыя п’есы», 1914; п’еса «Курс усходні, на Кардыф», паст. 1916), дасягнуў творчай сталасці ў рэаліст. драмах «За даляглядам» (паст. 1920), «Усім дзецям Божым дадзены крылы» і «Каханне пад вязамі» (абедзве паст. 1924) і інш. П’есам «Імператар Джонс» (паст. 1920), «Калматая малпа» (паст. 1922) уласцівы экспрэсіянізм, драмам «Вялікі бог Браўн» (паст. 1926), «Дзіўная інтэрлюдыя» і «Маркавы мільёны» (абедзве паст. 1928) — тонкі псіхалагізм, драм. трылогіі «Жалоба да твару Электры» (паст. 1931) — сімвалізм і алегорыя, заснаваныя на інтэрпрэтацыі міфалагічнага сюжэта. У п’есах «Прыходзіць прадавец лёду» (паст. 1946), «Доўгае падарожжа ў ноч» (паст. 1956), «Душа паэта» і «Поўня для пасынкаў лёсу» (абедзве паст. 1957) песімістычныя матывы. На бел. сцэне паводле п’ес О’Н. пастаўлены спектаклі «Каханне пад вязамі» (1986, Бел. т-р імя Я.​Коласа; 1990, Гродзенскі абл. т-р), «Доўгае падарожжа ў ноч» (1988, Дзярж. рус. драм. т-р), трагікамедыя ў стылі блюз «Лэдзі Нявіннасць» (1994, паводле п’есы «Поўня для пасынкаў лёсу», Бел. т-р імя Я.​Купалы). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.​Асташонак, В.​Сёмуха. Нобелеўская прэмія 1936.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. Т. 1—2. М., 1971.

Літ.:

Пинаев С.М. Поэтика трагического в американской литературе: (Драматургия Ю.​О’Нила). М., 1988;

Коренева М.М. Творчество Юджина О’Нила и пути американской драмы. М., 1990;

Фридштейн Ю.Г. Ю.​О’Нил: Биобиблиогр. указ. М., 1982.

Л.​Л.​Баршчэўскі.

Ю.О’Ніл.

т. 11, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНА́Й (ням. Donau, венг. Duna, славацк., чэш. Dunaj, балг., сербск. Дунав, рум. Dunárea),

стараж.-грэч. Істр, рака ў Еўропе, на тэр. ФРГ, Аўстрыі, Славакіі, Венгрыі, Югаславіі, Балгарыі, Румыніі, Украіны; другая па даўжыні пасля Волгі. Даўж. 2850 км, пл. бас. 817 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў Брэге і Брыгах на ўсх. схілах горнага масіву, Шварцвальд, упадае ў Чорнае м. Верхні Д. (да Вены) цячэ па Баварскім пласкагор’і ў вузкай глыбокай даліне, якая падзяляе адгор’і Альпаў і Чэшскага масіву. У сярэднім цячэнні перасякае Сярэднедунайскую раўніну. У асобных горных хрыбтах і градах (Венгерскія Вароты, Вішаградскі праход, Жалезныя Вароты, Казанэ) утварае даліны прарыву. Ніжняе цячэнне (да вусця) праходзіць па Ніжнедунайскай раўніне. Утварае дэльту (пл. 3500 км²), дзе вылучаюцца 3 гал. рукавы (гірлы); Кілійскае, Сулінскае і Георгіеўскае. Больш за 300 прытокаў, 34 з іх суднаходныя. Гал. прытокі: Марава, Ціса, Олт, Сірэт, Пруг (злева), Ін, Драва, Сава, Марава (справа). Жыўленне мяшанае. Рэжыму верхняга Д. характэрна летняе разводдзе ад раставання снегу і лёду ў гарах, на астатняй тэр. веснавое разводдзе і летняя межань. На асобных участках у суровыя зімы замярзае да 1,5 мес. Сярэдні гадавы расход вады 6430 м³/с. Рыбалоўства (пераважна ў дэльце). Водзяцца бялуга, сяўруга, асетр, дунайскі селядзец, сазан, жэрах і інш. Выкарыстоўваецца на арашэнне і водазабеспячэнне гарадоў і прамысл. цэнтраў. Суднаходная да вярхоўяў, мае вял. значэнне ў трансп. сувязях Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы. У ніжнім цячэнні (у Румыніі) Д. злучаны каналам з Чорным м. У Жалезных Варотах (на мяжы Румыніі і Югаславіі) 2 буйныя ГЭС (Джэрдап), каскад ГЭС з вадасховішчамі на тэр.

Аўстрыі і ФРГ. Гал. гарады на Д. — Рэгенсбург (ФРГ), Лінц, Вена (Аўстрыя), Браціслава (Славакія), Будапешт (Венгрыя), Нові-Сад, Бялград (Югаславія), Русе (Балгарыя), Брэіла, Галац (Румынія), Ізмаіл (Украіна) і інш. У дэльце Д. запаведнік Дунайскія плаўні. Д. — міжнар. рака. Канвенцыяй аб рэжыме суднаходства на Д. 1948 устаноўлена свабода суднаходства, забаронена плаванне ваен. караблёў непрыдунайскіх краін.

Рака Дунай у Будапешце.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́ДСКІ АРКТЫ́ЧНЫ АРХІПЕЛА́Г,

група астравоў каля паўн. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі. Належыць Канадзе. Пл. 1,3 млн. км². Насельніцтва некалькі тыс. чал., пераважна эскімосы. Найб. астравы: Бафінава Зямля, Элсмір, Вікторыя, Банкс, Дэван. Архіпелаг размешчаны на мацерыковай водмелі, складаная сістэма праліваў падзяляе яго на некалькі груп астравоў (Сведрупа а-вы, Пары архіпелаг і інш.). Абмываецца на Пн і У Паўн. Ледавітым ак. (м. Бофарта, Лінкальна, Бафіна, прал. Робсан, Кенэдзі, Сміт, бас. Кейна), на ПдУ і Пд — Атлантычным ак. (прал. Дэйвіса і Гудзонаў, бас. Фокса). У рэльефе пераважаюць узгорыстыя раўніны і плато выш. 200—500 м, складзеныя асадкавымі пародамі палеазою. На У — горныя масівы выш. да 2926 м (на в-ве Элсмір). Усх. ўзбярэжжы складзены са стараж. крышт. парод, глыбока расчлянёныя фіёрдамі. Паўн.-зах. ч. архіпелага нізінная, складзена з рыхлых марскіх адкладаў; пашыраны мярзлотныя формы рэльефу. Зледзяненне (агульная пл. ледавікоў 154 тыс. км²) на Пн, каля ўзбярэжжаў участкі шэльфавага лёду. Радовішчы нафты, газу, жал. руды. Клімат арктычны, суровы, на У больш вільготны, на З рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -23 °C на ПдУ да -35 °C на ПнЗ, ліп. ад 7 °C на Пд да 4 °C на Пн. Ападкаў ад 400—450 мм на ПдУ да 100 мм і менш на Пн. Усюды развіта шматгадовая мерзлата. Прыбярэжныя моры і пралівы 9—10 месяцаў укрыты лёдам. На Пн арктычныя пустыні, на Пд мохава-лішайнікавыя і мохава-кусцікавыя тундры. Фауна: паўн. алень, белы мядзведзь, пясец, лемінгі, тундравыя курапаткі; з эндэмікаў — мускусны бык. У прыбярэжных водах цюлені, кіты, маржы і інш. Нац. парк Ауюітук (в-аў Бафінава Зямля), некалькі рэзерватаў. Марскі промысел, рыбалоўства, паляванне. Найб. населеныя пункты: Фробішэр-Бей (в-аў Бафінава Зямля), Кеймбрыдж-Бей (в-аў Вікторыя), Рэзальют (в-аў Батэрст).

т. 7, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НА,

рака ва Усх. Сібіры, у Іркуцкай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 4400 км, пл. бас. 2490 тыс. км². Пачынаецца на зах. схіле Байкальскага хр., за 21 км ад воз. Байкал, упадае ў м. Лапцевых. У верхнім цячэнні (да вусця р. Віцім) праразае Лена-Ангарскае плато, цячэ ў вузкай даліне (шыр. 1—10 км) са стромкімі схіламі, шмат парогаў і вадаспадаў. Пасля ўпадзення р. Кірэнга становіцца паўнаводнай суднаходнай ракой. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі Віціма і Алдана) даліна пашыраецца да 20—30 км, у рэчышчы шмат астравоў. Ніжэй прытока Алёкма 600 км цячэ ў вузкай (3—4 км) даліне, складзенай з вапнякоў, абрывы з якіх часам утвараюць мудрагелістыя формы (Ленскія слупы). За 100 км вышэй г. Якуцк шыр. даліны 25—30 км ніжэй выходзіць на Цэнтральнаякуцкую раўніну. У вусці ўтварае дэльту (пл. каля 30 тыс. км²), падзяляецца на пратокі, з якіх найб. Вялікая Трафімаўская і Быкаўская (злучае Л. з бухтай Тыксі). Гал. прытокі: Нюя, Вілюй (злева), Кірэнга, Віцім, Алёкма, Алдан (справа). Сярэдні расход вады каля с. Кюсюр 16 500 м³/с. Жыўленне пераважна снегавое і дажджавое. Характэрны высокае веснавое разводдзе, значныя дажджавыя паводкі, нізкая летняя межань. Л. штогод выносіць у мора каля 12 млн. т завіслых наносаў. Ледастаў у верхнім цячэнні з канца кастр. да сярэдзіны мая, у ніжнім — часам з канца вер. да пач. чэрв.; пры крыгаломе — заторы лёду; характэрны наледзі. Суднаходства ў разводдзе ад г.п. Качуг, рэгулярнае — ад Усць-Кута (Асятрова). Рыбалоўства пераважна ў нізоўі ракі. Прамысл. рыбы: муксун, сібірская рапушка, нельма, омуль, таймень. Гал. парты і прыстані: Булун, Жыганск, Якуцк, Алёкмінск, Ленск, Кірэнск, Асятрова, Пакроўск, Сангар. Асн. крыніцы забруджвання — прадпрыемствы золата і алмазаздабыўной прам-сці, горна-абагачальныя прадпрыемствы.

Літ.:

Мостахов С.Е. Река Лена. Якутск, 1972;

Колесов А.Н., Мостахов С.Е. По реке Лене: Путеводитель-справочник. Якутск, 1985.

Рака Лена.

т. 9, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУТО́Н,

дзевятая па адлегласці ад Сонца і апошняя з вядомых планет Сонечнай сістэмы. Астр. знак ♇. Адкрыты К.​Томба (1930, ЗША). Існаванне П. тэарэтычна памылкова прадказаў амер. астраном П.​Ловел (1915) з аналізу ўзбурэнняў, якія П. быццам аказвае на рух планеты Нептун. Вывучэнне арбіты П. паказала, што Ловел памыліўся ў разліках і адкрыццё П. было выпадковым.

Бляск П. 14,7 візуальнай зорнай велічыні (простым вокам не назіраецца). Абарачаецца вакол Сонца па вельмі выцягнутай арбіце з перыядам 247,7 зямнога года і сярэдняй скорасцю 4,7 км/с; перасякае арбіту планеты Нептун. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 39,4 а.а. Мае вял. спадарожнік Харон, параўнальны па памерах з П., таму сістэму П. — Харон наз. падвойнай планетай. Яны знаходзяцца блізка адзін ад аднаго і першапачаткова пры назіранні зліваліся ў адно цела (памеры П. былі завышаныя). Пры дапамозе касм. тэлескопа імя Э.​Хабла (1995, НАСА) атрыманы відарысы П. і Харона; вызначаны дыяметры П. — 2320 км і Харона — 1270 км, радыус арбіты Харона 19 130 км; перыяд абарачэння спадарожніка роўны перыяду вярчэння самога П. — 6,387 зямных сутак (сінхронная арбіта). Сярэдняя шчыльнасць П. 2,06∙10​3кг/м³, Харона 2,18 ∙10​3кг/м³. Абодва целы складаюцца ў асноўным з лёду; спектраскапічнымі метадамі на паверхні П. выяўлены замёрзлы метан; т-ра паверхні каля -228 °C Маса П. каля 1,79∙10​22 кг. У 1999 Міжнар. астр. саюз перавёў П. у разрад планет-астэроідаў з прысваеннем парадкавага нумара астэроіда і з захаваннем статуса планеты Сонечнай сістэмы.

Літ.:

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984;

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Плутон і яе спадарожнік Харон (касмічны тэлескоп імя Э.​Хабла, 1995, НАСА).

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Вілейскае мора,

у Вілейскім р-не Мінскай вобл., на р. Вілія. За 5 км на У ад г. Вілейка, у месцы зліцця Віліі з рэкамі Сэрвач, Ілія і Касутка. Найб. штучны вадаём Беларусі, галаўное гідразбудаванне Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Пабудавана ў 1973—75 для назапашвання вады, рэгулявання сцёку і павелічэння воднасці Свіслачы, стварэння зоны адпачынку. Пл. 64,6 км², даўж. 27 км, найб. шыр. 3,6 км, найб. глыб. 13,8 м. Чаша — затопленыя даліны Віліі і Іліі, ёсць 10 астравоў. Схілы катлавіны спадзістыя, пераважна пад лесам. Берагавая лінія даўж. 137 км слаба парэзана, ёсць 4 буйныя залівы, у якія ўпадаюць рэкі.

Вілейскае вадасховішча знаходзіцца на Нарачана-Вілейскай нізіне. Вадазбор мае спадзістахвалісты рэльеф з асобнымі эолавымі формамі, пад лесам 35%, пад ворывам 30% плошчы. Берагі нізкія (0,5—1 м), актыўна размываюцца (на 25% даўжыні), месцамі замацаваныя. На паўд. беразе пясчаныя пляжы шыр. 50—100 м. Дно выслана пяском, месцамі торфам (15%). Аб’ём вады 238 млн. м³, поўнасцю запаўняецца ў крас.чэрв. ў час веснавой паводкі. Сярэднегадавая амплітуда ваганняў узроўню вады 2 м. Замярзае ў пач. снеж., крыгалом пачынаецца ў сярэдзіне красавіка. Таўшчыня лёду 60—70 см. Летам паверхневыя слаі вады праграюцца да 18—22 °C, на прыбярэжных і мелкаводных участках да 24 °C. Пераважаюць паўд.-зах. і зах. вятры. Пры скорасці ветру 3—5 м/с выш. хваль 0,2—0,5 м, найб. — 1,5 м пры зах. ветры, з якім звязаны найб. разгон хваль уздоўж вадасховішча. Празрыстасць вады павялічваецца ад 1—1,5 м у вярхоўях да 2,5 м каля плаціны. Зарастае нязначна (10% плошчы) урэчнікамі, вадзяной грэчкай і інш. У сярэдзіне чэрв. пачынаецца «цвіценне» вады пры масавым развіцці сіне-зялёных водарасцей, адміранне якіх увосень пагаршае якасць вады і вядзе да заглейвання дна. Вакол вадасховішча створана зона адпачынку. Выкарыстоўваецца для заняткаў водна-лыжным, водна-маторным, вяслярным і парусным спортам, для летняй і зімовай рыбнай лоўлі (водзяцца шчупак, акунь, лешч, сярэбраны карась, джгір, трохіголкавая колюшка, плотка, верхаводка). На астравах гняздуюцца качкі, чайкі (у т. л. чайка малая, занесеная ў Чырв. кнігу Беларусі), у некаторыя гады — лебедзі.

Вілейскае вадасховішча.

т. 4, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́СТРА,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, каля г. Мядзел, у межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Пл. 13,1 км², даўж. 5,8 км, найб. шыр. 4,5 км, найб. глыб. 11,3 м, даўж. берагавой лініі 20,2 км, аб’ём вады 70,2 млн. м³. Пл. вадазбору 130 км². Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр, нац. парк Нарачанскі. Катлавіна падпруднага тыпу. 2 мысы (горы Конеўка і Галыжына), якія далёка ўразаюцца ў возера, аддзяляюць паўн. і паўд. плёсы. Схілы выш. 2—3 м (на Пн і ПнУ 6—10 м), спадзістыя, разараныя, на Пд і ПдЗ укрытыя лесам. Берагавая лінія ўтварае некалькі паўастравоў і заліваў (Панасаўка, Мядзельская лука, Паўн. лука і інш). Берагі на Пн і ПнУ абразіўныя, зліваюцца са схіламі, астатнія нізкія, пясчаныя, на Пд і У забалочаныя. На асобных участках уздоўж берагоў цягнецца берагавы вал выш. да 1 м. Дно паўн. плёса са шматлікімі пясчанымі і пясчана-жвіровымі падняццямі і ўпадзінамі (глыб. 8—11 м). У паўд. плёсе глыб. да 8 м. Зона мелкаводдзя пясчаная, на асобных участках пясчана-галечная, завалуненая. Глыбей пашыраны сапрапелі і ілы гляі*. Сярэдняя магутнасць асадкаў 4—5 м, у залівах да 7—8 м. Ваганні ўзроўню вады да 40 см за год. Ледастаў з 1-й дэкады снеж. да 2-й дэкады красавіка; найб. таўшчыня лёду 75 см. Вял. колькасць кіслароду, мінералізацыя вады да 250 мг/л, празрыстасць 1,5 м. Эўтрофнае. Расліннасць утварае ўздоўж берагоў некалькі палос (шыр. да 300 м). Падводная расліннасць да глыб. 4 м. Іхтыяфауна ляшчова-судаковая, водзіцца вугор. Зарыбленне (судак, сазан і інш.). Багатая арнітафауна. М. злучана пратокамі з азёрамі Баторына, Скрыпава, Шастакова. Сцёк праз пратоку Скема (даўж. 200 м) у воз. Нарач. Рыбалоўства. Курортная зона. Гідралагічныя назіранні з 1961. На паўд. беразе гідралагічны заказнік Чарэмшыца, на У паміж азёрамі М. і Баторына помнікі прыроды Качаргінская ірада, вял. камень Качаргінскі.

Літ.:

Боровик Е.А. Рыбопромысловые озера Белоруссии. Мн., 1970.

Б.​П.​Уласаў.

На беразе возера Мястра.

т. 11, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦІ́НА,

гідратэхнічнае збудаванне, якое перагароджвае раку ці іншы вадацёк для пад’ёму ўзроўню вады, сканцэнтравання напору ў месцы размяшчэння збудавання і стварэння вадасховішча; асн. частка гідравузла. У залежнасці ад напору (рознасці ўзроўняў вады ў верхнім і ніжнім б’ефах) П. падзяляюцца на нізканапорныя (да 10 м), сярэдненапорныя (10—50 м) і высоканапорныя (больш за 50 м). Будуюцца для энергет. мэт (гідраэлектрычных станцый), паляпшэння суднаходства, водазабеспячэння, меліярацыі, рыбнай гаспадаркі і інш.

Бываюць глухія (водазатрымныя, якія не маюць адтулін для пропуску вады і не прыстасаваны для пераліву вады праз грэбень), водаскідныя (прапускаюць залішнюю ваду праз грэбень, а крыгі лёду, наносы і інш. — праз водазліўныя адтуліны) і камбінаваныя. Паводле канструкцыі падзяляюцца на арачныя (пад ціскам вады працуюць як скляпенне, перадаючы нагрузкі на скальныя берагі), гравітацыйныя (масіўныя бетонныя або каменныя П., устойлівасць якіх забяспечваецца ўласнай масай — сіламі трэння па аснове), контрфорсныя (маюць рэбры-апоры — контрфорсы, прамежкі паміж якімі перакрываюцца плоскімі плітамі ці аркамі) і кансольныя (устойлівасць забяспечваецца кансольным замацаваннем іх у грунце з дапамогай анкераў ці паляў). Воданепранікальнасць П. забяспечваецца звычайна экранам, дыяфрагмай ці ядром. Самыя даўнія П. — земляныя (насыпныя і намыўныя), узніклі з развіццём гідратэхнікі ў Стараж. Егіпце, Індыі, Кітаі і інш. У Кіеўскай Русі П. будаваліся для млыноў вадзяных. Найб. пашыраныя сучасныя П. — грунтавыя (напр., 305-метровая Нурэкскай ГЭС у Таджыкістане), бетонныя і жалезабетонныя (арачная Інгурскай ГЭС у Грузіі, выш. 271,5 м), каменныя, якія робяцца накідкай каменняў ці каменнай муроўкай.

На Беларусі ў малой гідраэнергетыцы, меліярацыі, водазабеспячэнні пашыраны нізка- і сярэдненапорныя грунтавыя і бетонныя П. (больш за 900 П. для стварэння вадасховішчаў і сажалак комплекснага выкарыстання).

П.​К.​Чэрнік.

Будова плаціны: 1 — напорная грань; 2 — грэбень; 3 — нізавая грань; 4 — падэшва; 5 — зуб (выступ); 6 — панур; ВБ, НБ — верхні і ніжні б’ефы; Н — напор.
Асноўныя тыпы плацін: а — грунтовая з ядром (1 — аднародны грунт, 2 — ядро з малапранікальнага грунту ці іншага матэрыялу); б — каменнагрунтавая (1 — воданепранікальная частка з малапранікальнага грунту, 2 — прызма каменнага накіду); в — арачная (1 — вадаспуск, 2 — проціфільтрацыйная заслона, П — план); г — контрфорсная масіўная (1 — бетонныя напорныя перакрыцці, 2 — контрфорсы).

т. 12, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)