О’НІ́Л ((O’Neill) Юджын Гладстан) (16.10.1888, Нью-Йорк — 27.11.1953),

амерыканскі драматург, адзін са стваральнікаў сучаснай амер. драмы. Вучыўся ў Прынстанскім (1906—07) і Гарвардскім (1914—15) ун-тах. Друкаваўся з 1912. Пачаў з малой драматургіі (зб. «Смага і іншыя аднаактовыя п’есы», 1914; п’еса «Курс усходні, на Кардыф», паст. 1916), дасягнуў творчай сталасці ў рэаліст. драмах «За даляглядам» (паст. 1920), «Усім дзецям Божым дадзены крылы» і «Каханне пад вязамі» (абедзве паст. 1924) і інш. П’есам «Імператар Джонс» (паст. 1920), «Калматая малпа» (паст. 1922) уласцівы экспрэсіянізм, драмам «Вялікі бог Браўн» (паст. 1926), «Дзіўная інтэрлюдыя» і «Маркавы мільёны» (абедзве паст. 1928) — тонкі псіхалагізм, драм. трылогіі «Жалоба да твару Электры» (паст. 1931) — сімвалізм і алегорыя, заснаваныя на інтэрпрэтацыі міфалагічнага сюжэта. У п’есах «Прыходзіць прадавец лёду» (паст. 1946), «Доўгае падарожжа ў ноч» (паст. 1956), «Душа паэта» і «Поўня для пасынкаў лёсу» (абедзве паст. 1957) песімістычныя матывы. На бел. сцэне паводле п’ес О’Н. пастаўлены спектаклі «Каханне пад вязамі» (1986, Бел. т-р імя Я.Коласа; 1990, Гродзенскі абл. т-р), «Доўгае падарожжа ў ноч» (1988, Дзярж. рус. драм. т-р), трагікамедыя ў стылі блюз «Лэдзі Нявіннасць» (1994, паводле п’есы «Поўня для пасынкаў лёсу», Бел. т-р імя Я.Купалы). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.Асташонак, В.Сёмуха. Нобелеўская прэмія 1936.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. Т. 1—2. М., 1971.

Літ.:

Пинаев С.М. Поэтика трагического в американской литературе: (Драматургия Ю.О’Нила). М., 1988;

Коренева М.М. Творчество Юджина О’Нила и пути американской драмы. М., 1990;

Фридштейн Ю.Г. Ю.О’Нил: Биобиблиогр. указ. М., 1982.

Л.Л.Баршчэўскі.

Ю.О’Ніл.

т. 11, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)